Аналітычны даклад аб парушэннях працоўных правоў у Беларусі для Спецыяльнага дакладчыка ААН

05 June 2025, 9:45 AM
Аналітычны даклад аб парушэннях працоўных правоў у Беларусі для Спецыяльнага дакладчыка ААН

На фота: МТЗ, 13 жніўня 2020 года

Кааліцыя беларускіх НДА і Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў прадставіла аналітычны даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў сферы працы, прызначаны для Спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Для падрыхтоўкі справаздачы Генеральнай Асамблеі ААН у кастрычніку 2025 г. Спецыяльны дакладчык запытваў інфармацыю аб тым, як развівалася сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў сферы працы за апошнія некалькі гадоў.

Даклад падрыхтавалі:

  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў

  • Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой

  • Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава

  • Беларускі Хельсінкскі Камітэт

  • Lawtrend

  • Офіс па правах людзей з інваліднасцю

  • Беларускі ПЭН

  • Праект "Права на абарону"

  • Рабочы Рух

  • Праваабарончы цэнтр "Вясна"

Агульную каардынацыю падрыхтоўкі даклада выконваў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.

Даклад

У сваім дакладзе кааліцыя беларускіх НДА і Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў распавяла Спецыяльнаму дакладчыку аб сітуацыі з усім спектрам працоўных правоў у краіне і прапанавала, якія рэкамендацыі карысна адрасаваць уладам Беларусі і міжнароднай супольнасці з пазіцыі працоўных стандартаў і правоў чалавека.

Аўтары даклада пазначаюць, што ў Беларусі назіраюцца сістэмныя і маштабныя парушэнні працоўных правоў, якія закранаюць шырокае кола працаўнікоў.

Асноўныя праблемы ўключаюць фактычную ліквідацыю свабоды аб'яднання шляхам ліквідацыі ўсіх незалежных прафсаюзаў, пераслед актывістаў грамадзянскай супольнасці і членаў незалежных прафсаюзаў, масавыя звальненні і ціск на нелаяльных уладзе працаўнікоў, у тым ліку па палітычных матывах. Былыя палітычныя зняволеныя, адвакаты, жанчыны, асобы з інваліднасцю і іншыя ўразлівыя групы падвяргаюцца дыскрымінацыі пры працаўладкаванні і на працоўным месцы. Шырока выкарыстоўваюцца прымусовая праца ў пенітэнцыярнай сістэме, лячэбна-працоўных прафілакторыях, у форме абавязковых суботнікаў і "грамадска карысных работ", стыгматызацыя і ўскладанне дадатковага маёмаснага цяжару на так званых "дармаедаў" (працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы).

На дзяржаўных прадпрыемствах распаўсюджана палітызацыя кадравай палітыкі: існуюць пасады намеснікаў па ідэалогіі - супрацоўнікаў КДБ, адбываюцца вобшукі і арышты на працоўных месцах. Працадаўцы таксама прымушаюць працаўнікоў падпісваць абавязацельствы аб "нелаяльнасці да экстрэмісцкай дзейнасці". Пры гэтым кантралюемая дзяржавай Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і прадзяржаўныя прафсаюзы, якія ўваходзяць у яе склад, захоўваюць маўчанне наконт дапускаемых парушэнняў і актыўна ўзаемадзейнічаюць з афіцыйнымі ўладамі ў рэпрэсіях супраць працаўнікоў.

Даклад змяшчае наступныя тэмы і рэкамендацыі:

  • Міжнародныя абавязкі Рэспублікі Беларусь і супрацоўніцтва з міжнароднымі механізмамі па правах чалавека - добрасумленна выконваць рэкамендацыі інстытутаў ААН па пытанні аб свабодзе асацыяцыі, мірных сходаў, выказвання меркаванняў; поўнасцю выканаць Рэкамендацыі Камісіі па расследаванні МАП, а таксама добрасумленна ўзаемадзейнічаць з МАП у рамках прымянення артыкула 33 Статута МАП у дачыненні да свабоды аб'яднанняў.

  • Палітызацыя рэгулявання працы (рэпрэсіўныя заканадаўства і практыка ў галіне працы ў Беларусі) - скасаваць рэпрэсіўнае заканадаўства, якое абмяжоўвае доступ да прафесій па палітычных або ідэалагічных матывах, і забяспечыць адпаведнасць нацыянальнага заканадаўства міжнародным стандартам; спыніць рэпрэсіўную практыку ў дачыненні да работнікаў, а таксама грамадзянскіх актывістаў, недзяржаўных арганізацый і незалежных прафсаюзаў; вызваліць незаконна затрыманых актывістаў і аднавіць на працы несправядліва звольненых работнікаў з належнай кампенсацыяй.

  • Прымусовая праца ў месцах утрымання пад вартай - ліквідаваць сістэму лячэбна-працоўных прафілакторыяў і адмяніць выкарыстанне прымусовай працы ў пенітэнцыярнай сістэме Беларусі, даць пацярпелым эфектыўныя сродкі прававой абароны.

  • Адвольныя і дыскрымінацыйныя абмежаванні доступу былых палітвязняў да рынку працы - неадкладна спыніць усе палітычна матываваныя звальненні, адмяніць чорныя спісы, якія абмяжоўваюць доступ да прафесій, перагледзець заканадаўства, якое дазваляе звальненні па палітычных поглядах.

  • Заканадаўчыя і практычныя абмежаванні ў дачыненні да дзеячаў культуры — неадкладна спыніць усе палітычна матываваныя звальненні і адмяніць прафесійныя забароны ў культурнай сферы; скасаваць дыскрымінацыйныя рэестры і чорныя спісы, якія абмяжоўваюць доступ да культурных прафесій.

  • Рэалізацыя права ствараць і ўступаць у прафсаюзы на свой выбар, правы на забастоўку - аднавіць прымусова ліквідаваныя незалежныя прафсаюзы, забяспечыць ім спрыяльныя ўмовы для працы і спыніць умяшанне ў іх дзейнасць (судовы пераслед, вобшукі, замарожванне актываў і дыскрэдытацыю), усталяваць у законе парадак свабоднага правядзення забастовак.

  • Парушэнні правоў чалавека, якія вынікаюць з заканадаўства і палітыкі, што прымушаюць грамадзян да абавязковай працы, базы дадзеных "не занятых у эканоміцы грамадзян", "суботнікі" і грамадскія працы - ліквідаваць сістэму дыскрымінацыйных мер супраць "працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы", спыніць практыку ўдзелу ў суботніках пад пагрозай звальнення, выключыць з заканадаўства палажэнні аб абавязковым размеркаванні на працоўныя месцы.

  • Парушэнні правоў працадаўцаў у Беларусі і за мяжой - аднавіць права на законную прадпрымальніцкую дзейнасць і аб'яднанне ў бізнес-асацыяцыі.

  • Парушэнні ў галіне дыскрымінацыі жанчын і пры складанні працоўных дагавораў - адмяніць спіс забароненых прафесій для жанчын, скараціць гендэрны разрыў у аплаце працы і садзейнічаць кар'ернаму росту жанчын, рэалізаваць эфектыўныя меры супраць прыгнёту на працоўным месцы і забяспечыць магчымасць дапамогі прафсаюзаў у такіх сітуацыях.

Беларусь і выкананне міжнародных рэкамендацый

У рамках даклада кааліцыя адзначыла пазіцыю Урада Рэспублікі Беларусь, накіраваную на грэбаванне міжнароднымі абавязкамі дзяржавы ў галіне абароны працоўных правоў.

Беларусь сістэматычна, на працягу больш за 20 гадоў, не выконвае свае абавязкі перад Міжнароднай арганізацыяй працы (МАП), ігнаруючы Рэкамендацыі яе Камісіі па расследаванні, створанай у 2004 годзе ў сувязі з парушэннямі свабоды аб'яднанняў і працоўных правоў.

Беларусь не ратыфікавала Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, які ўстанаўлівае працэдуру падачы скарг у дачыненні да працоўных правоў, якія абараняюцца Пактам.

8 лютага 2023 года Беларусь выйшла з Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які дае асобам права падаваць скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека.

На працягу доўгага часу Беларусь нязменна ўваходзіць у лік горшых краін у свеце па правах працоўных, згодна з Глабальным індэксам правоў чалавека, апублікаваным Міжнароднай канфедэрацыяй прафсаюзаў (МКП). У дакладах за 2023 і 2024 гады Беларусь увайшла ў дзясятку краін з найгоршымі ўмовамі працы разам з такімі краінамі, як Бангладэш, Егіпет і М'янма.

Цяпер у Жэневе адбываецца 113 сесія Міжнароднай канферэнцыі працы МАП.

Заклікаем удзельнікаў Канферэнцыі праявіць салідарнасць з незаконна звольненымі і пазбаўленымі волі працаўнікамі Беларусі! У 21 стагоддзі няма месца рабству і дыскрымінацыі па прафсаюзнай, палітычнай і гендэрнай прыналежнасці! Дзяржавы павінны добрасумленна ўдзельнічаць у сацыяльным дыялогу, а не выбіраць яго бакі шляхам выкарыстання кантралюемых імі ўтварэнняў - такіх як Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, і знішчэння апанентаў - незалежных прафсаюзаў.

Заклікаем Міжнародную арганізацыю працы і дзяржавы-члены МАП узмацніць ціск на ўлады Беларусі з мэтай спынення сістэмных парушэнняў правоў працаўнікоў, уключаючы рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных прафсаюзаў, дыскрымінацыю па палітычных і сацыяльных прыкметах, прымусовую працу і масавыя звальненні.

Трэба дамагацца ад Беларусі выканання абавязкаў па фундаментальных канвенцыях МАП, выканання рэкамендацый Камісіі па расследаванні і палажэнняў артыкула 33 Статута МАП, а таксама забяспечыць міжнародны маніторынг і салідарную падтрымку пацярпелым працаўнікам.

See more news

Lawtrend: Мониторинг ситуации со свободой ассоциаций и положением организаций гражданского общества в Беларуси в мае 2025 года
06 June 2025, 10:37 AM
Lawtrend: Мониторинг ситуации со свободой ассоциаций и положением организаций гражданского общества в Беларуси в мае 2025 года
Репрессии в отношении беларусских организаций гражданского общества и граждан, как внутри страны, так и вынужденно уехавших за рубеж, не останавливаются.
Lawtrend: Мониторинг ситуации со свободой ассоциаций и положением организаций гражданского общества в Беларуси в апреле 2025 года
27 May 2025, 12:41 PM
Lawtrend: Мониторинг ситуации со свободой ассоциаций и положением организаций гражданского общества в Беларуси в апреле 2025 года
Масштабные репрессии в отношении беларусских организаций гражданского общества и граждан, как внутри страны, так и вынужденно уехавших за рубеж, не останавливаются.
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 траўня 2025 года
27 May 2025, 12:33 PM
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 траўня 2025 года
На 15 траўня 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 35, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 152.
Беларускі ПЭН: Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, студзень – сакавік 2025 года
27 May 2025, 12:23 PM
Беларускі ПЭН: Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, студзень – сакавік 2025 года
Матэрыял падрыхтаваны на аснове абагульненай інфармацыі, сабранай маніторынгавай групай Беларускага ПЭНа за першыя тры месяцы 2025 года з адкрытых крыніц праз асабістыя кантакты і ў непасрэднай камунікацыі з дзеячамі культуры.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці