Міжнародная платформа перадасць у ААН звесткі аб катаваннях у Беларусі

06 мая 2021, 14:11
Міжнародная платформа перадасць у ААН звесткі аб катаваннях у Беларусі

Міжнародная платформа для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці (IAPB) перадасць сабраныя сведчанні для далейшага расследавання пад эгідай ААН, паведаміў кіраўнік платформы Енс Модвіг. Пра гэта пішуць naviny.by са спасылкай на Дойчэ Веле.

IAPB была створана для збору, праверкі і захоўвання звестак аб сур'ёзных парушэннях правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх, каб затым выкарыстоўваць іх для незалежнага крымінальнага расследавання і пакарання вінаватых. Платформа аб'ядноўвае праваабарончыя арганізацыі ў асноўным з краін Еўропы. Узначальвае яе Дацкі інстытут супраць катаванняў Dignity і, у прыватнасці, яго медыцынскі дырэктар Енс Модвіг.

Як адзначыў Модвіг, інстытут Dignity вырашыў удзельнічаць у гэтым праекце, таму што ў ім працуюць эксперты ў медыцынска-прававым дакументаванні катаванняў.

"Гэта добрая магчымасць для экспертных арганізацый унесці свой уклад у дакументаванне і расследаванне грубых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, разам з міжурадавымі механізмамі пад эгідай ААН, і дапамагчы ў зборы доказаў, пакуль яны яшчэ існуюць, — заявіў эксперт. — У прыватнасці, медыцынскі агляд прымянення катаванняў і жорсткага абыходжання магчыма толькі на працягу некалькіх дзён ці тыдняў, таму дакументаванне павінна адбывацца як мага хутчэй".

Платформа пачала працу 24 сакавіка. На гэтым этапе, па словах Модвіга, "распрацоўваюцца фарматы і працэдуры, якія затым будуць прымяняць для праверкі ўжо існуючых выпадкаў, а таксама для бесперапыннага збору новых звестак".

Збор і праверка звестак ажыццяўляецца "ў цесным супрацоўніцтве з беларускімі праваабарончымі арганізацыямі, якія ўжо сабралі шмат выпадкаў прымянення катаванняў і працягваюць гэтым займацца, нягледзячы на рэпрэсіі".

"Гэтыя звесткі знаходзяцца ў нашым распараджэнні, і ў наступныя месяцы яны будуць папаўняцца. У рамках платформы мы будзем далей працаваць над паляпшэннем эфектыўнасці іх збору і аналізу", — адзначыў кіраўнік IAPB.

Паводле яго слоў, платформа будзе дзейнічаць як падрыхтоўчы механізм, пакуль запушчаны ў ААН механізм збору доказаў аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі не пачне працаваць.

"Адпаведна, мы перадамо сабраныя сведчанні для далейшага расследавання пад эгідай ААН. Гэта значыць мэты адны і тыя ж", — пракаментаваў Модвіг.

Ён падкрэсліў, што "гэтая платформа з'яўляецца беспрэцэдэнтнай".

"І хоць ва ўсіх арганізацый-удзельніц ёсць вялікі вопыт у дакументаванні парушэнняў правоў чалавека, упершыню такі кансорцыум пры падтрымцы вялікай колькасці краін створаны для таго, каб запоўніць прабел, пакуль не запрацуе міжнародны механізм дакументацыі і расследавання на аснове ААН", — заявіў эксперт.

Па словах Модвіга, 19 краін, якія падтрымалі стварэнне платформы, прадастаўляюць толькі фінансаванне, аднак "ніяк не ўцягнутыя наўпрост у яе працу".

"Я ўпэўнены, што ўсе яны будуць уважліва сачыць за ёй, але не могуць аказваць на яе ўплыў", — сказаў ён.

У ліку цяжкасцяў у працы платформы прадстаўнік Dignity назваў "бяспеку ахвяраў катаванняў, сведак і праваабаронцаў у Беларусі", якія, па яго словах, "знаходзяцца пад пагрозай з-за рэпрэсій з боку рэжыму".

"Платформа павінна працаваць, пры гэтым рызыка для ўсіх уцягнутых павінна быць мінімальнай", — лічыць эксперт.

Ён таксама падкрэсліў, што "платформа ні ў якім разе не заменіць функцыю пракурораў і суддзяў".

"Мы будзем збіраць матэрыял, які можна будзе выкарыстоўваць у якасці доказаў у наступных крымінальных расследаваннях. Тады абвінаваўцы змогуць прадставіць гэты матэрыял у судзе, — сказаў Модвіг. — На жаль, мы не чакаем, што беларускія ўлады ў агляднай будучыні будуць удзельнічаць у крымінальным пераследзе тых, хто вінаваты ў парушэнні правоў чалавека. Таму справядлівасць можа быць дасягнута альбо з дапамогай міжнародных механізмаў, альбо шляхам універсальнай юрысдыкцыі. Калі гэта стане магчымым, то тыя, каго аб'ядноўвае платформа, будуць супрацоўнічаць у рамках такіх механізмаў".

Модвіг выказаў надзею, што "ўсіх вінаватых у сур'ёзных парушэннях правоў чалавека неўзабаве прадставяць правасуддзю тым ці іншым шляхам".

Паводле spring96.org

Падзялiцца

Глядзiце таксама

«Ніякіх прыкметаў прагрэсу няма». Спецдакладчык па Беларусі выступіў у ААН
07 ліпеня 2025, 14:01
«Ніякіх прыкметаў прагрэсу няма». Спецдакладчык па Беларусі выступіў у ААН
У межах 59 сесіі Рады па правах чалавека ААН у Жэневе выступіў Спецыяльны дакладчык па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс.
ПАСЕ прызнала адказнасць Лукашэнкі за перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей
26 чэрвеня 2025, 13:46
ПАСЕ прызнала адказнасць Лукашэнкі за перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей
Рэзалюцыя "Прававыя аспекты і аспекты правоў чалавека агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны" была прынятая 24 чэрвеня падчас летняй сесіі ПАСЕ.
Эксперты ААН устрывожаныя парушэннямі правоў прафсаюзных актывістаў
16 чэрвеня 2025, 13:16
Эксперты ААН устрывожаныя парушэннямі правоў прафсаюзных актывістаў
Яны заклікалі ўрад краіны паўнавартасна супрацоўнічаць з Упраўленнем Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, праваабарончымі механізмамі ААН, Міжнароднай арганізацыяй працы (МАП) і яе нагляднымі органамі для забеспячэння захавання правоў чалавека лідараў і сябраў незалежных прафсаюзаў.
На Міжнароднай канферэнцыі працы звярнулі ўвагу на пераслед працаўнікоў і незалежных прафсаюзаў у Беларусі
10 чэрвеня 2025, 12:31
На Міжнароднай канферэнцыі працы звярнулі ўвагу на пераслед працаўнікоў і незалежных прафсаюзаў у Беларусі
На 113-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы (МКТ), якая штогод арганізуецца Міжнароднай арганізацыяй працы (МАП), разгледзелі пытанне пераследу працаўнікоў і незалежных прафсаюзаў у Беларусі.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці