Алесь Бяляцкі, Алег Гулак, Ларс Бюнгер: "Мы павінны дамагчыся, каб з людзьмі ў Беларусі больш не абыходзіліся жорстка"

28 чэрвеня 2021, 16:12
Алесь Бяляцкі, Алег Гулак, Ларс Бюнгер: "Мы павінны дамагчыся, каб з людзьмі ў Беларусі больш не абыходзіліся жорстка"

Ад жніўня 2020 года да сённяшняга дня Беларусь спазнала невядомы дагэтуль маштаб катаванняў і здзекаў з боку сілавікоў у дачыненні да мірных грамадзянаў. Растрэльванне светла-шумавымі гранатамі, гумовымі кулямі, збіццё дручкамі, кулакамі і нагамі ў першыя дні пасля выбараў прэзідэнта, цяперашняе стварэнне невыносных умоваў утрымання ў ЦІП і ІЧУ па ўсёй краіне: перапоўненнасць камер, заліванне хлоркай, адбіранне пасцельных прыналежнасцяў, пазбаўленне прагулак, харчовых перадач і душа. Катаванні працягваюцца кожны дзень, а ўлады не прадпрымаюць ні адзінага крока для іх спынення і прыцягнення вінаватых да адказнасці.

У Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаванняў вядомыя праваабаронцы з трох арганізацый дзеляцца меркаваннямі пра выпрабаванні, з якімі сутыкнуліся беларусы, і кроках для адолення катаванняў у краіне.

ales_bialiacki_gryc.jpgСтаршыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі. Фота: Сяргей Грыц

Алесь Бяляцкі, Праваабарончы цэнтр “Вясна”

“Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаванняў у апошні год стаў як ніколі актуальным для Беларусі. Пасля выбараў 9 жніўня 2020 года сілавымі структурамі былі праяўленыя нечувальныя зверствы ў адносінах да мірных беларускіх грамадзянаў. Такіх катаванняў беларускі народ не перажываў з часоў Сталіна. Тысячы мірных дэманстрантаў, грамадскіх актывістаў, студэнтаў, працоўных і медыкаў, непаўнагадовых і жанчын былі збітыя пры затрыманні і пры перавозцы ў аўтазаках, прайшлі праз засценкі Акрэсціна, раённых РУУС, СІЗА, атрымалі сур’ёзную шкоду фізічнаму і псіхалагічнаму здароўю. Катаванні беларускіх грамадзянаў працягваюцца і дагэтуль.

Беларускае грамадства павінна праявіць салідарнасць з ахвярамі катаванняў. Кожны з нас рознымі шляхамі мусіць дапамагчы людзям, якія прайшлі праз лукашэнкаўскае пекла.

Другі аспект падтрымкі беларускіх ахвяраў катаванняў ясна гучаў падчас леташніх стотысячных дэманстрацыяў:

“Не забудзем! Не даруем!”

Пакуль па законе не адкажуць УСЕ, хто браў удзел у катаваннях, не будзе справядлівасці ў нашым свеце. Будзем жа разам і супольна дабівацца гэтага!”

aleh_hulak1.jpgСтаршыня БХК Алег Гулак. Фота з сацсетак

Алег Гулак, Беларускі Хельсінкскі Камітэт

“Катаванні – адно з самых жорсткіх і грубых парушэнняў правоў чалавека. Яны адмаўляюць чалавечую годнасць як такую. І тое, што мы зараз маем у нашай краіне, і тое, што адбылося на працягу мінулага года – гэта катастрофа з правамі чалавека ў Беларусі.

Катаванні, якія мы бачылі, – пры затрыманнях, дастаўленні ў РУУС, для выбівання паказанняў або як элемент пакарання, – увесь гэты жах, які мы бачылі, адлюстроўвае нейкае сярэднявечнае стаўленне да чалавека. А сам чалавек не вызначаны як вышэйшая каштоўнасць грамадства і дзяржавы, як гэта напісана ў нашай Канстытуцыі. Наадварот, гэта поўнае грэбаванне і непавага да чалавека як такога. І таму з катаваннямі трэба змагацца і ім супрацьстаяць.

Крайняе абурэнне выклікае тое, што дзяржава да гэтага часу не прадпрыняла ніякіх мераў для расследавання парушэнняў і прыцягнення да адказнасці вінаватых. І гэта папушчальніцтва, на жаль, толькі заахвочвае далейшую эскалацыю, прымяненне такіх метадаў і такога стаўленне да людзей, што заслугоўвае самага сур'ёзнага асуджэння. Цяпер павінны быць уключаныя ўсе наяўныя ў распараджэнні – на нацыянальным і міжнародным узроўні – механізмы для таго, каб усё ж такі каштоўнасць чалавека аднаўляць і не дапускаць у далейшым падобных парушэнняў”.

Старшыня Libereco - Partnership for Human Rights Ларс БюнгерСтаршыня Libereco - Partnership for Human Rights Ларс Бюнгер

Ларс Бюнгер, Libereco  Партнёрства за правы чалавека

“Мне невыносна думаць пра тое, што людзі, якім я ўчора напісаў электронны ліст або патэлефанаваў па відэасувязі, сёння ўжо могуць падвяргацца катаванням у Беларусі. Ахвяры дзяржаўных катаванняў і жорсткага абыходжання ў Беларусі – гэта звычайныя людзі, такія ж, як мы – нашы сябры, суседзі ці калегі па працы. Думка пра тое, што ўсім ім прычыняюць фізічную боль, яны падвяргаюцца наймацнейшаму псіхалагічнаму ціску, выклікае ў мяне велізарны смутак.

Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы ахвярам катаванняў і жорсткага абыходжання ў Беларусі. Вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасці і асуджаныя да доўгіх тэрмінаў турэмнага зняволення. І перш за ўсё, мы павінны дамагчыся таго, каб людзі ў Беларусі больш не падвяргаліся катаванням і жорсткаму абыходжанню.

Катаванні не знікнуць з Беларусі, пакуль злачынны рэжым Лукашэнкі не будзе скінуты – і менавіта гэтага мы павінны дамагацца!”


26 чэрвеня – Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаванняў, які быў абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН у 1997 годзе і штогод праводзіцца з мэтай выкаранення ўсіх відаў катаванняў і бесчалавечнага абыходжання. У гэты дзень у 1987 годзе ўступіла ў сілу Канвенцыя супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання. На сённяшні дзень яе ратыфікавалі 162 краіны свету, у тым ліку і Беларусь.

Арыгінал артыкула на сайце "Вясны"

Глядзiце таксама

«Сістэматычны наступ на асноўныя свабоды». Наталля Сацункевіч выступіла на канферэнцыі АБСЕ
06 мая 2025, 09:20
«Сістэматычны наступ на асноўныя свабоды». Наталля Сацункевіч выступіла на канферэнцыі АБСЕ
Праваабаронца ПЦ «Вясна» Наталля Сацункевіч выступіла на канферэнцыі АБСЕ «Абарона грамадзянскай прасторы — роля праваабаронцаў і свабода мірных сходаў: Дадатковая нарада па чалавечым вымярэнні II».
«Яе жыццё пад немінучай пагрозай». Еўрапейскі парламент выступіў з заявай з нагоды галадоўкі Вікторыі Кульшы
06 мая 2025, 09:01
«Яе жыццё пад немінучай пагрозай». Еўрапейскі парламент выступіў з заявай з нагоды галадоўкі Вікторыі Кульшы
Бюро дэлегацыі Еўрапейскага парламента па сувязях з Беларуссю 30 красавіка выступілі з заявай з нагоды галадоўкі палітзняволенай Вікторыі Кульшы.
Amnesty International: «У 2024 годзе ўлады працягвалі вынішчаць усе формы публічнай крытыкі»
30 красавіка 2025, 12:53
Amnesty International: «У 2024 годзе ўлады працягвалі вынішчаць усе формы публічнай крытыкі»
Учора, 29 красавіка 2025 года, Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прэзэнтавала чарговы даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў свеце ў 2024 годзе. Асобная ўвага ў ім надзяляецца парушэнням правоў чалавека ў Беларусі.
Беларускі Хельсінкскі Камітэт: што такое Універсальны перыядычны агляд і навошта ён патрэбны
24 красавіка 2025, 14:33
Беларускі Хельсінкскі Камітэт: што такое Універсальны перыядычны агляд і навошта ён патрэбны
Кааліцыя беларускіх недзяржаўных арганізацый накіравала даклад аб выкананні Беларуссю сваіх абавязацельстваў у галіне правоў чалавека ў межах чацвёртага цыклу УПА.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці