)
Воркшоп "Адмена смяротнага пакарання ў Беларусі: камунікацыйныя выклікі і рашэнні" прайшоў 2 снежня ў Варшаве. У ім прынялі удзел прадстаўнікі Рады Еўропы, прадстаўнікі кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі", а таксама беларускія журналісты, блогеры і актывісты. Разам яны шукалі рашэнне, як ствараць мэсэджы аб адмене смяротнага пакарання для беларускай аўдыторыі.
Сярод іншага прагучала ідэя: беларусы вартыя таго, каб быць у Радзе Еўропы. Але адной з перашкод для гэтага становіцца наяўнасць смяротнага пакарання ў краіне. Падрабязней пра гэта — у матэрыяле "Вясны".
Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда нагадаў, што для Беларусі, на жаль, праблематыка смяротнага пакарання па-ранейшаму застаецца актуальнай:
"Нягледзячы на тое, што мы не валодаем інфармацыяй аб новых вынесеных смяротных прысудах у 2025 годзе, гэта сітуацыя па-ранейшаму актуальна ў тым ліку і таму, што мы, напрыклад, не ведаем лёс людзей, якія ў іншыя гады былі асуджаны да смяротнага пакарання і што з імі на сённяшні дзень адбылося. І за гады кампаніі мы ведаем не адзін такі выпадак, калі, напрыклад, на працягу года не выносілі смяротныя прысуды, а потым быў перыяд дастаткова актыўных вынясенняў смяротных прысудаў і прывядзення іх у выкананне".
Кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” і Рада Еўропы мае дастаткова доўгую гісторыю сумеснага супрацоўніцтва, накіраванага на адмену смяротнага пакарання ў Беларусі.
“І [варкшоп] сапраўды быў працоўнай сустрэчай у выглядзе абмеркавання сітуацыі, дзе мы знаходзімся зараз на сённяшні дзень, як мы можам уплываць на сітуацыю і якія ў нас ёсць магчымасці. І мы думаем над ідэямі і дзеяннямі, якія маглі б рабіць у кірунку адмены смяротнага пакарання ў Беларусі, — адзначыў Андрэй Палуда. — Нагадаю, Беларусь — гэта краіна, якая геаграфічна знаходзіцца ў Еўропе. І вось еўрапейскія каштоўнасці, у тым ліку краіна без смяротнага пакарання, гэта тое, пра што мы таксама гаварылі на [варкшопе] і тое, з чым удзельнікі і ўдзельніцы пагаджаліся”.
Юрыст, праваабаронца, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў уваходзіць у склад Кантактнай групы, якая ўжо больш за тры гады ў супрацоўніцтве з Радай Еўропы па некалькіх напрамках намагаецца наблізіць той час, калі Беларусь зможа ўступіць у склад Рады Еўропы, ратыфікаваць Еўрапейскую Канвенцыю па правах чалавека і прызнаць кампетэнцыю Еўрапейскага суда па правах чалавека (ЕСПЧ).
"Беларусы вартыя таго, каб стаць тым народам, дзяржава якіх знаходзіцца сярод краін-удзельніц Рады Еўропы, — кажа Алег Агееў. — Каб кожны з беларусаў быў больш абаронены — а не тое, што сёння адбываецца (калі дзяржава фактычна перастала выконваць свае абавязкі перад грамадзянамі па выкананні правоў), а каб вось менавіта праз прававыя механізмы, праз юрыдычныя магчымасці беларусы маглі бараніць свае правы як на нацыянальным узроўні, так і на міжнародным, каб была магчымасць звяртацца ў тым ліку і ў міжнародныя органы і каб правы чалавека ў Беларусі не былі пустым гукам, а былі тым, чым яны ёсць на самой справе. Гэта абавязкамі дзяржавы выконваць свае функцыі адносна кожнага чалавека, які знаходзіцца пад юрысдыкцыяй той ці іншай дзяржавы".
Важна адзначыць, што калі б Беларусь уступіла ў Раду Еўропы, ёй стаў бы даступны Еўрапейскі суд па правах чалавека.
"Для гэтага дзяржава павінна далучыцца да Еўрапейскай Канвенцыі аб правах і свабодах чалавека, адпаведна прыняць на сябе абавязкі выконваць перад кожным чалавекам тое, што замацавана ў гэтай Канвенцыі: права на жыццё, права не быць прыцягнутым да адказнасці, права на свабоду выказвання, права на свабоду асацыяцыі і шэраг іншых грамадзянскіх праў, без якіх сёння ніхто не можа функцыянаваць у сучасным грамадстве ні ў воднай кропцы свету, — тлумачыць Алег Агееў. — Вось Беларусь сёння адна з невялікага шэрагу краін, якая фактычна не дае магчымасці рэалізавацца людзям, абмяжоўваючы і парушаючы іх грамадзянскія правы.
Дык вось гэта будзе механізм, які будзе адсочваць, каб улады не парушалі правы кожнага чалавека. Гэта механізм, які будзе спрыяць таму, каб кожны чалавек адчуў сябе сапраўды чалавекам, са сваім чалавечым гонарам і годнасцю, і адпаведна, каб тыя, хто вінаваты ў парушэнні правоў, неслі за гэта адказнасць. І, далучыўшыся да Еўрапейскай Канвенцыі, дзяржава павінна ўзяць на сябе такія абавязкі, і ЕСПЧ — гэта той міжнародны орган, які разглядае спрэчкі паміж грамадзянінам і дзяржавай. І выносіць рашэнне ў тым ліку са спагнаннем грашовай кампенсацыі: калі будзе прызнана ЕСПЧ, што дзяржава не выканала свае абавязкі як бок дамовы аб правах чалавека, адпаведна Еўрапейскі суд можа спагнаць грошы на карысць ахвяраў парушэнняў правоў чалавека — і дзяржава павінна кампенсаваць сваё невыкананне абавязальніцтваў у галіне правоў чалавека".
Але не толькі кантэкст індывідуальных скаргаў і рашэння канкрэтных праблем праз Еўрапейскі суд па правах чалавека з’яўляўся бы плюсам для беларусаў пры далучэнні да Еўрапейскай Канвенцыі аб правах чалавека. Пра яшчэ адзін кантэкст распавядае Сяргей Дзікман, дарадца па развіцці стратэгічнага супрацоўніцтва Дырэктарата па правах чалавека Рады Еўропы:
"Еўрапейскі суд праз рашэнні па найбольш важных справах, якія выносяцца на падставе пададзеных скаргаў, вызначае сістэмныя праблемы, якія дзяржава абавязана вырашаць. Сістэмныя праблемы, звязаныя з недахопам у заканадаўстве, недахопам у судовай практыцы, у адміністрацыйных практыках — гэта значыць нейкія рэчы, якія дзяржава можа быць і ведала, але ўвесь час адкладала іх рашэнне (па розных прычынах: няма грошай, няма палітычнай волі, проста зробім заўтра) — і ўдзел у Радзе Еўропы падштурхоўвае дзяржава прыярытэзаваць тыя праблемы, якія вызначае Еўрапейскі суд, і вырашаць іх. Як менавіта дзяржава будзе іх вырашаць —гэта ўжо іншы момант. Але паколькі там ёсць пэўныя тэрміны, дзяржава абавязана даваць справаздачу аб выкананні рашэнняў Еўрапейскага суда. Як правіла, у большасці выпадкаў гэта з'яўляецца стымулам да таго, каб сістэмы мяняліся ў лепшы бок. Ёсць маса прыкладаў таго, якім чынам рашэнне Еўрапейскага суда паслужылі змене і вырашэнню такіх сістэмных праблем".
Сам жа воркшоп "Адмена смяротнага пакарання ў Беларусі..." стаў арганізаваны ў рамках праекта “Смерць — не справядлівасць: адмена смяротнага пакарання ў Еўропе і за яе межамі” і ў межах дзейнасці Кантактнай групы Рады Еўропы па Беларусі.
Арыгінальная публікацыя на старонцы праекта "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання"
)
)
)
)
)