Аўтар дакладу ААН — сваякам беларускіх палітвязьняў: «Ня трэба скарацца, адказнасьць за парушэньні правоў чалавека наступіць»

29 May 2023, 11:17 AM
Аўтар дакладу ААН — сваякам беларускіх палітвязьняў: «Ня трэба скарацца, адказнасьць за парушэньні правоў чалавека наступіць»

 Крыніца: Радыё Свабода

Ніл Гілмар, кіраўнік групы экспэртаў, якія рыхтавалі даклады ААН аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі пасьля 2020 году, даў інтэрвію Радыё Свабода.

Ніл Гілмар

Коратка пра суразмоўцу Свабоды:

  • Ніл Гілмар (Neal Gilmore) — каардынатар групы экспэртаў у Офісе Вярхоўнага камісара ў правах чалавека ААН дзеля дасьледаваньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

  • Працуе ў Офісе Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН з 2005 году.

  • Быў на розных пасадах як у штаб-кватэры Офісу, так і на месцах правядзеньня місій.

  • Адзін з аўтараў апошняга дакладу Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека па Беларусі з траўня 2020 па 2023 год.

  • Першы даклад групы Офісу па Беларусі пад яго кіраўніцтвам выйшаў у 2022 годзе.

  • Мае брытанскае і нямецкае грамадзянствы.

— Спадар Гілмар, дзякуй вам за гатоўнасьць адказаць на пытаньні Радыё Свабода. Ваш даклад і маштаб зробленай працы ўражваюць. Даклад даступны на інтэрнэт-старонцы вашага офісу па-ангельску і па-расейску.

Хацелася б пачуць вашую асабістую думку: які галоўны пасыл беларускаму грамадзтву ён нясе?

— Камісіі па дасьледаваньні УВКПЧ было даручана ўсебакова задакумэнтаваць парушэньні правоў чалавека ў Беларусі з траўня 2020 году, і ў нашай апошняй справаздачы выказваецца занепакоенасьць сыстэматычным і паўсюдным ростам парушэньняў правоў чалавека, якія ўчыняліся і працягваюць учыняцца ў Беларусі. Сярод іншага мы задакумэнтавалі шматлікія выпадкі катаваньняў, бесчалавечнага абыходжаньня, пакараньняў, якія зьневажаюць годнасьць, парушэньняў правоў падчас судовага разбору, яны былі шматлікія і мелі сыстэматычны характар.

Мы выказалі заклапочанасьць масавымі рэпрэсіямі супраць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, СМІ і палітычнай апазыцыі, якія працягваюцца ў Беларусі.

Мы ўстанавілі, што з траўня 2020 году як мінімум 1525 асоб было незаконна затрымана. Частата такіх выпадкаў, якая вырасла ў асноўным у 2020 годзе, дазваляе сьцьвярджаць, што абвінавачваньні былі палітычна матываваныя.

ААН па-ранейшаму занепакоеная вынясеньнем суровых прысудаў шырокаму колу асоб, што сьведчыць пра злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі з боку працаўнікоу сыстэмы правасудзьдзя супраць палітычнай апазыцыі, блогераў, журналістаў, праваабаронцаў і адвакатаў.

Акрамя таго, мы задакумэнтавалі, што ўлады працягваюць перасьледаваць тых, хто ўдзельнічаў у масавых акцыях пратэсту 2020 году.

Да таго ж у лютым і сакавіку 2022 году адбыўся ўсплёск пратэстаў, пасьля чаго як мінімум 1500 чалавек былі незаконна затрыманыя, вялікую колькасьць іх пасьля абвінавацілі ў парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых акцый.

І, нарэшце, мы вельмі занепакоеныя тым, што паводле стану на красавік 2023 году ўлады зьліквідавалі прынамсі 824 няўрадавыя арганізацыі, а 459 іншых закрыліся самі, каб пазьбегнуць судовага перасьледу, і большасьць незалежных беларускіх СМІ былі таксама вымушаныя закрыцца.

Такія, коратка кажучы, занепакоенасьці, пра якія мы пішам у сваёй справаздачы. Яна была перакладзеная на расейскую мову і, як я разумею, разышлася шырока. Думаю, яна становіць цікавасьць для міжнароднай супольнасьці ў цэлым і народу Беларусі ў прыватнасьці.

Фолькер Цюрк (у цэнтры), вярхоўны камісар Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека

— Вы паказалі ў дакладзе драматычную сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. На вашу думку, ці засталіся ў ААН інструмэнты ўплыву на сытуацыю ў Беларусі, акрамя такіх справаздач?

— Як я ўжо казаў, наш мандат палягае ў тым, каб усебакова дакумэнтаваць парушэньні з траўня 2020 году, выкрываць факты і іх акалічнасьці, зьбіраць і захоўваць інфармацыю і доказы і, дзе магчыма, выкрываць вінаватых, каб паспрыяць прыцягненьню іх да адказнасьці і аднаўленьню справядлівасьці для ахвяр.

Мы таксама ўзаемадзейнічалі з усімі зацікаўленымі бакамі, калі рыхтаваліся адпаведныя рэзалюцыі Рады ААН па правах чалавека. Мы яшчэ праінфармуем сяброў Рады ААН па правах чалавека аб ходзе працы над наступнай справаздачай у верасьні гэтага году, а таксама прадставім Радзе вычарпальную справаздачу пра сытуацыю ў Беларусі ў сакавіку 2024 году.

Мы зрабілі на падставе нашай апошняй справаздачы шэраг рэкамэндацый дзяржавам-чальцам ААН і ўраду Беларусі.

Акрамя таго, на працягу многіх гадоў у Радзе ААН па правах чалавека існуе пасада спэцыяльнага дакладчыка ААН па Беларусі, дзякуючы яму быў сфармуляваны шэраг рэкамэндацый, на якіх улады Беларусі могуць грунтаваццца, каб правесьці сыстэматычныя і эфэктыўныя перамены.

Наша місія — стварыць магчымасьці для забесьпячэньня правоў чалавека ўладамі Беларусі ў адпаведнасьці зь міжнародным правам. Важна, каб міжнародная супольнасьць працягвала заклікаць улады Беларусі, як публічна, так і прыватным парадкам, да выкананьня абавязаньняў па міжнародным праве ў галіне правоў чалавека, у тым ліку да адказнасьці для вінаватых у іх парушэньнях.

— Якая, на вашую думку, цяпер самая балючая праблема ў Беларусі, што патрабуе неадкладнай увагі?

— Я адзначыў у дакладзе некалькі асноўных праблем. Мы задакумэнтавалі сытуацыю з палітвязьнямі, разгледзелі пытаньні забойстваў і катаваньняў у Беларусі, прывялі некаторыя лічбы адносна незаконных затрыманьняў. У дакладзе мы апісалі шырока распаўсюджаную і сыстэматычную практыку жорсткага абыходжаньня з затрыманымі, якая насіла пераважна карны характар і выкарыстоўвалася супраць людзей, якія былі апазыцыйна настроеныя да ўлады.

Мы задакумэнтавалі, што большасьць затрыманых па палітычна матываваных абвінавачваньнях былі зьмешчаныя ў ізалятары часовага ўтрыманьня (Акрэсьціна і Жодзіна), умовы ўтрыманьня ў гэтых ізалятарах былі прыроўненыя да таго, што называецца прыніжальным абыходжаньнем. Пазьней у гэтым інтэрвію мы мабыць, зьвернемся яшчэ да пытаньня адказнасьці ўладаў, але, на мой погляд, адсутнасьць адказнасьці за рост парушэньняў правоў чалавека — адна з крытычна важных праблем у Беларусі.

— Днямі споўнілася два гады, як у турме загінуў Вітольд Ашурак. Мы ведаем, што ня так даўно яшчэ адзін палітвязень Міхаіл Клімовіч памёр за кратамі, а Віктар Бабарыка трапіў у шпіталь, пра яго і многіх іншых беларускіх палітвязьняў няма ніякіх зьвестак. Якім чынам міжнародная супольнасьць можа дапамагчы пазьбегнуць такіх сытуацый?

— Мы задакумэнтавалі ў нашых справаздачах выпадкі незаконных забойстваў у Беларусі, і мы ведаем як мінімум пра пяць такіх забойстваў. У нас ёсьць дастатковыя падставы меркаваць, што могуць быць і іншыя выпадкі такога кшталту. І сытуацыя з адсутнасьцю пакараньня за гэта працягвае нас турбаваць. У справаздачы падкрэсьліваецца, што ўлады не змаглі правесьці бесстароньняе, апэратыўнае, эфэктыўнае і празрыстае расьсьледаваньне абставінаў гэтых сьмерцяў.

Замест гэтага ўлады наўмысна распаўсюджвалі сярод грамадзкасьці ілжывую інфармацыю пра ахвяр і абставіны сьмерці, яны адмаўлялі сваякам і адвакатам у доступе да матэрыялаў расьсьледаваньня, выстаўлялі абвінавачваньні сьведкам, перасьледавалі і запалохвалі сваякоў ахвяр, перасьледавалі журналістаў і мэдыкаў, якія выступалі супраць афіцыйных вэрсій. Такія дзеяньні ўладаў супярэчаць абавязкам дзяржавы — прыняць належныя меры, каб устанавіць праўду пра падзеі, якія прывялі да сьмерцяў, і забясьпечыць прыцягненьне патэнцыйных вінаватых да адказнасьці.

Лагатып УВКПЧ ААН у палацы Вільсана ў Жэнэве

— Ці падтрымліваеце вы галасы некаторых сваякоў беларускіх палітвязьняў, якія прапанавалі дамовіцца з Лукашэнкам — пайсьці на вызваленьне палітвязьняў у абмен на зьняцьце эканамічных санкцый?

— Так, вядома. Наша пазыцыя адносна гэтага палягае ў тым, што мы пасьлядоўна заклікаем вызваліць усіх асобаў, якія былі незаконна затрыманыя або асуджаныя з палітычных матываў, забясьпечыць ім доступ да ўсіх належных сродкаў прававой абароны і кампэнсацыі панесенай імі шкоды, а таксама спыніць усе іншыя парушэньні правоў чалавека, пра якія мы напісалі ў нашым дакладзе.

Мы ня можам камэнтаваць цяперашнія санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да Беларусі, гэта справа Эўразьвязу і іншых зацікаўленых дзяржаў.

Мы неаднаразова заклікалі краіны, якія ўвялі санкцыі, перагледзець выкарыстаньне аднабаковых захадаў, каб пазьбегнуць пагаршэньня сытуацыі з правамі чалавека. Мы надалей заклікаем і будзем заклікаць да вызваленьня незаконна затрыманых у Беларусі.

52-е паседжаньне Рады ААН па правах чалавека ў Жэнэве, 10 сакавіка 2023

— Ці была нейкая рэакцыя ад беларускіх уладаў на вашы даклады, акрамя адмовы супрацоўнічаць з вашай камандай падчас працы над імі?

— Апошні даклад, які мы апублікавалі ў сакавіку 2023 году, быў перададзены беларускім уладам яшчэ ў студзені. Ніякіх пісьмовых камэнтароў на яго ад ураду не паступала. Наша група ўдзельнічала ў інтэрактыўным дыялёгу ў Радзе па правах чалавека ААН у сакавіку. Калі выйшла наша справаздача, мы выступілі з заявай, і, як вы ведаеце, Рада ААН па правах чалавека заклікала ўлады Беларусі аднавіць супрацоўніцтва і даць місіі УВКПЧ шырокі і бесьперашкодны доступ. Мы, безумоўна, шкадуем, што ўрад Беларусі не адрэагаваў на нашу просьбу аб супрацоўніцтве ў жніўні і лістападзе мінулага году, калі мы шукалі магчымасьці прыехаць у Беларусь і дасылалі сьпіс пытаньняў.

— Ці будзе ваша каманда сачыць за далейшым разьвіцьцём сытуацыі ў Беларусі? Ці плянуеце вы падрыхтаваць яшчэ справаздачы, аналягічныя папярэдняй?

— Так, абсалютна дакладна. Сёлета ў красавіку Рада па правах чалавека ААН дадаткова падоўжыла мандат УВКПЧ на расьсьледаваньне сытуацыі ў Беларусі. Гэтая рэзалюцыя дазваляе нам працягваць дакумэнтаваць парушэньні правоў чалавека з траўня 2020 году і прадставіць у ААН абноўленую інфармацыю ў верасьні 2023 году і пісьмовы даклад Радзе ААН па правах чалавека ў 2024 годзе. Такім чынам, мы працуем далей. Наш сакратарыят мае сядзібу ў Вене, і нам дапамагаюць тры экспэрты па Беларусі, прызначаныя Вярхоўным камісарам ААН.

— Вы раней адзначылі, што гэта не ўваходзіць у вашыя непасрэдныя паўнамоцтвы, але ці расьсьледуе орган ААН па правах чалавека (або, магчыма, іншая каманда) саўдзел беларускіх уладаў у незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей з зоны, якую акупавала Расея?

— Што тычыцца вайны ва Ўкраіне і непасрэднага ці ўскоснага ўдзелу ў ёй Беларусі, УВКПЧ сьцьвярджае, што гэта выходзіць за межы мандата па Беларусі і падлягае мандату незалежнай камісіі па расьсьледаваньні падзей ва Ўкраіне. Таму я не магу камэнтаваць ні іх даклад, ні іх расьсьледаваньне.

— Магчыма, вы чулі, што спадара Лукашэнку, нягледзячы на масавыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, запросяць на саміт ААН па ўстойлівым разьвіцьці. Працытую Гві Ёп Сон (Gwi Yeop Son), рэгіянальную дырэктарку па Эўропе і Цэнтральнай Азіі Бюро ААН па разьвіцьці і супрацоўніцтве. На сустрэчы з Валерыем Бельскім, нацыянальным каардынатарам па дасягненьні мэтаў устойлівага разьвіцьця, яна сказала: «Беларусь дасягнула многіх паказчыкаў Мэтаў устойлівага разьвіцьця і павінна амбітней ставіць новыя».

Скажыце, а ці ўваходзяць крытэрыі захаваньня правоў чалавека ў лік паказчыкаў устойлівага разьвіцьця ў той ці іншай краіне?

— Паводле Венскай дэклярацыі ад 1993 году ўсе правы чалавека ўнівэрсальныя, узаемазалежныя і ўзаемазьвязаныя. Наша місія — усебакова дакумэнтаваць парушэньні з траўня 2020 году і далей у кантэксьце прэзыдэнцкіх выбараў і далейшых падзей. Ацэнка Беларусі, якая завяршылася, тычылася рэалізацыі мэтаў устойлівага разьвіцьця. Вы ведаеце, што наш мандат вельмі спэцыфічны, але, безумоўна, падчас трэцяга этапу нашай экспэртызы мы таксама можам разгледзець адмоўны ўплыў рэпрэсій у Беларусі на рэалізацыю права на адукацыю і права на працу. Дагэтуль у нас не было на гэта часу, але ў далейшай працы мы зьбіраемся засяродзіць увагу на гэтых пытаньнях.

— Я размаўляў зь людзьмі, якія расказвалі вашай камандзе пра катаваньні ў беларускіх турмах, і мы ведаем, што ваша каманда сабрала багата такіх сьведчаньняў. Якое зь іх уразіла вас найбольш?

— Я каардынатар дасьледаваньня УВКПЧ, і ў мяне ёсьць каманда з шасьці сьледчых і судмэдэкспэртаў. Успаміны пра тыя сьведчаньні мяне доўга не адпускалі, і шмат якія застаюцца ў маёй памяці дагэтуль. Ня буду спыняцца ў гэтым інтэрвію на асобных выпадках, аднак я быў вельмі ўражаны сьведчаньнямі пра адсутнасьць справядлівага судовага працэсу ў Беларусі.

Забесьпячэньне гэтага права складаецца з шэрагу элемэнтаў. Людзі не маглі эфэктыўна абараніць сябе ні самі, ні з дапамогай юрыстаў, судовыя працэсы часта праводзіліся празь відэаканфэрэнцыі, разглядаліся паказаньні, якія немагчыма было спраўдзіць шляхам перакрыжаванага допыту, выступалі ананімныя сьведкі, чые асобы не раскрываліся. Мне расказвалі, як адвакаты не маглі выклікаць сьведак, правесьці іх перакрыжаваны допыт, прадставіць доказы, вельмі часта адвакатам увогуле адмаўлялі ў доступе да кліентаў.

Безумоўна, некаторыя з апісаньняў судовых працэсаў у Беларусі, як крымінальных, так і адміністратыўных, відавочна абураюць, і яны напэўна доўга будуць успамінацца.

— Шмат сваякоў палітвязьняў хочуць прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку да адказнасьці за масавыя рэпрэсіі, падтрымку дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і шмат іншых злачынстваў супраць чалавечнасьці. Як вы лічыце, ці магчыма будзе некалі прыцягнуць да адказнасьці і Лукашэнку — па аналёгіі з ордэрам, які выдаў на арышт Пуціна Міжнародны крымінальны суд у Гаазе?

— У нашай апошняй справаздачы мы прыйшлі да высновы, што няма падставаў меркаваць, што ўлады зацікаўленыя ажыцьцявіць правасудзьдзе ў справе парушэньня правоў чалавека ў Беларусі. Акрамя адсутнасьці расьсьледаваньняў у Беларусі, улады пасьлядоўна бароняць вінаватых і прадухіляюць прыцягненьне іх да адказнасьці.

Разгон дэманстрацыі ў Менску. Лістапад 2020

У Канстытуцыі мы бачым, што прэзыдэнт ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Аднак мы таксама ведаем, што ў такіх выпадках, як у Беларусі, за міжнародныя злачынствы або злачынствы супраць чалавечнасьці міжнароднае права дазваляе заводзіць крымінальныя справы супраць вышэйшых дзяржаўных службовых асоб, як у нацыянальных, так і ў міжнародных юрысдыкцыях.

І мы ведаем пра намаганьні распачаць крымінальныя справы сама менш у шасьці нацыянальных юрысдыкцыях за межамі Беларусі на аснове ўнівэрсальнай і экстэрытарыяльнай юрысдыкцыі. Таму цяпер мэтазгодна працягваць зьбіраць, дакумэнтаваць і захоўваць доказы парушэньняў для будучых судовых працэсаў.

І мы будзем гэта рабіць надалей. У прыватнасьці, мы сабралі дадзеныя фізычных і юрыдычных асоб, якія, і ў нас ёсьць дастатковыя падставы так лічыць, нясуць адказнасьць за рост парушэньняў правоў чалавека, у тым ліку тых парушэньняў, якія могуць разглядацца як злачынствы паводле міжнароднага права. Мы называем адпаведныя сілавыя і цывільныя структуры і падсумоўваем доказы, якія тычацца патэнцыйных падазраваных.

І, вядома, падчас інтэрвію з пацярпелымі і сьведкамі, якія мы праводзілі, мы пыталіся, як, на іх думку, можна было б прыцягнуць вінаватых да адказнасьці. І пацярпелыя назвалі шэраг магчымых шляхоў: адны былі за тое, каб сытуацыю ў Беларусі разгледзеў Міжнародны крымінальны суд, іншыя — за стварэньне міжнароднага трыбуналу, каб судзіць тых, хто прычыніўся да росту парушэньняў правоў чалавека, і за тое, каб крымінальны працэс распачалі замежныя краіны. Такім чынам, міжнародная супольнасьць можа разглядаць у дачыненьні да Беларусі шэраг варыянтаў прыцягненьня вінаватых да адказнасьці.

— Маё апошняе пытаньне: зь якімі словамі вы б хацелі зьвярнуцца да сем’яў палітвязьняў, як ім пераадолець гэтыя цяжкія часы, калі ўсё, што яны могуць, — гэта спадзявацца на аднаўленьне справядлівасьці?

— Наша пасланьне заключаецца ў тым, што ня трэба здавацца і што хоць увага міжнароднай супольнасьці, магчыма, цяпер ня надта засяроджаная на Беларусі, аднак мы ўпэўненыя, што ў канчатковым выніку адказнасьць за рост парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі наступіць.

І мы працягваем запрашаць да ўдзелу ўсе зацікаўленыя бакі, у тым ліку грамадзянскую супольнасьць, і заклікаем саміх ахвяр, іх семʼі і сьведак да супрацы з УВКПЧ, каб мы маглі працягваць дакумэнтаваньне парушэньняў дзеля будучага вяршэнства справядлівасьці ў Беларусі.

— Дзякуй, спадар Гілмар, за інтэрвію, а таксама за важную працу УВКПЧ на карысьць Беларусі.

Арыгінальны артыкул на сайце радыё "Свабода"

See more news

Распавядае «Вясна»: Мінімум 65 чалавек судзяць за атрыманне «замежнай дапамогі» праз INeedHelpBY
15 February 2024, 4:44 PM
Распавядае «Вясна»: Мінімум 65 чалавек судзяць за атрыманне «замежнай дапамогі» праз INeedHelpBY
"Вясна" распавядае пра вынікі пераследу беларусаў за прадукты для сем'яў палітзняволеных.
Запрашаем на канферэнцыю. Штрафны ізалятар, карцар, ПКТ: інструмент выпраўлення ці знявагі?
15 February 2024, 4:41 PM
Запрашаем на канферэнцыю. Штрафны ізалятар, карцар, ПКТ: інструмент выпраўлення ці знявагі?
“Пакаранне ў зняволенні: інструмент выпраўлення ці знявагі? Міжнароднае і нацыянальнае права і практыка” – канферэнцыю на гэтую тэму праводзіць 20 лютага ў Вільні праваабарончая ўстанова “Лекары за праўду і справядлівасць”.
«Не будзе АБСЕ, ну дык што?» Хто будзе назіраць за выбарамі* ад місіі СНД
15 February 2024, 4:33 PM
«Не будзе АБСЕ, ну дык што?» Хто будзе назіраць за выбарамі* ад місіі СНД
Ужо на наступным тыдні пройдзе адзіны дзень галасавання, падчас якога прапануюць выбраць дэпутатаў у парламент і мясцовыя саветы.
Аналітычны агляд БХК. «Для парушэнняў правоў чалавека ствараецца законная рамка»
15 February 2024, 4:25 PM
Аналітычны агляд БХК. «Для парушэнняў правоў чалавека ствараецца законная рамка»
Беларускі Хельсінкскі Камітэт падрыхтаваў агляд найбольш значных зменаў у беларускай дзяржаўнай палітыцы ў галіне правоў чалавека і рэакцыях на яе з боку міжнароднай супольнасці. Аналітыка дапамагае лепш зразумець трэнды ў галіне правоў чалавека, дае магчымасць адсочваць сістэмныя і якасныя змены сітуацыі, пашырыць правачалавечны фокус аналітыкі ў сумежных галінах.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці