«Вясна» публікуе прамову абаронцы Дзмітрыя Салаўёва Людмілы Іванаўны Траяноўскай і расказваем, што вядома пра адвакатку з юрыдычнай кансультацыі Партызанскага раёна Мінска.
У судзе Ленінскага раёна Мінска 10 лютага скончыліся судовыя спрэчкі па крымінальнай справе супраць старшыні "Вясны" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, ягонага намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча. У межах справы "Вясны" у парадку спецыяльнай вытворчасці судзяць таксама праваабаронцу Змітра Салаўёва, які ў мэтах бяспекі пакінуў Беларусь у сакавіку 2021 года. На стадыі допыту абвінавачаных на судзе абвясцілі пратаколы яго допыту падчас адміністрацыйнага арышту пасля масавага рэйду на прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці 16 лютага 2021 года. На працэсе яго "інтарэсы прадстаўляюць" прызначаныя следствам адвакаты, з якімі ён нават не знаёмы. У спрэчках прамова дзяржаўнай адвакаткі заняла менш за тры хвіліны, а прамовы іншых адвакатаў па справе занялі каля гадзіны.
Адвакатка Людміла Іванаўна Траяноўская
Нягледзячы на тое, што на сайце Рэспубліканскай калегіі адвакатаў паказаны стаж працы Траяноўскай у адвакатуры больш за 20 гадоў, а ў юрыдычнай сферы – 26 гадоў, звестак пра дзейнасць адвакаткі ў адкрытых крыніцах амаль няма. Асноўнымі сферамі яе дзейнасці адзначана крымінальная, працоўнае і грамадзянскае права, аднак у інтэрнэце няма згадак аб справах, на якіх яна працавала.
"Стварылі ўнікальную справу. І што гэта, як не палітычны падтэкст?" Па справе "Вясны" дапыталі праваабаронцаў
Пратаколы допыту Дзмітрыя Салаўёва і дакументы, не пералічаныя ў пратаколе вобшуку
Адзначым, што "інтарэсы" Салаўёва на судзе прадстаўлялі мінімум тры прызначаныя адвакаткі, якія мяняліся на пасяджэннях. Гэта стала аргументам у прамове Траяноўскай аб ажыццяўленні абароны Дзмітрыя. У спрэчках выступала Людміла Іванаўна Траяноўскі – яе выступ заняў менш трох хвілін.
"Высокі суд, прадаставіўшы апошняе слова Стэфановічу, Лабковічу і Бяляцкаму, вы сыйдзеце ў дарадчы пакой для вынясення прысуду. Знаходзячыся ў дарадчым пакоі, вам трэба даць два адказы на два асноўных пытання. Ці знайшло сваё пацвярджэнне тое абвінавачванне, якое было прапанавана органам папярэдняга расследавання? Не толькі Салаўёву, але і ўсім асобам, якія знаходзяцца на гэтай лаве. Другое пытанне: вызначыць і прызначыць пакаранне кожнаму з іх.
Высокі суд, орган папярэдняга расследавання кваліфікаваў дзеянні Салаўёва часткай 4 артыкула 228 і часткай 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса нашай Рэспублікі. Учора ў судовым пасяджэнні прадстаўніком дзяржаўнага абвінавачвання было падтрымана дадзенае абвінавачванне, і было абвінаваўцам прапанавана кваліфікаваць дзеянні майго падабароннага Салаўёва часткай 4 артыкула 228 і часткай 2 артыкула 342.
Высокі суд, пункт 1 пастановы Пленума Вярхоўнага суда нашай Рэспублікі [не назвала назву, дату і нумар нарматыўнага акту] кажа пра тое, што прысуд, з'яўляючыся найважнейшым актам правасуддзя па крымінальнай справе, павінен быць законным, абгрунтаваным, матываваным і справядлівым, пастаўленым у строгай адпаведнасці з прынцыпамі прэзумпцыі невінаватасці, спаборнасці і роўнасці бакоў у крымінальным працэсе. У ходзе судовага следства прадстаўлены сабраныя па справе доказы, і іх канчатковая ацэнка будзе адлюстравана ў пастаноўленым прысудзе суда.
Няўдзел абвінавачанага Салаўёва ў працэсе, абарону якога вызначана было ажыццяўляць мне, а таксама маім калегам, якія заўсёды прысутнічалі ў судовым пасяджэнні і ажыццяўлялі абарону, адсутнасць меркавання аб яго статусе, вызначанага органам папярэдняга следства, а таксама меркаванні абвінавачанага як удзельніка працэсу па сабраным доказам, прадстаўленых суду, выключае магчымасць салідарнасці пазіцый адваката і абвінавачанага, у сувязі з чым у сітуацыі, якая склалася я прашу Высокі суд, абапіраючыся на прынцыпы тэорый – усебаковасці, паўнаты, аб'ектыўнасці, бесстароннасці – даць ацэнку доказам з улікам патрабаванняў артыкула 105 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса нашай Рэспублікі аб іх суадноснасці, дапушчальнасці і дакладнасці, а ўсім сабраным доказам у сукупнасці – з пункту гледжання дастатковасці для вырашэння справы, а таксама з улікам матэрыялу, які характаразуе абвінавачанага, пастанавіць у дачыненні да яго справядлівы прысуд".
Іншыя крымінальныя справы ў парадку спецыяльнай вытворчасці праходзяць у закрытым рэжыме, таму ў грамадскасці і ў саміх абвінавачаных няма магчымасці азнаёміцца з працай прызначаных следствам адвакатаў. Як відаць з прамовы на спрэчках адвакаткі Дзмітрыя Салаўёва, яна нават не імітуе дзейнасць па абароне свайго падабароннага, не аналізуе прадстаўленыя доказы па справе, не звязваецца са сваім падабаронным, а проста просіць суд вынесці "справядлівы прысуд".