Што такое «Accountability for Belarus»? Тлумачыць экспертка БХК Кацярына Дзяйкала

05 снежня 2025, 21:00
Што такое «Accountability for Belarus»? Тлумачыць экспертка БХК Кацярына Дзяйкала

Нядаўна на сайце ПЦ "Вясна" з'явіўся хэштэг "Accountability for Belarus". Існуе таксама The International Accountability Platform for Belarus (IAPB), сайт якой мае старонкі на беларускай і рускай мовах: так, IAPB там перакладаецца як "Міжнародная платформа па прыцягненні да адказнасці для Беларусі" і "Международная платформа по привлечению к ответственности для Беларуси" адпаведна.

Але што такое "Accountability"? І што маецца на ўвазе пад "Accountability for Belarus"? Чым гэтае слова адрозніваецца ад іншых англамоўных ("Responsibility" і "Liability") і чаму яго так складана перакласці з англійскай? У гэтым "Вясна" разбіраецца разам з эксперткай у міжнародным праве і прадстаўніцай Беларускага Хельсінкскага Камітэта Кацярынай Дзяйкала.

"Вясна": Раней вы выкладалі курс па адказнасці ў міжнародным праве ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. І свой курс вы пачыналі з разбору гэтых англамоўных слоў: Accountability, Responsibility і Liability. Чаму вы так рабілі? І чаму гэтыя словы ідуць у звязку?

Кацярына Дзяйкала: Бо гэта тры тэрміны, якія выкарыстоўваюцца, калі мы гаворым пра міжнародна-прававую адказнасць дзяржаў і індывідуальную крымінальную адказнасць фізічных асоб за міжнародныя злачынствы. Часта яны выкарыстоўваюцца ў адным кантэксце, і, пачынаючы курс па адказнасці, важна было адразу разабрацца з базавымі тэрмінамі.

Для рускай мовы тут яшчэ праблема перакладу. Бо ў рускай мове ёсць адно слова "отвественность", якое выкарыстоўваецца ў розных значэннях – і ў юрыдычным, і маральным, і бытавым (напрыклад, "ты ответственен за покупки"). Усе гэтыя тры ангельскія тэрміны можна перавесці гэтым адным словам, таму незразумелыя адценні іх значэнняў.

"Вясна": Тым не менш, у грамадстве існуе некалькі стэрэатыпнае ўяўленне пра слова "Accountability". Кажучы "ў грамадстве", маецца на ўвазе і прыклад адной сітуацыі з беларускай: калі пры ёй згадалі пра "Accountability for Belarus", яна спытала, ці не звязана гэта з бухгалтарскімі паслугамі для Беларусі. Як вы думаеце, чаму такое ўяўленне? Калі зазірнуць у звычайны слоўнік англійскай мовы, то можна ўбачыць, што "accountability" перакладаецца як "падсправаздачнасць". Так у чым розніца паміж гэтымі тэрмінамі?

Кацярына Дзяйкала: Так, сапраўды, слова Accountability мае некалькі значэнняў на англійскай, і адно з іх – падсправаздачнасць, магчымасць уліку, улік, як у бухгалтарскім значэнні, так і ў значэнні празрыстасці (напрыклад, падсправаздачнасць дэпутатаў перад сваімі выбаршчыкамі, падсправаздачнасць урада і г.д.).

У кантэксце міжнароднай адказнасці гэтыя тры тэрміны маюць розныя значэнні.

Liability – як правіла, гэта адказнасць, звязаная з матэрыяльным пакрыццём шкоды. Тут упор не на парушэнне, а на неабходнасць аплаціць шкоду. Таму менавіта гэтым тэрмінам у міжнародным праве называюць адказнасць, якая ўзнікае без парушэння нормы, за шкоду ад правамернай дзейнасці, звязаную з эксплуатацыяй крыніцы павышанай небяспекі (АЭС, касмічныя аб'екты і г.д.). Гэта значыць калі ты не парушаеш права, але шкода наносіцца праз спецыфіку аб'екта як складанай сістэмы (можа здарыцца нешта неспадзяванае, нават калі ты ўсё робіш правільна). Гэты інстытут ёсць і ў грамадзянскім праве.

Responsibility – гэта строга юрыдычная адказнасць за парушэнне нормы міжнароднага права. Усё, што адбываецца ў межах судовага працэсу (і ў сувязі з ім) – гэта responsibility. Гэты тэрмін выкарыстоўваецца ў дакументах і нормах, якія рэгулююць пытанні адказнасці за парушэнне міжнароднага права: і ў дакуменце, які змяшчае нормы аб адказнасці дзяржаў, і ў Статуце Міжнароднага крымінальнага суда вы знойдзеце толькі тэрмін responsibility. Гэтак жа і ў судовых рашэннях.

Часам liability і responsibility выкарыстоўваюць як аналагі, але гэта не зусім дакладна. Часам тэрмінам liability называецца ў цэлым юрыдычная адказнасць, каб аддзяліць яе ад адказнасці маральнай, для якой у англійскай мове часта выкарыстоўваецца тэрмін responsibility ў адным са сваіх значэнняў. Калі ж гэтыя два словы выкарыстоўваюцца менавіта ў кантэксце адказнасці, то розніца паміж імі менавіта такая, як я апісала вышэй.

Accountability – гэта тэрмін з самым шырокім значэннем з усіх трох. Ён дадае да responsibility аспект фокусу на ахвярах злачынстваў, іх рэабілітацыі, нармальнай працы інстытуцый для прыцягнення да адказнасці, і больш шырокі абавязак парушальніка зведаць наступствы за зробленае, у тым ліку і ў сацыяльным сэнсе, а таксама абавязак тых, хто займаецца прыцягненнем да адказнасці – зрабіць гэта эфектыўна.

Напрыклад, паказальная фраза з сайта МКС пра мэту суда: "the Court aims to hold those responsible accountable for their crimes and to help prevent these crimes from happening again". На рускую (або беларускую – заўв.) мову гэта ў прынцыпе складана перавесці коратка і даслоўна. Бо атрымліваецца, што мэта суда прыцягнуць тых, хто адказны – да адказнасці. Але тут акцэнт трохі ў іншым, бо ўжываюцца два розныя словы: забяспечыць эфектыўнае прыцягненне да адказнасці (уключна з дастатковасцю рэсурсаў і магчымасцяў і з акцэнтам на ахвярах) тых, хто парушыў нормы міжнароднага права.

"Вясна": Давайце паспрабуем стварыць найбольш кароткую, наколькі гэта магчыма, дэфініцыю паняцця "Accountability for Belarus" — гэта...

Кацярына Дзяйкала: ...Сукупнасць дзеянняў і рэсурсаў, накіраваных на тое, каб зрабіць прыцягненне да адказнасці беларускіх службовых асоб за грубыя і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, а таксама юрыдычную рэабілітацыю ахвяр найбольш эфектыўнымі.

Можна яшчэ крыху шырэй – дадаць і адказнасць Беларусі як дзяржавы (за агрэсію).

"Вясна": Калі (дапусцім) "Accountability for Belarus" — гэта працэс, то калі можна будзе сказаць, што вынік дасягнуты?

Кацярына Дзяйкала: Гледзячы што мы лічым вынікам. Калі мы лічым вынікам 100% прыцягненне да адказнасці ўсіх, хто мусіць панесці пакаранне – то такі вынік наўрад ці будзе дасягнуты. Не ўсе, хто мусяць, панясуць адказнасць. У такіх сітуацыях гэта, на жаль, аксіёма. Уся сусветная гісторыя кажа пра гэта.

Але калі цвяроза і рэальна глядзець на рэчы, то значны вынік будзе дасягнуты, калі нацыянальная судовая сістэма зможа справіцца з цяжарам, які на яе ляжа (а асноўны цяжар па прыцягненні да адказнасці пры любым раскладзе ляжа на нацыянальныя суды), і змогуць быць запушчаны эфектыўныя працэсы прыцягнення да адказнасці. Дадаткова (задача з зорачкай) можа быць стварэнне гібрыднага трыбунала па Беларусі для прыцягнення вышэйшых службовых асоб, але нават калі гэтага не адбудзецца, а нацыянальныя суды змогуць спраўляцца з задачай – гэта будзе добры вынік.

Таксама добрым вынікам будзе, калі на дзяржаўным узроўні будуць эфектыўна, у адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі, арганізаваныя працэсы юрыдычнай рэабілітацыі ахвяр. Адсюль жа – нармальная палітыка памяці ды іншае.

Усё гэта будзе вельмі моцна залежаць ад мноства фактараў, у тым ліку ад таго, якім будзе першы дэмакратычны ўрад пасля транзіту.

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Падзялiцца

Глядзiце таксама

Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын заклікаў Беларусь прыняць меры па абароне Алены Лазарчык
17 студзеня 2026, 14:12
Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын заклікаў Беларусь прыняць меры па абароне Алены Лазарчык
12 студзеня 2026 года Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын (КЛДЖ) зарэгістраваў скаргу юрыст_ак арганізацыі Respect-Protect-Fulfill на дыскрымінацыю палітычнай зняволенай актывісткі Алены Лазарчык і заклікаў Беларусь тэрмінова прыняць меры па яе абароне.
Як ААН расследуе грубыя парушэнні правоў чалавека: міжнародны кантэкст ды кейс Беларусі
17 студзеня 2026, 14:05
Як ААН расследуе грубыя парушэнні правоў чалавека: міжнародны кантэкст ды кейс Беларусі
Якой была гісторыя падобных механізмаў у свеце і як у міжнародны кантэкст упісваецца кейс Беларусі? Што ўяўляе сабой Група незалежных экспертаў па Беларусі? Чым яна адрозніваецца ад іншых місій ААН?
Спецдакладчык ААН па Беларусі: «Вызваленне палітвязняў не спыняе палітыку рэпрэсій»
10 студзеня 2026, 12:45
Спецдакладчык ААН па Беларусі: «Вызваленне палітвязняў не спыняе палітыку рэпрэсій»
Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс 17 снежня павітаў нядаўнія вызвалення зняволеных, асуджаных у сувязі з пратэстамі вакол прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
Тлумачыць «Вясна»: Міжнародны крымінальны суд і Міжнародны суд ААН. Як працуе міжнародная адказнасць у выпадку Беларусі
10 студзеня 2026, 12:03
Тлумачыць «Вясна»: Міжнародны крымінальны суд і Міжнародны суд ААН. Як працуе міжнародная адказнасць у выпадку Беларусі
Як на шляху да Accountability for Belarus могуць быць задзейснены такія механізмы міжнароднай адказнасці, як Міжнародны крымінальны суд і Міжнародны суд ААН? І што гэта такое?

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці