На фота: Андрэй Чапюк
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, сумесная праграма Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), выступіла з заявай з нагоды вызвалення валанцёра "Вясны" Андрэя Чапюка, у якой выказала сваю глыбокую палёгку ў сувязі з тым, што ён шчасна пакінуў Беларусь праз месяц пасля свайго вызвалення з турмы і яму больш не пагражаюць далейшыя рэпрэсіі. Пры гэтым, яны нагадалі, што некалькі іншых сябраў "Вясны", уключна з яе кіраўнікамі, застаюцца адвольна затрыманымі за сваю законную праваабарончую дзейнасць у Беларусі.
Валанцёр Праваабарончага цэнтра "Вясна" Андрэй Чапюк 18 красавіка 2025 года мусіў выйсці на волю пасля адбыцця свайго пакарання цалкам. Аднак замест таго, каб зноў здабыць поўную свабоду перамяшчэння, адразу пасля вызвалення Андрэй быў затрыманы. На яго надзелі кайданкі і павезлі на паўторны допыт супрацоўнікамі ГУБАЗіК. У відэа з вызваленнем Андрэя, апублікаваным на праўладным Telegram-канале, Андрэя абражалі і казалі яму, што ён "нікому не патрэбны, акрамя сваіх бацькоў". Пасля Андрэю суд прызначыў "прэвентыўны нагляд" і забараніў пакідаць краіну. Праз тое, што рэпрэсіі супраць Андрэя Чапюка працягнуліся і ўзмацніліся, ён быў вымушаны, дзеля ўласнай бяспекі, пакінуць Беларусь.
Абсерваторыя нагадвае, што Андрэй Чапюк быў адвольна затрыманы і ўзяты пад варту 2 кастрычніка 2020 года супрацоўнікамі ГУБАЗіК у адплату за ягоную мірную праваабарончую дзейнасць у якасці валанцёра "Вясны". Нягледзячы на адсутнасць доказаў, улады цягам аднаго з паловай гадоў спрабавалі сфабрыкаваць супраць яго абвінавачванні, а зрэшты асудзілі яго за "ўдзел у масавых беспарадках" і "ўдзел у злачыннай арганізацыі". 6 верасня 2022 года, пасля чатырох з паловай месяцаў закрытых судовых пасяджэнняў і амаль двух гадоў папярэдняга зняволення, Андрэй Чапюк быў прызнаны вінаватым і асуджаны Мінскім гарадскім судом да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 16 000 беларускіх рублёў (каля 4 300 еўра) за вышэйпаказаныя дзеянні.
Андрэй Чапюк абскардзіў гэты прысуд у Вярхоўным судзе Беларусі, а 18 лютага 2023 года Вярхоўны суд пастанавіў крыху зменшыць турэмнае зняволенне Андрэя Чапюка: з шасці гадоў да пяці гадоў і дзевяці месяцаў. Падчас свайго турэмнага зняволення Андрэй Чапюк утрымліваўся ў жорсткіх умовах і змяшчаўся ў штрафны ізалятар.
"Ён сутыкнуўся з невыноснымі ўмовамі, паколькі не мог завесці звычайную банкаўскую картку, уладкавацца на афіцыйную працу або зняць жыллё. Андрэй Чапюк прыняў цяжкае рашэнне пакінуць краіну, знаходжанне ў якой азначала працяг пераследаў і пазбаўленне асноўных грамадзянскіх і палітычных правоў.
Андрэй Чапюк не мусіў правесці ні дня за кратамі, паколькі ён быў затрыманы за сваю мірную праваабарончую дзейнасць. Ён не павінен быў вымушана пакідаць свой дом. Сістэматычны пераслед сябраў "Вясны" ды іншых праваабаронцаў не пакінуў месца для незалежнай грамадзянскай супольнасці: тыя, хто не заключаны ў турму, вымушаныя жыць у выгнанні, а "прафілактычнае назіранне" гарантуе, што нават вызваленыя палітычныя зняволеныя або мірныя актывісты застаюцца пад пастаяннай пагрозай", — заяўляюць FIDH і OMCT.
Жорсткія рэпрэсіі супраць "Вясны", чацвёра сябраў якой цяпер знаходзяцца за кратамі, па-ранейшаму выклікаюць глыбокую занепакоенасць. 6 верасня 2022 года Мінскі гарадскі суд асудзіў Марфу Рабкову да 15 гадоў турэмнага зняволення. Сярод іншых абвінавачванняў Марфа Рабкова была прызнаная вінаватай у "арганізацыі масавых беспарадкаў, удзеле ў іх і падрыхтоўцы іншых асоб да ўдзелу ў іх", "распальванні сацыяльнай варожасці ў дачыненні да ўрада" і "ўдзеле ў злачыннай арганізацыі". 14 ліпеня 2021 года беларускія ўлады адвольна затрымалі лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру і старшыні "Вясны" Алеся Бяляцкага, віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча і юрыста "Вясны" Уладзіміра Лабковіча ў беспрэцэдэнтным рэйдзе супраць беларускай грамадзянскай супольнасці. Асуджаныя паводле сфабрыкаваных абвінавачванняў і асуджаныя да дзесяці, дзевяці і сямі гадоў турэмнага зняволення адпаведна 3 сакавіка 2023 года, яны застаюцца, незаконна, вязнямі на момант публікацыі гэтай заявы і рэгулярна сутыкаюцца з ціскам і жорсткім абыходжаннем.
Рэпрэсіі супраць "Вясны" і яе сябраў з'яўляюцца часткай больш маштабнага ўціску грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, асабліва пасля масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Пасля пратэстаў улады зачынілі ўсе праваабарончыя ды іншыя незалежныя арганізацыі, у выніку чаго ў краіне не засталося ні адной легальна дзеючай праваабарончай НДА. "Вясна" — адна з вядучых беларускіх праваабарончых арганізацый, якая знаходзіцца ў авангардзе беларускага праваабарончага руху. Паводле даных арганізацыі, па стане на 6 чэрвеня 2025 года ў краіне за кратамі ўтрымліваюцца 1 175 чалавек, асуджаных паводле палітычных матываў, уключна з Настай Лойкай, згодна з інфармацыяй нацыянальных праваабарончых арганізацый.
Абсерваторыя выказвае глыбокую палёгку ў сувязі з тым, што Андрэй Чапюк знаходзіцца ў бяспецы, але зноў заяўляе аб сваім рашучым асуджэнні працягам рэпрэсій супраць праваабаронцаў у Беларусі і падкрэслівае, што палітычна матываваны, адвольны і жорсткі пераслед і бесчалавечнае абыходжанне з праваабаронцамі ды палітычнымі зняволенымі, а таксама агулам у беларускіх турмах, мусяць неадкладна спыніцца.
Праваабаронцы з Абсерваторыі заклікалі беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць Марфу Рабкову, Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча, а таксама ўсіх іншых праваабаронцаў, адвольна затрыманых у Беларусі, і пакласці канец усім актам пераследу, у тым ліку на судовым узроўні, у дачыненні да іх і ўсіх сябраў "Вясны".
Зрэшты, Абсерваторыя заклікае ўлады Беларусі дазволіць праваабаронцам ажыццяўляць сваю законную дзейнасць, і пры гэтым не асцерагацца рэпрэсій, без любых абмежаванняў або прымусовага выгнання.