Наталля Мацкевіч: «Мэта люстрацыі — не помста, а абарона дэмакратыі ад пагрозы рэванша»

10 лютага 2026, 14:38
Наталля Мацкевіч: «Мэта люстрацыі — не помста, а абарона дэмакратыі ад пагрозы рэванша»

На сайце Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава апублікаванае даследванне “Люстрацыя як элемент пераходнага правасуддзя: падыходы сацыяльных навук і міжнародныя стандарты”.

Даследванне было зробленае ў межах адукацыйнага праекта Accountability for Belarus, у якім БДПЧ выступіў як партнёр.

Аўтары даследвання – Яўген Крыжаноўскі, Наталля Мацкевіч і Станіслаў Дзмітрыеўскі.

Наталля Мацкевіч, эксперт праграмы ILIA-By, адказала на пытанні БДПЧ пра даследванне.

Што такое «люстрацыя»? Уявім, што ўлада мяняецца на дэмакратычную — і назаўтра трэба звольніць усіх сілавікоў і чыноўнікаў? А як жа пакаранне?

- Па-першае, люстрацыя ладзіцца на падставе закона, а не нейкага надзвычайнага акта. А каб прыняць закон, патрэбны парламент, абраны дэмакратычным спосабам. Так што ніякага “звальнення назаўтра” ў выніку люстрацыі не адбудзецца. Па-другое, не абавязкова звальняць, і не ўсіх – а толькі паводле дакладных крытэрыяў ў выніку справядлівай працэдуры. Па-трэцяе, люстрацыя – не замена крымінальнаму праву і працэсу, дзе суды адказваюць, як пакараць за злачынствы.

Дык навошта тады люстрацыя, калі за пакаранне па-ранейшаму адказваюць суды?

Люстрацыя адказвае на пытанне пра давер: каму можна даручыць кіраванне дзяржавай ва ўмовах дэмакратычнага транзіта. Гэта значыць, што люстрацыя рэгулюе доступ да публічнай улады ў пераходны перыяд і скіраваная не на помсту – а на абарону дэмакратыі ад пагрозы рэванша. Люстрацыя не павінна быць масавай. Яна прымяняецца індывідуальна, на абмежаваны тэрмін і з магчымасцю абскарджвання.

Як люстрацыя можа зрабіць грамадства больш здаровым? Можа быць, яна наадварот, раззлуе грамадзтва?

Перасцярогі, што люстрацыя “раззлуе грамадства”, зразумелыя. Але злосць і недавер узнікаюць хутчэй там, дзе ўсё застаецца па-старому, і пры ўладзе застаюцца тыя, хто рэпрэсавалі, падтрымлівалі рэжым, тыя, што не гатовыя прыняць дэмакратычныя правілы.

Акрамя таго, люстрацыя – гэта толькі адзін з захадаў пераходнага правасудддзя. А пераходнае правасуддзе ўключае ў сабе крымінальную адказнасць для тых, хто здзейсніў злачынствы; рэабілітацыю ахвяраў, прававыя рэформы, работу з памяццю і ўмацаванне грамадзянскай супольнасці. Толькі комплекс гэтых захадаў дазваляе грамадству разабрацца з цяжкім мінулым, калі краіна выходзіць з аўтарытарнага рэжыма і пэрыяда масавых парушэнняў правоў чалавека і пры пераходзе да дэмакратычнага парадка.

Іншыя краіны ўжо пераходзілі ад дыктатуры да дэмакратыі; дык можа, прасцей Беларусі не вынаходзіць ровар, а зрабіць люстрацыю па іх узоры?

Чым больш паглыбляюся ў тэму люстрацыі, тым большае маё перакананне, што ў выпадку з Беларуссю акурат варта “вынаходзіць ровар”, бо ўмовы ў кожнай краіне розныя. І нельга сказаць, што ў нейкай краіны “атрымалася ідэальна”. Даследнікі і міжнародныя органы адзначаюць як моцныя, так і слабыя бакі ў досведзе кожнай краіны, якая прайшла праз люстрацыю.

Што характэрна менавіта для Беларусі?

Беларусь мае свае ўнікальныя абставіны ў параўнанні з краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (не кажучы ўжо пра іншыя рэгіёны): пачынаючы з перыяду (цяпер другое дзесяцігоддзе XXI стагоддзя, а не 1990-я) і заканчваючы «спадчынай» аўтарытарнага рэжыму, уключаючы злачынствы супраць чалавецтва.

А што павінна быць агульным для краінаў, якія праходзяць праз люстрацыю?

Агульным падыходам застюцца стандарты правоў чалавека, якіх трэба прытрымлівацца ва ўсіх выпадках увядзення абмежаванняў асноўных правоў, а люстрацыя менавіта і прадугледжвае такія абмежаванні. Гэтыя стандарты ўжо былі ўсталяваныя міжнароднымі органамі на падставе практыкі іншых дзяржаваў, якія прымянялі меры люстрацыі, і менавіта ў гэтым плане беларусам будзе лягчэй пазбегнуць памылак.

Для каго і для чаго гэтае даследванне? Здаецца, Офіс Святланы Ціханоўскай публікаваў аналагічную працу датычна люстрацыі?

Офіс прапануе пэўную мадэль люстрацыі і абгрунтоўвае яе. Мы, даследнікі, наадварот: свядома не прасоўваем гатовыя рашэнні і не ацэньваем ужо прапанаваныя, бо выбар мадэлі люстрацыі залежыць ад канкрэтных гістарычных і палітычных умоваў, калі ўзнікне пытанне яе рэалізацыі. Многія з гэтых умоваў немагчыма прадказаць сёння.

У гэтым выпадку даследванне пераследуе адукацыйныя мэты і мэты павышэння дасведчанасці. У гэтай публікацыі мы даем аб'ектыўную інфармацыю, аналітычныя і прававыя рэкамендацыі для размовы пра люстрацыю. Даследванне адрасаванае ўсім, хто ўдзельнічае або будзе ўдзельнічаць у гэтай размове, незалежна ад прафесіі.

Мы спадзяёмся, што гэтая «база ведаў» дапаможа разглядаць люстрацыю не толькі праз прызму асабістых пачуццяў ці палітычных мэтаў – а фарміраваць пазіцыі, заснаваныя на фактах, прававых стандартах і крытычнай ацэнцы мэтаў і наступстваў люстрацыі. І тады грамадзянская супольнасць зможа быць суб'ектам і ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў і распрацоўцы падыходаў як цяпер, так і ў будучыні.

Хто аўтары даследвання, якая іх экспэртыза ў пытаннях люстрацыі?

Ідэя запрасіць менавіта гэтых суаўтараў узнікла з разумення, што для такога даследавання патрэбны навуковы падыход, уменне працаваць з шырокім колам крыніц, а таксама экспертыза ў галіне пераходнага правасуддзя. Вынік нашай сумеснай працы мяне ўразіў, хаця, вядома, як удзельніца праекта, я наўрад ці магу быць аб'ектыўнай. Я вельмі спадзяюся, што ў будучыні мы зможам пабачыць гэтых экспэртаў на нашых адукацыйных мерапрыемствах.

Мой уласны ўнёсак быў звязаны з прафэсійным фокусам на правах чалавека. Я працавала над тым, каб паказаць міжнародныя прававыя стандарты, якім павінны адпавядаць працэсы люстрацыі. Мне было важна выявіць не толькі жорсткія «чырвоныя лініі», якія нельга перасякаць пры распрацоўцы люстрацыйных механізмаў (напрыклад, строга неабходным патрабаваннем з'яўляецца незалежнасць органа, які праводзіць люстрацыю), але і нюансы, якія пакідаюць прастору для выбару падыходаў, не выходзячы за рамкі прававых гарантый (напрыклад, вызначэнне круга люстраваных пазіцыяў).

Акрамя гэтага, я спрабую дадаць ў даследаванне беларускі кантэкст, зыходзячы з аб'ектыўных умоваў, уласных назіранняў і тых дыскусіяў, якія сёння вядуцца ў юрыдычнай супольнасці вакол тэмы люстрацыі.

ЧЫТАЦЬ ДАСЛЕДВАННЕ «Люстрация как элемент переходного правосудия: подходы социальных наук и международные стандарты»

Падзялiцца

Глядзiце таксама

Затрыманьне як пакараньне: чаму ў Беларусі трэба мяняць саму лёгіку правапрымяненьня
14 ліпеня 2025, 13:48
Затрыманьне як пакараньне: чаму ў Беларусі трэба мяняць саму лёгіку правапрымяненьня
Як вярнуць затрыманьню яго юрыдычны сэнс і спыніць яго выкарыстаньне як інструмэнта рэпрэсіяў – пераказваем дасьледаваньне экспэртна-аналітычнай лябараторыі ILIA-By BELIEVE.
Што нам трэба зрабіць, каб катаваньняў у Беларусі больш не было?
09 ліпеня 2025, 11:02
Што нам трэба зрабіць, каб катаваньняў у Беларусі больш не было?
Пераказваем артыкул навукова-практычнай лябараторыі ILIA-By BELIEVE «Расьсьледаваньне заяваў пра катаваньні».
Human Constanta: Human Camp вяртаецца!
14 чэрвеня 2025, 10:15
Human Constanta: Human Camp вяртаецца!
У ліпені і лістападзе 2025 года Цябе чакаюць два адукацыйныя кэмпы.
Лаборатория ILIA-By BELIEVE. Досудебное соглашение
31 сакавіка 2025, 16:23
Лаборатория ILIA-By BELIEVE. Досудебное соглашение
Сделка о признании вины, соглашение о сотрудничестве между подозреваемым, обвиняемым и государством в лице прокурора позволяет сторонам путем взаимных уступок ускорить разрешение уголовных дел, избежать неопределенности для обвиняемого и значительных расходов для государства.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці