Беларусь згадваецца як адна з трох найбуйнейшых турмаў для журналістаў. «Рэпарцёры без межаў» падрыхтавалі сумную справаздачу

20 January 2024, 2:37 PM
Беларусь згадваецца як адна з трох найбуйнейшых турмаў для журналістаў. «Рэпарцёры без межаў» падрыхтавалі сумную справаздачу

Крыніца: Аўтар для сайта БАЖ 

Найбольш жорсткія выклікі, з якімі сутыкаюцца незалежныя журналісты ва ўсім свеце, сабраныя ў адным дакуменце аўтарытэтнай арганізацыі. Беларусь згадваецца як адна з трох найбуйнейшых турмаў для супрацоўнікаў медыя ў свеце і краінай з самай вялікай колькасцю затрыманых жанчын-журналістак (пасля Кітая). За што яшчэ рэпарцёры трапляюць за краты? Гісторыі вельмі тыповыя і немагчыма не ўбачыць аналогій з Беларуссю.

Інфаграфіка: «Рэпарцёры без межаў»

Што сказана пра Беларусь?

Наша краіна згадваецца як адна з найбуйнейшых турмаў для журналістаў пасля М’янмы і Кітая. 

— У 2023 годзе Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ўвойдзе ў тройку рэжымаў, якія часцей за астатніх закоўваюць у месцы несвабоды журналістаў: за кратамі пабывалі 39 чалавек (на сем больш, чым у 2022 годзе), — адзначаюць «Рэпарцёры без межаў» (RSF).

Трэба дадаць, што гэтая лічба можа быць няпоўнай. Паводле намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага, напэўна беларускіх журналістаў, хто адсядзеў па крымінальным абвінавачанні ў 2023-м, больш. На момант публікацыі вядома пра 32 супрацоўнікаў медыя за кратамі. Але ж у гэтым годзе на волю выйшлі Ягор Марціновіч, Андрэй Скурко, Аляксандр Івулін і іншыя.

Апроч таго, Беларусь пазначаная ў справаздачы як краіна з найбольшай колькасцю (пасля Кітая) жанчын-журналістак у няволі — 10. У гэтым жа сумным паказчыку рэжым застаецца антылідэрам. Па дадзеных RSF, тры з шасці самых жорсткіх прысуды ў свеце жанчынам-журналісткам былі вынесеныя беларускам: Марыне Золатавай (12 гадоў), Людміле Чэкінай (12 гадоў) і Валерыі Касцюговай (10 гадоў).

Інфаграфіка «Рэпарцёраў без межаў»

А колькі ўсяго зняволеных журналістаў у свеце?

521. Для параўнання: год таму лічба складала 569. Цяпер на «ліку» чатырох краін — Кітая, М’янмы, В’етнама і Беларусі — 264 зняволеныя рэпарцёры.

Інфаграфіка «Рэпарцёраў без межаў»

Хто антылідэр і за што арыштоўваюць рэпарцёраў?

Найбуйнейшай турмой для супрацоўнікаў СМІ застаецца КНР, дзе за кратамі ўтрымліваецца 121 наш калега. Большасць з іх — у Сіньцзяне, дзе кітайскі ўрад з 2016 года вядзе жорсткія рэпрэсіі супраць уйгураў, пераважна мусульманскай цюркскай этнічнай меншасці.

Толькі ў 2023 годзе ўрадам Сі Цзіньпіна былі арыштаваныя сем журналістаў. Адзін з іх дагэтуль знаходзіцца за кратамі. Гэта радыёвядучы Radio Taiwan International Лі Яньхэ, які нарадзіўся ў Кітаі і жыў у Тайвані з 2009 года. Ён падаў заяву на атрыманне тайваньскага пашпарта і знаходзіўся ў паездцы ў Шанхай, каб ануляваць сваё кітайскае грамадзянства (фармальнасць тайваньскіх іміграцыйных правілаў), калі раптам знік. Акрамя працы на радыё ён быў галоўным рэдактарам тайваньскага выдавецтва Gūsa Press, якое спецыялізуецца на кнігах пра палітыку Кітая, забароненых рэжымам Пекіна.

Лі Яньхэ. Фота: Radio Taiwan International

Таксама 12 журналістаў утрымліваюцца пад арыштам у Ганконгу, у тым ліку Джымі Лай.

Джымі Лай. Чаму так часта ўзгадваюць ганконгскага медыямагната?

Ён заснаваў медыякампанію Next Digital і выданне Apple Daily (яго супрацоўнікі асвятлялі пратэсты ў 2020 годзе ў Беларусі і нават на некалькі гадзінаў былі затрыманыя сілавікамі). Адыгрываў вялікую ролю ў медыяпрасторы Ганконгу, уплыве на дэмакратычную супольнасць.

Джымі Лай. Калаж: «Рэпарцёры без межаў»

Падзеі на плошчы Цяньаньмэнь у 1989 годзе змянілі лёс Джымі Лая, які хутка стаў паспяховым бізнэсмэнам, і вызначылі прыхільнасць да дэмакратыі. Выданне Apple Daily было заснаванае ім у 1995 годзе. Яно адкрыта крытыкавала пекінскі рэжым і імкнулася асвятляць дэмакратычны рух.

У чэрвені 2021 года паліцыя штурмавала штаб-кватэру медыягрупы, у той час як урад абвясціў аб замарожванні яе актываў. Кіраўнікі выдання былі арыштаваныя. 24 чэрвеня, пасля 26 гадоў працы, Apple Daily выйшла з апошнім накладам. Да канца дня ён дасягнуў рэкорда ў адзін мільён копій.

10 снежня 2022 года, у Дзень правоў чалавека, Джымі Лай быў асуджаны да пяці гадоў і дзевяці месяцаў зняволення па сфабрыкаваным абвінавачванні ў махлярстве. Цяпер жа яму пагражае пажыццёвае зняволенне за «змову з замежнымі сіламі». Суд павінен адбыцца літаральна на днях.

З Кітаем зразумела. А што наконт М'янмы? Няўжо там яшчэ не заціхлі пратэсты?

Не заціхлі. Больш за тое, за апошні месяц баявыя дзеянні актывізаваліся, супраць дыктатуры, якая прыйшла да ўлады ў 2021 годзе, аб’ядналіся некалькі паўстанцкіх груповак, якія пры падтрымцы насельніцтва дасягнулі пэўных поспехаў. Аднак сітуацыія са свабодай прэсы застаецца пакуль найбольш жахлівай у свеце.

Як адзначаюць «Рэпарцёры без межаў», 68 журналістаў знаходзяцца ў зняволенні ў М'янме, 34 з іх усё яшчэ чакаюць суда. Тым, каго судзілі, былі вынесеныя суровыя прысуды, як правіла, паводле ілжывых абвінавачванняў, такіх як «падбухторванне да мецяжу» або «распаўсюд фэйкавых навін».

— Калі штосьці рэпартуеш з краіны, то становішся тым, на каго рэжым накіроўвае нянавісць людзей, — адзначаў на канферэнцыі ў Вільні журналіст з М'янмы Мрат К’яў Ту, які цяпер жыве ў Іспаніі. — Прыхільнікі ваеннай хунты падтрымліваюць пераслед апанентаў. Яны накідваюцца на нас у сацсетках, у абмеркаваннях пад відэаролікамі на YouTube. Абвінавачваюць у тым, што мы прыдумляем фэйкавыя навіны.

Мрат К’яў Ту. Вільня, верасень 2023 года. Фота: БАЖ

Пра В'етнам зусім не чуваць. Што там за сітуацыя?

Прэса падпарадкоўваецца адной партыі, а незалежныя медыі і блогеры рэгулярна зазнаюць пераслед з боку ўладаў. Пры гэтым менавіта яны застаюцца адзінымі крыніцамі свабоднай інфармацыі.

Цяпер 36 журналістаў утрымліваюцца ў турмах гэтай краіны. У іх ліку блогер Нгуен Лан Тханг, які працаваў для «Радыё Свабодная Азія». Ён даў 12 інтэрв'ю в'етнамскай службе BBC адносна сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў краіне і публікаваў артыкулы з крытыкай урада ў сацыяльных сетках. Блогеру прысудзілі восем гадоў пазбаўлення волі за антыдзяржаўную прапаганду. Гэта фармулёўка, знаёмая многім беларусам. Аўтарытарныя рэжымы не адрозніваюцца асаблівай арыгінальнасцю.

Нгуен Лан Тханг. Фота: HOANG DINH Nam / AFP

Яшчэ адна аналогія з беларускім рэжымам: зняволеныя журналісты ў В'етнаме сістэматычна падвяргаюцца зневажальнаму абыходжанню і пазбаўленыя доступу да медыцынскай дапамогі. Два незалежныя рэпарцёры нават пачалі галадоўку ў сярэдзіне 2023 года на знак пратэсту супраць умоў, у якіх яны ўтрымліваліся.

Якія краіны яшчэ згадваюцца як турмы для журналістаў?

Расія, Індыя, Туніс, Алжыр, Марока, Турцыя, Конга, Гватэмала, Егіпет.

Напрыклад, у Егіпце пад арыштам знаходзіцца блогер Махамед Радван (яго ведаюць як Махамед Кісларод, ён стаў папулярным дзякуючы свайму блогу Egypt's Oxygen). Улады забаранялі яму займацца блогерствам, аднак, калі ўспыхнулі пратэсты ў верасні 2019-га, ён асвятляў гэтыя падзеі, пасля чаго яго ізноў арыштавалі. Яму прысудзілі пяць гадоў пазбаўлення волі за «публікацыю ілжывых навін». У сённяшнім Егіпце яго імя з'яўляецца сінонімам смелай журналістыкі.

Махамед Радван. Фота: «Рэпарцёры без межаў»

А Расія згадваецца ў сувязі з затрыманнем журналісткі татара-башкірскай службы «Радыё Свабода» Алсу Курмашавай. Яна была арыштаваная ў кастрычніку 2023 года па падазрэнні ў парушэнні заканадаўства, што датычыцца «замежных агентаў». Паводле следства, журналістка займалася зборам інфармацыі ў сферы вайскова-тэхнічнай дзейнасці Расіі. Згодна з законам, гэта абавязвала яе самастойна падаць заяву для рэгістрацыі як «замежны агент».

Таксама ў РФ дагэтуль утрмыліваецца ў няволі карэспандэнт The Wall Street Journal Эван Гершкавіч, якога абвінавачваюць у шіпянажы.

Эван Гершкавіч. Фота: «Рэпарцёры без межаў»

І некалькі слоў пра наступствы кавіду

Асобна ў справаздачы RSF адзначаецца, што шасцёра журналістаў усё яшчэ знаходзяцца пад вартай у Кітаі, Бангладэш і В'етнаме за крытыку дзеянняў іх урадаў па барацьбе з пандэміяй. У іх лік уваходзіць кітайскі журналіст Су Жыёнг, якога ў красавіку 2023 года прысудзілі да 14 гадоў пазбаўлення волі за «падрыўную дзейнасць». Знаходзячыся пад вартай апошнія тры гады, ён часта падвяргаецца катаванням.

Фота: ISAAC LAWRENCE / AFP

Арыгінальная публікацыя на сайце БАЖ

See more news

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 October 2024, 9:07 AM
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 September 2024, 3:12 PM
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 September 2024, 2:59 PM
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 September 2024, 2:30 PM
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці