Сімвалічная «хросная» павіншавала Марфу Рабкову з Днём народзінаў: «Вы натхняеце шматлікіх людзей і далёка за межамі Беларусі»

08 студзеня 2024, 11:58

На фота: Агнешка Бругер і Марфа Рабкова. Калаж spring96.org

У каардынатаркі Валанцёрскай службы "Вясны" Марфы Рабковай 6 студзеня быў дзень народзінаў. Ужо чацвёрты раз запар яна сустракае яго ў зняволенні. Марфе спаўняецца 29 гадоў.

Дэпутатка нямецкага Бундэстагу Агнешка Бругер, якая ў межах кампаніі #WeStandByYou з'яўляецца сімвалічнай "хроснай" праваабаронцы "Вясны", напісала Марфе пранізлівы ліст да дня народзінаў.

Дарагая Марфа!

У ваш 29-ы Дзень нараджэння зычу вам перш за ўсё моцнага здароўя, надалей так шмат неверагоднай мужнасці, сілы, трываласці і ўсяго найлепшага. Сваёй прыхільнасцю да дэмакратыі, правоў чалавека і свабоды вы натхняеце шматлікіх людзей і далёка за межамі Беларусі.

Неймаверна жорсткае пакаранне за вашу мірную прыхільнасць да дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі ўзрушыла мяне і многіх іншых дэпутатаў нямецкага Бундэстагу. Мы таксама вельмі занепакоеныя станам вашага здароўя.

Таму ўлетку я напісала адкрыты ліст адпаведным органам улады Беларусі з заклікам да неадкладнага доступу да тэрмінова неабходнай медычнай дапамогі і выканання мінімальных стандартаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у абыходжанні са зняволенымі. Гэты ліст падпісалі агулам 101 дэпутат з усіх дэмакратычных фракцый нямецкага Бундэстагу, у якім яны рашуча патрабавалі неадкладнага і безумоўнага вызвалення вас і ўсіх палітчыных зняволеных у Беларусі.

Я распавядаю вам пра гэты ліст, каб вы ведалі, што мы не забудземся на вас і вашых паплечнікаў і будзем працягваць выступаць за тое, каб вашыя галасы былі пачуты. Як дэмакратычна абраныя парламентарыі мы з непарушнай салідарнасцю стаім на вашым баку і баку шматлікіх мужных людзей ў Беларусі, адданых дэмакратыі, свабодзе і правам чалавека.

Нас таксама асабліва ўзрушылі выступ і прамова Святланы Ціханоўскай на нашым партыйным сходзе некалькі тыдняў таму. Гэта таксама сведчыць аб тым, што мы не забыліся на ўсіх мужных і свабодалюбівых людзей. Напярэдадні ў мяне была магчымасць абмяняцца з ёй думкамі ў вузкім фармаце, і мы размаўлялі і пра ваш лёс.

Я адчуваю самую вялікую павагу і глыбокае захапленне вашай мужнасцю і стойкасцю.

Менавіта ў ваш Дзень нараджэння мне падаецца абсалютна невысносным, што вы не можаце жыць на волі са сваёй сям'ёй і сябрамі. Вось чаму зычу вам, вашай сям'і, вашым сябрам і паплечнікам і ў гэтым годзе зноў шмат сіл, трываласці і здароўя. Але перш за ўсё, як і ў апошнія гады, зычу вам больш за іншае, каб вы нарэшце атрымалі справядлівасць і маглі святкаваць усе свае наступныя Дні нараджэнні на волі.

З павагай і салідарнасцю, Агнешка Бругер

Нагадаем, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова была затрыманая разам з мужам вечарам 17 верасня 2020 года і дастаўленая ў ГУБАЗіК. У яе кватэры быў праведзены ператрус, вынятая тэхніка, асабістыя грошы і рэчы. 

6 верасня 2022 года палітзняволеную Марфу Рабкову асудзілі да 15 гадоў зняволення па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса за падзеі 2016-2020 гадоў. Па выніках апеляцыі Марфе скарацілі тэрмін пакарання толькі на тры месяцы. Прысуд уступіў у сілу і праваабаронцу этапавалі ў гомельскую калонію. 

У падтрымку Марфы Рабковай і з патрабаваннем яе неадкладнага вызвалення выказваліся міжнародныя праваабарончыя арганізацыі: Amnesty International, Front Line Defenders, Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў ды шмат іншых.

Як  можна павіншаваць Марфу Рабкову з Днём Народзінаў?

  • дашлі паштоўку, тэлеграму ці ліст з віншаваннямі і цёплымі словамі, можна анлайн

  • распавядзі пра Марфу у сацсетках з хэштэгамі #FreeMarfa #FreeViasna

  • прыдумай свой крэатыўны спосаб і распавядзі іншым

Адрас для адпраўленняў:

ПК-4, вул. Антошкіна, 3, г. Гомель, 246035

Марыі Аляксандраўне Рабковай

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Падзялiцца

Глядзiце таксама

«Гэта працяг рэпрэсій, а не вызваленьне». Чаму палітвязьняў, якіх адпусьцілі з-за кратаў, вывозяць за мяжу
13 верасня 2025, 19:12
«Гэта працяг рэпрэсій, а не вызваленьне». Чаму палітвязьняў, якіх адпусьцілі з-за кратаў, вывозяць за мяжу
Распыталі праваабаронцаў і юрыстаў, чаму для ўладаў важна выціснуць гэтых людзей з Беларусі.
Палітвязень Андрэй Паднябенны памёр у магілёўскай калоніі № 15
08 верасня 2025, 16:53
Палітвязень Андрэй Паднябенны памёр у магілёўскай калоніі № 15
Пра гэта паведаміла ў сацыяльных сетках яго маці.
Роўна 4 гады таму асудзілі Марыю Калеснікаву і Максіма Знака. З імі няма сувязі больш за 2,5 гады
06 верасня 2025, 10:58
Роўна 4 гады таму асудзілі Марыю Калеснікаву і Максіма Знака. З імі няма сувязі больш за 2,5 гады
6 верасня 2021 года ў будынку Мінскага раённага суда ў закрытым рэжыме кіраўніцы выбарчага штаба Віктара Бабарыкі Марыі Калеснікавай і адвакату Максіму Знаку агучылі прысуд: 11 і 10 гадоў пазбаўлення волі адпаведна.
«Прававыя летапісы». «Вясна» прэзентуе відэапраект аб правах чалавека ў гісторыі Беларусі
02 верасня 2025, 10:56
«Прававыя летапісы». «Вясна» прэзентуе відэапраект аб правах чалавека ў гісторыі Беларусі
Статуты ВКЛ, паўстанне 1863, савецкія часы, феномен дысідэнства і 1990 гады... Як усе гэтыя падзеі звязаныя з правамі чалавека?

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці