Спецдакладчыкі ААН звярнуліся да Беларусі з-за пашырэння сферы прымянення смяротнага пакарання

13 чэрвеня 2022, 14:10
Спецдакладчыкі ААН звярнуліся да Беларусі з-за пашырэння сферы прымянення смяротнага пакарання

Спецыяльныя дакладчыкі па пытанні аб пазасудовых смяротных пакараннях, смяротных пакараннях без належнага судовага разгляду ці адвольных смяротных пакараннях, па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і па пытанні аб заахвочванні і абароне правоў чалавека і асноўных свабод ва ўмовах барацьбы з тэрарызмам накіравалі паведамленне ўраду Беларусі. У ім яны выказалі заклапочанасць унясеннем паправак у Крымінальны кодэкс, якія ўводзяць прымяненне смяротнага пакарання за падрыхтоўку і замах на злачынствы, што адносяцца да тэрарызму.

Спецдакладчыкі выказалі занепакоенасць працэсам прыняцця гэтых паправак, у якім адсутнічалі празрыстасць і грамадзянскі дыялог, не былі прадугледжаны належныя тэрміны для кансультацый з экспертамі і грамадзянскай супольнасцю.

У паведамленні Спецыяльныя дакладчыкі нагадалі ўраду пра абавязальніцтвы Беларусі па Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канвенцыі супраць катаванняў. Асобна Спецдакладчыкі падкрэслілі неадпаведнасць прыманых паправак артыкулу 6 МПГПП, які прадугледжвае, што смяротныя прысуды могуць выносіцца толькі за самыя цяжкія злачынствы, злучаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця. Спецдакладчыкі выказалі заклапочанасць шырокай і расплывістай фармулёўкай артыкула 289 КК ("Акт тэрарызму"), які патэнцыйна можа ахопліваць такія дзеянні, як выказванне нязгоды і абарона правоў чалавека, а таксама з нагоды вынясення смяротных прысудаў задняй датай у парушэнне прынцыпу nulla poena sine lege (няма пакарання без закона) у дачыненні да асобаў, занесеных у "тэрарыстычны спіс": журналісты, праваабаронцы, палітычныя апаненты і іншыя.

Спецдакладчыкі нагадалі, што злачынствы, якія караюцца смяротным пакараннем, як і любыя іншыя злачынствы, павінны быць дакладна вызначаны ў законе ў адпаведнасці з прынцыпам прававой акрэсленасці.

У паведамленні таксама падкрэсліваецца, што пашырэнне сферы прымянення смяротнага пакарання "пярэчыць духу і мэце артыкула 6 МПГПП".

На думку Спецдакладчыкаў, папраўкі могуць прывесці да "незваротнай шкоды і абуральных парушэнняў права на жыццё". Больш за тое, Спецдакладчыкі звярнулі ўвагу на паведамленні пра сістэматычныя парушэнні права на справядлівы судовы разгляд у дачыненні да асобаў, якім пагражае смяротнае пакаранне, і адзначылі, што дзяржавы, якія ўжываюць смяротнае пакаранне, абавязаны строга і няўхільна сачыць за выкананнем судовых гарантый, замацаваных у артыкулах 9 і 14 МПГПП, каб пазбегнуць адвольнага пазбаўлення жыцця.

Спецдакладчыкі таксама нагадалі, што працэдура прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі (сакрэтнасць, якая атачае дату смяротнага пакарання, а таксама адмова перадаць цела пакаранага для пахавання) раўназначная бесчалавечнаму абыходжанню з сям'ёй у парушэнне артыкула 7 МПГПП і артыкула 16 КПП.

Спецдакладчыкі заклікалі Беларусь прыпыніць дзеянне паправак, адкрыць грамадскую прастору для абмеркавання іх зместу з грамадзянскай супольнасцю і экспертамі ў гэтым пытанні і вылучыць дадатковы час для заканадаўчага і грамадскага разгляду, каб забяспечыць адпаведнасць прапанаваных паправак міжнародным нормам у галіне правоў чалавека і стандартам, і, калі будзе вызначана, што яны іх парушаюць, неадкладна адмяніць іх прыняцце. Спецдакладчыкі прапанавалі тэхнічную дапамогу для падтрымкі працэсу прывядзення заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека і ўдзел у канструктыўным дыялогу з урадам. Яны запрасілі дадатковую інфармацыю і растлумачэнне, што тычацца адпаведнасці паправак міжнародным стандартам. Таксама яны заклікалі да неадкладнага ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне і ратыфікацыі Другога Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Раней БХК сумесна з ПЦ "Вясна" выказалі рашучы пратэст супраць пашырэння ўжывання смяротнага пакарання. БХК таксама накіраваў паведамленне з інфармацыяй пра змены ў Крымінальны кодэкс у Спецыяльныя працэдуры ААН.

Падзялiцца

Глядзiце таксама

Четвертый цикл Универсального периодического обзора по Беларуси
07 кастрычніка 2025, 13:43
Четвертый цикл Универсального периодического обзора по Беларуси
На сайте Совета по правам человека ООН размещена информация, подготовленная в рамках четвертого цикла Универсального периодического обзора по Беларуси.
UPR-2025: Сумесная справаздача Беларускага ПЭНа, Міжнароднага ПЭНа і Амерыканскага ПЭНа
30 верасня 2025, 12:48
UPR-2025: Сумесная справаздача Беларускага ПЭНа, Міжнароднага ПЭНа і Амерыканскага ПЭНа
Напярэдадні агляду Беларускі ПЭН, Міжнародны ПЭН (PEN International) і Амерыканскі ПЭН (PEN America) падалі ў ААН сумесную справаздачу.
Беларускі ПЭН, Міжнародны ПЭН (PEN International) і ПЭН Амерыка (PEN America): заклік да ўладаў Беларусі
30 верасня 2025, 12:44
Беларускі ПЭН, Міжнародны ПЭН (PEN International) і ПЭН Амерыка (PEN America): заклік да ўладаў Беларусі
Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі будзе разгледжана Радай правоў чалавека ААН падчас Універсальнага перыядычнага агляду (UPR) у лістападзе 2025 года.
У пятую гадавіну адвольнага затрымання патрабуем неадкладна вызваліць Марфу Рабкову
17 верасня 2025, 14:22
У пятую гадавіну адвольнага затрымання патрабуем неадкладна вызваліць Марфу Рабкову
17 верасня 2020 года сябра "Вясны" Марфа Рабкова была адвольна затрыманая за сваю законную праваабарончую дзейнасць.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці