Беларускі ПЭН: Пераслед за сімволіку ў Беларусі ў 2021 годзе

03 May 2022, 10:52 AM
Беларускі ПЭН: Пераслед за сімволіку ў Беларусі ў 2021 годзе

Беларускі ПЭН апублікаваў даследванне пакаранняў за выказванне меркавання з дапамогай беларускага нацыянальнага сцяга.

Гэты маніторынг з’яўляецца працягам базавага дакумента Беларускага ПЭНа пра рэалізацыю культурных правоў і парушэнні правоў чалавека ў дачыненні дзеячаў культуры (Права на культуру. Беларусь 2021) і прысвечаны пераследу за карыстанне сімволікай [незабароненай]. У прыватнасці – бела-чырвона-белым сцягам і гербам «Пагоня». Факты рэпрэсій у дачыненні дзеячаў культуры былі зафіксаваны ў асноўным маніторынгу, фокусам гэтага дакумента з’яўляюцца людзі, якія прафесійна не ўваходзяць у культурную сферу краіны, але чыё культурнае права на карыстанне гэтай нацыянальнай сімволікай было парушана ў 2021 годзе. Мы не будзем даваць тут ацэнку рыторыцы дзяржаўных СМІ і чыноўнікаў у кантэксце дыскрэдытацыі і дыфамацыі імі бела-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня», асноўная задача гэтага маніторынгу – падаць статыстыку парушэнняў. Таксама мы спынімся на крымінальных справах, што масава заводзяцца за прычыненне шкоды афіцыйнай дзяржаўнай [чырвона-зялёнай] сімволіцы, і звернем увагу на сімвалічную барацьбу ва ўмовах гарадской прасторы ў цэлым, калі любая праява бела-чырвонага ліквідуецца або перафарбоўваецца ў колеры дзяржаўнага сцяга.

 

І. ПАРУШЭННЕ ПРАВА НА КАРЫСТАННЕ БЕЛА-ЧЫРВОНА-БЕЛАЙ СІМВОЛІКАЙ

Кароткая гістарычная даведка пра бела-чырвона-белы (скар. разм. БЧБ) сцяг [1]:

Зацверджаны 25 сакавіка 1917 года ў Мінску на Першым Усебеларускім кангрэсе.
Дзяржаўны сцяг Беларускай Народнай Рэспублікі, 1918–1919 гады.
Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, 1991–1995 гады.

Белы і чырвоны колеры характэрныя для беларускай культуры. Так, чырвоныя элементы на белай аснове лічацца самым распаўсюджаным спалучэннем колераў у беларускім арнаменце. Белы і чырвоны – колеры нацыянальнага герба «Пагоня» (1918–1919, 1991–1995 гады).

Бела-чырвона-белы сцяг зрабіўся галоўным сімвалам акцый пратэсту, якія ўзніклі ў адказ на сфальсіфікаваныя выбары прэзідэнта ў жніўні 2020 года і наступны беспрэцэдэнтны гвалт у дачыненні той часткі грамадства, што выступіла за праўду і перамены. Вулічныя пратэсты жніўня 2020 – пачатку 2021 года былі задушаныя сілавым апаратам, аднак сцяг і спалучэнне белага і чырвонага колераў застаюцца галоўнымі нацыянальнымі сімваламі, што аб’ядноўваюць жыхароў краіны і беларускія дыяспары па ўсім свеце ў барацьбе за свабоду і перамены.

Усяго за 2021 год у маніторынг трапілі 335 выпадкаў парушэння права на карыстанне бела-чырвона-белай сімволікай у дачыненні 323 чалавек і 3 выпадкі рэпрэсій у дачыненні арганізацый і супольнасцяў (2 таварыствы жыхароў і 1 рэстаран).

Геаграфічна рэпрэсіі ахопліваюць усю краіну:

Як людзі выказвалі сваю грамадзянскую пазіцыю і што ў той жа час рабілася падставай для затрымання і рэпрэсій:

бела-чырвона-белы сцяг, вывешаны на ўласным балконе або акне, накінуты на плечы падчас шэсця, вывешаны на калодзежы ўласнага хутара або на даху прыватнага дома; бела-чырвоная шыльда з назвай вуліцы і нумарам дома або бела-чырвоная секцыя плота на прыватным участку; выява вершніка на белым і чырвоным фоне, нанесеная на ўнутраны бок плота або фасад гаража; снегавік, злеплены ў двары дачнага дома і ўпрыгожаны чырвоным шалікам; флюгер на даху з выявай герба «Пагоня»; размяшчэнне ў інтэрнэце фотаздымка з бела-чырвона-белым сцягам з выявай герба горада Лунінца, нацыянальнай сімволікай або фотаздымак з БЧБ-атрыбутыкай, знойдзены ў асабістай перапісцы або на флэшцы падчас вобшуку; дэкаратыўны гномік з БЧБ-сцяжком у руках на падаконні і папяровыя сэрцайкі бела-чырвонага колеру на акне; жалюзі або гірлянда на акне, фіранкі з беларускім арнаментам; белы плед з чырвонай паласой або ніжняя бялізна «паводле схемы БЧБ», што сохнуць на балконе, бела-чырвоная скрынка ад тэлевізара LG, размешчаная там жа; БЧБ-сцяжок у акне аўтамабіля або налепка з «Пагоняй» на бамперы, капоце; бела-чырвоная падсветка ў пад’ездзе жылога дома; адзенне чырвоных і белых колераў, чырвоныя красоўкізначок з выявай герба «Пагоня» на заплечніку; бела-чырвоныя кветкі ў руках або паветраныя шары; стужкі на плоце і чырвоныя сэрцайкі на дрэвах; БЧБ-малюнкі або надпісы на слупах, дрэвах, кіёсках або асфальце; белая папера фармату А4 з намаляванай паласой чырвонага колеру; «Жыве Беларусь!», напісанае на тратуары або выгукнутае з акна кватэры шматпавярховага дома etc.

«Мне казалі, што ад фатаграфавання са сцягам адзін крок да таго, што я пачну рабіць кактэйлі Молатава і кідаць іх у супрацоўнікаў сілавых структур», – дзялілася сваім досведам затрымання Кацярына Барадаева, аштрафаваная на 435 рублёў (прыкладна 140 еўра).

Галоўны «пратэсны» артыкул Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП РБ), што зрабіўся для беларусаў «народным» з лета 2022 года, – артыкул 23.34 (24.23 у новай рэдакцыі [2]): «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў». Гэта артыкул, паводле якога прыцягнулі да адказнасці тысячы прыхільнікаў мірных акцый; артыкул, паводле якога людзей затрымлівалі, збівалі, катавалі, прысуджалі ім суткі і штрафы. Да канца 2020 года вулічныя пратэсты грамадзянскай супольнасці перасталі быць масавымі, аднак «несанкцыянаванае пікетаванне», кажучы простай мовай, здабыла ў вачах пенітэнцыярнай сістэмы новыя віды і формы: да пікета пачалі прыраўноўваць любое выкарыстанне бела-чырвона-белага сцяга і двух гэтых колераў. Так, у справах затрыманых прысутнічалі абвінавачванні за пікетаванне «шляхам раздачы цукерак у БЧБ-абгортцы», «з дапамогай БЧБ-карцінкі “Барсук”», «шляхам БЧБ-налепкі на ровары з выявай трохгаловага дракона і надпісу “Цмок-Змагарыч”»; за сняжынкі на вокнах, выкарыстанне штораў белага і чырвонага колераў, нашэнне «палітычных» колераў, намаляваную на белай будаўнічай касцы чырвоную паласу, вывешаны сцяг Канады ці Японіі, парасон з надпісам «Polska» ў руках пенсіянеркі на шпацыры. Пад «пікетаванне» траплялі бела-чырвона-белыя шкарпэткі, БЧБ-налепкі на ровары, афармленне аўтамабіля ў «апазіцыйных» тонах, герб Літвы на шкле задніх дзвярэй машыны і пафарбаваны ў бела-чырвонае франтон. Каралі за «пікетаванне шляхам малявання сэрцайка ў ліфце жылога дома» або «размяшчэнне на акне налепкі ў выглядзе аблокаў, цюльпанаў і рамонкаў бела-чырвона-белага колеру, што ўтваралі БЧБ-сцяг», а таксама за развешванне бела-чырвона-белых ручнікоў на балконе «для дэманстрацыі сваіх грамадзянскіх і палітычных інтарэсаў». Прыкметамі пікета зрабіліся налепка на ноўтбуку ці мабільным тэлефоне; размяшчэнне БЧБ-эмодзі ў Telegram-канале; белы аркуш на шкле балкона або белая фрамуга акна з налепленай на яе аранжавай стужкай; надпіс на балконе «Гэта не сцяг»; запуск двухколернага феерверку або бела-чырвоныя валасы на галаве. «Грамадска-палітычную абстаноўку» ў краіне мог парушыць пэўны колер штаноў. Таксама «незаконнае пікетаванне» адбывалася з выкарыстаннем БЧБ-сцяга ў бязлюдным лясным масіве еtc.

Паводле «народнага артыкула» затрымліваліся людзі розных прафесій: выкладчыкі і блогеры, асістэнты кафедраў і пенсіянеры, актывісты і бухгалтары, журналісты і інвестары, педыятры і прадпрымальнікі etc. І рознага ўзросту: ад непаўналетніх (13-гадовая Яўгенія Варачкоўская, якая напісала на ходніку «ЖЫВЕ» і такім чынам парушыла, паводле пратакола, «парадак правядзення масавага мерапрыемства») да 75-гадовых пенсіянераў (актывіст Анатоль Кулік неаднаразова парушаў адміністрацыйны артыкул 23.34, выходзячы ў горад з накінутым на плечы сцягам і размясціўшы чырвоныя і белыя шторы на балконе).

У агульным аб’ёме сітуацый ёсць і гісторыі, калі людзей затрымлівалі без якіх-небудзь доказаў іх удзелу (нібыта за акцыю з сімволікай або на падставе фотаздымкаў і відэа, на якіх немагчыма апазнаць твары, бо яны схаваныя маскамі), або гэта былі выпадковыя прахожыя, якія апынуліся ля раней павешаных, умоўна кажучы, стужак на плоце ці прылепленага да слупа стыкера або паднялі ў лесе пакет з двума бела-чырвона-белымі сцягамі. Або да адказнасці прыцягваліся за герб, сцяжок, таблічку ці налепку, размешчаныя на пэўным месцы ўжо шмат гадоў, задоўга да згаданых падзей. Нярэдка – за сцяг, знойдзены падчас вобшуку або вывешаны і сфатаграфаваны самімі сілавікамі (дарэчы, «зручны» і часта практыкаваны спосаб прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці асоб, якія не здзяйснялі супрацьпраўных дзеянняў).

У цэлым карціна маніторынгу, складзеная з выпадкаў рэпрэсій за бела-чырвона-белую сімволіку, а таксама спалучэнне гэтых колераў, выглядае наступным чынам:

У большасці выпадкаў на людзей, затрыманых за выкарыстанне бела-чырвона-белай сімволікі і спалучэнне белага і чырвонага, складаліся адміністрацыйныя пратаколы з далейшым прысудам у выглядзе сутак зняволення або штрафаў.

Сярод 335 зафіксаваных выпадкаў вядомыя вынікі ціску ў 289 сітуацыях, з якіх як мінімум у кожным другім выпадку (54 % з 289 вядомых вынікаў) справа скончылася заключэннем на тэрмін ад 3 да 90 сутак, у кожным трэцім (38 %) – штрафам ад 7 да 200 базавых велічынь (ад 65 да 1 870 еўра). У 19 сітуацыях (7 %) справа была спыненая, ціск абмежаваўся папярэджаннем ці застаўся на фазе пагроз.

«Ён мне ў міліцыі сказаў, што спалучэнне белага і чырвонага колераў у нас у краіне забароненае, як і выява герба “Пагоня”. Я яго спытала: можа, у нас ужо ўсё забароненае, і думаць таксама? Ён адказаў, што можна думаць як хочаш, але не трэба гэтага выказваць», – успамінала гутарку ў РАУС Вераніка Драбышэўская, аштрафаваная на 2900 рублёў (прыкладна 940 еўра) за размяшчэнне ў жніўні гэтага года стыкераў «Пагоня» і «Жыве Беларусь» у Telegram-канале «Добруш для жыцця».

Усяго жыхары Беларусі, затрыманыя за выкарыстанне бела-чырвона-белых сімвалаў і варыяцый белага і чырвонага колераў у адзенні, малюнках, налепках і г. д., правялі ў 2021 годзе за кратамі як мінімум 2 589 сутак [3] і былі аштрафаваныя ў суме на 53 000 еўра [4].

Акрамя таго, падчас затрымання або ў перыяд утрымання пад вартай многія былі збіты, хтосьці прайшоў праз катаванні і/або прызнанне віны на відэакамеру, здабытае пад ціскам. Характэрна, што такія «пакаянныя відэа» звычайна здымаліся на фоне чырвона-зялёнага сцяга, а выніковыя відэа выкладаліся ў праўладныя Telegram-каналы для запалохвання астатніх. Канфіскацыі асабістых рэчаў (ноўтбукі і планшэты, тэлефоны, каштоўнасці, аўтамабілі, флэшкі, ключы, улёткі і плакаты, сцягі, парасоны, папяровыя сэрцайкі і нават банцік ад плюшавага мішкі), выклікі на допыты, звальненні з месцаў працы, званкі з незнаёмых нумароў, пастаноўка бацькоў непаўналетніх дзяцей на ўлік як сям’і ў сацыяльна небяспечным становішчы – балючыя складнікі такіх спраў і гісторый.

У спісе асоб, пацярпелых ад рэпрэсій за выкарыстанне бела-чырвона-белай сімволікі, змяшчаецца інфармацыя пра чацвярых жыхароў Беларусі, у дачыненні якіх распачалі не адміністрацыйныя, а крымінальныя справы. І ў 2021 годзе іх асудзілі:

  • 4 лютага 2021 года жыхар вёскі Заўшыцы Салігорскага раёна Руслан Акостка быў асуджаны на 3 гады калоніі за тое, што 15 лістапада 2020 года прайшоў амаль увесь горад [Салігорск] у памяць пра забітага сілавікамі мастака Рамана Бандарэнку. Першапачаткова Руслана пакаралі 15 суткамі, пасля якіх супраць яго распачалі крымінальную справу за супраціў супрацоўнікам РАУС падчас затрымання.

  • 25 кастрычніка 2021 года мінчанка Марыя Каванцава была асуджана на 2 гады «хіміі» [5] за відэа, знятае ў жніўні 2020 года і размешчанае ў сацыяльных сетках TikTok і Instagram у сакавіку 2021 года, на якім яна пазіруе ля Вечнага агню на плошчы Перамогі ў Мінску з накінутым на плечы бела-чырвона-белым сцягам. Таксама выракам суду быў канфіскаваны і забраны ў даход дзяржавы мабільны тэлефон Марыі – iPhone 6.

  • 6 снежня 2021 года жыхар вёскі Куршынавічы Брэсцкай вобласці Аляксандр Плескацэвіч быў асуджаны на 2 гады «хіміі» за нанясенне ў жніўні – верасні 2021 года надпісаў і малюнкаў белага і чырвонага колераў на апоры ліній электраперадач, электрычны шчыток, прыдарожныя драўляныя крыжы, дамы і будынкі ў сваёй вёсцы, у тым ліку за надпіс на адным са слупоў «Света, я вас люблю», якой ён выказаў сімпатыю да Святланы Ціханоўскай, кандыдаткі на прэзідэнцтва 2020 года.

  • 8 снежня 2021 года жыхар аграгарадка Кішчына Слабада Мінскай вобласці Мікалай Слёз быў асуджаны на 1 год «хіміі» за намаляваныя ў жніўні бела-чырвона-белыя сцягі на сценах закінутага [ёсць рашэнне пра знос] будынка Дома культуры, размаляваныя белай і чырвонай фарбамі два дрэвы і слуп электраперадач у сваім аграгарадку.

У маніторынгу 2020 года пра парушэнне культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні дзеячаў культуры (Без права на культуру. Беларусь 2020) у раздзеле «Гістарычная сімволіка» гаварылася пра шматлікія выпадкі здымання, зразання, таптання і дыфамацыі ў дачыненні бела-чырвона-белай сімволікі. Усё згаданае вышэй працягнулася і ў 2021 годзе, а таксама займела новыя формы здзеку. Як і ў 2020 годзе, на пачатку 2021-га працягвалі паступаць звесткі, што на падлозе на ўваходзе ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна ў Мінску ляжаў бела-чырвона-белы сцяг, па якім прымушалі праходзіць затрыманых. У эфіры дзяржаўных тэлеканалаў заклікалі ачысціць краіну ад людзей, якія нясуць недзяржаўны [бела-чырвона-белы] сцяг ці выкрыкваюць лозунг «Жыве Беларусь!», паведамляючы пра іх у міліцыю. У першым квартале 2021 года шматкроць з’яўлялася інфармацыя, што ўлады хочуць прызнаць экстрэмісцкімі згаданыя сцяг і лозунг, занесці іх у спіс нацысцкай (калабарацыянісцкай) сімволікі і атрыбутыкі. Сілавікі выхваляліся здзекамі з бела-чырвона-белай сімволікі і яе прыхільнікаў, запісваючы для праўладных Telegram-каналаў ролікі для «конкурсу» «Наряди змагара», у якіх кпілі з затрыманых, абвешваючы іх сімволікай у непрывабным выглядзе.

У 2021 годзе бела-чырвона-белы сцяг, герб «Пагоня» і спалучэнне белага і чырвонага колераў па-ранейшаму застаюцца аб’яднаўчымі сімваламі беларусаў, якія выступаюць за перамены ў краіне. Аднак нельга не прызнаць таго факта, што сёння людзі настолькі запалоханыя, што «баяцца купіць белую сукенку з чырвонай вышыўкай ці нават чорную маску, на якой вышыты чырвоны сімвал», – так апісвае сітуацыю Юрый Казакевіч, уладальнік крамы беларускай сімволікі ў Баранавічах, адзначаючы, што гэта ў тым ліку тычыцца прадукцыі, якую можна знайсці ў многіх дзяржаўных крамах краіны.

 

ІІ. КРЫМІНАЛЬНЫ ПЕРАСЛЕД ЗА ЗДЗЕК З ДЗЯРЖАЎНЫХ СІМВАЛАЎ

У адпаведнасці з артыкулам 19 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, «сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца яе Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн».

Артыкул 370 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь гаворыць: «Здзек з дзяржаўных сімвалаў караецца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін» [6]. Адпаведна, і адміністрацыйнае, і крымінальнае пакаранне за прычыненне шкоды афіцыйнай сімволіцы краіны не з’яўляецца парушэннем і мае законную падставу (іншае пытанне, што ў сітуацыі сацыяльна-палітычнага крызісу адны законы працуюць, а іншыя – не).

Адзін з асуджаных паводле гэтага артыкула (і за абразу прэзідэнта) – жыхар Жыткавічаў Уладзімір Шакун. Яго асудзілі на 2 гады «хіміі» за малюнак і абразлівы надпіс у адрас Лукашэнкі – ён нанёс іх на дзяржаўны (чырвона-зялёны) сцяг і пасля павесіў яго на будынак рэстарана, што не працуе і знаходзіцца на ажыўленай дарозе. Уладзімір, калі тлумачыў суду свае дзеянні, адзначыў, што такім чынам хацеў прыцягнуць увагу [да беззаконня, якое чыніцца] як мага большай колькасці грамадзян, якія заязджаюць у Жыткавічы з боку Турава. Гэты прыклад дае ўяўленне пра матывы прычынення шкоды афіцыйным сімвалам краіны.

Выпадкі асуджэння і пазбаўлення волі жыхароў краіны ў сувязі са знявагай імі дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь першапачаткова не ўваходзілі ў фокус нашай увагі, што цалкам канцэнтравалася на тэме неправамернасці пакарання грамадзян за выкарыстанне непасрэдна бела-чырвона-белай гістарычнай сімволікі. Аднак масавы характар выказвання нязгоды з дзейнай уладай праз здзек з дзяржаўных сімвалаў (часцей за ўсё – са сцяга), рост колькасці судовых працэсаў паводле такіх спраў і неаднаразовыя заявы [7] прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці пра недапушчальнасць пазбаўлення волі за абразу службовых асоб, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў як неапраўданага абмежавання свабоды выказвання меркавання, не накіраванага на падбухторванне да гвалтоўных дзеянняў, падштурхнулі нас да фіксацыі такіх выпадкаў асуджэння.

У маніторынгу ўтрымліваецца інфармацыя пра 84 судовыя працэсы, распачатыя за здзек з дзяржаўных сімвалаў. У большасці выпадкаў абвінавачванні выстаўляліся паводле артыкула 370, аднак часам ён ідзе разам з артыкулам 339 [8] («Хуліганства»), некалькі разоў – 368 [9] («Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»). Грамадзян і жыхароў Беларусі, якім выставілі абвінавачванні паводле больш чым двух артыкулаў (з улікам артыкула 370), у гэты агляд мы не ўключалі. Праваабаронцы таксама фіксуюць выпадкі, калі следства кваліфікуе прыніжэнне дзяржаўных сімвалаў як звычайнае хуліганства (толькі артыкул 339) – 4 чалавекі ў маніторынгу. З 84 чалавек у нашым спісе большасць – 76 чалавек (90 %) – мужчыны. Часцей за ўсё гэта жыхары Гомеля і вобласці (23 чалавекі), Брэста і вобласці (18), Гродна і вобласці (12) – 63 % усіх зафіксаваных выпадкаў. У 81 выпадку з 84 (96 %) быў здзейснены здзек са сцяга.

Жыхары вялікіх і маленькіх населеных пунктаў здымалі або зрывалі сцягі з будынкаў дзіцячых садкоў, школ, гімназій і каледжаў, крам, музеяў, дамоў культуры, аддзяленняў пошты, інтэрнатаў, жыллёва-камунальных гаспадарак (ЖКГ) і жыллёвых рамонтна-эксплуатацыйных аб’яднанняў (ЖРЭА), гандлёвых цэнтраў, гатэляў і рэстаранаў, а таксама Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, пракуратуры, Следчага камітэта і іншых адміністрацыйных будынкаў, з флагштокаў на плошчах і цэнтральных вуліцах.

Былі выпадкі, калі зняты чырвона-зялёны сцяг замяняўся на бела-чырвона-белы. Часцей за ўсё афіцыйны дзяржаўны сцяг ірвалі, тапталі, адносілі на сметнік або выкідалі непадалёк, ламалі дрэўка, плявалі на палотнішча, часам спальвалі і здымалі гэта на відэа, якое пазней публікавалі ў Telegram-каналах. Не рэдкія паведамленні, што гэта рабілася ў стане алкагольнага ап’янення. Часта – у кампаніі з дваіх або некалькіх чалавек. У адным выпадку крыміналізавалі перайначванне графічнай выявы дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, якое пасля выкарыстоўвалася як лагатып для відэаролікаў, а таксама Tеlеgгаm- і Youtube-каналаў. За такі «здзек з дзяржсімвалаў» суд асудзіў у ліпені Дзмітрыя Краўцова на 3 месяцы арышту, Вікторыю Жардзецкую – на 1 год «хатняй хіміі» [10]. Паэтка і настаўніца музыкі Ганна Важнік перафразавала пачатак куплета дзяржаўнага гімна з «Мы, беларусы – мірныя людзі…» на «Мы, экстрэмісты – мірныя людзі…» і размясціла яго ў сваім Twitter-акаўнце, у выніку чаго яе прызналі вінаватай у здзеку з дзяржаўнага сімвала – гімна, а 28 чэрвеня асудзілі на 1 год «хатняй хіміі».

Часцей за ўсё абвінавачваных у здзеку з дзяржаўных сімвалаў каралі абмежаваннем волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу («хімія») – 29 чалавек з 84, якія знаходзяцца ў спісе маніторынгу; без накіравання («хатняя хімія») – 18 чалавек; калоніяй агульнага рэжыму – 16 чалавек. На парадак радзей – арыштам або грамадскімі працамі, і ўсяго адзін раз – штрафам (абвінавачванне паводле артыкула 339 за сарваны дзяржаўны сцяг, што вісеў над уваходам у інтэрнат). Віды пераследу ў дачыненні зафіксаваных гісторый 84 чалавек і характар крымінальнага пакарання адлюстраваны ў табліцы ніжэй:

Асуджаныя паводле крымінальных артыкулаў таксама мусілі кампенсаваць матэрыяльную шкоду, нанесеную іх дзеяннямі. Інфармацыя пра памер шкоды ўтрымліваецца ў маніторынгу не ў поўным аб’ёме, тым не менш, можна сказаць, што вядомыя нам сумы вар’іруюцца ад 2 рублёў 44 капеек («Вячаслаў Уласевіч зняў сцяг з будынка па вуліцы Леніна ў Баранавічах, пранёс яго на некаторую адлегласць і кінуў на зямлю, праз што дрэўка зламалася на тры часткі і пашкодзілася») да 129 рублёў (Данііл Папкоў «схапіўся за сцяг» каля д. 21 па вуліцы Савецкай у Гомелі, «гэтым самым прычыніў шкоду…»).

 

ПАДВОЙНЫЯ СТАНДАРТЫ

Частка 9-я артыкула 8 Закона Рэспублікі Беларусь ад 05.07.2004 № 301-3 «Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь» гаворыць: «Не дапускаецца размяшчэнне на дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь надпісаў і графічных выяў незалежна ад спосабу іх нанясення». Артыкул 15 Закона вызначае, што «парушэнне патрабаванняў Закона, а таксама здзек з дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь цягнуць за сабой адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам». 31 кастрычніка ў Telegram-канале Адміністрацыі прэзідэнта размясцілі фотаздымкі экспазіцыі з Палаца Незалежнасці, сярод якіх быў і дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь з нанесеным на яго партрэтам чалавека [Лукашэнкі] і надпісам [«За Батьку»] [11]. У адказ на петыцыю грамадзян з патрабаваннем даць прававую ацэнку такой мадыфікацыі дзяржаўнага сцяга РБ пракуратура горада Мінска пакінула гэты зварот без разгляду па сутнасці.

 

АДМІНІСТРАЦЫЙНЫ ПЕРАСЛЕД

У маніторынгу таксама ўтрымліваецца інфармацыя пра 4 адміністрацыйныя справы, заведзеныя супраць заўзятараў хакейных і футбольных матчаў за «Незаконныя дзеянні ў дачыненні дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь» – артыкул 24.54 абноўленага [12] КаАП. Так, у Гродне мужчыны сядзелі падчас выканання дзяржаўнага гімна перад пачаткам хакейнага матчу з удзелам каманды «Нёман», парушыўшы тым самым рэгламент (вынікі судоў над імі нам не вядомыя). Вядома, што слонімца, які быў на стадыёне перад пачаткам футбольнага матчу, захапіўся праглядам відэа на сваім тэлефоне і ўстаў прыкладна праз 15 секунд пасля пачатку выканання гімна, ашатравалі на 290 рублёў (прыкладна 94 еўра на канец 2021 года).

 

III. СІМВАЛІЧНАЯ БАРАЦЬБА ВА ЎМОВАХ ПРАСТОРЫ ГОРАДА

Адзін з лозунгаў, што суправаджалі мірныя маршы лета – восені 2020 года ў Беларусі [як мінімум у сталіцы], гучаў так: «Гэта наш горад!». Удзельнікі і ўдзельніцы пратэснага руху ледзь не ўпершыню ў жыцці займелі грамадзянскую суб’ектнасць і выяўлялі яе праз актыўнае прысвойванне гарадской прасторы на сімвалічным узроўні. Буйныя і невялікія гарады на некалькі месяцаў расцвілі чырвона-белымі стрыт-артамі і мастацкімі аб’ектамі. Аднак у няроўнай барацьбе з рэпрэсіўным апаратам пратэснаму руху давялося сысці ў падполле, у выніку чаго мясцовыя ўлады і камунальныя службы пачалі, з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу, знішчаць усе прыкметы чырвона-белага вальнадумства, зафарбоўваючы ўсё колерамі афіцыйнага чырвона-зялёнага сцяга. Так прастора горада зрабілася месцам сімвалічнай барацьбы паміж грамадзянскай супольнасцю, якая мысліць у дэмакратычным рэчышчы, і паслядоўнікамі аўтарытарнага рэжыму. Камунальныя службы ў Мінску і рэгіёнах дэмантавалі чырвона-белыя надпісы; зафарбоўвалі або перафарбоўвалі стрыт-арты, графіці і афіцыйна дазволеныя муралы, воданапорныя вежы і коміны, чырвоныя палосы на бетонамяшалках, тратуарах і асфальце, але пры гэтым «акультурвалі» дваровыя тэрыторыі, фарбуючы лаўкі, сметніцы і дзверы пад’ездаў у чырвона-зялёныя колеры; масава перайначвалі колер стэл, што размяжоўваюць вобласці або стаяць на ўездзе ў гарады; паўсюдна пазначалі сябе, вывешваючы на будынках харчовых і прамтаварных крам, банкаў, устаноў і г. д. афіцыйны сцяг краіны.

Вайна з сімваламі вялася на розных франтах. Так, адміністрацыі школ няголасна забаранялі выпускнікам прыходзіць на свята ў стужках чырвонага і белага колераў, але актыўна залучалі школьнікаў да ўдзелу ў патрыятычнай акцыі «#ЦветаМоейРодины». Жыхары як мінімум Мінска, Магілёва і Брэста ў сакавіку атрымалі нетыповыя квітанцыі на аплату камунальных паслуг, на іншым баку якіх, акрамя запрашэння паўдзельнічаць у традыцыйнай акцыі азелянення двара, змяшчалася некалькі абзацаў на тэму «Не дайце сябе падмануць! Міфы пра бчб-сцяг», дзе гаварылася, што гэта сцяг здраднікаў і катаў. У сваю чаргу, афіцыйная сімволіка ў прасторы горада нярэдка дапаўнялася расійскай і савецкай. Так, на праўладных аўтапрабегах разам з чырвона-зялёнымі сцягамі час ад часу з’яўляліся расійскія, а на суботніках – атрыбутыка накшталт значкоў з выявай Леніна. Савецкая сімволіка з’яўлялася і ў іншых месцах: напрыклад, да дзяржаўнага сцяга на шэрагу крам і ўстаноў у Століне Брэсцкай вобласці дадалі чырвоны савецкі сцяг з сярпом і молатам.

На фоне пераследу ўладальнікаў крам, якія гандлявалі прадметамі гістарычнай [бела-чырвонай-белай] сімволікі і якім давялося некаторыя з крам закрыць «паводле шматлікіх пажаданняў жыхароў горада», у Магілёве адкрылася крама дзяржаўнай сімволікі «з нацыянальным каларытам»…

Фота: belta.by

 

НА ПРАЦЯГУ 2021 ГОДА ПАДЧАС СІМВАЛІЧНАЙ БАРАЦЬБЫ Ў ГАРАДАХ БЕЛАРУСІ:

Зафарбоўвалі і перафарбоўвалі бела-чырвонае

У лютым на афіцыйна дазволеным мурале «Мая краіна Беларусь», створаным у 2017 годзе на сцяне трансфарматарнай будкі па вуліцы Дуніна-Марцінкевіча ў Мінску, зафарбавалі чырвоныя элементы нацыянальнага арнаменту. Бела-чырвоны маяк на графіці ў маладзечанскім арт-двары ў красавіку быў перафарбаваны ў чырвона-зялёны. У гэтым жа месяцы жыхары мікрараёна Уручча ў Мінску звярнулі ўвагу на тое, што знакамітая скульптура Змея Гарыныча, пафарбаваная пасля выбараў 2020 года ў бела-чырвонае, зрабілася шэрай. У некалькі этапаў змяніў колер і бела-чырвоны [паводле нормаў авіяцыйнай бяспекі] комін Брэсцкай цеплаэлектрастанцыі каля стадыёна. Спачатку ў красавіку на яго нанеслі арнамент афіцыйнага дзяржаўнага сцяга, затым труба пачала «зелянець» і канчаткова ператварылася ў чырвона-зялёны сцяг, а ў траўні кампазіцыя дапоўнілася начной падсветкай. Змены адбыліся і з фасадам новага гандлёва-забаўляльнага комплексу «Palazzo», размешчанага непадалёк ад Палаца Незалежнасці ў Мінску: першапачаткова бела-чырвоны фасад над уваходам зрабіўся аранжава-чырвоным. У цэнтры Слуцка пераход перад гандлёвым цэнтрам быў аформлены ў бела-чырвоных колерах, але напярэдадні 9 траўня чырвоныя палосы аператыўна зафарбавалі чорным. Элемент апоры чыгуначнага моста бабруйскія камунальныя службы перафарбавалі з бела-чырвонага ў бела-жоўты. А праваслаўны святар Аляксандр Шрамко заўважыў, што на гербе Гродзенскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы бела-чырвона-белую стужку замянілі фіялетавай. Etc.

 

Масава відазмянялі стэлы


 

Чырвона-зялёным зрабіўся фон уязной стэлы ў горадзе Бяроза і цалкам чырвона-зялёным – уязны знак з назвай аграгарадка Малеч Брэсцкай вобласці. У рамках рэспубліканскага суботніка бела-чырвоны знак «Брэсцкая вобласць» на мяжы Брэсцкай і Гомельскай абласцей у Лунінецкім раёне быў перафарбаваны ў сіні колер. Стэлу на ўездзе ў Белаазёрск мясцовыя ўлады з чырвона-белай перафарбавалі ў чырвона-зялёны колер. У Гродзенскай вобласці стэла ў горадзе Масты, усталяваная ў памяць пра мясцовых жыхароў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, не фарбаваная з 70-х гадоў мінулага стагоддзя, у 2021-м набыла чырвона-зялёную афарбоўку. Стэла горада Узда, што ў Мінскай вобласці, таксама змяніла чырвона-белую каляровую гаму на чырвона-зялёную. Бела-чырвоную «Пагоню» на афіцыйным гербе Магілёва, размешчаным сярод гербоў усіх абласных цэнтраў Беларусі на стэле на праспекце Рэспублікі ў Брэсце, зафарбавалі проста белым, каб менш кідалася ў вочы. І гэта далёка не поўны спіс.

 

Вывешвалі чырвона-зялёныя сцягі і палотнішчы

Фота: @******_smotri


 

Чырвона-зялёныя сцягі пачалі вывешваць проста паўзверх будынкаў, і прадстаўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (МНС) не бачылі ў гэтым ніякіх праблем з гледзішча тэхнікі бяспекі – і ў той жа час выпісвалі шматтысячныя штрафы таварыствам жыхароў за размяшчэнне на фасадах і дахах дамоў «вырабаў з гаручага тэкстылю» [бела-чырвона-белых сцягоў]. Так, у лютым на будынку выканкама ў Бабруйску з’явілася палотнішча памерам 10 на 35 метраў, на якое вылучылі 5 700 рублёў з мясцовага бюджэту (каля 1 840 еўра). У красавіку палосы тканіны чырвонага і зялёнага колераў віселі на будынку тралейбуснага ўпраўлення ў Гродне проста паўзверх вокнаў кабінетаў.

Сцягі пачалі з’яўляцца на дахах жылых дамоў, перадусім – у найбольш пратэсных раёнах Мінска, дзе жыхары доўга і часта вывешвалі з вокнаў БЧБ-сцягі. Так, у сакавіку чырвона-зялёны сцяг павесілі на даху аднаго з дамоў у жылых комплексах «Новая Баравая» і «Каскад». Флагштокі крам, будынкаў культуры і разнастайных устаноў яшчэ з 2020 года «запалалі» чырвона-зялёнымі сцягамі.

 

У Дзень Перамогі, 9 траўня, урачыста адзначылі Дзень сцяга і герба

Фота: belta.by

Фота: Віртуальны Брэст


 

У 2021 годзе Дзень дзяржаўных сімвалаў [другая нядзеля траўня], які раней спецыяльна не адзначаўся, супаў са святкаваннем Дня Перамогі – і адбылося двайное свята трыумфу чырвона-зялёнай сімволікі. З тэндараў на закупку было відаць, што «Мінскканцэрт» набыў 2 тысячы чырвоных і 2 тысячы зялёных паветраных шароў з геліем і піратэхнічныя вырабы для салюту з патрабаваннем: «пераважная колеравая гама – колеры нацыянальнага сцяга Рэспублікі Беларусь». Урачысты вынас і ўзняцце дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь адбыліся на плошчы Леніна ў Брэсце, святочна адкрылі флагшток у Крычаўскім РАУС: на пляцоўцы выстраіліся міліцыянеры, следчыя, ратавальнікі і эксперты, у мерапрыемстве паўдзельнічалі і ветэраны.

 

Сіні – новы чырвоны

Фота: Аршанская газета

Фота: Гомельская праўда


 

Адна з тэндэнцый 2021 года, за развіццём якой важна сачыць і далей, – спроба замяніць традыцыйны чырвоны колер на сіні. Напрыклад, такую замену зрабілі ў народных строях удзельнікаў свята да Дня народнага адзінства [13] (уведзены ў 2021 годзе) на Аршаншчыне. Сіні – асноўны колер формы зборнай Беларусі на Алімпіядзе ў Пекіне-2022. На снежаньскім шэсці ў Гомелі пераважная большасць Дзядоў Марозаў і Снягурак была ў сініх касцюмах, у сінім жа ўборы, з сінім мяшком і сінім кіем шпацыраваў у метро Дзед Мароз ад Мінскага метрапалітэна.

Немагчыма сказаць адназначна, пра што сведчыць гэтая з’ява, наколькі свядома яна ствараецца і якія падводныя камяні нясе. Калі меркаваць з апісання вынікаў конкурсу на стварэнне лагатыпа да Года народнага адзінства, найлепшай прызналі працу, выкананую з «выкарыстаннем элементаў беларускага арнаменту і адцення васілька — аднаго з сімвалаў Беларусі» [14]. Аднак характэрная асаблівасць прадстаўнікоў афіцыйных структур і беларускага рэжыму ў цэлым – наяўнасць падвойных стандартаў і максімальнае разыходжанне паміж тым, што гаворыцца, і тым, што маецца на ўвазе. Ці звязаны насамрэч пераход на сіні з выцісканнем чырвонага колеру і заменай яго на той, што менш кідаецца ў вочы, або гэты колер уводзіцца ў публічную прастору як адзін з сімвалаў расійскага «трыкалору» – бела-сіне-чырвонага сцяга? Адказу няма, аднак трэнд выяўлены.

 

ПАДСУМАВАННЕ: БЕЛА-ЧЫРВОНА-БЕЛЫ СЦЯГ І ЗАКАНАДАЎСТВА

З аднаго боку, заканадаўчай забароны на выкарыстанне бела-чырвона-белага сцяга няма, з іншага – вывешаны на балконе, ён інтэрпрэтуецца як «забаронены заканадаўчымі актамі» і згодна з артыкулам 24.26 [15] новай рэдакцыі КаАП РБ, якая ўступіла ў сілу 1 сакавіка 2021 года, за яго прадугледжваецца адказнасць у выглядзе штрафу памерам да 580 рублёў (каля 190 еўра) для фізічных асоб, 1 160 рублёў (375 еўра) для індывідуальных прадпрымальнікаў і 1 740 рублёў (560 еўра) для юрыдычных асоб. Дагэтуль бела-чырвона-белы сцяг на балконе расцэньваўся як несанкцыянаваны пікет. Адначасова з гэтым на працягу ўсяго года дзяржаўныя органы пастаянна падымалі тэму прызнання бела-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім. Спачатку 29 студзеня Генпракуратура прыняла да разгляду калектыўны «зварот больш чым 100 грамадзян» [16] з просьбай залічыць яго да экстрэмісцкай сімволікі. Петыцыя супраць прызнання, створаная Каардынацыйнай радай у адказ, сабрала больш за 100 000 подпісаў. У лютым петыцыі супраць прызнання бела-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім паступалі ў Палату прадстаўнікоў і іншыя ўладныя органы і інстытуцыі ад прафесійных гісторыкаў, выкладчыкаў і настаўнікаў гістарычных дысцыплін, краязнаўцаў, выпускнікоў гістарычных факультэтаў, студэнтаў, якія адзначаюць духоўную і маральную каштоўнасць сцяга для мільёнаў беларусаў, незалежна ад іх палітычных поглядаў. Далей, 21 траўня [17] Міністэрства ўнутраных спраў (МУС) Беларусі прапанавала ўключыць сцяг у спіс нацысцкай сімволікі і 21 чэрвеня [18] накіравала на ўзгадненне ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі (КДБ) дакумент з пералікам нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі, у які ўвайшлі бела-чырвона-белы сцяг і лозунг «Жыве Беларусь!», а 26 ліпеня генеральны пракурор Андрэй Швед паведаміў пра завяршэнне падрыхтоўкі матэрыялаў «для звароту ў Вярхоўны Суд з мэтай прызнання гэтага палатна экстрэмісцкай сімволікай» [19]. Станам на канец 2021 года бела-чырвона-белы сцяг не значыцца ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў, а ў КаАП не ўдакладняецца, што такое «забаронены сцяг», але калі рабіць высновы са штрафаў за выкарыстанне БЧБ-сцяга, маецца на ўвазе менавіта ён. Такім чынам, бела-чырвона-белы няголосна забаронены, і яго выкарыстанне караецца [не] паводле закону.

Фота: vitvesti.by


[1] Бела-чырвона-белы сцяг (БЧБ).

[2] З 1 сакавіка 2021 года «народны» артыкул 23.34 КаАП зрабіўся артыкулам 24.23.

[3] Паводле вядомай нам, але няпоўнай інфармацыі.

[4] Паводле вядомай нам, але няпоўнай інфармацыі.

[5] Так у прастамоўі называецца абмежаванне свабоды з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

[6] Артыкул 370 Крымінальнага кодэкса – «Здзек з дзяржаўных сімвалаў».

[7] «Патрабуем дэкрыміналізацыі дыфамацыі, спынення пераследу і вызвалення ўсіх палітзняволеных, асуджаных за паклёп ці абразу службовых асоб, дзяржаўных чыноўнікаў і прэзідэнта, а таксама знявагу дзяржаўных сімвалаў». Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці. Мінск, 22 снежня 2020 г.

[8] Артыкул 339 Крымінальнага кодэкса – «Хуліганства».

[9] Артыкул 368 Крымінальнага кодэкса – «Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

[10] Так у прастамоўі называецца абмежаванне свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

[11] Пул Першага.

[12] Абноўлены Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП) пачаў дзейнічаць з 01.03.2021.

[13] У Беларусі ўведзены Дзень народнага адзінства.

[14] У Беларусі выбралі лагатып Года народнага адзінства.

[15] Незаконнае выкарыстанне і выраб сцягоў і інш.

[16] Пракуратура прыняла да разгляду зварот пра сімволіку.

[17] МУС Беларусі прапанаваў уключыць БЧБ-сцяг у спіс нацысцкай сімволікі.

[18] МУС Беларусі прапанаваў уключыць БЧБ-сцяг і лозунг «Жыве Беларусь!» у пералік нацысцкай сімволікі.

[19] BELTA.

Публікуецца паводле сайта Беларускага ПЭНу.

See more news

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 October 2024, 9:07 AM
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага». Агляд БХК
30 September 2024, 2:08 PM
«Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага». Агляд БХК
Эксперты БХК апублікавалі новы агляд трэндаў дзяржаўнай палітыкі.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 September 2024, 3:12 PM
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 September 2024, 2:59 PM
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці