Фота з архіва ІКАО. Сустрэча дэлегатаў у Чыкага ў 1944 годзе
У адказ на прымусовую пасадку пасажырскага самалёта ў сталіцы Беларусі ў Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) заявілі, што гэты інцыдэнт можа парушаць Канвенцыю аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі (Чыкагскую канвенцыю). 27 мая пройдзе надзвычайнае паседжанне дыпламатычных прадстаўнікоў у Радзе ІКАО. У матэрыяле ААН – пра тое, якімі паўнамоцтвамі валодае гэтая міжнародная арганізацыя.
1. ІКАО была заснаваная яшчэ на заранку міжнародных грамадзянскіх авіяперавозак
Другая сусветная вайна стала перыядам бурлівага развіцця авіяцыйнай тэхнікі. Людзі разлічвалі, што грамадзянскія авіяперавозкі – пасажырскія і грузавыя – будуць усё больш і больш папулярнымі. У 1944 годзе ўрад ЗША запрасіў дэлегатаў з саюзных дзяржаваў у Чыкага, каб распрацаваць першую міжнародную канвенцыю ў сферы грамадзянскай авіяцыі.
Гэты дакумент павінен быў спрыяць яе развіццю ў «бяспечным і ўпарадкаваным» рэчышчы, спрыяць стварэнню авіятранспартных паслугаў паводле прынцыпу «роўнасці магчымасцяў» і рацыянальнага функцыянавання.
Чыкагская канвенцыя ўвайшла ў сілу ў 1947 годзе. Тады ж была заснаваная Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі, ІКАО (паводле англійскай абрэвіятуры ICAO). Яе галоўная задача – падтрымліваць міжнародную супрацу ў сферы авіяперавозак. Штаб-кватэра арганізацыі знаходзіцца ў Манрэалі.
2. ІКАО забяспечвае бесперапынную працу глабальнай авіятранспартнай сеткі
Каб забяспечыць функцыянаванне міжнароднай сеткі паветранага транспарта, трэба пераканацца, што ўсе ўдзельнікі трымаюцца аднолькавых правілаў. Гэта – галоўная задача ІКАО.
Эксперты арганізацыі, у прыватнасці, вывучаюць інавацыі ў сферы стандартызацыі авіяперавозак, знаюмяцца з апошнімі распрацоўкамі ў гэтай сферы, даюць рэкамендацыі і неабходную інфармацыю ўрадам.
3. Але ІКАО не выконвае ролю «нябеснага паліцэйскага»
ІКАО можа аб’ядноўваць мноства краінаў і спрыяць заключэнню міжнародных пагадненняў. Аднак арганізацыя не ёсць глабальным рэгулятарам, і ў яе няма паўнамоцтваў, якія б дазволілі ёй кантраляваць паветраную прастору.
Так, ІКАО не можа па сваім жаданні закрываць ці абмяжоўваць паветраную прастору краіны, перакрываць маршруты або выступаць з афіцыйным асуджэннем у адрас кіраўніцтва аэрапортаў ці авіякампаній за парушэнне стандартаў у сферы бяспекі ці абслугоўвання кліентаў.
Краіны прымаюць свае ўласныя правілы, якіх павінны трымацца ўсе авіякампаніі, калі ўваходзяць у іх нацыянальную паветраную прастору.
Калі краіна парушае стандарты, узгодненыя на міжнародным узроўні і прынятыя праз ІКАО, роля арганізацыі заключаецца ў тым, каб дапамагчы краінам выпрацаваць скаардынаваны адказ на тое, што адбылося.
4. У ІКАО ўсхваляваныя інцыдэнтам у Беларусі
У Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі выказалі сур’ёзную ўсхваляванасць вымушанай пасадкай самалёта кампаніі Ryanair у Мінску. У ІКАО адзначылі, што гэты інцыдэнт можа парушаць Чыкагскую канвенцыю.
«Мы чакаем дадатковую інфармацыю, афіцыйна пацверджаную краінамі і аператарамі», - было напісана ў заяве на афіцыйнай старонцы ІКАО ў Твітэры.
Нагадваем, што ў нядзелю, 23 мая, самалёт авіякампаніі Ryanair, які ішоў па маршруце Афіны-Вільнюс, змушаны быў зрабіць экстраную пасадку: з аэрапорта Мінска паведамілі, што лайнер замініраваны. Адразу пасля прызямлення самалёта прадстаўнікі сілавых структур Беларусі затрымалі Рамана Пратасевіча – актывіста, стваральніка апазіцыйнага Тэлеграм-канала NEXTA, яки знаходзіўся на борце.
У панядзелак, 24 мая, Прэзідэнт Рады ІКАО Сальваторэ Шакітана абвясціў, што склікае тэрміновае паседжанне 27 мая.
ЧЫТАЦЬ ЯШЧЭ: ІКАО будзе расследаваць інцыдэнт з пасадкай самалёта Ryanair у Мінску
На інцыдэнт таксама адрэагавалі Генеральны сакратар ААН Антоніў Гутэрыш і прадстаўнікі Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.
5. Што ІКАО можа зрабіць у гэтай сітуацыі?
Інцыдэнт у Беларусі – гэта далёка не першы выпадак, калі самалёт вымусілі сесці ў аэрапорце, у які ён не ляцеў. Аднак у ІКАО упершыню будуць абмяркоўваць сітуацыю, калі адна з дзяржаваў-сябраў арганізацыі меркавана нясе адказнасць за гэта.
Тэрміновае паседжанне Рады ІКАО можа стаць адпраўной кропкай для правядзення незалежнага расследавання інцыдэнта, аднак, як ужо згадвалася раней, ІКАО не з’яўляецца глабальным рэгулятарам і не можа прымяняць ніякіх канкрэтных мераў да Беларусі.