У Варшаве з 26 верасня па 7 кастрычніка праходзіць штогадовая Канферэнцыя АБСЕ па чалавечым вымярэнні — найбуйнейшая у Еўропе канферэнцыя па правах чалавека і дэмакратыі, піша "Вясна".
У канферэнцыі ўдзельнічаюць дэлегацыі 57 краін АБСЕ, яе структур і партнёраў, грамадзянскай супольнасці і міжнародных арганізацый, у тым ліку, і беларускія праваабаронцы. 28 верасня на пленарным пасяджэнні абмеркавалі крызіс з правамі чалавекамі ў Беларусі.
Пленарнае пасяджэнне па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, 28 верасня 2022 года
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка, які таксама прымае ўдзел у Канферэнцыі, адзначае важнасць такога ўдзелу для беларускага грамадства. Гэта дазваляе прыцягнуць увагу да пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і спрыяць дыскусіі паміж грамадзянскай супольнасцю і прадстаўнікамі дзяржаў-удзельніц АБСЕ аб магчымых наступных кроках па забеспячэнні адказнасці вінаватых і правасуддзя для пацярпелых.
Праваабаронца, экспертка арганізацыі Lawtrend Вольга Смалянка, якая выступала на пленарным пасяджэнні АБСЕ па Беларусі "Унутраныя рэпрэсіі і транснацыянальныя", данесла да ўдзельнікаў Канферэнцыі сітуацыю па пагаршэнні з правамі чалавека ў Беларусі і распавяла, што рэпрэсіі ў краіне працягваюцца па сёння:
"За кожным парушэннем правоў чалавека ў Беларусі стаяць канкрэтныя людзі, стаяць лёсы канкрэтных людзей. У месцах пазбаўлення волі знаходзяцца людзі толькі за тое, што яны нейкім чынам выказваюць нязгоду існуючаму рэжыму. Напрыклад, толькі за тое, што яны публікавалі нейкія матэрыялы ў фэйсбуку. Паводле самых сціплых падлікаў больш за 250 тысяч беларусаў былі вымушаныя рэлацыравацца з краіны. І гэтая лічба на самай справе больш, таму што афіцыйнай статысткі аб тым, колькі беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць краіну ў сувязі з масавымі рэпрэсіямі, якія праходзяць пасля жніўня 2020 года, няма.
Беларускімі праваабаронцамі зафіксавана шмат фактаў бесчалавечнага абыходжання і катаванняў у месцах пазбаўлення волі. Людзям апранаюць пакеты на галовы, людзей катуюць, ноччу праводзяць допыты, людзей забіваюць. І такіх фактаў вельмі — вельмі шмат.
На сённяшні дзень у месцах пазбаўлення волі знаходзяцца шэсць праваабаронцаў —прадстаўнікоў Праваабарончага цэнтра "Вясна". Нядаўна адна з нашых калегаў — каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова была прысуджаная да 15 гадоў пазбаўлення волі. Нядаўна стала вядома, што праваабаронцам "Вясны" Алесю Бяляцкаму, Уладзіміру Лабковічу, Валянціну Стэфановічу зменена абвінавачванне, па якому цяпер ім пагражае ад 7 да 12 гадоў пазбаўлення волі.
На дадзены момант у Беларусі ліквідавана або знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі больш за тысячу некамерцыйных арганізацый. Гэта вельмі шмат. Людзям даюць усё большыя і большыя тэрміны. Сёння журналістку Ксенію Луцкіну асудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі.
Сёння стала вядома, што завочная вытворчасць пачата ў дачыненні да сябраў некалькіх арганізацый: Каардынацыйнай Рады, Праваабарончага цэнтра "Вясна", Беларускага фонда спартыўнай салідарнасці. І такіх спраў будзе станавіцца ўсё больш і больш.
Улады не выконваюць свае міжнародныя абавязацельствы, Канстытуцыю. Нядаўна ў парламент паступіў законапраект аб дэнансацыі Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэта значыць, што беларусы, якія пазбаўленыя права на доступ да нацыянальных судоў, таму што яны не працуюць і залежныя, не змогуць звяртацца з індывідуальнымі зваротамі ў Камітэт па правах чалавека ААН. Гэта значыць, што ў такіх умовах, у беларусаў наогул не будзе права на абскарджанне. У такой сітуацыі важна казаць аб кожным і фіксаваць кожнае парушэнне правоў чалавека. Таксама вельмі важна казаць пра тое, што тыя, хто парушае правы чалавека, хто катуе людзей, трымае ў месцах пазбаўлення волі і прымушае пакідаць краіну, павінны быць прыцягнутыя да адказнасці".
Удзельнікі пасяджэння абмяркоўвалі важнасць дакументавання парушэнняў правоў чалавека з боку ўладаў, але падкрэслілі, што трэба намагацца выпрацаваць больш хуткія і эфектыўныя механізмы па прыцягненні вінаватых да адказнасці.
"На сённяшні момант ні беларусы, ні арганізацыі грамадзянскай супольнасці не справяцца без канкрэтнай рэакцыі міжнароднай супольнасці на тое, што адбываецца ў нашай краіне. Ні занепакоенасцю сітуацыяй, ні выразам спачуваннем [не дапаможаш], а канкрэтнай рэакцыяй на канкрэтныя падзеі, якія адбываюцца. Калі мы з міжнароднай супольнасцю не будзем рэагаваць на тое, што адбываецца ў Беларусі, мы будзем атрымліваць усё больш і больш горшую сітуацыю не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце.
У Беларусі парушэнне правоў чалавека ні здарыліся раптоўна. Яно доўжыцца шмат гадоў — з 1996 года. І тыя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, якія павінны быць уцягнутыя ў дэмакратызацыю, яны з 1996 года працуюць у сітуацыі парушэнняў правоў чалавека. У Беларусі працягваюць працу арганізацыі, якія працуюць у релакацыі, з сітуацыяй і ўмовамі, якія ёсць унутры Беларусі. Таму што трэба дапамагчы беларускім грамадзянам, каб яны маглі ў кароткатэрміновай або доўгатэрміновай перспектыве заняцца дэмакратычнымі пераўтварэннямі ў краіне", — перакананая Вольга Смалянка.
Спецыяльная дакладчыца па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн адзначыла, што велізарнай праблемай з'яўляецца беспакаранасць вінаватых за сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека, якія ўжо мелі месца. І існуе рызыка таго, што з-за адсутнасці адказнасці за ўчыненыя злачынствы вінаватыя будуць працягваць гэтую практыку.
"Сітуацыя з правамі чалавека настолькі пагоршылася, што цяпер людзей пераследуюць у эміграцыі", — распавядае пра беларускую рэчаіснасць Марэн.
Як адзначае Спецдакладчыца, Рада правоў чалавека ААН сёлета таксама падкрэсліла праблему транснацыянальнай агрэсіі і занепакоенасць, якую ён адчувае з нагоды пытанняў правоў чалавека, якія ўзнікаюць у кантэксце вайна ва Украіне. Орган выказвае сваю глыбокую занепакоенасць у сувязі з паведамленнямі пра рэпрэсіі ў дачыненні да асоб, якія ажыццяўляюць сваё права на свабоду выказвання меркаванняў, выступаючы супраць агрэсіі Расейскай Федэрацыі супраць Украіны і падтрымкі Беларуссю гэтай агрэсіі. Рада звяртае ўвагу, што яны адбываюцца на фоне сістэмных і сістэматычных абмежаванняў, замахаў на правы чалавека ў Беларусі з-за адвольных затрыманняў, пазбаўлення адвакацкіх ліцэнзій, рэпрэсій супраць незалежных СМІ.
Пленарнае пасяджэнне АБСЕ па Беларусі "Унутраныя рэпрэсіі і транснацыянальныя" скончылася абяцаннем дамагацца вызвалення беларускіх палітвязняў.
На Канферэнцыі вялікую ўвагу надавалі таму, як унутраныя рэпрэсіі, у тым ліку ў Беларусі, ўплываюць на сітуацыю ў свеце. Так, пасол Вялікабрытаніі Ніл Буш ва ўступнай заяве 27 верасня адзначаў:
"Паколькі мы адзіныя з Украінай, мы таксама павінны задумацца аб стане правоў чалавека ў Расійскай Федэрацыі і Беларусі. Унутраныя рэпрэсіі і знешняя агрэсія ўяўляюць сабой два бакі аднаго медаля: калі дзяржава ўшчамляе свабоды ўласнага народа, яно стварае ўмовы і робіць магчымым агрэсію за мяжой".
Канферэнцыю па чалавечым вымярэнні штогод арганізуе Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ). Яна праводзіцца ўжо ў 26-ты раз.