«Не прынялі, не ратыфікавалі, не стварылі»: што прад’явілі Беларусі на Універсальным перыядычным аглядзе

06 лістапада 2025, 21:00
«Не прынялі, не ратыфікавалі, не стварылі»: што прад’явілі Беларусі на Універсальным перыядычным аглядзе

Падчас Універсальнага перыядычнага агляду па Беларусі, які прайшоў 3 лістапада 2025 года, дзясяткі дзяржаваў-удзельніц ААН адзначылі, што Беларусь дагэтуль не ратыфікавала шэраг ключавых факультатыўных пратаколаў і канвенцый ААН, якія тычацца правоў чалавека.

“Вясна” тлумачыць, чаму гэта важна і якія наступствы мае для краіны.

Факультатыўныя пратаколы да канвенцый

Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах  (МПГПП) мае два факультатыўных пратакола. У першым з іх – які называецца проста “Факультатыўным пратаколам” – замацоўваецца сістэма, пры якой Камітэт па правах чалавека можа прымаць і разглядаць скаргі ад фізічных асоб, якія заяўляюць аб тым, што іх правы чалавека былі парушаны. Скаргі падаюцца супраць дзяржавы, якая іх парушыла. Беларусь доўгі час была ў ліку лідараў па пададзеных супраць яе скаргаў, пакуль не вырашыла дэнансаваць Факультатыўны пратакол у 2023 годзе.

На гэта падчас Універсальнага перыядычнага агляду па Беларусі звярнулі ўвагу некаторыя краіны. Сярод іх Ліхтэнштэйн, Намібія, Румынія, Албанія, Калумбія, Эквадор, Гамбія. Так, Албанія рэкамендавала Беларусі “перагледзець сваё рашэнне аб выхадзе з Факультатыўнага пратакола МПГПП”, “зноў ратыфікаваць” рэкамендавалі Калумбія і Ліхтэнштэйн.

Другі факультатыўны пратакол да МПГПП накіраваны на адмену смяротнага пакарання. Яго Беларусь не падпісала і не ратыфікавала. На гэта падчас Універсальнага перыядычнага агляду звярнулі ўвагу як мінімум 34 краіны-ўдзельніцы ААН. Яны рэкамендавалі Беларусі адмяніць смяротнае пакаранне ці ўвесці мараторый як першы крок на шляху да адмены смяротнага пакарання. Сярод іх: Украіна, Чылі, Калумбія, Ісландыя, Літва, Люксембург, Мальта, Мексіка, Манголія, Новая Зеландыя, Нарвегія, Парагвай, Малдова, Румынія, Іспанія, Швецыя, Швейцарыя, Тога, Злучанае Каралеўства, Албанія, Аўстралія, Аўстрыя, Бельгія, Бразілія, Канада, Харватыя, Кіпр, Эстонія, Фінляндыя, Францыя, Германія, Грэцыя, Італія, Партугалія.

Беларусь таксама не ратыфікавала Факультатыўны пратакола да Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю. Гэты Факультатыўны пратакол гаворыць аб тым жа — што людзі з інваліднасцю могуць скардзіцца ў адпаведны Камітэт на дзяржаву, якая парушыла іх правы. А падчас Універсальнага перыядычнага агляду на гэта звярнулі ўвагу як мінімум дзве краіны: Намібія і Парагвай. Яны рэкамендавалі Беларусі ратыфікаваць гэты Факультатыўны пратакол.

Акрамя гэтага, Беларусь з’яўляецца падпісантам Канвенцыі супраць катаванняў. Але Факультатыўны пратакол да яе яна так і не прыняла. Яго мэта заключаецца ў тым, каб стварыць  у тым ліку Міжнародны прэвентыўны механізм супраць катаванняў — Падкамітэт па папярэджанні катаванняў, які наведвае месца пазбаўлення волі ў дзяржавах-удзельніцах. Іншымі словамі, калі б Беларусь падпісала гэты Факультатыўны пратакол, до мусіла б дазволіць Падкамітэту ўваход у свае месцы, дзе людзі пазбаўлены свабоды.

А падчас Універсальнага перыядычнага агляду ратыфікаваць Факультатыўны пратакол да Канвенцыі супраць катаванняў Беларусі рэкамендавалі такія краіны, як Ліхтэнштэйн, Новая Зеландыя, Швейцарыя, Таджыкістан, Уругвай, Данія, Гана.

Ратыфікацыя канвенцый

Беларусь не ратыфікавала шэраг канвенцый, на што звярталі ўвагу розныя краіны падчас Універсальнага перыядычнага агляду. Так, Мальта, Калумбія і Японія рэкамендавалі Беларусі ратыфікаваць Міжнародную канвенцыю аб абароне ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў.

Канвенцыі аб статусе апатрыдаў 1954 года і Канвенцыя аб скарачэнні безграмадзянства 1961 года таксама не ратыфікаваны Беларуссю. На гэта звярнулі падчас Універсальнага перыядычнага агляду Уругвай, Экватарыяльная Гвінея і Малдова.

Рымскі Статут Міжнароднага крымінальнага суда

Беларусь таксама не падпісала Рымскі статут, які стварыў Міжнародны крымінальны суд. Рымскі статут створаны для пераследу фізічных асобаў за самыя цяжкія міжнародныя злачынствы: генацыд, злачынствы супраць чалавечнасці, ваенныя злачынствы, злачынствы агрэсіі.

А падчас Універсальнага перыядычнага агляду падпісаць Рымскі статут Беларусі парэкамендавалі Латвія, Люксембург і Ліхтэнштэйн.

У іншых фармулёўках шмат якія краіны рэкамендавалі Беларусі спыніць яе ўдзел у агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны. Пра гэта сказалі Літва, Польшча, Славенія, Украіны, Эстонія, Латвія. Канада ж адзначыла, што “Беларусь па-ранейшаму з'яўляецца саўдзельніцай Расеі ў агрэсіўнай вайне супраць Украіны”, а Кіпр настойліва заклікаў Беларусь выйсці з агрэсіўнай вайны.

Акрамя таго, Латвія падчас Універсальнага перыядычнага агляду настойліва рэкамендавала Беларусі вярнуць усіх незаконна дэпартаваных і вывезеных украінскіх дзяцей. На тое ж звярнулі ўвагу Літва, Польшча, Славенія, Аўстралія і Фінляндыя.

Таксама некаторыя краіны парэкамендавалі Беларусі “эфектыўна і бесстаронна расследаваць усе заявы аб катаваннях і прыцягнуць да адказнасці вінаватых” (Ліхтэнштэйн), “правесці незалежнае, бесстаронняе, эфектыўнае і транспарэнтнае расследаванне ўсіх парушэнняў правоў чалавека, асабліва тых, што могуць быць прызнаныя злачынствамі паводле міжнароднага права” (Чарнагорыя), “забяспечыць пакаранне вінаватых” (Польшча), “забяспечыць падсправаздачнасць за любыя парушэнні” (Малдова). З падобнымі рэкамендацыямі выступілі таксама Канада і Дамініканская Рэспубліка.

Незалежная Нацыянальная праваабарончая ўстанова

У Беларусі няма незалежнай Нацыянальнай праваабарончай установы згодна з Парыжскімі прынцыпамі. На гэта падчас Універсальнага перыядычнага агляду звярнулі ўвагу: Маўрыкій, Манголія, Непал, Філіпіны, Рэспубліка Карэя, Буркіна-Фасо, Камерун, Чылі, Калумбія, Гамбія, Грэцыя. Яны парэкамендавалі Беларусі стварыць гэтую ўстанову.

Публікуецца паводле сайту "Вясны"

Падзялiцца

Глядзiце таксама

Універсальны перыядычны агляд: Беларусь падтрымала 128 рэкамендацый з 332
18 снежня 2025, 21:00
Універсальны перыядычны агляд: Беларусь падтрымала 128 рэкамендацый з 332
У Жэневе прайшло 15 пасяджэнне перад дзясятай сесіяй Рабочай групы па Універсальным перыядычным аглядзе (УПА). На ім прынялі раздзел рэкамендацый праекта дакладу УПА па ў тым ліку і Беларусі.
Што такое «Accountability for Belarus»? Тлумачыць экспертка БХК Кацярына Дзяйкала
05 снежня 2025, 21:00
Што такое «Accountability for Belarus»? Тлумачыць экспертка БХК Кацярына Дзяйкала
"Вясна" разбіраецца разам з эксперткай БХК Кацярынай Дзяйкалай.
Шлях да Еўрапейскай Канвенцыі: чаму адмена смяротнага пакарання — ключ да абароны правоў беларусаў
04 снежня 2025, 21:00
Шлях да Еўрапейскай Канвенцыі: чаму адмена смяротнага пакарання — ключ да абароны правоў беларусаў
Беларусы вартыя быць у Радзе Еўропы. Але адной з перашкод для гэтага становіцца наяўнасць смяротнага пакарання ў краіне.
16 справаў супраць Беларусі: Камітэт па правах чалавека ААН вынес меркаванні
28 лістапада 2025, 06:00
16 справаў супраць Беларусі: Камітэт па правах чалавека ААН вынес меркаванні
Камітэт па правах чалавека ААН вынес Меркаванні па справе адразу 16 заяўнікаў. Яны тычыліся штрафаў за вывешванне бела-чырвона-белых сцягоў (і не толькі) на вокнах уласных дамоў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці