«Гэты маніторынг мусіць быць пад рукой у Cьвятланы Ціханоўскай, калі яна едзе расказваць пра культуру»

15 студзеня 2025, 11:32
«Гэты маніторынг мусіць быць пад рукой у Cьвятланы Ціханоўскай, калі яна едзе расказваць пра культуру»

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава ўзяў вялікае інтэрвію ў старшыні Беларускага ПЭНа Тацяны Нядбай.

ПАЧАТАК ПРАЦЫ. ПЕРШАЯ ЖАНЧЫНА-СТАРШЫНЯ Ў БЕЛАРУСКІМ ПЭНЕ

Калі я ў 2017 годзе прыйшла ў наш ПЭН, я стала там першай жанчынай-старшынёй. Яшчэ і ўзрост мой быў маладзейшы, чым той, з якім звычайна абіраюць старшынь. Калі паглядзець гісторыю, старшынямі былі вельмі сталыя і аўтарытэтныя мужчыны – зубры, мастадонты літаратуры. Андрэй Хадановіч быў першым адчувальна маладзейшым старшынём. Ён кіраваў гадоў восем – а пасьля гэты выклік давялося прыняць мне.

Калі мяне абіралі, было вельмі шмат скепсісу, асабліва ад часткі тых самых «старэйшых мужчынаў». Я разумела, што мушу давесьці, у тым ліку самой сабе, што я вартая даверу, атрыманага ад тых, хто за мяне галасаваў.

Першае, што я пачала рабіць у нашым ПЭНе з 2017 году – гэта вельмі ўважліва слухаць асяродзьдзе: дзе, на іх думку, ПЭН недапрацоўвае, што мусіць рабіць. Вельмі ўважліва ставілася да ўсяго, што гаворыцца наконт місіі ПЭНу, абмяркоўвала гэта з калегамі.

 

«ПЭН НЕДАПРАЦОЎВАЕ Ў ПРАВААБАРОНЧЫМ КІРУНКУ»

Я згадала кагадзе «старэйшых мужчынаў», якія скептычна да мяне ставіліся – але ўсё ж скарэктую сябе: ня варта разьвешваць ярлыкі і абагульняць, вядома… Уладзімер Арлоў, Алесь Бяляцкі, іншыя, каго не магу назваць, бо людзі ў Беларусі, – былі для мяне паплечнікамі і калегамі. Вялізную падтрымку заўжды атрымлівала таксама ад Святланы Алексіевіч, П.К., іншых пісьменьніц… Я заўсёды магла зь імі раіцца, абмяркоўваць крытыку ў бок Беларускага ПЭНу – каб зразумець, на што мы здольныя, што нам трэба зрабіць, у які бок рухацца.

Шукала прастору для росту, каб рэалізаваць патэнцыял Беларускага ПЭНу, каб зразумець, што мне не дарма аказалі давер.

Акрамя пісьменьнікаў, мне дапамагалі разьвіваць ПЭН і праваабаронцы. Вельмі істотным быў іх досьвед дзевяностых: праца ў грамадзянскай супольнасьці, стварэньне праваабарончага руху ў Беларусі. Дапамога праваабаронцаў была надзвычай важнай – каб зразумець, як трошачкі вырасьці там, дзе нам не хапае моцы.

Увесь час вакол паўтаралі, што ПЭН – праваабарончая арганізацыя, але ў праваабарончым кірунку яна недапрацоўвае. Я лічу, што гэтую задачу мне паставіла супольнасьць – разьвіваць у Беларускім ПЭНе праваабарончы кірунак. Спачатку літаратарка і праваабаронца П.К. дапамагла нам зразумець, як увогуле магла б выглядаць пэнаўская праваабарончая дзейнасьць. І ў 2018–2019 гадах мы зьвярнуліся да іншых калег – праваабаронцаў, экспэртаў, якія дапамаглі распрацаваць мэтадалёгію маніторынгу парушэньняў правоў чалавека ў сфэры культуры і наладзіць працу маніторынгавай групы.

Цяпер у Беларускім ПЭНе робіцца маніторынг парушэньняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненьні да дзеячаў культуры. Мы рыхтуем агляды актуальнай сытуацыі, аналітычныя справаздачы, спэцыяльныя дасьледаваньні.

 

Так у 2019 годзе і пачаўся той самы маніторынг парушэньняў правоў чалавека ў сфэры культуры, якому прысьвечаны гэты артыкул. Аднак мы забеглі наперад – а варта вярнуцца на некалькі гадоў раней, каб зразумець, з чаго менавіта паўстаў маніторынг, зь якіх патрэбаў, якім ён бачыўся – і ў што ператварыўся ў выніку.

 

БЕЛАРУСКІ ПЭН – ПІСЬМЕНЬНІЦКАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ ЦІ ПРАВААБАРОНЧАЯ?

Яшчэ да таго, як мы пачалі працаваць над маніторынгам, Беларускі ПЭН адгукаўся заявамі на парушэньні правоў літаратараў, на важныя падзеі ў сфэры культуры – так што сьцьвярджаць, што мы зусім-зусім нічога не рабілі ў праваабароне, нельга.

Дый дзейнасьць у межах творчага кірунку: літаратурныя прэміі, майстар-клясы для аўтараў, перакладчыцкія майстэрні, пісьменьніцкія рэзыдэнцыі – таксама мае ў сабе праваабарончы кампанэнт, гэта падтрымка дыскрымінаванай культуры, літаратуры, мовы.

Але паспрабуй знайсьці грошы на беларускую культуру! Напрыклад, у Польшчы існуе Польскі інстытут кнігі – яны падтрымліваюць пераклад польскіх кніг на іншыя мовы і такім чынам прасоўваюць польскую кнігу, робяць яе бачнай, спрыяюць культурным сувязям. Польскі інстытут папулярызуе польскую культуру за межамі Польшчы, а гэта і прасоўваньне вобразу Польшчы як краіны, падвышэньне абазнанасьці іншых краінаў пра польскую культуру. У беларусаў жа такога інстытуту няма.

Асобнай працай стала знаёмства зь іншымі ПЭНамі ды характарам іх дзейнасьці. З аднаго боку, няма нейкага агульнага правіла, што менавіта рэгіянальныя ПЭНы мусяць рабіць, бо ў кожнай краіне – свая сытуацыя, свае праблемы і выклікі. Зь іншага боку, ПЭН – гэта абарона свабода выказваньня, разьвіцьцё літаратуры, абарона пісьменьнікаў. І ўся гэтая дзейнасьць мусіць адбывацца паводле прынцыпаў правоў чалавека.

 

«ГЭТА НАШАЕ ВЯЛІКАЕ ДАСЯГНЕНЬНЕ – ШТО БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА ДАГЭТУЛЬ ЖЫВАЯ, НАСУПЕРАК УМОВАМ»

Культура ня можа паўнавартасна развівацца без сыстэмнай падтрымкі дзяржавы. А беларуская незалежная культура нейкім чынам выкруцілася і захавала сябе. Гэта нашае вялікае дасягненьне – што мы дагэтуль жывыя, насуперак умовам. Калі ня толькі дзяржава – але нават бізнэс сістэмна ня можа падтрымліваць культуру, хіба нейкія зусім бяззубыя ініцыятывы, што не выказвалі свайго стаўленьня да рэпрэсіяў і правоў чалавека. Бо падтрымка культуры ў такіх умовах была небясьпечнаю для бізнэсу.

Дзяржава разумела культуру вельмі сэрвільна – і працягвае такое стаўленьне. Сёньня гэтак прамаўляе да культуры і Міністэрства культуры Беларусі, і іншыя чыноўнікі: мы вас утрымліваем, а вы нас яшчэ і крытыкуеце. На іх думку, калі дзяржава фінансуе культуру, то культура мусіць умацоўваць ідэалёгію дзяржавы.

Вось у такіх умовах існавала беларуская культура: без сыстэмнай падтрымкі дзяржавы, без падтрымкі бізнэсу, які адразу станавіўся на коўзкую сьцежку, калі пачынаў падтрымліваць культурніцкія праекты, без магчымасьці легальна атрымліваць гранты, бо іх трэба было рэгістраваць, а значыць, узгадніць зь дзяржаваю. І мы – ня толькі Беларускі ПЭН, а ўся культурніцкая сфэра Беларусі – мы выстаялі, мы разьвіваемся.

Пасьля 2014 году быў час, калі дзяржава крыху павярнулася да нацыянальнай культуры – усьведамляючы, што грэбаваньне беларускай ідэнтычнасцю зробіць Беларусь рэгіёнам Расеі, вывучаючы ўрокі пачатку расейскай вайны ва Украіне і анэксіі Крыму, што рэалізоўвалася, сярод іншага, пад лозунгам «абароны расейскамоўных». Гэта дало больш прасторы для беларускай сымболікі, тых самых вышыванак, для беларускіх культурніцкіх імпрэзаў… Але, вядома, у 2020 годзе дзяржава пашкадавала, што трошкі адпусьціла лейцы.

Яшчэ важным кампанэнтам культурнага поля да 2020 году былі краўдфандынгавыя пляцоўкі – плятформы, празь якія супольнасьць магла легальна падтрымліваць праекты. Не было сыстэмнай падтрымкі дзяржавы, не было магчымасьцяў атрымліваць гранты, не было падтрымкі ад бізнэсаў, таму краўдфандынг тады быў адной з рэвалюцыйных магчымасьцяў. Вядома, ня ўсе праекты маглі быць падтрыманыя, бо ня ўсе мастакі – добрыя мэнэджары, якія могуць прадаць свой творчы прадукт.

 

«ТЫ ПРЫХОДЗІШ ДА ДОНАРАЎ – А Ў ІХ НЯМА РАЗУМЕНЬНЯ, ШТО НЯ ТАК ЗЬ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРАЙ»

Я расказваю пра стан культуры, каб прыйсьці да пэнаўскага маніторынгу. Бо ён вырас ня толькі з таго, што супольнасьць крытыкавала нас за недастатковую «праваабарончасьць». Але і з таго, што на культурніцкія праекты катэгарычна, сыстэмна не хапала рэсурсаў – і трэба было знаходзіць грошы на адміністраваньне прэміяў, на імпрэзы, на ўтрыманьне каманды, якая працавала б прафэсійна, каб праца ішла рэгулярна.

Я пачала як старшыня Беларускага ПЭНу сустракацца з донарамі. І тут зьявілася праблема: ты прыходзіш да донараў, расказваеш ім пра культуру – а ў іх няма разуменьня, а што ж ня так з культурай і – чаму яна важная…

Я сябе адчувала як чалавек, які тлумачыць элемэнтарныя рэчы (што ж ня так з культурай). І разумела: мне не хапае добра апісанай сытуацыі, матэрыялаў, каб мы маглі сабраць гэтыя факты парушэньняў правоў чалавека, перасьледу творцаў, прыгнёту беларускай культуры – каб у нас была статыстыка і аналітыка. Каб я на падставе гэтай статыстыкі магла донарам патлумачыць і абгрунтаваць патрэбу падтрымкі культуры, якая і так слаба вельмі падтрымліваецца. Лічыцца, што ў першую чаргу трэба падтрымліваць незалежныя мэдыя, абарону правоў чалавека…

 Безумоўна, гэта трэба падтрымліваць – але чаму культура выпадае з прыярытэтаў, з гэтай «першай чаргі»? Бо «культура сама неяк паўстане», «культура – ня справа першаступеннай важнасьці»?

 

«КАЛІ МЫ ПАДТРЫМЛІВАЕМ КУЛЬТУРНІЦКІЯ ПРАЕКТЫ, МЫ ЎТРЫМЛІВАЕМ КАШТОЎНАСНУЮ БАЗУ ГРАМАДЗТВА»

Маёй задачай было даказаць, што культура – ня менш важная за правы чалавека, за мэдыя. Я не пра спаборніцтва і канкурэнцыю, а пра разуменьне, што гэта скразная матэрыя, якая забясьпечвае стабільнасьць зьменаў у грамадзтве. Падтрымка культуры не паказвае хуткіх вынікаў. Ты зрабіла гэты праект – але ні за пяць, ні за дваццаць тысячаў ты часта ня можаш паказаць нават сярэднетэрміновых вынікаў. Але – ты паспрыяла таму, што празь дзесяць, праз дваццаць гадоў рашэньні будуць прымацца з улікам таго, што ты зрабіла. Калі мы падтрымліваем культурніцкія праекты, мы ўтрымліваем каштоўнасную базу грамадзтва.

Маніторынг парушэньняў правоў чалавека мы пачыналі ў тым ліку для таго, каб сабраць гэтую статыстыку і пераканаць нашых замежных партнэраў, паказаць, што ж ня так з нашай культурай. Гэта ж унікальная сытуацыя, што дзяржава нішчыць сваю культуру (зрэшты, ня толькі сваю). І каб можна было пераканаць прыватных спонсараў, урады іншых краінаў падтрымліваць беларускую культуру.

Але ў 2019 годзе для нашага маніторынгу была яшчэ адна нагода. Мы думалі, окей, мы зараз зьбяром гэтыя факты парушэньняў, прыйдзем у Міністэрства культуры, напрыклад, і скажам: паслухайце, тут, тут і тут можна штосьці іначай рабіць. Мы разьлічвалі – хай не адразу – на нейкія зьмены. Спадзяваліся, што Беларускі ПЭН зможа ўплываць на сытуацыю ў Беларусі. Каб культурніцкая палітыка мянялася, каб у Кодэкс аб культуры былі ўнесеныя зьмены, якія б палепшылі…

 

ПАРУШЭНЬНІ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў ЛІТАРАТУРЫ – І Ў КІНО, ТЭАТРЫ, МУЗЫЦЫ…

Калі мы пачыналі маніторынг у 2019 годзе, то думалі, што мусім факусавацца на правах літаратараў. Літаратараў мы разумелі шырока: гэта ўсе, хто перакладае, выдае, гэта рэдактары, выкладчыкі літаратуры, літаратуразнаўцы – усе, хто падтрымлівае, умацоўвае і бароніць вуснае і пісьмовае беларускае слова.

Каб зрэалізаваць такі маніторынг для сэгмэнту літаратуры, я пачала камунікаваць з нашымі калегамі-праваабаронцамі з БАЖу, БХК, іншых арганізацыяў. І пытаюся: а што там з маніторынгам у іншых сэгмэнтах культуры: у кіно, тэатры, музыцы? Я хацела параўнаць, узяць у наш ПЭН найлепшыя практыкі. Але аказваецца, што нічога гэткага няма. Нам не было дзе падгледзець ні мэтадалёгіі, нічога; мы мусілі фармуляваць усё самі, вынаходзіць маніторынг. Вось тады і падумалі, што калі іншымі сэгмэнтамі культуры ніхто не займаецца, тады, відаць (нагадваю, гэта былі 2018–2019 гады, калі не было яшчэ такога масавага парушэньня правоў чалавека) давядзецца ПЭНу маніторыць і гэтыя парушэньні. Стартанулі мы ў канцы 2019-га…

Але прыйшоў 2020 год. Камандзе Беларускага ПЭНу, якая рабіла маніторынг, стала моцна бракаваць вытворчых магчымасьцяў, людзі працавалі значна больш часу, чым меркавалася пачаткова. Баюся, што цяпер мы, можа, і не адважыліся б на маніторынг усёй культуры. Ведаючы, колькі зваліцца на нас у 2020 годзе. Але я вельмі радая, што мы не здаліся і вытрымалі.

Беларускі ПЭН фіксуе парушэньні правоў чалавека ва ўсіх сэгмэнтах культуры. Спрабуем дакумэнтаваць усё, што трапляе да нас. Ня толькі з публічных крыніцаў. Сёньня ўвогуле нашыя крыніцы ў істотнай ступені непублічныя. Мы фіксуем тое, што трапляе ў СМІ, што расказваюць сябры і партнэры, іншыя літаратары… Мы фіксуем усё і апрацоўваем: для статыстыкі, для разуменьня сытуацыі, для аднаўленьня справядлівасьці і пакараньня вінаватых.

Людзі, знаёмыя з нашым маніторынгам, кажуць, што яго маральна складана чытаць. А там жа згаданыя далёка ня ўсе выпадкі рэпрэсіяў. Шмат сытуацыяў, вельмі балючых, вельмі драматычных, на жаль, немагчыма сёньня публічыць.

 

«ЦЯЖКА РАЗУМЕЦЬ, ШТО ТВОЙ СЯБАР ПАМІРАЕ Ў ТУРМЕ»

Вось з такіх розных патрэбаў і з задачаў, пастаўленых супольнасьцю, мы пачыналі гэты маніторынг. Пачыналі, каб палепшыць сытуацыю, каб пераканаць донараў, чаму сфэра беларускай культуры патрабуе падтрымкі. І прыйшлі да таго, што сёньня мы робім маніторынг у сыстэмным рэжыме, а яго вынікі дапамагаюць нам яшчэ і лепш разумець патрэбы як сфэры, так і рэпрэсаваных дзеячаў культуры. А значыць – больш эфэктыўна планаваць дапамогу. Вельмі ўдзячная камандзе, якая штодня варыцца ў гэтай інфармацыі. Гэта вельмі складана для псыхікі – пасьля штодзённай працы з нэгатыўнай інфармацыяй дадаюцца фізычныя праблемы. А весткі пра сьмерці нашых калегаў…

Мы ж пішам не пра нейкую абстрактную культуру на Месяцы – мы пішам пра культуру ў Беларусі. Там нашыя знаёмыя, сябры, блізкія, сёстры ды браты – і гэта робіць сытуацыю вельмі асабістай. Цяжка разумець, што твой сябар памірае ў турме, бо яму не аказалі мэдычнай дапамогі. Твой сябар, зь якім вы шмат раіліся, які табе шмат рэкамэндаваў, сядзіць у турме, губляе сваё здароўе, гады свайго жыцьця… Гэта вельмі асабістая справа, вельмі блізкая, інтымная, і разам з тым – мы намагаемся захоўваць прафэсіяналізм, дыстанцыю, каб ацэньваць падзеі максымальна аб'ектыўна. Калі няма праверанага факту, ня будзем пра гэта пісаць.

 

ГЭТЫ МАНІТОРЫНГ МУСІЦЬ БЫЦЬ ПАД РУКОЙ У СЬВЯТЛАНЫ ЦІХАНОЎСКАЙ, КАЛІ ЯНА ЕДЗЕ РАСКАЗВАЦЬ ПРА КУЛЬТУРУ

Беларускаму ПЭНу  на сёньня крыху не хапае рэсурсаў, каб эфэктыўна прасоўваць маніторынг. Я ўпэўненая, што мы робім проста выдатны прадукт. Вельмі патрэбны. У нас ёсьць пераклады на ангельскую, на расейскую мовы – але няма магчымасьцяў, каб данесьці гэты тэкст да тых, у каго ён мусіць ляжаць на стале як настольная кніга. Напрыклад, Сьвятлана Ціханоўская едзе кудысьці расказваць пра беларускую культуру – і ў яе пад рукой ёсьць гатовы матэрыял…

Так, безумоўна, кожны выпуск маніторынгу мы дасылаем спэцдакладчыку ААН у справе Беларусі, дасылаем іншым суб’ектам.... Але, я ўпэўненая, гэтых дзеяньняў недастаткова, каб маніторынг адпрацоўваў свой патэнцыял. Бо фінансавых сродкаў, каб наняць для прасоўваньня асобнага чалавека, мы ня маем. Таму мы заклікаем кожнага і кожную зрабіць тое, што ў іх сілах – падзяліцца інфармацыяй, расказаць пра сытуацыю ў культуры сваім калегам ці партнэрам, падтрымаць працу нашай каманды. Сёньня, сярод іншага, гэта можна зрабіць праз Patreon, Stripe або проста пераводам на банкаўскі рахунак. Мы працуем легальна ў Эўрапейскім Зьвязе, праходзім аўдыты – і ўсё, што трапляе на банкаўскі рахунак, выдаткоўваецца мэтава і ў адпаведнасьці з заканадаўствам. Дарэчы, гэта, бадай што, адзіны плюс нашага знаходжаньня за межамі Беларусі – магчымасьць легальна і празрыста працаваць…

Маніторынг парушэньняў правоў чалавека ў сфэры культуры на беларускай мове

Chronicle of human rights violations in the sphere of culture in Belarus

З Тацянай Нядбай гутарыў Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.
Вільня, 2024 год

Глядзiце таксама

Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 15–31 снежня 2024 года
13 студзеня 2025, 17:37
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 15–31 снежня 2024 года
На 31 снежня 2024 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 37, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 168.
Выбары ў Беларусі з 1994 да 2025 года: гісторыя ціску, рэпрэсіяў і парушэнняў правоў чалавека
13 студзеня 2025, 17:32
Выбары ў Беларусі з 1994 да 2025 года: гісторыя ціску, рэпрэсіяў і парушэнняў правоў чалавека
Напярэдадні новых выбараў* мы ўзгадваем рэпрэсійны шлях, які ідзе праз усе прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.
Агляд «Вясны»: Год рэпрэсій і памілаванняў. Сітуацыя з палітвязнямі Беларусі за 2024-ы год ў лічбах
13 студзеня 2025, 15:08
Агляд «Вясны»: Год рэпрэсій і памілаванняў. Сітуацыя з палітвязнямі Беларусі за 2024-ы год ў лічбах
Мінулы год для беларусаў прайшоў пад знакам масавага пераследу за салідарнасць.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці