«Вясна» тлумачыць: што такое «тэрмін даўніны», і каго можна прыцягнуць да адказнасці за пратэсты 2020 года пасля яго сканчэння

18 August 2025, 11:57 AM
«Вясна» тлумачыць: што такое «тэрмін даўніны», і каго можна прыцягнуць да адказнасці за пратэсты 2020 года пасля яго сканчэння

Агулам з 2020 года паводле арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 293 (удзел у масавых беспарадках) Крымінальнага кодэкса асудзілі больш за 3 670 чалавек.Апроч гэтага, за першыя два гады пасля пратэстаў у 2020-м з вялікай колькасці людзей спагналі велізарныя грошы за "перакрыццё руху транспарта", каб кампенсаваць шкоду "Мінсктрансу". Праз тое, што хутка скончыцца тэрмін даўніны прыцягнення да адказнасці паводле арт. 342 КК, цягам апошніх некалькі месяцаў павялічылася колькасць затрыманых за ўдзел у пратэстах.

"Вясна" распавядае, як улады працягваюць судзіць беларусаў за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, а Юрыдычная служба тлумачыць, што такое "тэрмін даўніны", і каго змогуць прыцягнуць да адказнасці пасля сканчэння гэтага тэрміну.

Паводле звестак "Вясны", за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе асудзілі больш за 3 673 чалавекі (паводле арт. 342 і арт. 293 КК). Сярод асуджаных за пратэсты: шматдзетныя бацькі, людзі пенсійнага ўзросту, з інваліднасцю, а таксама тыя, каго затрымалі непаўнагадовымі. Але лічба можа быць значна большай праз адсутнасць поўных звестак у праваабаронцаў.

У апошнія месяцы, па інфармацыі "Вясны", беларусам сталі актыўней прад'яўляць абвінавачванні паводле «народнага» арт. 342 КК (арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Гэта звязана з тым, што хутка міне 5 гадоў з моманту акцый пратэсту, а значыць скончыцца тэрмін даўніны прыцягнення да адказнасці паводле гэтага артыкулы і людзей больш не змогуць судзіць.

Вядома, што нароўні з адносна мяккім пакараннем паводле арт. 342 КК у выглядзе "хатняй хіміі", за ўдзел у акцыях пратэсту да гэтага часу прызначаюць і пазбаўленне волі. Каб вылічыць і прыцягнуць да адказнасці як мага больш удзельнікаў пратэстаў, блізкія да сілавікоў тэлеграм-каналы пачалі публікаваць фота і відэа з пратэстаў у розных гарадах Беларусі з заклікам паведамляць дадзеныя тых, каго можна распазнаць. Акрамя гэтага, у апошнія месяцы ўзмацніліся праверкі на мяжы з Беларуссю. У тых, хто вяртаецца ў краіну, пільна правяраюць тэлефоны, і, калі знаходзяць фота з пратэстаў, або каментары ці данаты, затрымліваюць наўпрост на мяжы і змяшчаюць пад варту.

Што трэба ведаць пра тэрмін даўніны і ці змогуць прыцягваць да крымінальнай адказнасці пасля яго сканчэння? Разбіраемся з Юрыдычнай службай "Вясны".

 Чаму сілавікі цягам апошніх месяцаў пачалі актыўней пераследаваць удзельнікаў пратэстаў 2020 года?

У кастрычніку 2020 года А. Лукашэнка заявіў, што "яны знойдуць кожнага, хто ўдзельнічаў у пратэстах. Сучасныя сродкі дазваляюць гэта рабіць. І кожны адкажа за свае дзеянні. Яны ў гэтым кірунку працуюць". Такім чынам, сілавікам у 2020 годзе А. Лукашэнка даручыў заданне – знайсці кожнага пратэстоўца і прыцягнуць яго да адказнасці.

Але Крымінальны кодэкс прадугледжвае віды вызвалення ад крымінальнай адказнасці. Адзін з якіх — гэта вызваленне ад крымінальнай адказнасці ў сувязі са сканчэннем тэрмінаў даўніны (арт. 83 КК).

Калі асоба здзейсніла менш цяжкае злачынства, то тэрмін даўніны складае пяць гадоў са дня здзяйснення злачынства (арт. 83 КК). Да менш цяжкіх злачынстваў адносяцца наўмысныя злачынствы, за якія законам прадугледжана максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін не звыш шасці гадоў (арт. 12 КК). Максімальнае пакаранне за "арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх" (арт.342 КК) складае чатыры гады пазбаўлення волі. Адпаведна, злачынства падпадае пад катэгорыю менш цяжкіх. Такім чынам, тэрмін даўнасці складае пяць гадоў са дня здзяйснення злачынства.

Зыходзячы з вышэйзгаданага, па заканчэнні пяці гадоў некаторых удзельнікаў масавых мерапрыемстваў прыцягнуць да адказнасці будзе немагчыма. Гэта будзе азначаць, што сілавікі не выканалі даручэнне А. Лукашэнкі. Адпаведна, пры набліжэнні дэдлайну, ім трэба максімальна папрацаваць, каб лічба асуджаных была блізкая да лічбы ўдзельнікаў пратэстаў, якая абвяшчалася хаця б у прапагандысцкіх СМІ.

 Што такое тэрмін даўніны і да якога часу будуць працягвацца суды па 342 артыкуле?

Тэрмін даўніны вылічаецца са дня здзяйснення злачынства да дня ўступлення ў законную сілу прысуду суда і не перарываецца ўзбуджэннем крымінальнай справы. Па заканчэнні пяці гадоў пасля здзяйснення злачынства, напрыклад, пасля ўдзелу ў мітынгах, калі чалавек не здзяйсняў больш іншых злачынстваў, яго да крымінальнай адказнасці не прыцягнуць. Неабходна звярнуць увагу, што тэрмін вылічаецца да дня ўступлення прысуду ў законную сілу. Згодна з ч. 1 арт. 399 КПК, прысуд, уступае ў законную сілу па заканчэнні тэрміну на апеляцыйныя абскарджанне і апратэставанне. Абскарджаны або апратэставаны прысуд, вызначэнне, пастанова суда ўступаюць у законную сілу з моманту прыняцця па іх рашэння судом апеляцыйнай інстанцыі. Такім чынам, калі вы падаеце апеляцыйную скаргу, пяцігадовы тэрмін можа скончыцца да прыняцця рашэння судом апеляцыйнай інстанцыі. 

 А што, калі ўзбудзілі крымінальную справу па арт. 342 КК супраць чалавека, які знаходзіцца ў эміграцыі?

У крымінальным законе вызначаны падставы, калі тэрмін даўнасці прыпыняецца: асоба, якая ўчыніла злачынства, схавалася ад органа крымінальнага пераследу або суда. У гэтых выпадках працяг тэрмінаў даўніны аднаўляецца са дня затрымання асобы або яўкі яго з павіннай. Аднак па заканчэнні 15 гадоў пасля здзяйснення злачынства, асоба не можа быць прыцягнута да адказнасці. Акрамя таго, органы павінны будуць даказаць, што асоба сапраўды наўмысна хавалася ад следства і яны спрабавалі знайсці чалавека.

 Ці змогуць прыцягваць да крымінальнай адказнасці пратэстоўцаў пасля сканчэння тэрміна даўніны?

Не, калі тэрмін скончыўся, то не могуць. Аднак па іншых артыкулах могуць, напрыклад, паводле арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). Па ім тэрмін даўніны складае ад 10 да 15 гадоў, так як злачынства адносіцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх.

 Як вы ацэньваеце цяперашнюю сітуацыю з крымінальным пераследам у краіне?

Цяпер сілавікі актыўна працуюць, каб паспець паспрыяць прыцягненню да адказнасці ўсіх удзельнікаў пратэстаў. Гэта будзе паказчыкам добрай працы і беспярэчнага выканання ўсіх даручэнняў Лукашэнкі. Таму колькасць затрыманых застаецца на высокім узроўні. Пераслед нязгодных не спыняецца.

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Share

See more news

Human Constanta: Первые приговоры за «‎экстремизм» без назначения наказания и решения судов по делу «‎Беларусского Гаюна»: обзор борьбы с «экстремизмом» в Беларуси за апрель-июнь 2025
18 August 2025, 12:37 PM
Human Constanta: Первые приговоры за «‎экстремизм» без назначения наказания и решения судов по делу «‎Беларусского Гаюна»: обзор борьбы с «экстремизмом» в Беларуси за апрель-июнь 2025
В обзоре отражены основные тенденции государственной политики по борьбе с «экстремизмом» и «терроризмом» в Беларуси и ее влияние на ситуацию в области прав человека с апреля по июнь 2025 года.
«Рэпарцёры без межаў» апублікавалі партрэты зняволеных беларускіх журналістаў
18 August 2025, 12:29 PM
«Рэпарцёры без межаў» апублікавалі партрэты зняволеных беларускіх журналістаў
Беларусь з’яўляецца ці не буйнейшай у свеце турмой для незалежных журналістаў, канстатуюць «Рэпарцёры без межаў».
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца жахлівай — LIBERECO
18 August 2025, 12:26 PM
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца жахлівай — LIBERECO
Выканаўчы дырэктар LIBERECO у Германіі Марка Фібер канстатаваў, што ў Беларусі “працягваецца крымінальны пераслед дысідэнтаў, удзельнікаў пратэстаў, журналістаў, праваабаронцаў і адвакатаў.
Адвокатку Николая Дедка лишили лицензии
18 August 2025, 12:20 PM
Адвокатку Николая Дедка лишили лицензии
Министерство юстиции лишило лицензии адвокатку Светлану Горбаток, об этом пишет пресс-служба ведомства.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці