Заява праваабарончай супольнасці Беларусі з нагоды смерці палітвязня Вадзіма Храсько

20 January 2024, 4:24 PM
Заява праваабарончай супольнасці Беларусі з нагоды смерці палітвязня Вадзіма Храсько

У ноч з 8 на 9 студзеня 2024 года ў калоніі "Віцьба" ад пнеўманіі памёр 50-гадовы палітвязень Вадзім Храсько. Ён быў дастаўлены з калоніі ў лякарню, але медыкі ўжо не змаглі яго выратаваць. Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці выступілі з сумеснай заявай з гэтай нагоды.

Храсько ВадимВадзім Храсько

Вадзім Храсько быў затрыманы ў красавіку 2023 года і асуджаны па артыкуле 361-2 КК (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання). Яго прызналі вінаватым і прысудзілі за некалькі данатаў да трох гадоў калоніі, нягледзячы на сур'ёзнае захворванне. Храсько абскардзіў прысуд, аднак судовая калегія Вярхоўнага суда пакінула яго ў сіле. 16 жніўня 2023 г. праваабаронцамі Вадзім Храсько прызнаны палітычным зняволеным. 3 лістапада 2023 г. МУС унесла Храсько ў "спіс экстрэмістаў". Палітвязень адбываў пакаранне ў віцебскай калоніі № 3, прабыў там каля двух месяцаў, адкуль быў дастаўлены ў лякарню, дзе памёр. 12 студзеня 2024 года Вадзіма Храсько пахавалі ў Мінску.

На гэты момант прычына смерці Вадзіма Храсько ды іншыя абставіны з пэўнасцю не вядомыя. Аднак, паводле папярэдняй інфармацыі, яго смерць магла быць выкліканая несвоечасовым аказаннем яму належнай медыцынскай дапамогі.

Смерць Вадзіма Храсько – чацвёртая за апошні час смерць палітвязня ў беларускіх папраўчых установах. Так:

  • у траўні 2021 года ў папраўчай калоніі № 17 у Шклове Магілёўскай вобласці памёр палітвязень Вітольд Ашурак;

  • у траўні 2023 года ў калоніі "Віцьба" памёр палітвязень Мікалай Клімовіч;

  • у ліпені 2023 года ў лякарні хуткай медыцынскай дапамогі Гродна памёр мастак Алесь Пушкін. Туды яго прывезлі з турмы № 1 Гродна.

У сувязі з чарговай смерцю палітычнага зняволенага ў Беларусі мы нагадваем беларускім уладам аб міжнародных абавязальніцтвах у галіне правоў чалавека. Так, артыкулам 6 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах замацавана, што права на жыццё з'яўляецца неад'емным правам кожнага чалавека. У сваёй заўвазе агульнага парадку № 36 (артыкул 6: права на жыццё) Камітэт па правах чалавека адзначыў, што права на жыццё мае вырашальнае значэнне як для асобных людзей, так і для грамадства ў цэлым. Яно само па сабе з'яўляецца самым каштоўным правам, уласцівым кожнаму чалавеку, але яно таксама ўяўляе сабой адно з асноўных правоў, эфектыўная абарона якога з'яўляецца неабходнай умовай для ажыццяўлення ўсіх іншых правоў чалавека. Камітэт таксама ўказаў, што права на жыццё – гэта права, якое не падлягае вузкаму тлумачэнню. Гаворка ідзе аб праве фізічных асоб не падвяргацца дзеянням або бяздзейнасці, якія маюць сваёй мэтай або чакана могуць выклікаць іх ненатуральную або заўчасную смерць. Артыкул 6 Пакта гарантуе гэтае права ўсім людзям без якога б там ні было адрознення, уключна з асобамі, якія падазраюцца або асуджаныя ў сувязі з нават самымі цяжкімі злачынствамі.

Права на жыццё не можа быць рэалізавана належным чынам ва ўмовах ігнаравання права зняволеных на здароўе (у сувязі з чым нагадваем аб заўвазе агульнага парадку №14 Камітэта па эканамічных, сацыяльных і культурных правах, які заклікае дзяржавы забяспечваць зняволеным недыскрымінацыйны доступ да медыцынскай дапамогі), а таксама абавязальніцтваў дзяржавы па забеспячэнні гуманных умоў утрымання ў месцах несвабоды ў рамках артыкула 10 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Зноў звяртаем увагу, што нягледзячы на сур'ёзнае захворванне Вадзіма Храсько і наяўнасць у частцы 1 артыкула 361-2 Крымінальнага кодэкса Беларусі альтэрнатыўных відаў пакаранняў, суддзя Мінскага гарадскога суда Сяргей Хрыпач прызначыў Вадзіму Храсько пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін тры гады, а судовая калегія Вярхоўнага суда пакінула гэты прысуд у сіле.

Цалкам відавочна, што чарговая смерць палітвязня ў месцах пазбаўлення волі за такі кароткі час праз неаказанне належнай медыцынскай дапамогі, з'яўляецца следствам дзяржаўнай палітыкі бесчалавечнага абыходжання з людзьмі, заснаванага на палітычных матывах.

Кожны дзень тысячы зняволеных у беларускіх турмах пакутуюць праз парушэнне права на жыццё і права на здароўе, гарантаваных як міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі, так і Канстытуцыяй. Праваабаронцы пастаянна паведамляюць пра адсутнасць у папраўчых установах належнага медыцынскага агляду, адпаведных умоў і абсталявання, кваліфікаванага медыцынскага персаналу і неаказанне медыцынскай дапамогі. Акрамя таго, утрыманне некаторых палітвязняў ва ўмовах incommunicado (без сувязі з роднымі і адвакатамі) ставіць пад сумнеў здавальняючы стан іх здароўя і з'яўляецца недапушчальнай практыкай, якая парушае правы чалавека.

Важна падкрэсліць, што адбыванне пакарання ва ўмовах ізаляцыі не павінна пазбаўляць зняволеных доступу да спецыялізаванай медыцынскай дапамогі. Акрамя таго, мы адзначаем паведамленні аб увядзенні ўказаннем Дэпартамента выканання пакаранняў ад 29 красавіка 2023 абмежаванні (а фактычна забарону) на перадачу медыцынскіх прэпаратаў асобам, якія змяшчаюцца пад варту, за выключэннем вітамінаў ды інсулінаў замежнай вытворчасці.

У сувязі з гэтым нагадваем пра тое, што, як гэта паказана Камітэтам па правах чалавека ў заўвазе № 36, дзяржавы-удзельніцы нясуць павышанае абавязальніцтва клапаціцца аб прыняцці любых неабходных мер для абароны жыцця асоб, пазбаўленых волі дзяржавай, паколькі, ужываючы арышт, затрыманне, зняволенне ці іншым чынам пазбаўляючы іх волі, дзяржавы-удзельніцы бяруць на сябе адказнасць за клопат аб іх жыцці і фізічнай недатыкальнасці, пры гэтым для памяншэння такой адказнасці яны не могуць спасылацца на адсутнасць фінансавых рэсурсаў або іншыя матэрыяльна-тэхнічныя праблемы.

Мы ў чарговы раз вымушаны канстатаваць, што Рэспубліка Беларусь не выконвае свае абавязальніцтвы ў сферы права на жыццё і ў гэтай частцы. Права на жыццё ў належнай ступені не ахоўваецца законам і не забяспечваецца на практыцы, што рэгулярна прыводзіць да трагедый.

Сітуацыя пагаршаецца практыкай адвольнага зняволення: акрамя агульнага ігнаравання меркаванняў неабходнасці і суразмернасці пры вынясенні прысудаў, суддзі часцяком не прымаюць пад увагу стан здароўя абвінавачаных, прызначаюць сур'ёзныя санкцыі, звязаныя з пазбаўленнем волі, за "злачынствы", што па сутнасці ўяўляюць сабой рэалізацыю правоў чалавека. У выніку ў беларускія турмы змяшчаюцца людзі з уразлівых сацыяльных груп, для якіх зняволенне робіцца яшчэ большым выпрабаваннем, чым для іншых. Па стане на пачатак 2024 года, сярод палітвязняў было не менш за 48 пенсіянераў (у 2 разы больш, чым у 2022 годзе!), а таксама не менш за 42 чалавек з інваліднасцю і цяжкімі захворваннямі. Самую старэйшую з іх – 75-гадовую Наталлю Таран – асудзілі на тры з паловай гады калоніі за абразы. Яна дагэтуль не выйшла на волю.

Мы таксама хочам падкрэсліць, што часцяком неаказанне медыцынскай дапамогі выкарыстоўваецца ўладамі як форма ціску на палітычных зняволеных, што з'яўляецца недапушчальным і можа разглядацца як катаванні ці іншыя віды жорсткага, бесчалавечнага альбо зневажальнага годнасць абыходжання і пакарання.

На падставе выкладзенага, яшчэ раз падкрэсліваючы важнасць забеспячэння права чалавека на жыццё і здароўе, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці

  • заклікаем Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь і Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь распачаць крымінальную справу па факце смерці Вадзіма Храсько, правесці аб'ектыўнае і ўсебаковае расследаванне для ўстанаўлення прычын гэтай трагедыі і праінфармаваць грамадскасць аб яго выніках.

  • Мы патрабуем таксама праінфармаваць грамадскасць аб выніках расследавання смерцяў іншых палітычных зняволеных у беларускіх турмах – Вітольда Ашурка, Мікалая Клімовіча і Алеся Пушкіна.

  • Мы таксама патрабуем правесці праверку і па ўсіх выпадках парушэння права на ахову здароўя ў месцах пазбаўлення волі ды ўжыць адпаведныя меры дзеля прыцягнення вінаватых да адказнасці, каб не дапусціць падобных трагічных наступстваў у будучыні.

  • Мы патрабуем ад беларускіх уладаў забяспечыць належную медыцынскую дапамогу ў месцах пазбаўлення волі, у тым ліку наяўнасць кваліфікаванага медыцынскага персаналу і адпаведнага абсталявання.

  • Адначасова мы таксама патрабуем ад супрацоўнікаў пенітэнцыярных устаноў, іншых дзяржаўных устаноў, што ажыццяўляюць прымусовую ізаляцыю (ІЧУ, ЦІП, СІЗА ды інш.), а таксама іх кіраўніцтва, выканання Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і яе міжнародных абавязальніцтваў па забеспячэнню аховы жыцця і здароўя асоб, пазбаўленых волі і якія знаходзяцца ў ізаляцыі, аператыўна рэагаваць на скаргі зняволеных, звязаныя са здароўем, прымаць тэрміновыя меры па іх разгляду.

  • Мы таксама заклікаем беларускіх суддзяў у час прызначэння пакарання ўлічваць стан здароўя абвінавачаных і не прызначаць ім пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, калі таго патрабуюць абставіны.

Названыя патрабаванні не адмяняюць заявы беларускай праваабарончай супольнасці аб недапушчальнасці пераследу грамадзян за ажыццяўленне сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў, неадкладнага вызвалення і перагляду крымінальных спраў усіх палітвязняў у Беларусі.

Беларуская праваабарончая супольнасць выказвае глыбокія спачуванні сям'і, родным і блізкім Вадзіма Храсько ў сувязі з яго смерцю.

Беларускі Хельсінкскі Камітэт;

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Прававая ініцыятыва;

Human Constanta;

Беларускі ПЭН;

Беларускі дом правоў чалавека ім. Б. Звоскава;

Lawtrend;

Ініцыятыва "лекары за праўду і справядлівасць".

See more news

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі з нагоды смерці палітвязня Ігара Ледніка
23 February 2024, 1:20 PM
Заява праваабарончай супольнасці Беларусі з нагоды смерці палітвязня Ігара Ледніка
Права на жыццё ў належнай ступені не ахоўваецца законам і не забяспечваецца на практыцы, што рэгулярна прыводзіць да трагедый.
Заява аб прызнанні шасці чалавек палітычнымі зняволенымі (Ульяна Яковіч і іншыя)
23 February 2024, 1:18 PM
Заява аб прызнанні шасці чалавек палітычнымі зняволенымі (Ульяна Яковіч і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць Ульяну Яковіч, Аксану Ючкавіч, Дзмітрыя Халяўкіна, Сяргея Кульшу, Аляксандра Ільіна, Арцёма Закржэўскага і спыніць іх крымінальны пераслед.
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Ірына Такарчук і іншыя)
23 February 2024, 1:13 PM
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Ірына Такарчук і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Дзіяну Стульбу, Аляксандра Вароніна, Ірыну Такарчук, Наталлю Ладуцьку, Яўгенія Глушкова, Таццяну Сцепу, Аляксея Швяцова.
Заява праваабаронцаў аб прызнанні 12 чалавек палітычнымі зняволенымі (Артур Голубеў і іншыя)
06 February 2024, 6:57 PM
Заява праваабаронцаў аб прызнанні 12 чалавек палітычнымі зняволенымі (Артур Голубеў і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Артура Голубева, Арцёма Антонава, Алега Зыкуна, Максіма Каранькова, Андрэя Ломшу, Вячаслава Панасюка, Аляксандра Скварцова, Міхаіла Чумакова, Руслан Шукалу, Філіпа Залескага, Вераніку Казак, Генадзя Жукеля і спыніцьіх крымінальны пераслед.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці