«Вясна» публікуе храналогію крыміналізацыі салідарнасці: як у Беларусі знікае права быць побач

27 May 2025, 10:06 AM
«Вясна» публікуе храналогію крыміналізацыі салідарнасці: як у Беларусі знікае права быць побач

Сёння ў Беларусі салідарнасць стала падставай для крымінальнага пераследу. Перадача ў турму, ліст з падтрымкай, грашовы перавод — за гэта можна атрымаць рэальны тэрмін. Штодзённыя чалавечыя жэсты разглядаюцца дзяржавай як пагроза. Яна ўсё часцей карае не толькі тых, хто адкрыта пратэставаў, але і тых, хто спрабаваў захаваць чалавечнасць.

Гэты матэрыял "Вясны" — храналогія крыміналізацыі ў Беларусі салідарнасці з палітзняволенымі пасля 2020 году, аповед пра тое, як у краіне знікае права быць побач.

2021 год

З 2021 году ў Беларусі пачаўся пераслед за данаты, які не спыняецца і дагэтуль. ​​Данаты розным фондам і ініцыятывам па дапамозе пацярпелым ад рэпрэсій расцэньваюцца ўладамі як злачынства. Пачынаючы з 2020 года, людзі на хвалі салідарнасці адпраўлялі грошы ў фонды для дапамогі пацярпелым ад рэжыму беларусам. Ужо ў 2021 годзе ўлады адказалі на гэта моцнымі рэпрэсіямі. 

Яны сталі прызнаваць фонды "экстрэмісцкімі фармаваннямі", а некаторыя ініцыятывы — "тэрарыстычнымі арганізацыямі". З таго часу мінімум 135 чалавек былі асуджаныя за данаты. Некалькі сотняў чалавек прайшлі праз допыты і ператрусы, пасля чаго супрацоўнікі КДБ многіх змушалі рабіць "добраахвотныя" пералічэнні ў некалькі разоў больш сум данатаў, на спецыяльныя рахункі, каб супраць іх не была ўзбуджаная крымінальная справа.

Следчы камітэт у лютым 2024 года паведамляў, што беларусы зрабілі "добраахвотных ахвяраванняў" на суму больш за 37 мільёнаў рублёў. Прадстаўнікі Следчага камітэта назвалі гэта "механізмам вызвалення ад крымінальнай адказнасці асоб, якія ўчынілі фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, аднак з'явіліся з павіннай і загладзілі прычыненую шкоду".

Але фонды працягваюць працаваць і па сёння, заклікаючы не ахвяраваць людзей з Беларусі ці з беларускіх картак. Паспяхова закрываюцца зборы на патрэбы былых палітвязняў і беларусаў, якія апынуліся ў складаных сітуацыях.

Вясна-восень 2022 году

У 2022 годзе адбылося адразу два суды за дапамогу тым беларусам, якія хацелі выратавацца ад палітычнага пераследу за мяжой. Дырэктарку віленскай друкарні Алесю Буневіч асудзілі за незаконнае перасячэнне мяжы Беларусі да трох з паловай гадоў калоніі. У інтэрв’ю яна распавядала, што “страхавала людзей у памежнай зоне”.  30-гадовага Яўгена Буйніцкага асудзілі да чатырох з паловай гадоў узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 110 базавых велічыняў (3 520 рублёў). Яго прызналі вінаватым у тым жа незаконным перасячэннем мяжы, бо ён дапамагаў эвакуявацца з Беларусі людзям, якія ратаваліся ад адвольнага палітычна матываванага пераследу ўладамі.

Падобны пераслед улады працягнулі вясной 2023 году. Тады ў Гродне вынеслі прысуд былому мытніку Мікалаю Куляшову, двойчы палітзняволенай Аніце Бакуновіч і студэнту Ягору Курзіну.  Іх асудзілі да пяці гадоў калоніі за спробу эвакуявацца з Беларусі і супрацоўніцтва з "Дапамогай" — некамерцыйнай арганізацыяй, якая дзейнічае ў Літве і дапамагае палітычным уцекачам. Восенню таго ж 2022 году “Дапамога” была прызнаная “экстрэмісцкім фармаваннем”. 

Лістапад 2023 году

Адным з першых крымінальных нападаў на салідарнасць стала прызнанне facebook-супольнасці "Письма Солидарности Беларусь 2020" спачатку экстрэмісцкімі матэрыяламі (лістапад 2023 году), а затым — і “экстрэмісцкім фармаваннем” (снежань 2023 году). У гэтай суполцы знаходзіліся людзі, якія ліставаліся з палітзняволенымі. Яны дзяліліся іх навінамі і парадамі па напісанні лістоў, а таксама публікавалі ўрыўкі з іх і малюнкі палітзняволеных. 

Былі пазначаныя прозвішчы людзей, якія нібыта маюць дачыненне да ініцыятывы. Паводле гэтай справы да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі асудзілі 64-гадовую Наталлю Малец, да трох гадоў — 55-гадовую Ірыну Пагадаеву за грашовыя пераводы палітвязням па чатыры-пяць рублёў. 

Асобным нападам на салідарнасць можна лічыць і тое, што палітвязням абмяжоўваюць права на ліставанне: часта да іх даходзяць лісты толькі ад сваякоў, некаторыя з іх знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада без сувязі са знешнім светам. 

Студзень 2024 году

Аднак беларусы вынаходзілі іншыя формы падтрымкі палітвязняў — напрыклад, дапамога перадачамі і грашовымі пераводамі. За гэтыя праявы салідарнасці жорсткі пераслед пачаў разгортвацца на пачатку 2024 году. Калі 23 студзеня ініцыятыву па дапамозе палітвязням INeedHelpBY прызналі "фармаваннем", па ўсёй краіне адбыўся самы масавы на сёння “рэйд за салідарнасць”. Адной з прычын ператрусаў, допытаў і затрыманняў стала дапамога сем'ям палітвязняў з прадуктовымі перадачамі праз Е-дастаўку ад ініцыятывы INeedHelpBY, а таксама дапамога палітвязням, якія ўтрымліваюцца ў няволі. Большасць з тых, хто патрапіў пад пераслед — жанчыны і сваякі палітвязняў.  

Ініцыятыва INeedHelpBY дапамагала прадуктамі тым, хто пацярпеў ад палітычных рэпрэсій і знаходзіцца ў цяжкай фінансавай сітуацыі.

Усяго па гэтай справе было затрымана больш за 300 чалавек. Не менш за 126 з іх асудзілі паводле адміністратыўнага артыкула — ім прызначылі вялікія штрафы з канфіскацыяй гэтай дапамогі. Супраць некалькіх дзясяткаў чалавек узбудзілі крымінальныя справы за “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”. Суды над людзьмі, затрыманымі ў межах крымінальных артыкулаў, працягваюцца ўжо год — з траўня 2024 году. Сёння праваабаронцам вядома не менш за 37 выпадкаў крымінальнага пераследу самага масавага на сёння ў краіне “рэйду” за салідарнасць з палітвязнямі.  

Вясна 2024 году

Пасля прызнання фармаваннем INeedHelpBY пачаліся прызнанні “экстрэмісцкімі” і іншыя арганізацыі, што займаюцца дапамогай.

Так, 2 красавіка статус "экстрэмісцкага фармавання" атрымала ініцыятыва “politzek.me”, якая падтрымлівае беларускіх палітвязняў. 8 красавіка Беларускі фонд медыцынскай салідарнасці» быў прызнаны “экстрэмісцкім фармаваннем”. КДБ 3 траўня 2024 году прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем" ініцыятыву "Врачи за правду и справедливость".

Апроч таго, у сакавіку 2024 году быў затрыманы Віталь Чопік, які хадзіў на палітычна матываваныя суды. БелТА пісала, што мужчына "разам з саўдзельнікамі... сістэматычна наведваў суды па крымінальных справах экстрэмісцкай накіраванасці. Ён фіксаваў ход і вынікі пасяджэнняў, інфармацыю аб сведках і прадстаўніках праваахоўных органаў”. Паводле звестак “Брэсцкай вясны”, пасля затрымання мужчыну дастаўлялі ў шпіталь на хуткай са слядамі моцнага збіцця, а колер твару Чопіка быў жоўтым (што можа казаць аб пашкоджанні печані праз збіццё). Мужчыну асудзілі да сямі гадоў пазбаўлення волі. 

Восень 2024 году

З лістапада 2024 года ў Беларусі прайшлі дзве хвалі масавых затрыманняў былых палітвязняў і родных тых, хто цяпер знаходзіцца за кратамі. Многія з затрыманых сталі фігурантамі крымінальных спраў і былі пераведзеныя ў СІЗА. У лістападзе 2024 году КДБ прызнаў “экстрэмісцкім фармаваннем” вядомы сервіс для адпраўкі лістоў зняволеным інтэрнэт-сэрвіс письмо.бел і яго старонкі ў сацсетках. Цяпер ён недасяжны ў Беларусі і за межамі краіны. 

У СІЗА КДБ змясцілі траіх жыхароў Жодзіна, якія па версіі КДБ, маюць дачыненне да ініцыятывы "письмо.бeл". У Жодзіне затрымалі Аляксандра Мазура, Паўла Каранюхіна і былога палітвязня Аляксандра Лыкшына. Паводле інфармацыі "Вясны", цяпер мужчыны знаходзяцца пад вартай, іх абвінавачваюць паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім). 

"Письмо.бел" — сэрвіс для адпраўкі лістоў зняволеным, якім карысталіся тысячы беларусаў. Ініцыятыва ў тым ліку дапамагала беларусам заставацца на сувязі з палітзняволенымі, нягледзячы на вымушаную эміграцыю. Пры гэтым толькі 10% лістоў сыходзіла палітвязням, у асноўным сэрвіс быў разлічаны на звычайных асуджаных. Таксама карыстальнікі прымалі ўмовы рэсурсу — не парушаць патрабаванні МУС і не адпраўляць забароненую інфармацыю.

Нагадваем, што адправіць ліст ці паштоўку зняволеным дагэтуль можна праз Майстэрню паштовак салідарнасці. Таксама можна дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. 

2025 год

Напады дзяржавы на салідарнасць паводле ўсіх спраў, пералічаных у гэтым артыкуле, працягваецца і сёння. Людзей судзяць за данаты, лісты палітвязням, невялікія грашовыя пераводы. Арганізацыі, ініцыятывы і нават асобныя старонкі, якіх “выкрылі ў салідарнасці”, прызнаюць экстрэмісцкімі “матэрыяламі” і “фармаваннямі”. 

Дзяржаву пачала пужаць салідарнасць з палітзняволенымі нават за мяжой. Следчы камітэт працягвае перыядычна запужваць беларусаў, якія ўдзельнічаюць у акцыях салідарнасці за мяжой, крымінальным пераследам. Ён сцвярджае, што Сцвярджаецца, што “вядзецца актыўная работа па выяўленні і ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў запланаваных акцый за мяжой. Іх дзейнасць дакументуецца для прыняцця рашэння аб прыцягненні фігурантаў да крымінальнай адказнасці, у тым ліку ў парадку спецвытворчасці”.

Тычыцца гэта не толькі беларусаў. У сакавіку 2025 году “экстрэмісцкай” прызналі старонку ў “Х” амерыканскага кінарэжысёра Эрні Барбараша, які падтрымлівае беларускіх палітвязняў.  Амаль кожны дзень ён публікуе кароткую гісторыю аднаго з беларускіх палітвязняў і спосабы іх падтрымкі. Кінарэжысёр таксама далучыўся да Дня салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі і зрабіў мазаіку з карціны “Узяцце Бастылі”», выкарыстаўшы фотаздымкі вязняў.

Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка ў Міжнародны дзень салідарнасці людзей каментаваў пераслед людзей за падтрымку і дапамогу людзям рознымі спосабамі:

"У Беларусі мы можам і павінны падтрымаць усіх тых, хто перажыў напад рэжыму, у першую чаргу – палітвязняў, у тым ліку тых, хто выйшаў на волю, ды іх сем'і. Таталітарныя ўлады працягваюць здзяйсняць злачынствы супраць уласнага народа, нагнятаць атмасферу ўсеагульнага страху, і любая падтрымка нязгодных і пратэстоўцаў – гэта ўдар па антынароднай палітыцы А.Лукашэнкі. Менавіта таму спецслужбы не спыняюць паляванне на любыя праявы салідарнасці і ўзаемадапамогі, працягваюць знішчэнне структур грамадзянскай супольнасці і нападаюць на праваабаронцаў і валанцёраў, якія выбудоўваюць гарызантальныя ніткі падтрымкі. Рэжым, для якога нават словы падтрымкі палітвязням – гэта злачынства, не мае шанцаў на доўгую гісторыю. Але ў спробах падоўжыць сваё існаванне, ён будзе памнажаць колькасць сваіх ахвяр.

"Чым мы можам дапамагчы?" — гэта пытанне, якое не мае аднаго адказу. Галоўнае задаваць яго і шукаць максімальна бяспечныя формы падтрымкі. Не кінуць знаёмых сам-насам з бядой пасля арышту, дапамагчы іх сям'і, падвезці з перадачай, пасядзець з дзецьмі, нарэшце, проста паведаміць праваабаронцам пра факт рэпрэсій – гэта ўсё дапамога і салідарнасць, яе ў нас не адабраць".

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

See more news

Lawtrend: Мониторинг ситуации со свободой ассоциаций и положением организаций гражданского общества в Беларуси в апреле 2025 года
27 May 2025, 12:41 PM
Lawtrend: Мониторинг ситуации со свободой ассоциаций и положением организаций гражданского общества в Беларуси в апреле 2025 года
Масштабные репрессии в отношении беларусских организаций гражданского общества и граждан, как внутри страны, так и вынужденно уехавших за рубеж, не останавливаются.
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 траўня 2025 года
27 May 2025, 12:33 PM
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 траўня 2025 года
На 15 траўня 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 35, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 152.
Беларускі ПЭН: Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, студзень – сакавік 2025 года
27 May 2025, 12:23 PM
Беларускі ПЭН: Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, студзень – сакавік 2025 года
Матэрыял падрыхтаваны на аснове абагульненай інфармацыі, сабранай маніторынгавай групай Беларускага ПЭНа за першыя тры месяцы 2025 года з адкрытых крыніц праз асабістыя кантакты і ў непасрэднай камунікацыі з дзеячамі культуры.
«Кожная смерць палітвязня — тое, што дадае новую старонку ў абвінавачванне адказным за іх пераслед» — Павел Сапелка
26 May 2025, 2:10 PM
«Кожная смерць палітвязня — тое, што дадае новую старонку ў абвінавачванне адказным за іх пераслед» — Павел Сапелка
Паразмаўлялі з праваабаронцам "Вясны" Паўлам Сапелкам пра стан здароўя палітвязняў, патрабаванні да ўладаў адносна хворых зняволеных і заклікі праваабаронцаў паведамляць пра праблемы са здароўем сваякоў і сукамернікаў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці