ПАСЕ прызнала адказнасць Лукашэнкі за перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей

26 чэрвеня 2025, 13:46
ПАСЕ прызнала адказнасць Лукашэнкі за перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей

На фота: Дзеці з акупаванага Расеяй Данбасу наведваюць брыгаду спецназу ўнутраных войскаў (в/ч 3214) у Мінску. Архіўнае фота газеты "СБ. Беларусь сегодня"

У прынятую рэзалюцыю Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) унесенае дапаўненне, якое тычыцца адказнасці Аляксандра Лукашэнкі за перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны, піша "Вясна". Рэзалюцыя "Прававыя аспекты і аспекты правоў чалавека агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны" была прынятая 24 чэрвеня падчас летняй сесіі ПАСЕ.

Восенню мінулага годы праваабарончыя арганізацыя Freedom House, "Вясна", ZMINA (Украіна) і  ініцыятыва былых сілавікоў BelPol падрыхтавалі даклад "Скрадзенае дзяцінства", дзе сярод іншага адзначылі, што перавыхаванне ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыі Беларусі ва ўмовах вайны Расіі супраць Украіны кваліфікуецца як дыскрымінацыйны пераслед, які з’яўляецца злачынствам супраць чалавечнасці. У сярэдзіне верасня аўтары дакладу перадалі дакументы ў Міжнародны крымінальны суд (МУС) у Гаазе.  

Як заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка, які з’яўляецца членам дэлегацыі Каардынацыйнай рады на сесіі ПАСЕ, гэтае дапаўненне было ўнесена з яго ініцыятывы "на падставе доказаў, сабраных НАУ, якія былі прадстаўленыя ў ПАСЕ".

У дапаўненні ўказваецца, што па стане на 14 жніўня 2024 года не менш за 3 500 украінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны былі гвалтоўна перамешчаныя праз або на тэрыторыю Беларусі, дзе яны зазналі расійскую палітычную, ваенную і рэлігійную індактрынацыю. 

"Гэта перамяшчэнне адбывалася па прамым загадзе Аляксандра Лукашэнкі", — гаворыцца ў папраўцы.

МЗС Украіны ў заяве, прысвечанай ухваленым 24 чэрвеня рэзалюцыям ПАСЕ, адзначыла, што "Украіна высока ацэньвае дакладную фармулёўку прававых вывадаў, у прыватнасці: прызнанне дзеянняў РФ, Беларусі і КНДР як акта агрэсіі", а таксама "фіксацыю індывідуальнай адказнасці палітычнага і ваеннага кіраўніцтва гэтых дзяржаў".

Як нагадвае "Позірк", 10 чэрвеня стала вядома, што Украіна ўвяла санкцыі супраць генеральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага схода Дзмітрыя Шаўцова. Раней генсак БЧК неаднаразова ўхваляў расійскую ваенную агрэсію супраць Украіны, абвінавачваўся ў датычнасці да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. Таксама Шаўцоў адзначыўся рэзананснымі заявамі пра размешчаную ў Беларусі расійскую ядзерную зброю.

У 2023 годзе НАУ двойчы перадавала МКС матэрыялы пра датычнасць рэжыму Лукашэнкі да незаконнага перамяшчэння ў Беларусь украінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны. Прадстаўнікі дэмакратычных сіл дамагаюцца выдачы міжнароднага ордара на арышт Лукашэнкі.

24 верасня 2024 года ўкраінскі праграмны дырэктар міжнароднай праваабарончай арганізацыі Freedom House (штаб-кватэра ў Вашынгтоне) Юрый Юркевіч заявіў, што ў МКС былі перададзены “новыя доказы непасрэднага ўдзелу рэжыму Лукашэнкі” ў перамяшчэнні ў Беларусь украінскіх дзяцей.

Пятага кастрычніка быў апублікаваны даклад "Скрадзенае дзяцінства", падрыхтаваны Freedom House, праваабарончым цэнтрам “Вясна”, ініцыятывай былых сілавікоў BelPol, а таксама рэгіянальным цэнтрам правоў чалавека і праваабарончым цэнтрам ZMINA (Украіна).

"Наша задача як удзельнікаў гэтай вялікай працы была ў першую чаргу ў тым, каб сабраць інфармацыю з адкрытых крыніц. І мы, у прыватнасці, вывучалі віды прапаганды — тое, што адбываецца ў беларускіх школах. Гэта, дарэчы, асобная размова пра тое, чым заражаюцца беларускія дзеці ў беларускіх школах, але тым жа самым заражаліся розумы ўкраінскіх дзяцей. Гэтым дзецям распавядалі, што беларускія вёскі падчас Другой сусветнай вайны падпальвалі ўкраінскія ды літоўскія паліцаі, распавядалі пра тое, што вось гэты канцэпт "генацыду беларускага народу", які быў прыдуманы літаральна ў 2020 годзе, разгортваўся з удзелам і падтрымкай так званых "нацыяналістычных банд-фармаванняў" з Украіны, Літвы, Латвіі..." — распавядаў Павел Сапелка, праваабронца "Вясны".

"Беларускі рэжым з’яўляецца саўдзельнікам расійскай палітыкі перамяшчэння, індактрынацыі і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей шляхам перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь, пачынаючы з 2021 года, і ўкаранення расійскай мадэлі перавыхавання і мілітарызацыі на тэрыторыі Беларусі. Гэта пацвярджаецца некалькімі фактарамі", — канстатавалі праваабаронцы.

Праваабаронцы ў сваім дакладзе прыходзяць да высновы, што дзеянні прадстаўнікоў Беларусі і Саюзнай дзяржавы сведчаць аб садзейнічанні Расіі – галоўнага выканаўцы – у выглядзе прадастаўлення сродкаў для здзяйснення злачынства, што з’яўляецца дастатковай падставай для крымінальнай адказнасці.

"Палітычная выхаванне і мілітарызацыя ўкраінскіх дзяцей у Беларусі парушае асноўныя правы і свабоды дзіцяці, у тым ліку права на свабоду думкі, права на адукацыю, права карыстацца сваёй культурай, спавядаць сваю рэлігію і карыстацца роднай мовай, як а таксама права быць абароненым ад умяшання ў сваю ідэнтычнасць. Акрамя таго, перавыхаванне ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыі Беларусі ва ўмовах вайны Расіі супраць Украіны кваліфікуецца як дыскрымінацыйны пераслед, які з’яўляецца злачынствам супраць чалавечнасці".

Афіцыйны прадстаўнік Міжнароднага крымінальнага суда Фадзі эль-Абдала 9 кастрычніка паведаміў, што, нягледзячы на тое, што Беларусь не далучылася да Рымскага статута МКС, рэжым Лукашэнкі можа быць прыцягнуты да адказнасці за датычнасць да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый.

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Падзялiцца

Глядзiце таксама

Эксперты ААН устрывожаныя парушэннямі правоў прафсаюзных актывістаў
16 чэрвеня 2025, 13:16
Эксперты ААН устрывожаныя парушэннямі правоў прафсаюзных актывістаў
Яны заклікалі ўрад краіны паўнавартасна супрацоўнічаць з Упраўленнем Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, праваабарончымі механізмамі ААН, Міжнароднай арганізацыяй працы (МАП) і яе нагляднымі органамі для забеспячэння захавання правоў чалавека лідараў і сябраў незалежных прафсаюзаў.
На Міжнароднай канферэнцыі працы звярнулі ўвагу на пераслед працаўнікоў і незалежных прафсаюзаў у Беларусі
10 чэрвеня 2025, 12:31
На Міжнароднай канферэнцыі працы звярнулі ўвагу на пераслед працаўнікоў і незалежных прафсаюзаў у Беларусі
На 113-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы (МКТ), якая штогод арганізуецца Міжнароднай арганізацыяй працы (МАП), разгледзелі пытанне пераследу працаўнікоў і незалежных прафсаюзаў у Беларусі.
Спецдакладчык ААН: «Беларусь працягвае жыць у змроку рэпрэсій»
27 мая 2025, 12:19
Спецдакладчык ААН: «Беларусь працягвае жыць у змроку рэпрэсій»
Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс апублікаваў свой першы гадавы даклад на гэтай пасадзе.
Заява Міжнароднага ПЭНа: Вызваліць турэцкіх журналістаў Хамзы Каа́на і Мехмета Учара
27 мая 2025, 10:30
Заява Міжнароднага ПЭНа: Вызваліць турэцкіх журналістаў Хамзы Каа́на і Мехмета Учара
PEN International мяркуе, што Каан і Учар сталі мішэнню выключна за мірную рэалізацыю свайго права на свабоду выказвання меркаванняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці