На фота: Барыс Гарэцкі; калаж Радыё "Свабода"
Еўрапейская федэрацыя журналістаў(EFJ) узяла інтэрв’ю ў Барыса Гарэцкага з нагоды ўшанавання БАЖ прэміяй Difference Day Honorary Title.
Да Сусветнага дня свабоды прэсы 3 мая ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” (БАЖ) была ўганараваная прэміяй Difference Day Honorary Title за важную працу ў Беларусі ў час рэпрэсій.
БАЖ быў створаны ў 1995 годзе як грамадскае аб'яднанне работнікаў СМІ з мэтай прасоўвання свабоды слова і незалежнай журналістыкі ў Беларусі. Яна аб'ядноўвае больш за 1300 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ. Падчас рэпрэсій пасля сфальсіфікаваных выбараў Лукашэнкі Вярхоўны суд пастанавіў ліквідаваць асацыяцыю ў жніўні 2021 года, прымусіўшы яе спыніць дзейнасць у краіне і перанесці офісы за мяжу. Большасць беларускіх журналістаў таксама знаходзяцца ў эміграцыі, працуюць з Літвы, Польшчы, Грузіі, Украіны. Міжнародная арганізацыя абароны свабоды слова (IFEX) ўзялі інтэрв'ю ў намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага ў Бруселі за некалькі хвілін да атрымання ўзнагароды.
EFJ: Што азначае гэтая прэмія для беларускіх журналістаў і для БАЖ?
Б.Г.: Гэта вельмі высокая ацэнка нашай працы і магчымасць зноў звярнуць больш увагі на сітуацыю ў Беларусі. Апошнія два гады мы працуем у аварыйным рэжыме. І, на жаль, дагэтуль мы не бачым прагрэсу. Нашы калегі дагэтуль у кратах. Узнагарода – яшчэ адна магчымасць нагадаць свету аб гэтым.
Сёння БАЖ таксама атрымаў Сусветную прэмію за свабоду прэсы імя Гільерма Кано ад ЮНЕСКА ва Уругваі. Што вы чакаеце ад гэтай міжнароднай увагі?
Наша галоўная надзея на тое, што Лукашэнка нарэшце нешта зменіць: напрыклад, вызваліць зняволеных журналістаў. Сёння Беларусь знаходзіцца ў складанай сітуацыі, якую не можа вырашыць з-за санкцый і ціску з боку Расіі. Ёсць невялікая надзея, што ўлады пагодзяцца вызваліць частку зняволеных. Таму пра палітвязняў трэба гаварыць усюды, дзе толькі можна.
Ці можаце вы расказаць пра становішча беларускіх журналістаў сёння?
На жаль, сітуацыя вельмі складаная. Пяць рэдактараў сядзяць у турме. Паколькі ўлады знішчылі амаль усе незалежныя рэдакцыі, большасць незалежных СМІ працуе за межамі Беларусі. Важна разумець, што амаль усе незалежныя СМІ ў Беларусі заблакаваныя, а гэта значыць, што людзям немагчыма атрымаць доступ да інфармацыі. Але нягледзячы на такую сітуацыю, незалежныя СМІ працягваюць інфармаваць сваю аўдыторыю з дапамогай Telegram, VPN, проксі-сэрвэраў і г.д. Гэта тым больш важна, што людзі ў Беларусі дагэтуль атрымліваюць незалежную інфармацыю, бо расейская прапаганда ўсё мацнее.
Як сітуацыя ва Украіне ўплывае на вашу працу?
Перад вайной ва Ўкраіне было больш за 100 беларускіх журналістаў, у тым ліку я асабіста; для нас гэта была добрая краіна. Але цяпер, напэўна, засталося ўсяго 15 калег. Для нас гэта азначае другое выгнанне, бо калі ты пад кулямі, ты не можаш займацца якаснай журналістыкай, трэба проста хавацца. Хтосьці там яшчэ працуе, хтосьці валанцёрыць. Будучыню я бачу так: спадзяюся, што Украіна выйграе вайну, бо гэта прывядзе да пераменаў ва ўсім рэгіёне. Мы шмат робім для Украіны, каб мы маглі вярнуцца ў Беларусь.
Барыс Гарэцкі на ўручэнні прэміі. Фота: EFJ
Што дапамагае вам выконваць вашу місію?
У нас больш за 1300 сябраў арганізацыі, кожны дзень камусьці патрэбна наша дапамога. Я не магу сказаць «Я вам не дапамагу». Усё, што мы можам, мы і надалей будзем рабіць з дапамогай нашых партнёраў.
Арыгінал артыкула (на ангельскай мове) на сайце Еўрапейскай федэрацыі журналістаў
Пераклад на беларускую мову: БДПЧ