Сумесную заяву аб сітуацыі ў Беларусі на радзе АБСЕ 8 лютага прадставіла пастаянная прадстаўніца Канады Джоселін Кінер. Яна зроблена ад імя 19 краін — нефармальнай групы сяброў дэмакратычнай Беларусі. Да яе далучыліся яшчэ 13 дзяржаваў. У АБСЕ лічаць, што нядаўняя хваля рэпрэсій у Беларусі ў дачыненні да беларускіх палітвязняў і іх сем'яў звязаная з надыходзячымі выбарамі*. Яны ў чарговы раз заклікалі беларускія ўлады вызваліць палітвязняў і ўзгадаць пра свае міжнародныя абавязальніцтвы, а таксама спыніць падтрымку Расіі ў вайне супраць Украіны.
Ілюстрацыйнае фота spring96.org
У заяве выказаліся наконт апошняй хвалі пераследу супраць былых палітвязняў, якія засталіся ў Беларусі, сем'яў палітвязняў і тых, хто іх падтрымліваў:
"Як і жорсткія паслявыбарчыя рэпрэсіі ў 2020 годзе, гэтыя дзеянні, падобна, накіраваныя на запалохванне народа Беларусі напярэдадні запланаваных на гэты месяц парламенцкіх выбараў".
Аўтары дакумента падкрэслілі цяжкае становішча беларускіх палітвязняў і заклікалі да іх "неадкладнага і безумоўнага вызвалення".
Яны лічаць відавочным, што "ўлады Беларусі не маюць намеру праводзіць сапраўдныя выбары, якія патрабуюцца па абавязацельствах АБСЕ":
"Гэта немагчыма, пакуль усе формы іншадумства ці апазіцыі сутыкаюцца з запалохваннем, пераследам і турэмным зняволеннем. У Беларусі няма свабоды слова, няма свабоды аб'яднанняў і не існуе свабодных і незалежных сродкаў масавай інфармацыі, якія маглі б падзяліцца мноствам ідэй. Немагчыма правесці сапраўдныя дэмакратычныя выбары пры такіх сумных абставінах".
Паводле Джоселін Кінер, "народ Беларусі заслугоўвае лепшага". У заяве заклікаюць беларускія ўлады не аказваць далейшай падтрымкі агрэсіўнай вайне Расіі і цалкам выканаць свае міжнародныя абавязацельствы і абавязацельствы перад АБСЕ, у тым ліку распачаўшы ўсе неабходныя крокі для стварэння ўмоў для свабодных, справядлівых і сапраўды дэмакратычных выбараў.