Human Rights Watch: Беларусь у Сусветным дакладзе пра падзеі 2022 года

16 студзеня 2023, 08:29
Human Rights Watch: Беларусь у Сусветным дакладзе пра падзеі 2022 года

Арганізацыя Human Rights Watch апублікавала сусветны даклад за 2022 год: гадавы агляд сітуацыі з правамі чалавека ў свеце. Адна з частак прысвечаная агляду рэпрэсій беларускіх улад супраць грамадзянскай супольнасці летась. Пераклад беларускай часткі дакладу на беларускую мову публікуе "Вясна".

У 2022 г. беларускія ўлады працягвалі знішчаць незалежныя галасы, у тым ліку фабрыкуючы крымінальныя справы і пераследуючы праваабаронцаў, журналістаў, юрыстаў, апазіцыянераў і актывістаў. На момант падрыхтоўкі дакладу ў зняволенні паводле палітычна матываваных абвінавачванняў знаходзіліся прынамсі 1340 чалавек, і ніводная праваабарончая арганізацыя не мела магчымасці легальна працаваць у Беларусі.

Пачынаючы з 24 лютага беларускія ўлады дазваляюць расійскім вайскоўцам выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі ў інтарэсах поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну. Тых, хто выступіў з крытыкай расійска-ўкраінскай вайны, беларускія ўлады пераследвалі, і антываенныя дэманстрацыі былі жорстка задушаны.

Што датычыць шматлікіх абвінавачванняў у катаваннях і іншых відах жорсткага абыходжання з мірнымі дэманстрантамі, затрыманымі падчас пратэсных акцый пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 г., то ўлады краіны так і не правялі эфектыўных расследаванняў паводле гэтых фактаў.

Жорсткія дзеянні ўлад у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншадумцаў

Згодна са звесткамі буйнога беларускага праваабарончага цэнтра "Вясна", у перыяд з лістапада 2021 г. па кастрычнік 2022 г. як мінімум 3458 чалавек зазналі крымінальны пераслед у сувязі з масавымі пратэстамі 2020 г. і яшчэ больш як 3148 чалавек зазналі адміністрацыйны пераслед.

Улады ўсё часцей выстаўляюць абвінавачванні ў "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў", заводзячы крымінальныя справы на тых, хто дзеліцца спасылкамі на публікацыі ў незалежных СМІ і Telegram-каналах, якія ўлады лічаць "экстрэмісцкімі".

27 лютага беларускія ўлады правялі рэферэндум па пытанні канстытуцыйных паправак, якія, у прыватнасці, адмяняюць бяз'ядзерны статус Беларусі і вызваляюць былых прэзідэнтаў ад адказнасці за любыя дзеянні, зробленыя імі падчас знаходжання на пасадзе. Праваабарончыя арганізацыі прызналі рэферэндум непразрыстым і незаконным.

У дзень рэферэндуму па ўсёй краіне прайшлі мірныя дэманстрацыі супраць расійскага ўварвання ва Украіну. Міліцыя затрымала сотні пратэстоўцаў. Затрыманыя зазнавалі збіванні і іншыя віды жорсткага абыходжання.

У наступныя месяцы паліцыя рэгулярна затрымлівала людзей за антываенныя плакаты і надпісы. На людзей, якія фіксавалі перасоўванні расійскіх войскаў і выкладвалі гэтыя фатаграфіі і відэаролікі ў Інтэрнэце, улады распачалі дзясяткі крымінальных спраў, вінавацячы людзей у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці".

Праваабаронцы, грамадскія арганізацыі і юрысты

Асаблівай жорсткасцю вылучаліся дзеянні ўлад у дачыненні да цэнтра "Вясна". На момант падрыхтоўкі дакладу паводле сфабрыкаваных абвінавачванняў у "кантрабандзе" і "фінансаванні групавых дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак", у зняволенні знаходзіліся трое сябраў "Вясны": кіраўнік арганізацыі і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімір Лабковіч. Яшчэ трое сябраў "Вясны": Марыя (Марфа) Рабкова, Андрэй Чапюк і Леанід Судаленка – адбываюць свае тэрміны ў 15 гадоў, 6 гадоў і 3 гады адпаведна. Згодна са звесткамі "Вясны", палітычныя зняволеныя ўтрымліваюцца ў бесчалавечных умовах; у прыватнасці, ім не аказваюць медыцынскую дапамогу і абмяжоўваюць іх права на ліставанне.

У снежні гомельскі раённы суд прызнаў сайт "Вясны" і яе старонкі ў сацыяльных сетках "экстрэмісцкімі матэрыяламі", праз што доступ да іх быў заблакаваны. Улады заблакавалі сайты і іншых грамадскіх арганізацый, у тым ліку яшчэ аднаго вядучага праваабарончага цэнтра Human Constanta, або прызнаўшы іх "экстрэмісцкімі", або знойдучы ў іх парушэнні закона аб СМІ.

У красавіку генеральная пракуратура абвясціла аб абмежаванні доступу да сайта Human Rights Watch. Рашэнне было прынята праз некалькі дзён пасля таго, як HRW апублікавала даклад пра здзейсненыя расійскімі войскамі ва Украіне ваенныя злачынствы.

У красавіку ўлады зладзілі вобшукі ў офісах некалькіх незалежных прафсаюзных арганізацый. Прынамсі 14 кіраўнікоў і сябраў гэтых прафсаюзаў былі затрыманы паводле абвінавачвання ў "арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". У ліпені Вярхоўны суд забараніў чатыры асноўныя незалежныя прафсаюзы і Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.

Па стане на кастрычнік у краіне былі ліквідаваныя 653 грамадскія арганізацыі. У студзені набылі моц папраўкі да Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за ўдзел у дзейнасці незарэгістраваных арганізацый. Парушальнікам пагражае да двух гадоў зняволення.

Улады працягваюць рэпрэсіі ў дачыненні да адвакатаў, якія адважваюцца выказвацца ў абарону правоў чалавека, прадстаўляць абвінавачаных у палітычна матываваных працэсах і крытыкаваць вайну ва Украіне. Са жніўня 2020 г. як мінімум 70 адвакатаў пазбавіліся ліцэнзіі ў выніку палітычна матываваных рашэнняў Мінюста ці адвакацкіх калегій. На момант падрыхтоўкі дакладу сямі адвакатам былі выстаўлены палітычна матываваныя крымінальныя абвінавачванні – ад "заклікаў да дзеянняў, якія наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь", да "арганізацыі масавых беспарадкаў". Акрамя таго, шматлікія адвакаты рэгулярна сутыкаюцца з абвінавачваннямі ў рознага кшталту адміністрацыйных парушэннях і зведваюць затрыманні, вобшукі і іншыя віды пераследу.

Свабода выказвання і нападкі на журналістаў

У перыяд са студзеня па кастрычнік Беларуская асацыяцыя журналістаў зафіксавала 93 выпадкі, калі журналісты зазнавалі адвольныя затрыманні, вобшукі, штрафы і адміністрацыйныя арышты. На момант падрыхтоўкі дакладу 28 журналістаў і іншых супрацоўнікаў СМІ знаходзіліся ў зняволенні паводле сфабрыкаваных крымінальных абвінавачванняў – ад "абразы прэзідэнта" да "дзяржаўнай здрады" і "змовы з мэтай захопу дзяржаўнай улады".

Па стане на кастрычнік як мінімум 29 незалежных СМІ былі прызнаны "экстрэмісцкімі" і заблакаваны.

У чэрвені Вярхоўны суд прызнаў "экстрэмісцкай арганізацыяй" партал TUT.BY. На момант падрыхтоўкі дакладу трое супрацоўнікаў TUT.BY, у тым ліку галоўная рэдактарка Марына Золатава, знаходзіліся ў зняволенні паводле сфабрыкаваных крымінальных спраў; яшчэ дзевяць супрацоўнікаў у чаканні суда былі адпушчаны пад падпіску аб невыяздзе.

13 ліпеня Гомельскі абласны суд прызнаў журналістку Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву), супрацоўніцу польскага тэлеканала "Белсат", вінаватай у дзяржаўнай здрадзе. На момант вынясення прысуду Кацярына ўжо адбывала іншы тэрмін. Пасля другога прысуду яе тэрмін быў павялічаны да васьмі гадоў і трох месяцаў.

Пераслед апазіцыянераў і іх прыхільнікаў

У снежні Гомельскі абласны суд прызнаў Сяргея Ціханоўскага і пяць ягоных прыхільнікаў вінаватымі ў "арганізацыі масавых беспарадкаў". Сяргей, жонка якога, Святлана Ціханоўская, з'яўляецца ў цяперашні час лідаркай беларускай апазіцыі ў выгнанні, быў асуджаны да 18 гадоў пазбаўлення волі. Іншыя абвінавачаныя (у прыватнасці, апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч і кансультант "Радыё Свабода" Ігар Лосік) атрымалі ад 14 да 16 гадоў зняволення.

У жніўні ўлады перавялі Ціханоўскага з папраўчай калоніі ў турму з больш жорсткімі ў мовамі ўтрымання.

Гуманітарны крызіс і гвалт на беларуска-польскай мяжы

Са жніўня 2021 г. беларускія ўлады свядома стваралі гуманітарны крызіс, выдаючы турыстычныя візы тысячам мігрантаў, галоўным чынам – з краін Блізкага Усходу, і падштурхоўваючы іх да перасячэння мяжы Еўрасаюза. Не маючы магчымасці трапіць на тэрыторыю Еўрасаюза і вымушаныя вярнуцца ў Беларусь, гэтыя мігранты зазнавалі жорсткае абыходжанне з боку беларускіх памежнікаў і супрацоўнікаў іншых праваахоўных органаў. Зафіксаваны выпадкі збівання і прынамсі адзін выпадак згвалтавання. Беларускія ўлады не дазвалялі мігрантам пакінуць прымежную тэрыторыю і прымушалі іх ізноў і зноў спрабаваць пранікнуць на тэрыторыю Еўрасаюза. У выніку сотні людзей тыднямі ці нават месяцамі былі вымушаны знаходзіцца ў гэтым прамежкавым стане, у становішчы, дзе іх жыццё знаходзілася ў небяспецы.

Смяротнае пакаранне

Беларусь – гэта па-ранейшаму адзіная краіна ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. Акрамя таго, часцяком улады апавяшчаюць сваякоў пра смяротнае пакаранне толькі праз некалькі месяцаў і адмаўляюцца паведаміць ім, дзе пахаваны іх родны, тым самым пагаршаючы іх пакуты.

У лістападзе 2021 г. сваякі Віктара Паўлава, асуджанага да смяротнага пакарання паводле абвінавачвання ў забойстве і крадзяжы, нарэшце атрымалі афіцыйнае пацверджанне таго, што прысуд быў прыведзены ў выкананне 13 мая 2021 г. Гэта адбылося нягледзячы на тое, што Камітэт ААН па правах чалавека запатрабаваў ад Беларусі адкласці прывядзенне ў выкананне смяротнага прысуду да таго, як справа Паўлава будзе разгледжана Камітэтам.

Лёс Віктара Сергеля, прызнанага ў 2021 годзе вінаватым у забойстве і асуджанага да смяротнага пакарання, невядомы. Сваякі Віктара Скрундзіка, асуджанага да смяротнага пакарання за забойства і замах на забойства, дагэтуль не атрымалі афіцыйнага паведамлення пра яго смерць, хаця на дзяржаўным тэлеканале ў верасні 2021 г. паведамлялі пра смяротнае пакаранне Скрундзіка.

У траўні набылі моц папраўкі да Крымінальнага кодэкса, якія ў тым ліку прадугледжваюць смяротнае пакаранне за замах на здзяйсненне тэрарыстычнага акту, які не пацягнуў за сабой гібелі людзей. Пры гэтым выразнага азначэння таму, што лічыцца "актам тэрарызму", у Крымінальным кодэксе не даецца.

Ключавыя міжнародныя актары

У лістападзе 2021 г. 35 краін-сябраў АБСЕ выступілі за тое, каб ужыць у дачыненні да Беларусі так званы "Венскі механізм", бо беларускія ўлады адмаўляюцца праводзіць расследаванні ў сувязі з грубымі парушэннямі правоў чалавека і рабіць захады для выпраўлення сітуацыі.

У перыяд са снежня 2021 г. па верасень 2022 г. з прычыны бесперапынных парушэнняў правоў чалавека Злучаныя Штаты, Канада, Еўрапейскі Саюз і Вялікабрытанія наклалі на Беларусь дадатковыя санкцыі, дадаўшы ў санкцыйныя спісы шэраг фізічных асоб і арганізацый, а таксама ўвёўшы больш жорсткія абмежаванні на экспартныя пастаўкі ў Беларусь.

Камітэт ААН па правах чалавека тройчы выносіў рашэнні з нагоды людзей, асуджаных у Беларусі да смяротнага пакарання. У верасні 2021 г. камітэт пастанавіў, што ў справе Аляксея Міхалені, прысуд у дачыненні да якога быў выкананы ў 2018 г., былі парушаны яго права на жыццё і права на справядлівы суд. У сакавіку 2022 г. камітэт асудзіў смяротнае пакаранне Віктара Паўлава. У траўні 2022 г. камітэт пастанавіў, што беларускія ўлады парушылі правы маці Паўла Селюна, адправіўшы ёй пасылкай турэмную робу яе сына і адмовіўшыся паведаміць ёй месца, дзе ён пахаваны.

У лютым Венецыянская камісія, кансультатыўны орган пры Савеце Еўропы, апублікавала экстраную прамежкавую выснову па канстытуцыйнай рэформе ў Беларусі. У дакуменце падкрэсліваецца, што рэформа "не толькі не ўхіліла існуючы сур'ёзны перакос у раздзеле ўлад, а наадварот – толькі пагоршыла яго".

У сакавіку Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ) у адпаведнасці са сваім мандатам апублікавала даклад пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 г. і ў перыяд пасля выбараў. У дакладзе адзначаюцца шматлікія парушэнні правоў чалавека і нежаданне ўлад сур'езна расследаваць гэтыя парушэнні. У красавіку Савет ААН па правах чалавека працягнуў мандат УВКПЧ яшчэ на адзін год. У ліпені спецыяльная дакладчыца па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі прадставіла свой штогадовы даклад, у якім адзначаецца працяг пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека. У чэрвені Савет па правах чалавека падоўжыў мандат спецыяльнага дакладчыка.

У траўні Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю, якая асуджае ганенні на прафсаюзы. У жніўні Савет ЕС у чарговы раз выказаў падтрымку дэмакратычным памкненням беларускага народа.

21 ліпеня Эканамічны і Сацыяльны Савет ААН прагаласаваў за тое, каб даць Беларускаму Хельсінкскаму камітэту кансультатыўны статус. Да гэтага заяўка гэтай арганізацыі на атрыманне кансультатыўнага статусу пры ААН на працягу шматлікіх гадоў блакавалася Расіяй і Кітаем.

У лістападзе Камітэт ААН па правах чалавека выказаў "глыбокае шкадаванне" з нагоды таго, што Беларусь дэнансавала Першы факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэта блакуе мандат Камітэта ААН па правах чалавека на разгляд індывідуальных скаргаў з Беларусі.

У лістападзе Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі і зноў заявіў пра падтрымку беларускай дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.

Арыгінал дакладу на сайце Х'юман Райтс Вотч

Пераклад на беларускую мову: "Вясна"

Глядзiце таксама

Новы спецыяльны дакладчык ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс
16 кастрычніка 2024, 12:41
Новы спецыяльны дакладчык ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс
11 кастрычніка ў Жэневе на пасяджэнні 57-й сесіі Рады ААН па правах чалавека на пасаду спецдакладчыка па Беларусі быў прызначаны Нільс Муйжніекс, эксперт у абароне правоў чалавека з 25-гадовым досведам.
«Я займалася Беларуссю амаль кругласуткава»
28 верасня 2024, 09:51
«Я займалася Беларуссю амаль кругласуткава»
Падкаст «Вясна прыйдзе» пагаварыў з Анаіс пра яе шлях да Беларусі, пра яе прызначэнне, як гэта ўспрынялі беларускія праваабаронцы, як зарабляла на жыццё (бо быць Спецдакладчыкам — гэта валанцёрская праца).
«Задушэнне іншадумства». Незалежныя эксперты па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выступілі ў ААН
24 верасня 2024, 15:30
«Задушэнне іншадумства». Незалежныя эксперты па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выступілі ў ААН
«Вясна» расказвае, што казалі незалежныя эксперты, дэлегацыя Беларусі, праваабаронцы, і каго ў выніку падтрымалі розныя дзяржавы.
Пашпарты, бежанцы, прымусовае лячэнне... Як беларускія ўлады справаздачыліся ў Камітэце па правах людзей з інваліднасцю
19 верасня 2024, 16:40
Пашпарты, бежанцы, прымусовае лячэнне... Як беларускія ўлады справаздачыліся ў Камітэце па правах людзей з інваліднасцю
"Вясна" паглядзела шасцігадзіннае пасяджэнне Камітэта правоў людзей з інваліднасцю і распавядае пра самыя асноўныя пытанні, якія Камітэт задаў беларускім уладам.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці