Крыніца: Аўтар для сайта БАЖ
Журналістка, якая раней працавала на «Радыё Свабода» і тэлеканале «Белсат», атрымала ўзнагароду арганізацыі One Young World, піша БАЖ.
Яе адзначылі як голас з Беларусі, які на міжнародным узроўні распавядае пра сітуацыю ў нашай краіне.
Ганна Любакова. Фота: Facebook журналісткі
— Глыбока ўдзячная One Young World (некамерцыйная арганізацыя з Велікабрытаніі, якая праводзіць мерапрыемствы па ўсім свеце — БАЖ) за тое, што прызначылі гэтую узнагароду, — напісала журналістка ў Facebook. — Яна уяўляе сабой не толькі мае намаганні, але і кожнага смелага беларускага незалежнага журналіста і маіх сяброў, якім пагражае рэпрэсія і турма. Імкненне казаць праўду — іх адзінае злачынства. Важнасць незалежнай журналістыкі ў Беларусі як ніколі відавочная, асабліва ў часы вайны ва Украіне і паўзучай анэксіі маёй краіны Расеяй.
Цяпер Ганну Любакову рэгулярна запрашаюць выступаць як журналістку, экспертку, беларуску на сустрэчах рознага ўзроўню.
— Летась я выступала на саміце One Young World у Манчэсцеры (Вялікабрытанія), расказвала пра працу беларускіх журналістаў, — прыгадала ў размове з БАЖ Ганна Любакова. — А калі на сцэне ў мяне запыталіся, чаму я гэтым займаюся, адказала, што хачу хутчэй вярнуцца дадому. Уся заля ў гэты момант узарвалася апладысментамі. Там вельмі цэняць, што мы працуем і змагаемся, нягледзячы на тое, што рэжым намагаецца знішчыць нашую прафесію.
На яе думку, за апошнія гады беларусы дасягнулі шмат чаго. Да ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну наша краіна была ў фокусе ўвагі. Гэта беспрэцэдэнтна і нельга абесцэньваць.
— Нам трэба больш расказваць на англійскай мове і мове краінаў знаходжання аб сітуацыі Беларусі, — мяркуе наша суразмоўца. — Зацікавіць замежжа цяжка. Таму важна, каб самі журналісты далучаліся да гэтага.
А тое, што не ўсё разумеюць працэсы ў Беларусі і ёсць шмат стэрэатыпаў, гэта нармальная з’ява, мяркуе Ганна Любакова. Па яе словах, з гэтым варта працаваць, а не крыўдзіцца. Дзякуючы такому падыходу атрымалася многіх пераканаць, у прыватнасці, што беларусы не падтрымліваюць вайну ва Украіне і дзеянні рэжыму.
— Чым больш сумленных галасоў беларусаў будзе гучаць на міжнародных пляцоўках — тым лепш, — падсумоўвае журналістка.