Адбылася цырымонія ўручэння Беларускай асацыяцыі журналістаў Сусветнай прэміі ЮНЭСКА / Гільерма Кано за ўнёсак у свабоду прэсы. Прэмію для арганізацыі атрымліваў старшыня Андрэй Бастунец.
Цырымонія прайшла ва Уругваі.
Беларуская асацыяцыя журналістаў сёлета стала лаўрэатам Сусветнай прэміі ЮНЭСКА / Гільерма Кано за ўнёсак у свабоду прэсы.
Старшыня арганізацыі Андрэй Бастунец падчас цырымоніі ўручэння прэміі выказаў падзяку ўсім журналістам, якія працягваюць працаваць у Беларусі і для Беларусі. Вось вытрымка з яго прамовы падчас урачыстай цырымоніі:
"Беларуская асацыяцыя журналістаў была створаная ў 1995 годзе як рэакцыя на рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Маніторынг парушэнняў правоў журналістаў, абарона свабоды выказвання, садзейнічанне распаўсюджванню праўдзівай інфармацыі — асноўныя задачы асацыяцыі. БАЖ быў і застаецца адной з найбольш вядомых арганізацый у Беларусі, яго дзейнасць была адзначана і многімі міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку Еўрапарламентам (прэмія Сахарава за свабоду думкі 2004 г.).
За апошнія 2 гады БАЖ зафіксаваў больш за 1 000 выпадкаў адвольных затрыманняў, збіцця, арыштаў, штрафаў, крымінальнага пераследу журналістаў у Беларусі. Цяпер за кратамі знаходзяцца 24 нашых калегі.
Многія журналісты і супрацоўнікі БАЖ былі вымушаны пакінуць сваю краіну пад пагрозай рэпрэсій. Некаторым прыйшлося зрабіць гэта двойчы і нават тройчы — пасля нападу Расіі на Украіну, куды яны пераехалі першапачаткова. Аднак яны працягваюць сваю працу. Як працягвае сваю працу і Беларуская асацыяцыя журналістаў, як бы ёй не перашкаджалі. БАЖ для нас — гэта не запіс у рэесце юрыдычных асоб, які вядзе міністэрства юстыцыі. БАЖ — гэта супольнасць прафесіяналаў, аб'яднаных усведамленнем сваёй місіі: даносіць праўдзівую інфармацыю да грамадства і пашыраць прастору свабоднага слова ў краіне.
Гэтую прэмію БАЖ расцэньвае як падтрымку ўсёй незалежнай журналісцкай супольнасці Беларусі. І спадзяецца, што яна зможа прыцягнуць увагу да пагаршэння сітуацыі са свабодай СМІ ў краіне, якое працягваецца, акажа ўплыў на змяненне гэтай сітуацыі да лепшага, на лёс тых журналістаў, якія цяпер у Беларусі знаходзяцца за кратамі".
Канферэнцыя ЮНЕСКА да Сусветнага дня свабоды прэсы пад агульнай тэмай «Журналістыка ў лічбавай аблозе» праходзіць ва Уругваі.
Адкрываючы канферэнцыю, генеральны дырэктар ЮНЕСКА Одры Азуле (Audrey Azoulay) адзначыла, што «гвалт у дачыненні да журналістаў таксама з'яўляецца гвалтоўным нападам на свабоду грамадства», і падкрэсліла важнасць пошуку спосабаў абароны свабоднай і бяспечнай журналістыкі.
«Ніколі інфармацыя не была такой даступнай, ніколі расследаванні журналістаў не мелі такіх важных вынікаў, але, магчыма, ніколі раней яны не былі такімі схаванымі і нават заглушанымі», — сказала Одры Азуле.
«Калі дадзеныя з'яўляюцца новай валютай, узнікае ілюзія, што ўсё павінна быць бясплатным з катастрафічнымі вынікамі для эканамічнай жыццяздольнасці СМІ», — дадала яна, патлумачыўшы, што ўсяго за пяць гадоў даходы ад рэкламы ў друкаваных выданнях скараціліся напалову ва ўсім свеце.
Незалежная і праўдзівая інфармацыя, «апора дэмакратыі», паводле слоў Азуле, перажывае самыя змрочныя часы з павелічэннем анлайн-пагроз і запалохванняў журналістаў, асабліва жанчын.
Агулам 8884 журналісты загінулі толькі за тое, што выконвалі сваю працу ў перыяд з 2012 па 2021 год, і амаль у дзевяці з дзесяці выпадкаў гэтыя забойствы застаюцца нераскрытымі, сказала генеральны дырэктар ЮНЕСКА.
Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш адзначыў у сваім выступе, што «тэхналогіі стварылі новыя каналы дэманстрацыі сілы і злоўжыванняў», — папярэдзіў ён. Але «без свабоды прэсы няма сапраўднай дэмакратыі».
— Уручаючы прэмію БАЖ, мы падтрымліваем усіх журналістаў ва ўсім свеце, якія крытыкуюць, выступаюць супраць і выкрываюць аўтарытарных палітыкаў і рэжымы, перадаюць праўдзівую інфармацыю і прасоўваюць свабоду выказвання меркаванняў. Сёння мы вітаем і хвалім іх. Мы знаходзім спосаб сказаць: мы з вамі і цэнім вашу мужнасць, — адзначыў старшыня міжнароднага журы прэміі, заснавальнік і дырэктар албанскай медыяарганізацыі Альфрэд Лэла.