Беларускую асацыяцыю журналістаў узнагародзілі прэміяй "Свабода прэсы 2022" ад шведскай арганізацыі "Рэпарцёры без межаў", бо БАЖ "выступае за свабодную прэсу і незалежную журналістыку, калі беларускі рэжым робіць журналістаў мішэнямі. Нягледзячы на прыгнёт, пагрозы, цэнзуру, арышты і катаванні, арганізацыя, сябры якой цяпер раскіданыя па ўсім свеце, працягвае змагацца за незалежных журналістаў у краіне і ў эміграцыі. Дзякуючы гэтаму грамадзяне Беларусі атрымлівалі бесстароннюю і незалежную інфармацыяй", піша прэс-служба БАЖ.
Узнагароду атрымліваў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.
У сваёй прамове ён адзначыў, што для нашай арганізацыі і для ўсяго беларускага медыясектара гэта вялікі гонар — атрымаць узнагароду за сваю працу па абароне правоў журналістаў і прасоўвання ў Беларусі стандартаў свабоды слова ў Швецыі. Бо менавіта Швецыя стала першай у свеце краінай, дзе ў Канстытуцыі яшчэ ў 1766 годзе зафіксавалі свабоду друку.
"Мы ўспрымаем гэтую ўзнагароду, у тым ліку і як знак салідарнасці з усімі беларускімі журналістамі, якія зведалі масавыя рэпрэсіі за апошні час. Маніторынг БАЖ зафіксаваў больш за тысячу фактаў парушэння правоў журналістаў. Гэта былі адвольныя затрыманні, арышты, крымінальныя абвінавачанні і асуджэнні, катаванні і агнястрэльныя раненні за выкананне журналістамі сваіх прафесійных абавязкаў. Мы таксама лічым гэта праявай салідарнасці з кожным з 24 журналістаў палітвязняў, якія цяпер знаходзяцца ў няволі ў Беларусі. І мы ўдзячныя Швецыі за падтрымку і салідарнасць", — зазначыў Алег Агееў.
З узнагародай БАЖ у Стакгольме павіншавалі Міністр замежных спраў, прадстаўнік ЮНЕСКА ў Швецыі, а таксама прадстаўнікі шведскіх арганізацый грамадзянскай супольнасці.
Падчас мерапрыемства быў прэзентаваны "Індэкс свабоды прэсы 2022". Гэты індэкс параўноўвае ўзровень свабоды прэсы, якой карыстаюцца журналісты і СМІ ў 180 краінах. Ацэнка кожнай краіны ці тэрыторыі робіцца з выкарыстаннем пяці кантэкстуальных індыкатараў, якія адлюстроўваюць сітуацыю са свабодай прэсы ва ўсёй яе складанасці: палітычны кантэкст, прававая база, эканамічны кантэкст, сацыякультурны кантэкст і бяспека.
Беларусь у 2022 годзе заняла ў гэтым рэйтынгу 153-е месца. Гэта найгоршы вынік сярод дзяржаваў Еўропы.