Алесю Бяляцкаму ўручылі Нобелеўскую прэмію міру. Поўны тэкст прамовы Наталлі Пінчук, жонкі палітзняволенага праваабаронцы

13 December 2022, 12:41 PM
Алесю Бяляцкаму ўручылі Нобелеўскую прэмію міру. Поўны тэкст прамовы Наталлі Пінчук, жонкі палітзняволенага праваабаронцы

У Осла 10 снежня — у Міжнародны дзень правоў чалавека — адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння Нобелеўскай прэміі міру. У гэтым годзе прэстыжную прэмію атрымалі адразу тры намінанты: кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі, украінскі “Цэнтр грамадзянскіх свабод” і расійскі “Мемарыял”. Праваабаронца Алесь Бяляцкі не змог асабіста атрымаць узнагароду — ён ужо 17 месяцаў утрымліваецца за кратамі ў межах крымінальнай справы. Таму прэмію замест Бяляцкага атрымала ягоная жонка Наталля Пінчук, піша "Вясна".

7 кастрычніка 2022 года Нарвежскі Нобелеўскі камітэт паведаміў, што старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна" стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. Разам з Алесем Бяляцкім прэмію атрымалі ўкраінскі "Цэнтр Грамадзянскіх Свабод" і расійская праваабарончая арганізацыя "Мемарыял". У гэтым годзе праваабаронца вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міра шосты раз. 

Прэмію міру, паводле завяшчання Альфрэда Нобеля, прысуджаюць "асобе, якая дасягнула найбольшых поспехаў альбо зрабіла больш за іншых у справе згуртавання народаў і скарачэння колькасці дзейных войскаў, а таксама за правядзенне мірных кангрэсаў і прыцягненне да іх увагі".

Алесь — трэці чалавек, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, знаходзячыся за кратамі. За шматгадовую праваабарончую дзейнасць Алесь знаходзіцца за кратамі з 14 ліпеня 2021 года — ужо 17 месяцаў. Праваабаронцу з калегамі абвінавачваюць у “кантрабандзе арганізаванай групай” у 2016-2020 гадах і “фінансаванні актыўных групавых дзеянняў, што груба парушалі грамадскі парадак” падчас масавых акцый пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе.

Таму сёння, 10 снежня, у Осла Нобелеўскую прэмію міру замест старшыні "Вясны" артымала ягоная жонка Наталля Пінчук. У гэты дзень упершыню ў гісторыі прэміі Нобелеўская прамова прагучала на беларускай мове.

"Мір. Няхай мір застанецца ў маёй душы", — Наталля Пінчук перадала словы Алеся Бяляцкага

«Вашы Каралеўскія Міласці, Вашы Каралеўскія Высокасці, шаноўныя сябры Нобелеўскага камітэту, шаноўнае спадарства.

З вялікім хваляваннем выпадае мне гонар выступіць тут на ўшанаваньні лаўрэатаў прэміі Міру за 2022 год. Сярод іх і мой муж Алесь Бяляцкі.

На жаль, ён ня можа прыняць узнагароду асабіста. Ён за кратамі ў Беларусі. Таму я стаю за гэтай трыбунай.

Хачу выказаць вялікую падзяку:

Нарвежскаму Нобелеўскаму камітэту, рашэнне якога ўмацавала Алеся ў гатоўнасці стаяць у сваёй праўдзе і дае надзею ўсім беларусам, што можна разлічваць на дэмакратычную салідарнасць у барацьбе за свае правы.

Дзякуй усім, хто падтрымліваў Алеся, яго сяброў і ягоную справу ўсе гэтыя гады і падтрымлівае цяпер.

Шчыра віншую Цэнтр грамадзянскіх свабодаў і Міжнароднае таварыства «Мэмарыял» з заслужанай узнагародай. Алесь і ўсе мы ўсведамляем, наколькі важна і рызыкоўна выконваць місію праваабаронцаў, асабліва ў трагічны час агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Ня толькі Алесь у турме — тысячы беларусаў, дзясяткі тысяч рэпрэсаваных, зняволеных за сваю грамадзянскую пазыцыю знаходзяцца там. Сотні тысяч вымушаныя ўцякаць з краіны толькі таму, што хацелі жыць у дэмакратычнай дзяржаве. У Беларусі, на жаль, ужо гадамі працягваецца вайна ўлады супраць уласнага народу, мовы, гісторыі, супраць дэмакратычных каштоўнасцяў. Пра гэта гавару тут з болем і перасцярогай, бо сённяшнія палітычныя і ваенныя падзеі пагражаюць Беларусі стратаю дзяржаўнасці і незалежнасці.

На жаль, улада з грамадствам размаўляе толькі пры дапамозе сілы — гранатаў, дубінак, электрашокераў, бясконцых арыштаў і катаваньняў. Пра нацыянальны кампраміс або дыялёг няма размовы. Пераследуюць дзяўчат і хлопцаў, жанчын і мужчын, непаўналетніх і людзей сталага ўзросту. У беларускіх турмах уладарыць нечалавечае аблічча сістэмы, асабліва для тых, хто марыў быць свабоднымі людзьмі!

У такой сытуацыі невыпадкова, што за дэмакратычныя перакананні і праваабарончую дзейнасць улады арыштавалі Алеся і яго паплечнікаў з Праваабарончага цэнтру «Вясна»: у вязніцах Марфа РабковаВалянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Леанід Судаленка, Андрэй Чапюк і іншыя праваабаронцы. Другія зараз яшчэ пад следствам і пракурорскімі абвінавачваннямі, трэція вымушаны былі эміграваць за мяжу. Але створанага звыш дваццаці пяці гадоў таму Алесем і яго аднадумцамі Праваабарончага цэнтру «Вясна-96» — не разбіць, не спыніць, не стрымаць!

Алесь ня мог перадаць на волю тэкст свайго выступу, ён паспеў сказаць мне літаральна пару сказаў. Таму падзялюся з вамі ягонымі думкамі — і гэтымі, і запісанымі раней. Гэта фрагмэнты яго ранейшых выказванняў, твораў, развагаў. Тут яго думкі аб мінулым і будучыні Беларусі, аб правах чалавека, аб лёсах міру і свабоды.

То перадаю слова Алесю.

Так бывае, што людзі, якія найбольш цэняць свабоду, часта пазбаўленыя яе. Я ўспамінаю сваіх сяброў — праваабаронцаў з Кубы, Азэрбайджану, Узбэкістану, я ўспамінаю сваю духоўную сястру Насрын Сотудэ́ з Ірану. Я захапляюся кардыналам Язэпам Чэнем (Joseph Zen) з Ганконгу. Зараз у Беларусі тысячы людзей знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах, і яны ўсе мае браты і сёстры. Нішто ня можа спыніць прагу людзей да волі. Тут зараз у турме ўся Беларусь. Сядзяць журналісты, палітолягі, прафсаюзныя лідары, сярод іх багата маіх знаёмых і сяброў... Суды працуюць як канвэер, асуджаных развозяць па калёніях, а новыя хвалі палітзняволеных займаюць іх месца...

Гэтая прэмія належыць усім маім сябрам-праваабаронцам, усім грамадзкім актывістам, дзясяткам тысяч беларусаў, якія прайшлі праз збіцьцё, катаванні, арышты, турму. Гэтая прэмія — узнагарода мільёнам беларускіх грамадзян, якія выступілі ў абарону сваіх грамадзянскіх правоў. Яна падкрэслівае тую драматычную сытуацыю, якая склалася з правамі чалавека ў краіне.

Нядаўна ў мяне адбыўся кароткі дыялог.

— Калі на волю? — спыталіся ў мяне.

— А я і так вольны, у душы, — адказаў я.

Мой вольны дух лунае па-над вязніцай і над кляновым лістом абрысаў Беларусі.

Я зазіраю сабе ўсярэдзіну, і здаецца, што мае ідэалы не змяніліся, ня страцілі каштоўнасць, не патускнелі. Яны заўжды са мной, і я ахоўваю іх, як магу. Яны — як адлітыя з золата, і іх не бярэ іржа.

Мы хочам уладкаваць нашае грамадства як больш гарманічнае, справядлівае і спагаднае. Дабіцца незалежнай, дэмакратычнай Беларусі. Марым, каб яна была ўтульнай і прывабнай для жыцця. Гэтая ідэя высакародная, сугучная агульным для свету цывілізацыйным уяўленням. Мы ж ня марым пра штосьці надзвычайнае, мы хочам усяго толькі «людзьмі звацца», як сказаў наш класік Янка Купала. Тут — і павага да сябе саміх, і да іншых, тут і правы чалавека, дэмакратычны лад жыцця, беларуская мова і нашая гісторыя.

Я веру, бо ведаю, што мінае ноч і надыходзіць ранак. Я ведаю, што нас няўтомна штурхае наперад, дык гэта надзея і мара.

Марцін Лютэр Кінг заплаціў за сваю мару жыццём, яго застрэлілі. Мая плата за маю мару меншая, але ўсё роўна за яе даводзіцца плаціць. Я не шкадую ні кроплі. Бо мая мара вартая гэтага. Мае ідэалы сугучныя з ідэаламі маіх старэйшых сяброў і духоўных настаўнікаў чэха Вацлава Гавела і беларуса Васіля Быкава. Абодва яны прайшлі празь вялікія жыццёвыя выпрабаваньні, абодва багата чаго зрабілі для сваіх народаў і культуры, абодва змагаліся за дэмакратыю і правы чалавека да апошніх хвілінаў свайго жыцьця.

Немагчыма, каб на пустым полі адразу вырас добры ўраджай. Поле трэба добра ўгнойваць, камяні выбіраць... А тое, што пакінула ў Беларусі камуністычная ўлада за 70 гадоў, можна назваць выпаленай зямлёй... Былі часы ў канцы 80-х гадоў, калі мы літаральна ведалі адзін аднаго ў твар... Але на пачатку 90-х зьявіліся тысячы і дзясяткі тысяч...

9 жніўня 2020 году ў Беларусі прайшлі прэзыдэнцкія выбары. Масавыя фальсіфікацыі прывялі да таго, што людзі выйшлі на вуліцу. У двубоі сышліся Дабро і Зло. Зло — добра ўзброенае. А з боку Дабра — толькі нечуваныя для краіны мірныя масавыя пратэсты, якія збіралі сотні тысяч людзей.

Улады напоўніцу запусцілі рэпрэсіўны мэханізм катаванняў і забойстваў — Рамана Бандарэнкі, Вітольда Ашурка і многіх іншых.

Гэта найвышэйшы і нечуваны па сваёй жорсткасці ўзровень рэпрэсіяў. Людзі праходзяць праз неймаверныя катаванні і пакуты.

Камэры і турмы больш нагадваюць савецкія грамадзкія прыбіральні, дзе людзей трымаюць месяцамі і гадамі. Я абсалютна супраць таго, каб жанчыны знаходзіліся ў турме, а ўявіце, як ім даводзіцца ў турме Беларусі — у гэтым філіяле пекла на зямлі!

Выказванні Лукашэнкі пацвярджаюць, што выканаўцам дадзены карт-блянш, каб праз страх спыніць людзей. Але грамадзяне Беларусі патрабуюць справядлівасці. Яны патрабуюць, каб тыя, хто ўчыняў масавыя злачынствы, былі пакараныя. Патрабуюць свабодных выбараў. Ніколі ўжо Беларусь і беларускае грамадзтва ня будуць ранейшымі, калі былі цалкам звязаныя па руках і нагах. Людзі прачнуліся...

Зараз пэрманэнтная барацьба дабра і зла разгарнулася ледзь ня ў чыстым выглядзе ўва ўсім рэгіёне. Халодная сьцюжа з Усходу сутыкнулася з цяплом еўрапейскага рэнэсансу.

Мала быць адукаваным і дэмакратычным, мала быць гуманным і міласэрным. Трэба ўмець бараніць свой набытак і сваю Айчыну. Недарэмна ў сярэднявеччы паняцьце Айчыны было тоесным паняццю свабоды.

Я дакладна ведаю, якая Украіна задавальняла б Расею і Пуціна — несамастойная дыктатура. Такая, як сённяшняя Беларусь, дзе не чуваць голасу прыдушанага народу.

Расейскія вайсковыя базы, велічэзная эканамічная залежнасць, культурная і моўная русіфікацыя — вось адказ, на чыім баку Лукашэнка. Улады Беларусі незалежныя толькі ў той ступені, у якой ім дазваляе Пуцін. І таму трэба змагацца супраць «інтэрнацыяналу дыктатураў».

Я праваабаронца і таму прыхільнік негвалтоўнага супраціву. Я — не агрэсіўны па натуры чалавек, імкнуся гэтак заўсёды паводзіць сябе. Аднак я таксама добра разумею, што дабро і праўда павінны ўмець абараняць сябе. Як магу, трымаю мір у маёй душы, гадую яго, як далікатную кветку, адганяю злосць. І малюся, каб рэчаіснасць не прымусіла мяне адкапаць даўно закапаную сякеру і бараніць праўду з сякерай у руках. Мір. Няхай мір застанецца ў маёй душы.

А 10 снежня мне хочацца паўтарыць для ўсіх: «Ня бойцеся!» Гэта тое, што сказаў у 80-я папа Ян Павал II, калі прыехаў у камуністычную Польшчу. Больш ён нічога тады не сказаў, але хапіла. Я веру, бо ведаю, што пасля зімы наступае вясна.

Я цытавала Алеся Бяляцкага. І завяршу выступ воклічамі ягонай душы: Свабоду беларускаму народу! Свабоду Вясьне! ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!»

Як павіншаваць Алеся Бяляцкага з атрыманнем Нобелеўскай прэміі міру?  

Спосабы віншавання і падтрымкі Алеся вельмі абмежаваны беларускімі ўладамі. Але мы заклікаем вас працягваць выказваць сваю салідарнасць як з Алесем Бяляцкім, так і з астатнімі палітычнымі зняволенымі, якія пераследуюцца за сваю мірную дзейнасць, наступнымі спосабамі:

  • лістом, паштоўкай ці тэлеграмай (з дамашняга тэлефона можна па нумару 166);

  • грашовым пераводам праз пошту ці інтэрнэт-банкінг з беларускай карткі;

  • пасылкай з рознымі прыемнымі дробязямі;

  • медыцынскай бандэролькай з вітамінамі.

Акрамя гэтага, можна:

  • напісаць адкрыты ліст і адправіць яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info;

  • зрабіць пост пра Алеся з хэштэгам #FreeAles #FreeViasna;

  • зладзіць акцыю салідарнасці з Алесем Бяляцкім, калі вы знаходзіцеся ў бяспечнай краіне;

  • падтрымаць данатамі «Вясну» на Patreon.

Артыкул з сайту "Вясны"

See more news

«Репортеры без границ» призывают европейские страны увеличить поддержку белорусских СМИ в изгнании
15 April 2024, 12:41 PM
«Репортеры без границ» призывают европейские страны увеличить поддержку белорусских СМИ в изгнании
Белорусские журналисты, оказавшиеся в изгнании в Европе, сталкиваются с экономическими проблемами, которые угрожают выживанию их СМИ, говорится в докладе аналитического центра для профессионалов СМИ The Fix, и созданного организацией «Репортеры без границ» (RSF) фонда поддержки журналистики в изгнании JX Fund.
КПЧ ААН зарэгістраваў індывідуальны зварот супраць Беларусі экс-палітвязня Змітра Фурманава
15 April 2024, 11:23 AM
КПЧ ААН зарэгістраваў індывідуальны зварот супраць Беларусі экс-палітвязня Змітра Фурманава
Былы палітзняволены Зміцер Фурманаў падаў індывідуальны зварот супраць Беларусі ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Прадстаўнікі журналісцкіх арганізацый Афрыкі запатрабавалі вызвалення беларускіх калег
15 April 2024, 11:05 AM
Прадстаўнікі журналісцкіх арганізацый Афрыкі запатрабавалі вызвалення беларускіх калег
Прадстаўнікі кантынентальнай сеткі AFEX па свабодзе слова і правах медыя ў Афрыцы далучыліся да Марафону салідарнасці са зняволенымі беларускімі журналістамі.
Працягнуты мандат Спэцыяльнага дакладчыка аб стане правоў чалавека ў Беларусі і створаны ворган рассьледаваньня парушэньняў правоў чалавека
10 April 2024, 8:52 AM
Працягнуты мандат Спэцыяльнага дакладчыка аб стане правоў чалавека ў Беларусі і створаны ворган рассьледаваньня парушэньняў правоў чалавека
Рада па правах чалавека (РПЧ) ААН 4 красавіка на пасяджэнні 55-й сесіі ў Жэневе прыняла рэзалюцыю, якой працягнуа мандат Спецыяльнага дакладчыка па Беларусі.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці