Праваабаронцы «Вясны» накіравалі зварот спецдакладчыкам ААН з нагоды затрыманняў беларусаў за данаты

08 студзеня 2024, 12:17
Праваабаронцы «Вясны» накіравалі зварот спецдакладчыкам ААН з нагоды затрыманняў беларусаў за данаты

Юрыдычная служба «Вясны» накіравала зварот чатыром Спецдакладчыкам з нагоды пераследу беларусаў за ахвяраванні ў дабрачынныя фонды.

Праваабаронцы звярнуліся да Спецдакладчыка па Беларусі, па пытаннях аб заахвочванні і абароне правоў чалавека і асноўных свабод ва ўмовах барацьбы з тэрарызмам, а таксама аб свабодзе асацыяцый.

У Крымінальны кодэкс Беларусі ў 2016 дадалі новы артыкул 361-2 "Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці". Пасля падзей 2020 года па гэтым артыкуле ўлады сталі актыўна заводзіць палітычна матываваныя справы. Пакаранне прадугледжвае пазбаўленне ці абмежаванне волі ад трох да пяці гадоў са штрафам або без яго.

Варта адзначыць, што рашэнне аб прызнанні групы асобаў экстрэміцскай прымаецца Міністэрствам унутраных справаў (а не судовым органам) у закрытым рэжыме, што не дазваляе заінтарэсаванай асобе абараніць свае правы. Падобная практыка дазваляе адвольна прызнаваць няўгодных уладам людзей і арганізацый "экстрэмісцкімі".

Так, напрыклад, адбылося з фондам салідарнасці BYSOL, які дапамагае рэпрэсаваным беларусам. Фонд быў заснаваны ў жніўні 2020 года ў адказ на масавыя рэпрэсіі мірных пратэстоўцаў і першапачаткова займаўся краўдфандынгам для аплаты штрафаў,якія прызначалі за ўдзел у акцыях пратэсту.  

3 снежня 2021 МУС прызнала фонд "экстрэмісцкай арганізацыяй". Але беларусаў затрымлівалі і выклікалі ў КДБ за данаты праз Facebook у фонд, калі ён яшчэ не быў прызнаны "экстрэмісцкім". Звычайна супрацоўнікі КДБ прымушаюць затрыманых напісаць прызнанне аб пераліку грошай у фонд BYSOL, а затым пералічыць "на дабрачыннасць"  на рахунак дзяржаўнай установы суму, якая часам у дзясяткі разоў перавышае ахвяраванне. У адваротным выпадку пагражаюць завесці крымінальную справу аб фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці.

Таксама пад крымінальны пераслед падпадаюць і актывісты арганізацый, якія выкарыстоўваюць данаты на падтрымку рэпрэсаваных пратэстаоўцаў.

Усяго на дадзены момант "Вясне" вядома пра 47 пад вартай і з іх 30 асуджаных паводле арт. 361-2 КК за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці".

Як кажа юрыстка "Вясны" Святлана Галаўнёва, існуючая практыка крымінальнай адказнасці за данаты ex post facto мае сур'ёзныя наступствы, якія выходзяць за ўласна прававыя межы.

"Гэтая практыка падрывае прадказальнасць прававой базы і прыводзіць да парушэння шэрагу найважнейшых працэсуальных правоў асобаў, якіх абвінавачваюць пры такіх абставінах.

Парушаецца фундаментальны прынцып, паводле якога людзі павінны мець дакладнае і прадказальнае веданне прававых наступстваў сваіх дзеянняў. У выніку асобы, якія абвінавачваюцца ў правапарушэннях, звязаных з фінансаваннем арганізацый грамадзянскай супольнасці, пазбаўлены сумленнага і справядлівага судовага разбіральніцтва".

Страх пераследу за данаты стрымлівае людзей ад свядомага ўдзелу ў грамадскім жыцці, у адстойванні правоў чалавека, сацыяльнай справядлівасці і дэмакратычных каштоўнасцяў, кажа Святлана.

Праваабаронца звяртае ўвагу на падвойны ўплыў практыкі пераследу за данаты на грамадзянскую супольнасць.

"Па-першае, гэта абмяжоўвае магчымасці краўдфандынгу для арганізацый грамадзянскай супольнасці, перашкаджаючы іх здольнасці мабілізоўваць рэсурсы для карыснай грамадскай дзейнасці.

Па-другое, падобнае стаўленне душыць гарызантальны ўдзел, адбіваючы ў грамадзянаў жаданне актыўна ўдзельнічаць у справах, у якія яны вераць. Атмасфера засцярожанасці падрывае асновы адкрытага грамадства, заснаванага на ўдзеле".

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Падзялiцца

Глядзiце таксама

«Ніякіх прыкметаў прагрэсу няма». Спецдакладчык па Беларусі выступіў у ААН
07 ліпеня 2025, 14:01
«Ніякіх прыкметаў прагрэсу няма». Спецдакладчык па Беларусі выступіў у ААН
У межах 59 сесіі Рады па правах чалавека ААН у Жэневе выступіў Спецыяльны дакладчык па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс.
ПАСЕ прызнала адказнасць Лукашэнкі за перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей
26 чэрвеня 2025, 13:46
ПАСЕ прызнала адказнасць Лукашэнкі за перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей
Рэзалюцыя "Прававыя аспекты і аспекты правоў чалавека агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны" была прынятая 24 чэрвеня падчас летняй сесіі ПАСЕ.
Эксперты ААН устрывожаныя парушэннямі правоў прафсаюзных актывістаў
16 чэрвеня 2025, 13:16
Эксперты ААН устрывожаныя парушэннямі правоў прафсаюзных актывістаў
Яны заклікалі ўрад краіны паўнавартасна супрацоўнічаць з Упраўленнем Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, праваабарончымі механізмамі ААН, Міжнароднай арганізацыяй працы (МАП) і яе нагляднымі органамі для забеспячэння захавання правоў чалавека лідараў і сябраў незалежных прафсаюзаў.
На Міжнароднай канферэнцыі працы звярнулі ўвагу на пераслед працаўнікоў і незалежных прафсаюзаў у Беларусі
10 чэрвеня 2025, 12:31
На Міжнароднай канферэнцыі працы звярнулі ўвагу на пераслед працаўнікоў і незалежных прафсаюзаў у Беларусі
На 113-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы (МКТ), якая штогод арганізуецца Міжнароднай арганізацыяй працы (МАП), разгледзелі пытанне пераследу працаўнікоў і незалежных прафсаюзаў у Беларусі.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці