Крыніца: Радыё Свабода
Праз завочныя суды ў Беларусі з 2022 году прайшлі ўжо дзясяткі чалавек. Часта яны атрымлівалі вялікія тэрміны. Свабода пагутарыла з фігурантамі некаторых спраў.
У 2022 годзе ўлады Беларусі зьмянілі заканадаўства. Хоць у артыкуле 115 Канстытуцыі засталіся словы аб правасудзьдзі на падставе спаборнасьці і роўнасьці бакоў, на справе сытуацыя выглядае па-рознаму. Гаворка ідзе пра завочныя суды над тымі грамадзянамі Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой. Першыя завочныя выракі былі вынесеныя на пераломе 2022/2023 гадоў. Фігуранты такіх спраў атрымалі па 12 гадоў калёніі. Гаворка ішла пра на той момант прадстаўнікоў Фонду спартовай салідарнасьці Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна і фігурантаў крымінальнай справы супраць адміністратараў «Чорнай кнігі Беларусі».
Судзілі завочна таксама вядомых апазыцыянэраў. Такіх, як Сьвятлана Ціханоўская (15 гадоў) і Павал Латушка (18 гадоў). 25 гадоў атрымалі былы рэстаратар Вадзім Пракоп’еў і адзін з арганізатараў ByPol Аляксандар Азараў.
Цяпер пачаліся падобныя працэсы ў справах праваабаронцаў, журналістаў і аналітыкаў. У Гомельскім абласным судзе завочна судзяць праваабаронцу Леаніда Судаленку. У Менскім абласным судзе ідзе працэс у дачыненьні «групы аналітыкаў Ціханоўскай». У «злачынную» групу трапілі нават тыя, хто пасьлядоўна крытыкаваў дэмакратычную лідэрку. Аналітыкаў абвінавачваюць у «змове з мэтай захопу ўлады», удзеле ў «экстрэмісцкім фармаваньні», дзеяньнях на «шкоду нацыянальнай бясьпецы», «распальваньні варожасьці».
У групу патэнцыйных «змоўшчыкаў з мэтай захопу ўлады» трапіў філёзаф і палітычны аналітык Пётра Рудкоўскі. Філёзаф кажа, што цікавасьць да яго з боку органаў зьявілася яшчэ ў першыя месяцы пасьля выбараў-2020. Спачатку гэта было зьвязана зь ягоным сяброўствам у Каардынацыйнай радзе. Пачаліся званкі з СК. Рудкоўскі вырашыў пакінуць краіну.
Ён лічыць, што крымінальная справа цягнецца яшчэ ад 2021-га. У 2024 годзе пачаўся чарговы этап паказной акцыі супраць экспэртаў. Улады распачалі «спэцыяльнае вядзеньне», экспэрты атрымалі новыя артыкулы.
Якім чынам аналітыкі «змовіліся для захопу ўлады»? Філёзаф кажа, што фігуранты справы – гэта аналітыкі навуковага складу, якія дзейнічаюць адкрыта, прапаноўваючы аналіз бягучых падзеяў праз прызму сваіх ведаў у галіне грамадазнаўства ці паліталёгіі. Таму яму складана камэнтаваць гэтыя закіды.
Ні сьледчыя, ні адвакат не зьвязваліся з Рудкоўскім. Адзіным «сыгналам» было паведамленьне ў Telegram у стылі: «Ведаем пра вашу сытуацыю і гатовы пасадзейнічаць у яе вырашэньні, але з вашага боку таксама будзе нешта патрэбна». Экспэрт кажа, што праігнараваў паведамленьне.
Аналітык лічыць, што гаворка ідзе ня толькі пра помсту з боку ўладаў. Завочны суд, на ягоную думку – элемэнт ізаляваньня дзеячаў дыяспары ад насельніцтва ўнутры Беларусі. Таксама мэтай можа быць, па словах Рудкоўскага, узмацненьне пачуцьця няўпэўненасьці сярод тых прадстаўнікоў дзяржаўных структураў, якія маглі ў мінулым мець з аналітыкамі прыязныя зносіны.
«Адкрыта іх ніхто ня будзе перасьледаваць, але ў сувязі з гэтай справай яны становяцца больш уразьлівымі. Пры першай патрэбе можна пачаць на іх ціснуць з прычыны падазроных зносінаў з ворагамі дзяржавы і народу. Матэрыяльная выгада тут мінімальная, амаль ніякая. Забіраньне маёмасьці — гэта найперш акт помсты, форма рэпрэсіі ў дачыненьні да тых, каго яны ня могуць дастаць фізычна», — лічыць філёзаф.
Журналістка, пазаштатная аўтарка аналітычнага цэнтру Atlantic Council Ганна Любакова зьвяртае ўвагу, што ў групе аналітыкаў, якія трапілі пад перасьлед, абсалютна розныя людзі. Яны прадстаўляюць розныя арганізацыі, маюць розныя погляды. У тым ліку на Сьвятлану Ціханоўскую. Чаму іх аб’ядналі? Любакова ня ведае адказу, бо яе запыты пра дэталі справы не далі плёну. Журналістка пісала ў Менскі абласны суд, там адказалі, што дакумэнты перадалі ейнай адвакатцы. Тая ж не адказвае ўвогуле – ні на запыты на email, ні на паведамленьні ў мэсэнджарах.
Любякова нагадала, што ў канцы 2021 году яе затрымалі ў адной з краінаў СНД. Так яна даведалася, што знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку.
«І ўжо тады мне сказалі, што ў мяне справа за «захоп улады». Але адна справа – гэта абвесьціць суд супраць адной журналісткі, палітычнага аналітыка. Другая – калі сабраць у групу 20 чалавек, гэта гучыць больш грунтоўна. Маўляў, у нас была тэорыя змовы і мы зьбіраліся рабіць тое і тое. Ім выгадна паказаць такую змову, а ня проста як атаку на журналістку», — разважае Любакова.
Яна жартуе, што зьяўляецца тым чалавекам, якога за допісы ў Тwitter абвінавацілі ў спробе захопу ўлады. Ганна Любакова лічыць, што любая палітычная аналітычная дзейнасьць небясьпечная, бо людзі ацэньваюць, аналізуюць сытуацыю, выказваюць думкі і даюць рэкамэндацыі міжнароднай супольнасьці. І рэжым ад гэтага не ў захапленьні.
«Таму для іх такая дзейнасьць — «захоп улады». Але ж мы ведаем, хто яе захапіў, калі выбары з 1996 году не прызнаваліся», — зазначыла Ганна Любакова.
Яна дадае, што мэтай такога суду можа быць ня толькі банальна забіраньне маёмасьці, але і рэчы шырэйшыя. Напрыклад, у сьпісе аналітыкаў шмат людзей, якіх чытаюць і на якіх спасылаюцца нават унутры сыстэмы.
«І тут трэба паказаць сыстэме, што гэта кепскія людзі, небясьпечныя для Радзімы. І каб ня дай Божа зь імі далей не было ніякіх кантактаў», — кажа Любакова.
Ганна Любакова кажа, што зьвярталася ў суд з просьбай дазволіць прысутнічаць на працэсе празь відэасувязь. Але адтуль адказалі, што «Крымінальна-працэсуальны кодэкс гэтага не прадугледжвае».
З 12 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе разглядаюць справу супраць праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Яго абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Максымальнае пакараньне па гэтым артыкуле — 7 гадоў пазбаўленьня волі. Праваабаронца ўжо адбыў трохгадовы тэрмін у калёніі за нібыта «арганізацыю беспарадкаў». Таму кажа, што новы тэрмін у 7 гадоў для яго — гэта сьмяротны вырак.
«Я там быў. Я ведаю, якія там умовы, якая там мэдыцынская дапамога. Яшчэ 7 гадоў у такіх умовах я не вытрымаю. Гэта пагроза ня толькі майму здароўю, але і жыцьцю», — перакананы Судаленка.
Ён зьвяртае ўвагу на тое, што завочныя суды і спэцыяльнае вядзеньне пад іх парушаюць ня толькі міжнародныя абавязаньні Беларусі, але і Канстытуцыю. Артыкул 115 гаворыць пра роўнасьць і спаборнасьць бакоў у працэсе суду. Судаленка кажа, што праз палітычны перасьлед вымушаны быў выехаць за мяжу і ня можа ўдзельнічаць у працэсе. Адвакатка, якую праваабаронцу дала дзяржава, ігнаруе яго. Па словах Судаленкі, ён спрабаваў знайсьці іншага абаронцу, абзваніў гомельскія юрыдычныя кансультацыі. Але калі там чулі ягонае прозьвішча, то знаходзілі прычыны ня ўдзельнічаць у працэсе.
«Адвакатка мяне праігнаравала, яна не ўзгадніла маю прававую пазыцыю. Што яна будзе казаць на судзе? Што я вінаваты? Ці што я ня вінаваты? Яна ж ня ведае. Я судзьдзі заявіў адвод, бо ён ведае, што ня можа забясьпечыць роўнасьць і спаборнасьць працэсу, але праводзіць яго і рыхтуе заведама неправасудны вырак», — лічыць праваабаронца.