Травень 2020 года, калі быў дадзены старт прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, паклаў пачатак небывалай дагэтуль хвалі рэпрэсій у дачыненні да неабыякавых, а таксама беспрэцэдэнтнай атмасферы страху і запалохвання грамадства. “Вясна” ўзгадвае падзеі гарачых травеньскіх дзён і распавядае пра тых, хто сярод першых патрапіў пад каток рэпрэсіўнай машыны.
Праваабаронцы “Вясны” сярод першых заўважылі тэндэнцыю да рэзкага пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека. Паказчыкамі сталі масавыя суды: у красавіку 2020 года было складзена 14 адміністрацыйных пратаколаў па "палітычных" артыкулах, за травень прайшло ўжо каля 155 судоў па палітычна матываваных адміністрацыйных справах у адносінах да як мінімум 132 чалавек. У выніку судамі былі арыштаваныя 72 чалавекі. Ужо ў чэрвені 2020 года колькасць палітзняволеных вырасла за месяц з трох да 25.
Пікет Сяргея Ціханоўскаг на Камароўскім рынку.
Усплеск грамадзянскай актыўнасці ўзнік на фоне замоўчвання інфармацыі пра эпідэмію COVID-19. Блогеры пачалі ствараць альтэрнатыву дзяржаўным СМІ – іх каналы збіралі дзесяткі і сотні тысяч праглядаў. Імёны Сяргея Ціханоўскага,Уладзіміра Няронскага,Сяргея Пятрухіна, Аляксандра Кабанава, “Шэрага Ката” (Зміцер Казлоў), Уладзіміра Цыгановіча і Івана Рэмязоўскага сталі вядомыя многім беларусам і беларускам.
Але найбольш нервова ўлады паставіліся да сустрэч з насельніцтвам, якія праводзіў youtube-блогер і аўтар канала “Краіна для жыцця” Сяргей Ціханоўскі. Пад удар падпадалі таксама і мясцовыя экалагічныя ініцыятывы – акцыі пратэсту супраць пуску акумулятарнага завода АКБ у Брэсце, “кармленне галубоў” у Магілёве, Віцебску, Маладэчна, Пінску, Светлагорску.
Затрыманне Рамана Кісляка пад час "кармлення галубоў у Брэсце. Фота: TUT.BY
Амаль штодня напачатку траўня праваабаронцы “Вясны” фіксавалі затрыманні грамадзян, што збіраліся ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага, якога схапілі пасля двух дзён пераследу 6 траўня 2020 года ў Магілёве.
У той жа дзень, 6 траўня, каля гандлёвага цэнтру MILE ў Мінску АМАП і міліцыянты ў цывільным затрымалі як мінімум 19 чалавек, 7 траўня па ўсёй краіне затрымалі больш за 15 прыхільнікаў блогера Ціханоўскага, а таксама ўдзельнікаў “кармлення галубоў”. Агулам жа пасля арышту Ціханоўскага за тры дні па ўсёй краіне былі затрыманыя, альбо выклікаліся ў міліцыю для складання пратаколаў прыкладна 120 чалавек.
Затрыманні каля гандлёвага цэнтру MILE ў Мінску.
9 траўня 2020 года, пасля правядзення перформансу, адбылося затрыманнне некалькіх актывістаў "Моладзевага блоку", а на другі дзень, 10 траўня, пасля правядзення акцыі праціўнікаў будаўніцтва завода АКБ у Брэсце былі затрыманыя некалькі чалавек, сярод якіх праваабаронцы Раман Кісляк і Уладзімір Вялічкін, якія маніторылі масавае мерапрыемства.
Яшчэ адна хваля рэпрэсій была звязаная з пачаткам выбарчай кампаніі. Так, 19 траўня, у сувязі з масавай нерэгістрацыяй ЦВК ініцыятыўных груп “кандыдатаў пратэсту”, падчас абскарджвання пастаноў аб нерэгістрацыі, у залах Вярхоўнага суда затрымалі восем чалавек, якія прыйшлі падтрымаць вылучэнцай ад Мікалая Статкевіча.
Акцыя групы "кандыдатаў пратэсту" каля ЦВК 15 траўня. Фота: Радыё Свабода".
Заўважым, што травеньскія рэпрэсіі сталі для праваабаронцаў праверкай на трываласць. Актыўна стаў праводзіцца маніторынг мірных сходаў Валанцёрскай службай “Вясны”.
Праваабаронца Наталля Сацункевіч адзначае, што Валанцёрская служба “Вясны” і БХК увесь час вялі маніторынг мірных сходаў у Беларусі, і выбарчая кампанія 2020 года не была выключэннем.
“Мы выкарыстоўвалі спецыяльныя метадалогіі, адкрыта публікавалі справаздачы за назіраннем з рэкамендацыямі ўсім бакам, як арганізатарам, так і праваахоўным органам. Напачатку назіранне праходзіла досыць спакойна, калі не лічыць пэўных складанасцяў з COVID, мы маніторылі мірныя сходы ў Мінску, Баранавічах, Брэсце…
Але паступова праваахоўнікі сталі больш жорстка ставіцца да назіральнікаў. Узгадваю, як на адным з перадвыбарчых пікетаў на Камароўцы былі вялікія чэргі на зборы подпісаў. Сярод назіральнікаў была каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова, якая распавядала, як супрацоўнікі ў цывільным ўжывалі прамыя пагрозы ў дачыненні да назіральнікаў, маўляў, вы тут ходзіце, але хутка хадзіць не будзеце… дабярэмся і да вас. Такія выпадкі былі неаднаразовыя”.
Наталля Сацункевіч таксама ўзгадвае і дзень выбараў, 9 жніўня:
"Загадзя некалькі груп назіральнікаў былі падрыхтаваныя для маніторынгу мірных сходаў. Было відавочна заўважна, што з боку праваахоўных органаў рыхтуецца жорсткі адказ на акцыі, многія кропкі былі перакрытыя, у горадзе шмат спецыяльнай тэхнікі, амапу, з назіральнікамі было складана звязацца, а сувязі амаль не было – дрэнна працавала сувязь – і вельмі трывожная інфармацыя ў СМІ. На шчасце, назіранне скончылася паспяхова, ніхто не быў затрыманы, і не пацярпеў у гэты вечар. Пасля таго стала зразумела, што вочны маніторынг мірных сходаў немагчымы, у тым ліку з-за меркаванняў бяспекі.
Ужо напрыканцы чэрвеня сілавікі распачалі сапраўднае паляванне на лідараў грамадскіх рухаў і ініцыятыў, сябраў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, журналістаў, якія асвятлялі масавыя мерапрыемствы ў розных гарадах Беларусі і праваабаронцаў. Сяргею Ціханоўскаму па трох адміністрацыйных пратаколах вынеслі 45 сутак арышту, праўда, нечакана вызвалілі да іх адбыцця 20 траўня, каб затрымаць у Гродне. На палітыка Мікалая Статкевіча быў складзены пратакол за несанкцыянаваную акцыю, якой палічылі ўскладанне кветак 8 траўня да помніка савецкім салдатам на Вайсковых могілках. Супрацоўнікі міліцыі цікавіліся палітыкам і сузаснавальнікам партыі БХД Паўлам Севярынцам, але затрымаць яго ўдалося толькі 7 чэрвеня.
29 траўня ў Гродна з выкарыстаннем правакацыі схапілі не менш за 15 чалавек разам з самім блогерам Сяргеем Ціханоўскім.
Чатыры гады са дня масавых затрыманняў на пікеце ў Гродне: распавядаем пра лёс фігурантаў "справы Ціханоўскага"
Пікам травеньскіх падзей стала 31 траўня, калі ў Беларусі было затрымана болей за 30 чалавек. Большасць з іх з’яўляліся зборшчыкамі подпісаў за Святлану Ціханоўскую і актывістамі "Народнай Грамады". У Мінску затрымалі актывіста “Еўрапейская Беларусі” Максіма Вінярскагаі лідара “Маладога фронту” Дзяніса Урбановіча. У той жа дзень быў затрыманы лідар “Народнай Грамады” Мікола Статкевіч.
Аналізуючы сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, праваабаронцы “Вясны” адзначалі, што “ў траўні назіралася рэзкае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека і павелічэнне росту рэпрэсій у дачыненні да грамадзян краіны, што абумоўлена пачаткам кампаніі па выбарах прэзідэнта”.
Калі ў траўні з Беларусі налічвалася трое палітвязняў (Міхаіл Жамчужны, Іван Комар і Мікіта Емяльянаў), то толькі за чэрвень спіс палітзняволеных у Беларусі вырас на 22 чалавек. Затрыманыя тады былі асуджаны да вялікіх тэрмінаў і да гэтага часу ўтрымліваюцца ў складаных умовах. Гэта: Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Віктар Бабарыка і Эдуард Бабарыка, Зміцер Казлоў, Ігар Лосік, Арцём Сакаў, Уладзімір Кніга, Аляксандр Арановіч, Уладзімір Цыгановіч і Уладзімір Дудараў.
Умовы ўтрымання тых першых палітзняволеных (а сёння і наогул – усіх) істотна пагаршаюцца з кожным годам: іх асуджаюць паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”, пераводзяць на турэмны рэжым, а сваякоў трымаюць у невядомасці, пазбавіўшы іх права на перапіску, перадачы і спатканні.
Так, Мікалай Статкевіч адбывае пакаранне ў Глыбоцкай калоніі, і ўжо 15 месяцаў, з лютага 2023 года, пра яго няма ніякіх звестак. Адміністрацыяй калоніі ён неаднаразова падвяргаўся дысцыплінарным спагнанням, акрамя таго на яго сабраны матэрыял для завядзення ў дачыненні да яго крымінальнай справы па арт. 411 КК Беларусі («злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі»). Яго пазбавілі права на званкі і адзінай на год перадачы і спаткання.
У сярэдзіне студзеня 2023 г. супраць Сяргея Ціханоўскага завялі справу паводле ч. 2 арт. 411 КК за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы", а 27 лютага суд у Жодзіна прызнаў яго вінаватым і прызначыў яму ў дадатак да 18 гадоў калоніі яшчэ паўтара года зняволення. Ад Сяргея няма ніякіх звестак 450 дзён.
Неаднаразова, нягледзячы на вялікія праблемы са здароўем, Віктара Бабарыку змяшчалі ў ШІЗА, а супраць ягонага сына Эдуарда Бабарыкі узбуджана крымінальная справа паводле арт. 411 КК. Яго з 1 красавіка ўтрымліваюць у памяшканні камернага тыпу.
13 ліпеня 2023 года зрабілі больш жорсткім рэжым Аляксандру Арановічу — яго перавялі на турэмны рэжым тэрмінам на два гады. Цяпер ён утрымліваецца ў магілёўскай турме № 4.
Уладзіміру Кнігу паводле арт. 411 КК суд прызначыў яшчэ адзін год зняволення, а Арцёма Сакава паводле рашэння суда Шклоўскага раёна перавялі на турэмны рэжым у магілёўскую Турму № 4.