Ілюстрацыя: ovd.info
Першая хваля адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу і запалохвання грамадства, якая адбылася ў 2020-2022 гадах ужо не можа задаволіць беларускія улады. Таму яны пачалі актыўна прыбягаць да новых рэпрэсіўных практык як у дачыненні да тых грамадзян, якія застаюцца ў краіне, так і да тых, хто вымушаны быў з'ехаць за мяжу. Рост завочных судоў, пераслед сваякоў асуджаных і і вобшукі ў іх, рэпрэсіі ў дачыненнні да ЛГБТК+ супольнасці – вось далёка не поўны спіс рэпрэсіўных практык, якія ўлады выкарыстоўваюць супраць свайго народу. "Вясна" разбірае разам з праваабаронцамі некаторыя з іх.
Затрыманых за ўдзелы ў акцыях пратэсту, якія адбываліся некалькі год таму, альбо за падпіскі на розныя каналы, якія часта постфактум прызнаюцца “экстрэмісцкімі” матэрыяламі альбо фармаваннямі, раней масава прымушалі выбачацца і прызнаваць віну на відэа. Зараз фармат змяніўся: праўладныя медыя пачалі выкладваць аўдыя замест відэа, якія часта маскіруюцца ў ціктоку ці ў іншых сацсетках як звычайныя “агляды навінаў”.
У лістападзе мінулага года пачалі з’яўляцца “аўдыёпакаянні”, з цяжка зразумець, хто і за што затрыманы. Калі раней праваабаронцы ці журналісты маглі па відэа ідэнтыфікаваць затрыманага, то зараз зрабіць гэта вельмі складана.
"Медыязона" прыводзіць некалькі выпадкаў:
"Адна дзяўчына кажа на аўдыё, што скінула інфармацыю пра кіраўніцтва нейкага дзіцячага дома ў “Чорную кнігу Беларусі”. Яшчэ аднаго затрыманага вымусілі сказаць, што ён быў падпісаны на Nexta. Сярод скрыншотаў, паказаных у роліку, ёсць пост канала Next Live. Трэцяму затрыманаму, з кім у снежні апублікавалі міліцэйскае відэа, прыпісваюць эмацыйныя каментары, у якіх не пазначана, каму яны адрасаваныя. Затрыманы кажа, што “абражаў супрацоўнікаў міліцыі, іншых службовых асоб”.
У аналітычным аглядзе “Правы чалавека ў Беларусі. Асноўныя трэнды дзяржаўнай палітыкі”, падрыхтаваным Беларускім Хельсінкскім камітэтам адзначана, што напачатку 2024 года ўлады пачалі шукаць новыя магчымасці пераследу за дапамогу людзям, якія знаходзяцца ў месцах несвабоды па палітычных матывах.
Так, 23-24 студзеня супрацоўнікі КДБ зладзілі масавы рэйд па сваяках палітычных зняволеных. На канец лютага было вядома пра пераслед не менш за 287 чалавек. Большасць з іх – жанчыны. Меркавана гэты рэйд звязаны з прадуктовай дапамогай сваякам палітвязняў, якую аказвала ініцыятыва “INeedHelpBY” праз сэрвіс “Е-дастаўка”. Частку з іх затрымалі, а ў некаторых проста правялі ператрус і адпусцілі. Вядома, што прыходзілі да людзей па ўсёй краіне.
Таксама ў студзені стала вядома пра рэйды па сваяках людзей, якія з'ехалі за мяжу. Іх просяць угаворваць сваіх родных вярнуцца ў Беларусь праз камісію па вяртанні.
Праваабаронцам у мінулым годзе сталі вядомыя выпадкі, калі Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю і ГУБАЗіК МУС прымушаюць паўторна “кампенсаваць шкоду” асоб, якія раней падвяргаліся такому прымусу за данаты “экстрэмісцкім” арганізацыям.
“Ім кажуць, што нібыта знайшлі яшчэ і іншыя данаты, і патрабуюць зноў заплаціць. Тое, што людзі раней “кампенсавалі” свой данат у КДБ, іх не цікавіць. Маўляў, гэта іншае ведамства і іншая справа”, — адзначаюць праваабаронцы.
Паводле звестак “Вясны”, асоб, якія раней “добраахвотна заплацілі” за данаты, таксама “пачалі выклікаць у пракуратуру”. У наглядным ведамстве “іх просяць падпісаць паперы з папярэджаннем перад выбарамі”, удакладняюць праваабаронцы.
З надыходам 2024 года практыка прымянення завочнай спецвытворчасці пачынае істотна пашырацца. Калі за апошнія два гады завочная судавытворчасць была ўзбуджаная ў дачыненні да больш чым 140 чалавек, то колькасць такіх выпадкаў у мінулым годзе склала 105 чалавек.
Фіксуецца таксама тэндэнцыя пашырэння прымянення спецвытворчасці ў дачыненні да непублічных, не медыйных асоб (раней гэта тычылася толькі вядомых апанентаў улады.
Такім чынам, узбуджэнне спецвытворчасці ператварылася ў масавы “канвеер". Яскравы прыклад – завочная справа "аналітыкаў Святланы Ціханоўскай". Першага ліпеня 2024 года Мінскі абласны суд асудзіў адразу 20 чалавек.
Інстытут "спецыяльнай вытворчасці" быў уведзены ў 2022 годзе рэжымам Лукашэнкі ў якасці рэпрэсіўнага інструмента супраць апанентаў. Па стане на 21 лістапада 2024 года ў Беларусі завочна асудзілі ўжо 112 чалавек. Амаль усе справы — палітычна матываваныя. Гэта актывісты, журналісты, пратэстоўцы, палітыкі і грамадскія дзеячы. З іх траіх чалавек асудзілі завочна двойчы.
Летам мінулага года стала вядома пра яшчэ адно “ноўхаў”: у жаночай папраўчай калоніі № 4 у Гомелі з’явілася клетка. Верагодна, падобная практыка існавала і раней, але праваабаронцам пра гэта стала вядома ў 2024 годзе.
У калоніі № 4 існуе шмат пакаранняў, якія зневажаюць чалавечыя гонар і годнасць. Адно з такіх — памяшчэнне палітвязняў у так званую "клетку", якая знаходзіцца на вуліцы паміж жылой і вытворчай зонамі, на прыступках перад варотамі на фабрыку Яна ўяўляе сабой сапраўдную клетку, даўжынёй каля паўтары метраў, а шырынёй — каля двух. Стаіць гэтая канструкцыя паміж жылой і прамысловай зонамі — на прыступках перад варотамі на фабрыку.
Часта жанчын спецыяльна змяшчаюць туды ў халодную пару года, каб пакаранне адчувалася больш востра. Па часе людзі знаходзяцца там звычайна ад гадзіны да трох, некаторыя палітвязні называюць час да чатырох гадзін. Калі ты стаіш да ночы, можаш пазбавіцца абеду. Часцей за ўсё, калі ты трапіла ў такую клетку, далей цябе чакае ШІЗА.
Беларусам, асуджаным па палітычных матывах, усё часцей не выдаюць копіі судовых пратаколаў і пастаноў. Такая практыка фіксавалася праваабарронцамі і раней, аднак у апошні час яна стала болей масавай.
Адна з суразмоўніц расказала «Радыё Свабода», што на яе сяброўку ўвосень пачалі крымінальную справу за "абразу" Лукашэнкі (арт. 368 КК). Жанчына правяла некалькі дзён у ізалятары, а потым з яе ўзялі падпіску аб нявыездзе. Але на рукі не выдалі ніводнага дакумента — ні даведкі з ізалятара, ні пастановы аб прызнанні яе падазраванай у крымінальнай справе.
Іншая дзяўчына распавяла, што яе асудзілі за падпіскі на "экстрэмісцкія" рэсурсы: спачатку прысудзілі "суткі", потым штраф, канфіскавалі тэлефон. Але не выдалі ні копію міліцэйскага пратаколу, ні пастанову суда аб прыцягненні да адказнасці. Цяпер яна нават не можа пры жаданні абскардзіць судовую пастанову.
Трэці суразмоўца расказвае, што ў падобнай сітуацыі некалькі разоў хадзіў у канцылярыю суда, каб атрымаць копію пастановы. Яе выдалі толькі пасля таго, як ён напісаў заяву.
За апошнія тры месяцы мінулага году ў сямі гарадах Беларусі былі затрыманыя і атрымалі цялесныя пашкоджанні 32 чалавекі, у тым ліку 10 транссэксуалаў, небінарных людзей і актывістаў ЛГБТК+.
Журналістам агенцтва Associated Press пра свой досвед распавялі ЛГБТК+ актывісты, якія застаюцца ў Беларусі і тыя, хто пакіну ўкраіну, ратуючыся ад пераследу:
"Калі міліцыя ўварвалася ў дом гей-пары ў беларускай сталіцы і жорстка пабіла хлопцаў, сілавікі не ўтойвалі, што іхнія дзеянні былі звязаныя з падобнымі дзеяннямі ў суседняй Расіі, — піша Associated Press. — Студэнты Андрэй і Саша расказалі, што сілавікі патрабавалі ад іх разблакаваць смартфоны і назваць імёны «геяў Мінску і Масквы".
«Яны білі нашымі галовамі аб дзвярны вушак, пагражалі данесці на нас ва ўнівэрсітэт і казалі, што гэта толькі пачатак», — падзяліўся 20-гадовы Андрэй, які, як і іншыя беларускія геі і транссэксуалы, апытаныя Associated Press, настойвае на тым, каб яго называлі толькі па імені дзеля бяспекі.
Суполка "Prismatica.belarus" восенню 2024 года паведамляла аб тым, што ў Беларусі ўзмацніўся ціск на ЛГБТК+ супольнасць: адбываюцца арышты, ператрусы і допыты:
"Прыходзяць як да КВІР і транс людзей, так і да актывістаў, а таксама да тых, якія наведваюць мерапрыемствы ЛГБТК+ арганізацый. Нагадаем, што з 2020 года пасля фальсіфікацыі выбараў Лукашэнкі, ужо на працягу 4-ох гадоў рэпрэсіі толькі ўзмацняюцца, а ў 2024 годзе Міністэрства інфармацыі Беларусі прыраўняла ЛГБТК+ людзей да парнаграфіі (у вызначэнне парнаграфіі ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам цяпер уваходзіць дэманстрацыя аднаполых адносін і трансгендарных людзей). Мы заклікаем улады Беларусі неадкладна спыніць гэтыя рэпрэсіі і паважаць правы ўсіх грамадзян незалежна ад іх гендэрнай ідэнтычнасці і сэксуальнай арыентацыі".