На фота: беларускі дзяржаўны прапагандыст Рыгор Азаронак падчас трансляцыі перадачы "Тайныя спружыны палітыкі"
Пісьменнікі і перакладчыкі Еўропы запатрабавалі ад сваіх урадаў падтрымаць вызвольны рух у Беларусі і даваць прытулак і дапамогу тым, хто ўцякае з краіны.
Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ), Еўрапейская рада асацыяцый літаратурных перакладчыкаў (CEATL) і Еўрапейская рада пісьменнікаў (EWC) заклікаюць урады Еўропы і міжнародную супольнасць прадэманстраваць цвёрдую падтрымку руху дэмакратыі ў Беларусі і даваць прытулак і гуманітарную дапамогу тым, хто ўцякае з краіны.
Праз год пасля сфальсіфікаваных выбараў у Беларусі пануе радыкальнае знішчэнне свабоды слова і грамадскіх арганізацый дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі. Больш за 150 арганізацый трапілі пад «зачыстку», у тым ліку Беларускі ПЭН-цэнтр і Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ). Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў, паэт Барыс Пятровіч, знаходзіцца пад хатнім арыштам і забаронай на зносіны.
Пасля фальсіфікацыі выбараў Лукашэнкі 9 жніўня 2020 года ў Беларусі было арыштавана больш за 40 000 чалавек, у тым ліку больш за 500 супрацоўнікаў СМІ, 1200 работнікаў культуры: пісьменнікаў, перакладчыкаў, музыкаў, акцёраў і праваабаронцаў.
«Гэта радыкальныя рэпрэсіі супраць свабоднай прэсы», - кажа прэзідэнт EFJ Могенс Бліхер Б'ерэгард. «За апошнія тыдні ў рэдакцыях 70 СМІ адбыліся ператрусы, былі арыштаваныя 28 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ, а 50 сайтаў заблакаваныя. Член EFJ, Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), будзе ліквідаваны; судовая справа пачнецца 11 жніўня. Арыштаваныя журналісты, блогеры і рэдактары адбываюць турэмнае зняволенне і ў турме падвяргаюцца гвалту. Становішча свабоды прэсы ў Беларусі сёння найгоршае пасля атрымання незалежнасці ў 1991 годзе».
Дзяржаўныя друкарні адмаўляюцца друкаваць незалежныя газеты. У траўні дыктатар Лукашэнка прыняў папраўку ў закон аб сродках масавай інфармацыі, якая дазваляе ўладам маштабна ўмешвацца ў свабоду слова. Забараняецца суправаджаць дэманстрацыі жывымі трансляцыямі. Кожны, хто мае мабільны тэлефон, рызыкуе быць названы актыўным арганізатарам дэманстрацыі. Беларускія ўлады ахарактарызавалі антыўрадавых пратэстоўцаў як «злачынцаў» і «гвалтоўных рэвалюцыянераў, якіх падтрымлівае Захад», а таксама ахарактарызавалі дзеянні сваіх праваахоўных органаў як «адпаведныя і неабходныя» для «барацьбы з тэрарызмам».
[…]
«Літаратура пераследуецца асабліва падступна і адвольна», - дадае Шон Уайтсайд, прэзідэнт CEATL. «Навіны, якія штодня даходзяць да нас з Беларусі, з кожным днём становяцца ўсё больш жахлівымі. Напады на свабоду слова з боку беларускага ўрада, асабліва калі яны закранаюць пісьменнікаў, журналістаў і перакладчыкаў, абсалютна немагчымыя ні ў Еўропе, ні дзе-небудзь яшчэ». Як гаворыцца ў справаздачы PEN Belarus, пенсіянераў, якія чыталі ў цягніку кнігі Ніла Гілевіча, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, абвінавацілі ва ўдзеле ў «несанкцыянаванай акцыі пратэсту», бо яны чыталі «апазіцыйныя кнігі». Аўтары і перакладчыкі, якія крытыкуюць рэжым, бессаромна дыскрэдытуюцца на дзяржаўным тэлебачанні, а іх творы вымаюцца з дзяржаўных кнігарняў. Мытня правярае кнігі, дасланыя за мяжу або з-за мяжы, і канфіскуе творы, кваліфікаваныя як «экстрэмісцкія», у тым ліку раман Віктара Марціновіча «Рэвалюцыя». Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, напэўна, адна з найбольш цэнзураваных пісьменніц: цяпер забараняецца згадваць яе ў школьнай праграме літаратуры.
«Улада выкарыстоўвае любыя сродкі, каб забіць дэмакратычны рух і свабоду слова», - кажа Ніна Джордж, прэзідэнт EWC. «На дзяржаўным тэлебачанні Беларусі публічна заклікаюць павесіць прадстаўнікоў апазіцыі. Нядаўна кіраўніка Беларускага дома ў Кіеве Віталя Шышова знайшлі павешаным у парку; ён у асноўным дапамагаў беглым беларусам знайсці абарону і стабільнасць ва Украіне. Нашы калегі, якія знаходзяцца ва ўцёках, просяць нас заклікаць еўрапейскія ўрады ад іх імя актыўна падтрымліваць народ Беларусі. Праз год, калі ні санкцыі не ўступілі ў сілу, ні міністры культуры ЕС і ЕЭЗ не змаглі прынамсі дамовіцца аб адзінай пазіцыі на карысць прэсы і работнікаў культуры Беларусі, прыйшоў час Еўропе актыўна абараняць каштоўнасці дэмакратыі - падтрымліваючы тых, хто пакутуе ад гвалту Лукашэнкі».
Еўрапейская рада асацыяцый літаратурных перакладчыкаў (CEATL), Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) і Еўрапейская рада пісьменнікаў (EWC) заклікаюць да салідарнасці з боку ўсіх міністраў культуры і замежных спраў.
Мы патрабуем не толькі выразнага пратэсту ў агульнай заяве аб гвалце і рэпрэсіях, якія працягваюцца ў Беларусі, і ціску на нелегітымны рэжым Лукашэнкі, каб ён вызваліў палітвязняў. Акрамя таго, мы патрабуем пашыраных і паскораных гуманітарных і/або шэнгенскіх віз для ўцякаючых беларусаў, асабліва, але не абмяжоўваючыся работнікамі СМІ і культуры, а таксама фінансавай і палітычнай падтрымкі тых НДА ў суседніх краінах, якія падтрымліваюць беларусаў.
Мы таксама заклікаем нашых калег па прэсе і кніжным сектары даць голас тым, каму ў Беларусі ў гэтым адмоўлена. Не спыняйце рэпартажы пра Беларусь, друкуйце «забароненыя кнігі», выступайце за стыпендыі і жытло для беларусаў. Таму што наша прыхільнасць дэмакратыі і правам чалавека даказвае тым, хто ў Беларусі змагаецца за сваю дэмакратыю, што іх супраціў і бязмерныя пакуты – не дарэмныя.
Могенс Бліхер Б’ерэгард - прэзідэнт EFJ
Шон Уайтсайд - прэзідэнт CEATL
Ніна Джордж - прэзідэнт EWC
**
Еўрапейская рада асацыяцый літаратурных перакладчыкаў(CEATL) - федэрацыя з 35 сябраў з 29 краін, якія прадстаўляюць 10 000 асобных перакладчыкаў.
Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) - найбуйнейшая журналісцкая арганізацыя Еўропы, якая прадстаўляе больш за 320 000 журналістаў у 72 арганізацыях у 45 краінах.
Еўрапейская рада (EWC) - федэрацыя 46 нацыянальных арганізацый пісьменнікаў і перакладчыкаў у 31 краіне, якая прадстаўляе 160 000 пісьменнікаў і перакладчыкаў.
Арыгінал артыкула на сайце Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (на англійскай мове)
Пераклад на беларускую мову Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава