Тры гады таму, 12 лістапада 2020 году, пасля жорсткага збіцця памёр жыхар Плошчы Перамен Раман Бандарэнка. Крымінальная справа па факце ягонай смерці прыпыненая, негледзячы на тое, што датычных да інцыдэнту журналістам удалося вылічыць па камерах назірання. Сёлета лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская абвясціла 12 лістапада Днём салідарнасці з Беларуссю. З гэтай нагоды выказаўся праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка.
Павел Сапелка і Алесь Бяляцкі. Архіўнае фота spring96.org
"У Дзень салідарнасці з народам Беларусі дэмакратычныя сілы выказваюцца ў падтрымку аднаўлення канстытуцыйных асноваў дзяржавы, у падтрымку тых, хто за сваю цалкам легітымную дзейнасць пазбаўлены волі і ўтрымліваецца ў жорсткіх бесчалавечных умовах, часта без сувязі са знешнім светам. Сярод тых, хто за сваю барацьбу за правы чалавека заплаціў сваёй свабодай – нашы калегі: Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч, Наста Лойка, Валянцін Стэфановіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк. У зняволенні знаходзяцца 33 журналісты і супрацоўнікі СМІ.
Мы павінны нагадваць, што адбылося ў гэты дзень: ад рук прыхільнікаў Лукашэнкі, які ўзурпаваў уладу пасля правальных для яго выбараў 2020 года, загінуў Раман Бандарэнка, які стаў на абарону сваіх і нашых агульных ідэалаў, правоў і свабод. На жаль, гэтых дзён, трагічных і трывожных, было нямала: свае жыцці аддалі Аляксандр Тарайкоўскі, Генадзь Шутаў, Вітольд Ашурак, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч, – і гэта далёка не поўны пералік ахвяр таталітарнай улады.
Менавіта таму, праз тры гады мы задаем уладам пытанні: чаму не пакараныя вінаватыя, чаму няма судовых прысудаў у дачыненні да ўсіх тых, хто мае дачыненне да гібелі абаронцаў дэмакратыі; чаму ўлады схавалі праўду аб катаваннях і жорсткасці сілавікоў у 2020 годзе? Чаму замест вінаватых у гэтых злачынствах у турмах знаходзяцца ці ўжо адбылі свой тэрмін тысячы барацьбітаў за свабоду і правы чалавека?"