Заява праваабаронцаў свету ў аб прысудзе Марфе Рабковай і Андрэю Чапюку

06 верасня 2022, 08:56
Заява праваабаронцаў свету ў аб прысудзе Марфе Рабковай і Андрэю Чапюку

Парыж — Жэнева, 5 верасня 2022 г.

На фоне татальных рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі Мінскі гарадскі суд 6 верасня абвесціць прысуд па жахлівай палітычна матываванай справе праваабаронцаў Марыі (Марфы) Рабковай і Андрэя Чапюка. Арганізацыі-падпісанты заклікаюць да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення, а таксама да вызвалення ўсіх адвольна затрыманых праваабаронцаў Беларусі.

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава далучыўся да заявы.

6 верасня 2022 года, а 15-й гадзіне па мінскім часе, пасля года і пяці месяцаў следства і больш за чатыры месяцы закрытых судовых пасяджэнняў Мінскі гарадскі суд вынесе прысуд па справе каардынатаркі Валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра "Вясна" Марыі Рабковай і валанцёра арганізацыі Андрэя Чапюка. Яны былі адвольна затрыманыя ў помсту за сваю мірную праваабарончую дзейнасць 17 верасня і 2 кастрычніка 2020 года адпаведна. На працягу амаль двух гадоў утрымання пад вартай з прычыны адсутнасці адэкватнага медыцынскага абслугоўвання здароўе Марфы Рабковай значна пагоршылася.

Працэс па справе Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка, а таксама яшчэ васьмі чалавек доўжыцца з 25 красавіка 2022 года. Усе падсудныя хлусліва абвінавачваюцца ў арганізацыі злачынных груп у перыяд з 2016 па 2020 год. Марфе Рабковай выставілі абвінавачванні паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку "арганізацыя масавых беспарадкаў, удзел у іх і навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў да ўдзелу ў іх" (чч. 1–3 арт. 293 КК), "распальванне сацыяльнай варажнечы" (арт. 130) і "ўдзел у злачыннай арганізацыі" (ч. 2 арт. 285). Ёй пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі. У сваю чаргу, Андрэй Чапюк абвінавачваецца ва "ўдзеле ў масавых беспарадках" (ч. 2 арт. 293 КК) і "ўдзеле ў злачыннай арганізацыі" (ч. 2 арт. 285 КК). Яму пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.

Працэс таксама адзначыўся парушэннямі правоў чалавека: трое з абвінавачаных сцвярджаюць, што зазнавалі катаванні ці іншае жорсткае абыходжанне з боку супрацоўнікаў КДБ, у той час як слуханні праходзяць за закрытымі дзвярыма.

Фактычнай прычынай затрымання і пераследу актывістаў "Вясны" з'яўляецца праваабарончая дзейнасць арганізацыі і яе рашучы выступ супраць рэпрэсій з боку ўрада. "Вясна" даўно знаходзіцца ў авангардзе беларускага праваабарончага руху. Праваабаронцы "Вясны" вядуць публічны спіс палітычных зняволеных у Беларусі, які на сённяшні дзень налічвае больш за 1300 чалавек. У сваёй працы Марфа Рабкова залучала валанцёраў да ўдзелу ў праваабарончай дзейнасці, каардынавала іх у назіранні за выбарамі і мірнымі акцыямі пратэстаў, а таксама дакументавала факты катаванняў.

Рэпрэсіі супраць "Вясны" і яе сябраў з'яўляюцца часткай больш шырокіх рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Толькі ў 2021 годзе ўлады закрылі больш за 275 праваабарончых і іншых незалежных арганізацый, у выніку чаго ў краіне не засталося ніводнай НДА, якая легальна дзейнічае. Акрамя таго, заканадаўчыя папраўкі да Крымінальнага кодэкса, прынятыя ў снежні 2021 года, ізноў увялі крымінальную адказнасць за "дзеянні ад імя незарэгістраваных ці ліквідаваных арганізацый". Такім чынам, ліквідацыя ўладамі ўсіх незалежных праваабарончых арганізацый прывяла да фактычнай крыміналізацыі праваабарончай дзейнасці. Правы на свабоду выказвання меркавання, асацыяцыі і мірных сходаў, замацаваныя ў міжнародных дакументах па правах чалавека, у тым ліку ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаваным Беларуссю, у апошнія гады груба і бесперапынна парушаліся ўладамі, што мела негатыўнае ўздзеянне на грамадзянскую супольнасць у краіне.

Арганізацыі, якія падпісаліся ніжэй, асуджаюць адвольнае затрыманне і зняволенне Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка, а таксама кіраўніка "Вясны" Алеся Бяляцкага, сябра Рады "Вясны" і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, юрыста і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча, юрыста гомельскай філіі "Вясны" Леаніда Судаленкі і валанцёркі Таццяны Ласіцы і заклікаюць да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення, што ўключае адмену прысудаў Судаленку і Ласіцы і спыненне адвольнага адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу ўсіх тых, хто яшчэ чакае суду.

Арганізацыі-падпісанты зноў заяўляюць пра сваю падтрымку "Вясны" і ўсіх яе сябраў і заклікаюць беларускія ўлады цалкам выконваць свае міжнародныя абавязкі ў галіне правоў чалавека, а таксама паважаць і абараняць дзейнасць праваабаронцаў і праваабарончых арганізацый і забяспечыць ім магчымасць працаваць без рэпрэсій і запалохванняў.   

  1. Amnesty International

  2. ARTICLE 19

  3. Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава

  4. Беларускі Хельсінкскі камітэт

  5. Цэнтр грамадзянскіх свабод (Украіна)

  6. Civil Rights Defenders

  7. Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH), у межах Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў

  8. Front Line Defenders

  9. Хельсінкскі фонд па правах чалавека

  10. Фонд "Дом правоў чалавека"

  11. Human Rights Watch

  12. International Partnership for Human Rights

  13. Libereco — Partnership for Human Rights

  14. Нідэрландскі Хельсінкскі камітэт

  15. Нарвежскі Хельсінкскі камітэт

  16. Östgruppen (Шведская ініцыятыва за дэмакратыю і правы чалавека)

  17. People in Need

  18. Right Livelihood

  19. Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (OMCT), у межах Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў

Глядзiце таксама

«Репортеры без границ» призывают европейские страны увеличить поддержку белорусских СМИ в изгнании
15 красавіка 2024, 12:41
«Репортеры без границ» призывают европейские страны увеличить поддержку белорусских СМИ в изгнании
Белорусские журналисты, оказавшиеся в изгнании в Европе, сталкиваются с экономическими проблемами, которые угрожают выживанию их СМИ, говорится в докладе аналитического центра для профессионалов СМИ The Fix, и созданного организацией «Репортеры без границ» (RSF) фонда поддержки журналистики в изгнании JX Fund.
КПЧ ААН зарэгістраваў індывідуальны зварот супраць Беларусі экс-палітвязня Змітра Фурманава
15 красавіка 2024, 11:23
КПЧ ААН зарэгістраваў індывідуальны зварот супраць Беларусі экс-палітвязня Змітра Фурманава
Былы палітзняволены Зміцер Фурманаў падаў індывідуальны зварот супраць Беларусі ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Прадстаўнікі журналісцкіх арганізацый Афрыкі запатрабавалі вызвалення беларускіх калег
15 красавіка 2024, 11:05
Прадстаўнікі журналісцкіх арганізацый Афрыкі запатрабавалі вызвалення беларускіх калег
Прадстаўнікі кантынентальнай сеткі AFEX па свабодзе слова і правах медыя ў Афрыцы далучыліся да Марафону салідарнасці са зняволенымі беларускімі журналістамі.
Працягнуты мандат Спэцыяльнага дакладчыка аб стане правоў чалавека ў Беларусі і створаны ворган рассьледаваньня парушэньняў правоў чалавека
10 красавіка 2024, 08:52
Працягнуты мандат Спэцыяльнага дакладчыка аб стане правоў чалавека ў Беларусі і створаны ворган рассьледаваньня парушэньняў правоў чалавека
Рада па правах чалавека (РПЧ) ААН 4 красавіка на пасяджэнні 55-й сесіі ў Жэневе прыняла рэзалюцыю, якой працягнуа мандат Спецыяльнага дакладчыка па Беларусі.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці