Парламентарыі Нямеччыны і Аўстрыі сталі «хроснымі бацькамі» палітвязняў Галіны Дзербыш, Віталя Шышлава і Аляксея Кудасава.
У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, якую арганізавала праваабарончая арганізацыя «Ліберэка» (Libereco) Ева Эрнст-Дзедзіч (Нацыянальная рада Аўстрыі, Партыя зялёных), Лена Вернер (Бундэстаг Нямеччыны, Сацыял-дэмакратычная партыя) і Афелія Нік (Бундэстаг Нямеччыны, Альянс 90/Зялёныя) узялі на сябе хроснае бацькоўства палітычных вязняў у Беларусі.
10 снежня 2020 годаГаліна Дзербыш была затрымана па абвінавачанні ў «змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам» (арт. 357 КК), «удзеле ў злачыннай арганізацыі» (арт. 285) і «тэрарызме» (арт. 289).
Ева Эрнст-Дзедзіч, дэпутатка Нацыянальнай рады Аўстрыі, заяўляе з нагоды прыняцця хроснага бацькоўства над Галінай Дзербыш:
«Нават калі вайна Расеі ва Ўкраіне выціснула сітуацыю ў Беларусі з загалоўкаў газет, мы не павінны забываць, што ў турмах Лукашэнкі ўсё яшчэ знаходзяцца тысячы апазіцыянераў – людзі справядліва чакаюць, што мы працягнем падтрымліваць іх мірную барацьбу ўсімі сродкамі.
З самага пачатку грамадзянскіх пратэстаў я займаюся гэтым як на палітычным узроўні, так і на ўзроўні грамадзянскай супольнасці.Таму я радая узяць на сябе яшчэ адно сімвалічнае хроснае бацькоўства ў межах кампаніі #WeStandBYyou у падтрымку палітычных зняволеных у Беларусі: над бухгалтарам на пенсіі Галінай Дзербыш, якая шмат гадоў была незалежным назіральнікам на выбарах. Яна знаходзіцца ў турме са снежня 2020 года па абвінавачанні ў «тэрарыстычнай» дзейнасці і на самой справе не рабіла нічога, акрамя ажыццяўлення сваих грамадзянскіх правоў.
Калі мы дэманструем злачынствы рэжыму сусветнай грамадскасці, мы паказваем зняволеным, такім як Галіна, што мы не пакінем іх адных.
Як і ў расейска-ўкраінскай вайне, зло ў Беларусі мае той самы корань: дыктатар бярэ ў закладнікі цэлы народ, які хоча жыць у свабодзе і міры. У абодвух выпадках большая частка народа імкнецца ў Еўропу, а кіраўнік хоча гэтаму перашкодзіць.
Дэмакратычнаму руху ў Беларусі, вядома, спатрэбіцца шмат цярпення, але рана ці позна імкненне народа да свабоды прарвецца вонкі. Наша задача – як мага лепш падтрымаць народ Беларусі ў гэтым працэсе».
Віталь Шышлоў быў затрыманы 25 верасня 2020 года. Пасля ён быў прыгавораны да шасці гадоў пазбаўлення волі за «ўдзел у масавых беспарадках» (арт. 293 КК), «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342) і «ўжыванне гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» (арт. 364).
Лена Вернер, дэпутатка нямецкага Бундэстага, узяла на сябе хроснае бацькоўства над Віталём Шышлавым:
«23 верасня 2020 года Віталь Шышлоў далучыўся да мірнага пратэсту супраць інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пасля акцыі пратэсту ён быў абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Яго асудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі.Сёння я заклікаю да неадкладнага вызвалення Віталя.
Права на ўдзел у мірных пратэстах і свабода слова павінны выконвацца пры любых абставінах.
Правы чалавека і грамадзяніна не падлягаюць абмеркаванню.
Судовыя працэсы павінны быць справядлівымі, празрыстымі і адпавядаць закону.
Свабоду Віталю і ўсім іншым палітвязням у Беларусі, якія ўзнялі свой голас супраць фальсіфікацыі выбараў!».
Аляксей Кудасаў быў затрыманы 1 ліпеня 2021 года. У суд была перададзена крымінальная справа супраць яго па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: «арганізацыя масавых беспарадкаў» (арт. 293), "стварэнне экстрэмісцкай групы" (арт. 361-1), "распальванне нянавісці" (арт. 130) і «абраза прадстаўніка улады» (арт. 369). Аднак, паколькі працэс адбываўся ў закрытым рэжыме, невядома, у чым менавіта абвінавачваўся Кудасаў. 25 красавіка 2022 года ён быў прыгавораны да 11 гадоў пазбаўлення волі.
Афелія Нік, дэпутатка нямецкага Бундэстага, якая раней ужо ўзяла на сябе хроснае бацькоўства над Паўлам Юхневічам, кажа:
«Аляксей Кудасаў з Мінска быў асуджаны да 11 гадоў пазбаўлення волі падчас сумнеўнага судовага працэсу. Ён быў арыштаваны роўна год таму! З тых часоў малады чалавек, які адстойваў свае ідэі аб больш справядлівым і адкрытым грамадстве, апынуўся за кратамі. Таму для мяне гэта хроснае бацькоўства з'яўляецца знакам маёй салідарнасці з Аляксеем, а таксама людзей ва ўсім свеце, асуджаным па палітычных матывах.
Пакуль людзі могуць быць зняволеныя за свабоду слова, усім сапраўдным прыхільнікам дэмакратыі ёсць над чым працаваць.
Мае думкі – з Аляксеем».
Арыгінал артыкула (на ангельскай мове) на сайце Ліберэка.
Пераклад на беларускую мову: БДПЧ.