«Пытанні гендару — гэта праблема». Як у ААН крытыкавалі беларускія ўлады

11 лютага 2025, 09:24
«Пытанні гендару — гэта праблема». Як у ААН крытыкавалі беларускія ўлады

На фота: Старшыня пасяджэння Камітэта Хайдар эль Адал. Скрыншот з веб-тэлебачання ААН

У ААН прайшло 2124-е пасяджэнне Камітэта па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (КЛДЖ, англ. CEDAW). Камітэт разгледзеў дзявяты перыядычны даклад Беларусі, які быў прадстаўлены паводле спрошчанай працэдуры прадстаўлення дакладаў. Беларусь як дзяржава-удзельніца Канвенцыі па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын адсправаздачылася ўпершыню за апошнія дзевяць гадоў.

«Вясна» паглядзела пяцігадзіннае пасяджэнне і ў трох частках (адпаведных раздзелам Канвенцыі) распавядае пра тое, як дакладчыкі Камітэта крытыкавалі беларускія ўлады ў сваіх выступах і якія пытанні задавалі. Тут вы прачытаеце другую частку гэтых выступленняў (артыкулы 7, 8 і 9 Канвенцыі), у якой гаворыцца пра роўнасць у ўдзеле ў палітычным і грамадскім жыцці краіны, пра права жанчын прадстаўляць свае ўрады на міжнародным узроўні і ўдзельнічаць у працы міжнародных арганізацый, а таксама пра пытанні грамадзянства.

«Ні ў адной з палат жанчыны не з'яўляюцца старшынямі, і толькі адна жанчына-міністр»

Артыкул 7 Канвенцыі датычыцца роўнасці жанчын нароўні з мужчынамі ў палітычным і грамадскім жыцці краіны, а артыкул 8 — права жанчын прадстаўляць свае ўрады на міжнародным узроўні і ўдзельнічаць у працы міжнародных арганізацый. Экспертам па гэтых артыкулах выступіў Елгун Сафараў.

«Калі мы глядзім на сайт Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, мы бачым шырокае геаграфічнае прадстаўніцтва пасольстваў на рэгіянальнай аснове: Азія, Акеанія, Афрыка, Блізкі Усход, Еўропа, Лацінская Амерыка, краіны СНД, Грузія і іншыя, — адзначыў Сафараў.  — Але засмучае тое, што жанчыны ў Міністэрстве замежных спраў... Так, ёсць прадстаўнікі сярэдняга ўзроўню, але калі гаворка ідзе пра жанчын-паслоў і кіраўнікоў... У чым тут [прычына]?

Другі момант майго пытання датычыцца парламента. У парламенце, і ў Палаце прадстаўнікоў, і ў Савеце даволі добрае прадстаўніцтва жанчын — больш за 30% у сярэднім, хаця цягам дзесяці гадоў былі і яшчэ вышэйшыя паказчыкі. Але што да кіраўнікоў камітэтаў... Паводле нашых звестак, ні ў адной з палат жанчыны не займаюць пасады старшыняў.

Мы ведаем, што з 24 міністраў толькі адна — жанчына. Статыстыкі адносна намеснікаў міністраў у нас няма».

На гэтыя заўвагі адказала кіраўніца дэлегацыі Беларусі Ларыса Бельская:

«У нас ёсць практыка, калі жанчыны былі намеснікамі міністра, — запэўніла яна. — Але ў кожнай краіне гэта канкурэнтная сістэма. На пасады прэтэндуюць некалькі чалавек, сярод іх ёсць і жанчыны. […] Але казаць пра дыскрымінацыю ў нашай сістэме, лічу, некарэктна».

Елгун Сафараў адзначыў, што ў Беларусі на дадзены момант няма спецыяльнага камітэта, які б працаваў з правамі жанчын і гендарнай роўнасцю:

«І нас таксама цікавіць роля жанчын у пытанні ліквідацыі недзяржаўных арганізацый, — працягнуў Сафараў. — Без дзейнасці недзяржаўных арганізацый развіццё дзяржавы немагчымае, давайце з гэтым пагодзімся. За апошнія гады былі ліквідаваныя дзясяткі важных НДА, і гэта вельмі значны момант.

Што да жанчын у палітычнай дзейнасці, у нас ёсць даклады і звесткі пра рэпрэсіі супраць жанчын, журналістаў, НДА, жанчын, якія займаліся палітыкай, і іншыя выпадкі, калі яны падвяргаліся пераследу».

«Некаторыя ацэнкі, якія прагучалі, на наш погляд, не зусім карэктныя і спрэчныя», — адказала на гэта Бельская.

Пра ліквідацыю НДА выказалася Інна Васілеўская. Яна нагадала, што ў Беларусі адбыліся змены ў заканадаўстве:

«Аб’ектыўна многія НДА проста не прайшлі далейшую рэгістрацыю. Натуральна, былі выпадкі ліквідацыі ў адпаведнасці з законам».

«2473 жанчыны не маюць грамадзянства»

Артыкул 9 Канвенцыі прысвечаны тэме грамадзянства. Тут пытанні задавала Хірако Акізукі.

«Па стане на 2024 год 2473 жанчыны па-ранейшаму не маюць грамадзянства, — адзначыла Акізукі. — Ці існуюць якія-небудзь дзеючыя праграмы, скіраваныя менавіта на жанчын і дзяўчынак без грамадзянства? Калі няма, ці плануецца іх распрацоўка?

Камітэт адзначае, што па стане на сярэдзіну чэрвеня 2024 года ратыфікацыя дзвюх канвенцый ААН па асобах без грамадзянства знаходзіцца на разглядзе, але не завершана. Ці можаце вы растлумачыць, у якія тэрміны плануецца ратыфікаваць Канвенцыю 1954 года аб статусе апатрыдаў і Канвенцыю 1961 года аб скарачэнні безграмадзянства?

Камітэт выказвае занепакоенасць адносна дзяцей, народжаных на тэрыторыі Беларусі, якія не маюць пасведчання пра нараджэнне, асабліва калі гэта дзеці мігрантаў або асоб, якія знаходзяцца ў стане транзіту, улічваючы крызіс на мяжы Беларусі і Еўрасаюза. Паводле альтэрнатыўнага даклада, у дзяржаве-ўдзельніцы адсутнічае дакладная працэдура перадачы грамадзянства маці-мігрантам або асобам у транзіце. Міграцыйныя ўлады неаднаразова выступалі з пагрозамі адабрання дзяцей у жанчын, каб прымусіць іх добраахвотна пакінуць краіну. Якія меры прымаюцца для абароны маці-бежанак і мігрантак? Якія крокі робяцца па ратыфікацыі Міжнароднай канвенцыі аб правах працоўных мігрантаў і членаў іх сем’яў?»

Прадстаўнік дэлегацыі Беларусі адзначыў, што колькасць жанчын-апатрыдаў у краіне значна скарацілася за апошнія 10 гадоў. У 2023 годзе агульная колькасць асоб без грамадзянства складала каля 5600 чалавек.

«Што датычыцца інфармацыі пра неправамернае абыходжанне з апатрыдамі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, гэта, вядома, выклікае абурэнне», — дадаў прадстаўнік дэлегацыі Беларусі.

Прадстаўнік дэлегацыі Беларусі

Ларыса Бельская патлумачыла, хто такія «асобы без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь»:

«Гэта выхадцы з краін былога СССР. Ёсць тэндэнцыя да скарачэння такіх людзей. Але іх колькасць для Беларусі невялікая. Дзяцей літаральна адзінкі».

Акізукі скарысталася магчымасцю задаць дадатковыя пытанні Ларысе Бельскай:

«Мне запомнілася адна фраза з вашага выступлення: вы сцвярджалі, што жанчыны-паслы сутыкаюцца з канкурэнцыяй пры атрыманні гэтай пасады, а часам нават няма жанчын-кандыдатаў на пасады паслоў. У мяне вельмі простае пытанне: магчыма, ёсць нейкая стратэгія або план дзеянняў, накіраваныя на павелічэнне колькасці жанчын на кіруючых пасадах у МЗС?

Вы сцвярджаеце, што пытанні гендара — гэта не праблема. Нам здаецца, што гэта якраз праблема. Ці ёсць план дзеянняў або ініцыятывы, скіраваныя на рэальнае дасягненне гендарнай роўнасці ў гэтай сферы?»

«Наколькі я ведаю, такога плана няма», — адказала Бельская.

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Глядзiце таксама

FIDH заклікала адмяніць прысуды праваабаронцам «Вясны» і неадкладна вызваліць іх
04 сакавіка 2025, 08:44
FIDH заклікала адмяніць прысуды праваабаронцам «Вясны» і неадкладна вызваліць іх
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (FIDH-OMCT) зноў заклікала да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення і спынення пераследу ўсіх беларускіх праваабаронцаў.
«Сур’ёзныя рэпрэсіі ў дачыненні да абаронцаў правоў жанчын». Што сказаў КЛДЖ у сваіх рэкамендацыях Беларусі
04 сакавіка 2025, 08:31
«Сур’ёзныя рэпрэсіі ў дачыненні да абаронцаў правоў жанчын». Што сказаў КЛДЖ у сваіх рэкамендацыях Беларусі
Камітэт па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын вынес заключныя заўвагі паводле дзявятага перыядычнага дакладу Беларусі.
«Рэпарцёры без межаў» падалі пазоў на Лукашэнку ў Міжнародны крымінальны суд
11 лютага 2025, 13:30
«Рэпарцёры без межаў» падалі пазоў на Лукашэнку ў Міжнародны крымінальны суд
Арганізацыя "Рэпарцёры без межаў" (RSF) падала пазоў у Міжнародны крымінальны суд (МКС) з абвінавачаннем у злачынствах супраць чалавечнасці ў дачыненні да журналістаў у Беларусі.
«Няма закона аб гендарнай роўнасці». Як у ААН крытыкавалі беларускія ўлады
11 лютага 2025, 09:32
«Няма закона аб гендарнай роўнасці». Як у ААН крытыкавалі беларускія ўлады
Тут вы прачытаеце першую частку выступленняў (артыкулы з 1 па 6 Канвенцыі), у якой гаворыцца пра дыскрымінацыю ў адносінах да жанчын, гендарныя небесстароннасці, гандаль жанчынамі і эксплуатацыю прастытуцыі.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці