«Мы атрымліваем больш за 1 000 запытаў аб дапамозе штомесяц». Праваабаронца «Вясны» — на канферэнцыі «Helsinki+50»

03 жніўня 2025, 16:29
«Мы атрымліваем больш за 1 000 запытаў аб дапамозе штомесяц». Праваабаронца «Вясны» — на канферэнцыі «Helsinki+50»

На сайд-івэнце "Пераслед праваабаронцаў у Беларусі"

У Хельсінкі праходзіць канферэнцыя "Helsinki+50", на якой выступіла і праваабаронца "Вясны" Наталля Сацункевіч.

Адзін з сайд-івэнтаў у межах канферэнцыі прысвечаны Беларусі ды таму, як пераследуюцца праваабаронцы ў гэтай краіне. Яго арганізатарамі выступілі Фінскі Хельсінкскі Камітэт і Нідэрландскі Хельсінкскі Камітэт. Мерапрыемства прысвечанае 50-годдзю Хельсінкскіх пагадненняў.

"Падпісанне Хельсінкскага заключнага акта 50 гадоў таму азнаменавала сабой паваротны момант у міжнародным прызнанні правоў чалавека як асноватворнага прынцыпу міру і супрацоўніцтва ў Еўропе. Стварыўшы новую міжнародную нарматыўную базу, гэты акт адкрыў беспрэцэдэнтныя магчымасці для людзей ва ўсім савецкім блоку кінуць выклік аўтарытарызму. Ён стаў магутным маральным і прававым арыенцірам для іншадумцаў, спрыяючы легітымацыі шырокіх патрабаванняў павагі правоў чалавека і палітычнай адказнасці. Праз пяцьдзесят гадоў, калі мы сабраліся ў гэтым самым будынку, Беларусь служыць суровым напамінам пра тое, як выглядае крохкі мір у Еўропе, калі Хельсінкскія прынцыпы сістэматычна парушаюцца, а міжнародная адказнасць адсутнічае", — напісалі арганізатары сайд-івэнта.

У сайд-івэнце ўзялі ўдзел лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская, а таксама праваабаронкі Кацярына Дзейкала (Беларускі Хельсінкскі Камітэт) і Наталля Сацункевіч (Праваабарончы цэнтр "Вясна"). Наталля адказала на пытанне, якая сітуацыя з праваабаронцамі ў Беларусі сёння:

"Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца вельмі сур'ёзнай, — распавяла Наталля Сацункевіч падчас свайго выступу. — Палітычны і сацыяльны крызіс абвастраецца. Рэпрэсіі працягваюцца і прымаюць новыя формы — многія з іх адбываюцца моўчкі, без грамадскай увагі. У "Вясне" мы вітаем кожнае вызваленне. Кожнае вызваленне — гэта выратаванае жыццё і сям'я, што вяртае свайго блізкага чалавека. Мы заклікаем усе ўрады і арганізацыі працягваць працу па вызваленні ўсіх палітвязняў і дапамагчы спыніць рэпрэсіі ў Беларусі. Сёння ў турмах усё яшчэ знаходзяцца больш за 1 000 палітвязняў, уключна з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім. Алесь — мой калега, заснавальнік і кіраўнік Праваабарончага цэнтру "Вясна". Чатыры сябры "Вясны" знаходзяцца ў турме ў вельмі цяжкіх умовах. Яны знаходзяцца пад пастаянным ціскам з боку турэмнай адміністрацыі, вымушаныя працаваць шэсць дзён на тыдзень, не атрымліваюць належнай медычнай дапамогі і дастатковага харчавання".

Таксама Наталля Сацункевіч узгадала, як праца праваабаронцаў змянілася з 2020 года:

"COVID, масавыя пратэсты, жорсткі гвалт і арышты, вымушаная высылка, а цяпер яшчэ і вайна ва Украіне — усё гэта сфармавала новую рэальнасць. Сёння публічная праваабарончая дзейнасць у Беларусі немагчымая. Яна вядзе да арыштаў. Практычна ўсе незалежныя праваабарончыя арганізацыі і СМІ абвешчаныя рэжымам "экстрэмісцкімі" ці нават "тэрарыстычнымі". Гэта ставіць пад сур'ёзную рызыку любога, хто супрацоўнічае з імі — ці проста дзеліцца інфармацыяй. Мы атрымліваем больш за 1 000 запытаў аб дапамозе штомесяц. Людзі па-ранейшаму сутыкаюцца з парушэннямі правоў чалавека, але дакументаваць гэтыя выпадкі становіцца ўсё больш складана. Людзі напалоханыя. Сем'і палітвязняў зведваюць пакаранні за салідарнасць і падтрымку, некаторым прад'яўленыя крымінальныя абвінавачванні.

"Вясна" працягвае працаваць у выгнанні, нягледзячы ні на што. Але нават за мяжой мы не ў бяспецы. Я афіцыйна вышукваюся ў Расіі. Маіх калегаў завочна асудзілі да гадоў турмы — толькі за тое, што яны давалі інтэрв'ю незалежным СМІ ці крытыкавалі рэжым. Уявіце: пяць гадоў турмы, толькі за інтэрв'ю. Але мы працягваем працаваць. Таму што людзям у Беларусі па-ранейшаму патрэбныя наш голас і падтрымка".

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Падзялiцца

Глядзiце таксама

Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын заклікаў Беларусь прыняць меры па абароне Алены Лазарчык
17 студзеня 2026, 14:12
Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын заклікаў Беларусь прыняць меры па абароне Алены Лазарчык
12 студзеня 2026 года Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын (КЛДЖ) зарэгістраваў скаргу юрыст_ак арганізацыі Respect-Protect-Fulfill на дыскрымінацыю палітычнай зняволенай актывісткі Алены Лазарчык і заклікаў Беларусь тэрмінова прыняць меры па яе абароне.
Як ААН расследуе грубыя парушэнні правоў чалавека: міжнародны кантэкст ды кейс Беларусі
17 студзеня 2026, 14:05
Як ААН расследуе грубыя парушэнні правоў чалавека: міжнародны кантэкст ды кейс Беларусі
Якой была гісторыя падобных механізмаў у свеце і як у міжнародны кантэкст упісваецца кейс Беларусі? Што ўяўляе сабой Група незалежных экспертаў па Беларусі? Чым яна адрозніваецца ад іншых місій ААН?
Спецдакладчык ААН па Беларусі: «Вызваленне палітвязняў не спыняе палітыку рэпрэсій»
10 студзеня 2026, 12:45
Спецдакладчык ААН па Беларусі: «Вызваленне палітвязняў не спыняе палітыку рэпрэсій»
Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс 17 снежня павітаў нядаўнія вызвалення зняволеных, асуджаных у сувязі з пратэстамі вакол прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
Тлумачыць «Вясна»: Міжнародны крымінальны суд і Міжнародны суд ААН. Як працуе міжнародная адказнасць у выпадку Беларусі
10 студзеня 2026, 12:03
Тлумачыць «Вясна»: Міжнародны крымінальны суд і Міжнародны суд ААН. Як працуе міжнародная адказнасць у выпадку Беларусі
Як на шляху да Accountability for Belarus могуць быць задзейснены такія механізмы міжнароднай адказнасці, як Міжнародны крымінальны суд і Міжнародны суд ААН? І што гэта такое?

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці