Праваабаронца «Вясны» на канферэнцыі АБСЕ: «Катаванні сталі неад'емным атрыбутам пераследу іншадумцаў у Беларусі»

11 кастрычніка 2022, 08:10
Праваабаронца «Вясны» на канферэнцыі АБСЕ: «Катаванні сталі неад'емным атрыбутам пераследу іншадумцаў у Беларусі»

На Канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні ў Варшаве адбылося пасяджэнне "Індэкс па катаваннях: Бягучая ацэнка выканання забароны катаванняў у краінах АБСЕ". Працоўная група па барацьбе з катаваннямі Платформы грамадзянскай салідарнасці прадставіла замер Індэксу забароны катаванняў. Пра сітуацыю ў Беларусі на пасяджэнні распавёў праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка.

sapelko_ocse.jpgПраваабаронца "Вясны" Павел Сапелка на Канферэнцыі АБСЕ

Беларусь заняла апошняе месца ў Індэксе забароны катаванняў для постсавецкіх краін

У Працоўную групу па барацьбе з катаваннямі Платформы грамадзянскай салідарнасці ўваходзяць прадстаўнікі праваабарончых і грамадскіх арганізацый з Беларусі, Украіны, Арменіі, Расіі, Польшчы, Казахстана, Кыргызтана, Малдовы і Таджыкістана, у якіх і палічылі Індэкс выканання забароны катаванняў. У спісе з дзевяці краін Беларусь знаходзіцца на апошнім месцы ўжо чацвёрты год запар.

За 2021 год і да гэтага моманту найвялікая колькасць балаў у Індэксе набрала Малдова, паказаўшы максімальны ўзровень выканання забароны катаванняў. Беларусь нязменна знаходзіцца на апошнім месцы з вынікам -92,8 бала. Расія набрала -28,86 бала.

Зборны паказчык утрымоўвае ацэнкі дзяржаўнага механізму рэагавання на катаванні, судовага кантролю, наяўнасці нормаў у нацыянальным заканадаўстве, якія забараняюць катаванні, узроўню забеспячэння працэсуальных гарантый, што працуюць на прэвенцыю катаванняў, механізмаў і сродкаў прэвенцыі катаванняў, якія працуюць у краіне, ступені прыняцця дзяржавай міжнародных абавязальніцтваў у галіне забароны катаванняў.

Гэтыя вымярэнні дазваляюць экспертам Працоўнай групы вызначыць групу праблем, якія павінны быць вырашаны ў прыярытэтным парадку сумеснымі намаганнямі ўрада і грамадзянскай супольнасці.

"Катаванні сталі неад'емным атрыбутам пераследу іншадумцаў"

Пра сітуацыю з катаваннямі ў Беларусі на Канферэнцыі распавяў праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка:

"Беларусь – нязменны антылідар, займаючы апошні радок у рэйтынгу індэксу. І гэта заслужанае месца. Абсалютныя значэнні зменшыліся нават у параўнанні з "катавальным" 2020 годам з той прычыны, што тады ацэньваўся ўвесь год, і шматлікія працэсы ў праваўжыванні былі не да канца вызначанымі і выяўленымі.

Да пачатку выбарчай кампаніі 2020 года мы жылі ў адносна звыклай сітуацыі, хоць і тады канстатавалі поўную адсутнасць механізмаў абароны ад катаванняў, што і выявілася ў жніўні 2020-га. У жніўні і ўвосень 2020 года яшчэ праводзілася праверкі па фактах перавышэння службовых паўнамоцтваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў. Але ў 2021 годзе Следчы камітэт паставіў кропку ў спадзевах на правасуддзе ў дачыненні да вінаватых у катаваннях і спыніў праверку ў дачыненні да 5000 заяў, адмовіўшы ў завядзенні крымінальнай справы. Ніводная з праверак па заявах пра катаванні на дасудовай стадыі не скончылася пачаткам крымінальнай справы, а прысуды судом маглі абгрунтоўвацца паказаннямі, атрыманымі пад катаваннем. Катаванні і пагрозы катаваннямі сталі неад'емным атрыбутам пераследу іншадумцаў і супернікаў таталітарнага рэжыму ў Беларусі".

У якасці прыкладу праваабаронца прывёў гучныя справы пра катаванні палітзняволенай маці пяці дзяцей Вольгі Залатар, і валанцёркі "Вясны" Таццяны Батуры, якая хацела назіраць за судовым працэсам Вольгі

"Вольга Залатар – 38-гадовая маці пяцярых дзяцей. Асуджана за ўдзел у мірных сходах і стварэнне мясцовай супольнасці ў тэлеграме, дзе людзі абменьваліся меркаваннямі і збіраліся зрэдку разам дзеля ўсё тых жа гутарак на грамадска–палітычныя тэмы, з крытыкай улад. Прысуд – 4 гады пазбаўлення волі. Садысты з Упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю збівалі яе, каб атрымаць доступ да змесціва смартфона. Адваката Андрэя Мачалова, які бачыў сляды катаванняў і публічна заявіў пра катаванні, выключылі з калегіі за распаўсюд неправераных звестак, а затым асудзілі з надуманых падстаў. Валанцёрку "Вясны" Таццяну Батуру, якая хацела назіраць за судовым працэсам Вольгі Залатар, чатырохразова адвольна асудзілі на 15 сутак, з іх яна адбыла 46, перанесла збіванні, 13 дзён галадоўкі, 20 дзён карцару і смерць бацькі, была вымушана пакінуць краіну".

Праваабаронца "Вясны" заклікаў дэмакратычныя дзяржавы развіваць і шырока выкарыстоўваць магчымасці ўніверсальнай юрысдыкцыі для пераследу за катаванні. Суседнія краіны папрасіў не змяншаць увагу да праблемы катаванняў, "таму што любыя вонкавыя фактары і выключныя акалічнасці часта ахвотна выкарыстоўваюцца ўрадамі для звужэння галіны правоў і наступу на свабоды сваіх грамадзян – ці то гэта будуць меры па процідзеянні распаўсюду каранавірусу, ці то цяперашняя вайна".

"Беларускія ўлады павінны паўстаць перад судом за здзейсненыя злачынствы"

На тое, якія могуць быць у гэтым кантэксце рэкамендацыі для Беларусі, Павел Сапелка адказаў, што іх практычна няма, бо няма суб'екта, які мог бы прымаць на сябе абавязальніцтвы ў галіне абароны правоў чалавека.

"Мы аб'ектыўна ўсведамляем, што гэтым суб'ектам не могуць быць цяперашнія ўлады, бо сёння гвалт і забароненае абыходжанне – гэта па сутнасці адзіны спосаб утрымання палітычнай улады, у якога няма для іх альтэрнатыў. Гэтыя ўлады павінны паўстаць перад судом за здзейсненыя злачынствы, у якіх ёсць усе рысы злачынстваў супраць чалавечнасці. Наша задача цяпер зводзіцца да фіксавання доказаў гэтых злачынстваў і адвакатавання захадаў супраць беспакаранасці".

Арыгінальны артыкул на сайце "Вясны"

Глядзiце таксама

Новы спецыяльны дакладчык ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс
16 кастрычніка 2024, 12:41
Новы спецыяльны дакладчык ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс
11 кастрычніка ў Жэневе на пасяджэнні 57-й сесіі Рады ААН па правах чалавека на пасаду спецдакладчыка па Беларусі быў прызначаны Нільс Муйжніекс, эксперт у абароне правоў чалавека з 25-гадовым досведам.
«Я займалася Беларуссю амаль кругласуткава»
28 верасня 2024, 09:51
«Я займалася Беларуссю амаль кругласуткава»
Падкаст «Вясна прыйдзе» пагаварыў з Анаіс пра яе шлях да Беларусі, пра яе прызначэнне, як гэта ўспрынялі беларускія праваабаронцы, як зарабляла на жыццё (бо быць Спецдакладчыкам — гэта валанцёрская праца).
«Задушэнне іншадумства». Незалежныя эксперты па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выступілі ў ААН
24 верасня 2024, 15:30
«Задушэнне іншадумства». Незалежныя эксперты па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выступілі ў ААН
«Вясна» расказвае, што казалі незалежныя эксперты, дэлегацыя Беларусі, праваабаронцы, і каго ў выніку падтрымалі розныя дзяржавы.
Пашпарты, бежанцы, прымусовае лячэнне... Як беларускія ўлады справаздачыліся ў Камітэце па правах людзей з інваліднасцю
19 верасня 2024, 16:40
Пашпарты, бежанцы, прымусовае лячэнне... Як беларускія ўлады справаздачыліся ў Камітэце па правах людзей з інваліднасцю
"Вясна" паглядзела шасцігадзіннае пасяджэнне Камітэта правоў людзей з інваліднасцю і распавядае пра самыя асноўныя пытанні, якія Камітэт задаў беларускім уладам.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці