На 48-й сесіі Савета па правах чалавека ААН адбыўся інтэрактыўны дыялог аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі

24 верасня 2021, 13:44
На 48-й сесіі Савета па правах чалавека ААН адбыўся інтэрактыўны дыялог аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі

24 верасня 2021 года на 48-й сесіі Савета па правах чалавека ААН адбыўся інтэрактыўны дыялог па прамежкавай вуснай абноўленай інфармацыі УВКПЧ аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх.

Вярхоўны камісар Мішэль Бачалет распачала сустрэчу заявай, у якой падкрэсліла, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца ў 2021 годзе.

"Я глыбока занепакоеная з нагоды ўсё больш жорсткіх абмежаванняў прасторы для грамадзянскай супольнасці і асноўных свабод, у тым ліку працягу аперацый спецслужбаў супраць арганізацый грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ, а таксама арыштаў і крымінальнага пераследу праваабаронцаў і журналістаў па абвінавачваннях, якія адно за адным аказваюцца палітычна матываванымі.

Больш за 650 асобаў у Беларусі цяпер лічацца зняволенымі з-за іх меркаванняў - сярод іх прадстаўнікі апазіцыі, праваабаронцы, журналісты, пратэстоўцы і актывісты, у тым ліку старшыня вядомай праваабарончай арганізацыі "Вясна", - падкрэсліла Бачалет.

Яна таксама падкрэсліла, што канца жніўня 2021 года 129 арганізацый грамадзянскай супольнасці былі зачыненыя або знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі ўладамі, у тым ліку некалькі даўніх партнёраў праваабарончых механізмаў ААН.

“Я ўстрывожаная бясконцымі паведамленнямі аб масавых і сістэматычных катаваннях і жорсткім абыходжанні ў кантэксце адвольных арыштаў і затрыманняў удзельнікаў акцыі. На сённяшні дзень у нас няма доказаў якіх-небудзь сапраўдных і бесстаронніх расследаванняў па паведамленнях аб інцыдэнтах, якія адбыліся падчас разгону дэманстрацый у наступныя дні пасля 9 жніўня 2020 года”, - сказала Вярхоўны камісар.

У інтэрактыўным дыялогу прыняла ўдзел 46 краінаў і шэраг міжнародных праваабарончых арганізацый, якія падымалі пытанні рэпрэсій супраць праваабаронцаў, журналістаў, актывістаў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, катаванняў і адвольных затрыманняў, ліквідацыі шматлікіх НДА, якія працягваюцца больш за год, а таксама прызначэння вялікіх тэрмінаў па палітычна матываваных крымінальных справах, у тым ліку ў дачыненні да Марыі Калеснікавай і Максіма Знака, прымусовай пасадкі самалёта Ryanair і затрымання Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі, міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі з Літвой, Латвіяй і Польшчай.

Прадстаўнікі еўрапейскіх краінаў заклікалі вызваліць усіх палітычных зняволеных і пакласці канец рэпрэсіям, правесці празрыстыя расследаванні на нацыянальным узроўні, выявіць усіх вінаватых і прыцягнуць іх да адказнасці, аднавіць інклюзіўны дыялог паміж уладамі і грамадзянскай супольнасцю, а таксама супрацоўнічаць з усімі спецпрацэдурамі ААН і праваабарончымі экспертамі УВКПЧ.

Традыцыйна шэраг краінаў, у ліку якіх Егіпет, Венесуэла, Куба, Расійская Федэрацыя, Кітай, Сірыя, Ліван, Таджыкістан, Азербайджан ды іншыя, асудзілі палітызацыю дзеянняў Савета і тое, што дадзены інтэрактыўны дыялог праводзіцца без узгаднення з Беларуссю, крытыкавалі неапраўданае прызначэнне экспертаў ААН для расследавання фактаў парушэння правоў чалавека ў Беларусі і ўмяшанне ў суверэнітэт краіны.

Шэраг няўрадавых арганізацый, у тым ліку Right Livelihood, Фонд дамоў правоў чалавека, Міжнародная асацыяцыя адвакатаў і юрыстаў, Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH), ПЭН-Амерыка, выказалі падтрымку УВКПЧ і заклікалі працягваць фіксаваць парушэнні правоў чалавека, а таксама неадкладна вызваліць зняволеных праваабаронца “Вясны”, журналістаў незалежных СМІ і ўсіх палітвязняў у Беларусі.

Прадстаўніца арганізацыі Right Livelihood у сваім выступе адзначыла:

“Праваабарончы цэнтр "Вясна", лаўрэат прэміі "За годны лад жыцця", адыгрывае вядучую ролю ў пашырэнні дэмакратыі і вяршэнства права ў Беларусі, дакументальна пацвярджаючы парушэнні правоў чалавека на працягу апошніх 25 гадоў. На сённяшні дзень сем яго прадстаўнікоў - Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Таццяна Ласіца, Андрэй Чапюк і Леанід Судаленка - адвольна затрыманыя. Яшчэ сем - падазраваныя па той жа справе, і яшчэ некалькі былі вымушаныя пакінуць краіну.

У той час як пратэстоўцам і актывістам выносяць несправядлівыя прысуды, сапраўдныя вінаватыя ў парушэннях правоў чалавека і катаваннях карыстаюцца поўнай беспакаранасцю, паколькі Следчы камітэт вырашыў не заводзіць крымінальных справаў, нягледзячы на тое, што пасля выбараў ён атрымаў больш за 680 заяваў аб жорсткім абыходжанні і катаваннях пратэстоўцаў. Такім чынам, дакументацыйная праца "Вясны" застаецца як ніколі важнай”.

Пасля слова ўзяў пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Юры Амбразевіч, які адзначыў, што сітуацыя ў краіне стабілізавалася, а Савет не павінен умешвацца ва ўнутраныя справы краінаў і выкарыстоўваць выбарны падыход у сваёй дзейнасці.  

Напрыканцы Мішэль Бачалет адказала на пытанні, якія паступалі ад прадстаўнікоў краін Еўрасаюзу, што яшчэ неабходна зрабіць для паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, і адзначыла, што тры прызначаныя эксперты ўжо зрабілі ўсю падрыхтоўчую працу і ў хуткім часе прыступяць да расследавання, падкрэсліла пра неабходнасць шчыльнага ўзаемадзеяння з ахвярамі катаванняў і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, збору сведчанняў з першакрыніцаў, у чарговы раз заклікала беларускі бок да празрыстага супрацоўніцтва з працэдурамі ААН.

Арыгінал артыкула на сайце "Вясны"

Глядзiце таксама

Новы спецыяльны дакладчык ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс
16 кастрычніка 2024, 12:41
Новы спецыяльны дакладчык ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс
11 кастрычніка ў Жэневе на пасяджэнні 57-й сесіі Рады ААН па правах чалавека на пасаду спецдакладчыка па Беларусі быў прызначаны Нільс Муйжніекс, эксперт у абароне правоў чалавека з 25-гадовым досведам.
«Я займалася Беларуссю амаль кругласуткава»
28 верасня 2024, 09:51
«Я займалася Беларуссю амаль кругласуткава»
Падкаст «Вясна прыйдзе» пагаварыў з Анаіс пра яе шлях да Беларусі, пра яе прызначэнне, як гэта ўспрынялі беларускія праваабаронцы, як зарабляла на жыццё (бо быць Спецдакладчыкам — гэта валанцёрская праца).
«Задушэнне іншадумства». Незалежныя эксперты па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выступілі ў ААН
24 верасня 2024, 15:30
«Задушэнне іншадумства». Незалежныя эксперты па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выступілі ў ААН
«Вясна» расказвае, што казалі незалежныя эксперты, дэлегацыя Беларусі, праваабаронцы, і каго ў выніку падтрымалі розныя дзяржавы.
Пашпарты, бежанцы, прымусовае лячэнне... Як беларускія ўлады справаздачыліся ў Камітэце па правах людзей з інваліднасцю
19 верасня 2024, 16:40
Пашпарты, бежанцы, прымусовае лячэнне... Як беларускія ўлады справаздачыліся ў Камітэце па правах людзей з інваліднасцю
"Вясна" паглядзела шасцігадзіннае пасяджэнне Камітэта правоў людзей з інваліднасцю і распавядае пра самыя асноўныя пытанні, якія Камітэт задаў беларускім уладам.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці