Беларускі ПЭН пратэстуе супраць пераследу ўдзельнікаў святкавання Дня Волі

09 July 2024, 8:45 AM
Беларускі ПЭН пратэстуе супраць пераследу ўдзельнікаў святкавання Дня Волі

Беларускі ПЭН выказвае пратэст і звяртае ўвагу міжнароднай супольнасці на новы кірунак рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі — пераслед за ўдзел у святкаванні Дня Волі.

Дзень Волі — нацыянальнае беларускае свята, гадавіна абвяшчэння незалежнасці першай нацыянальнай дзяржавы, Беларускай Народнай Рэспублікі (25 сакавіка 1918 года была прынята Трэцяя Устаўная грамата).

Публічныя святкаванні Дня Волі ў Беларусі аднавіліся ў 1989 годзе з акцыі ў Мінску мастака Алеся Пушкіна, які зладзіў першы перформанс у абарону беларускай мовы разам з іншымі студэнтамі тэатральна-мастацкага інстытута. Алесь Пушкін загінуў у ліпені 2023 года, бо не атрымаў своечасовай медычнай дапамогі ў турме № 1 у Гродне. З 1993 года Дзень Волі святкуецца ў Беларусі на неафіцыйным узроўні і звычайна суправаджаецца затрыманнямі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (што парушае права на свабоду сходаў) або за выкарыстанне незарэгістраванай сімволікі — гістарычнага нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга (што парушае права беларусаў на культурную самаідэнтыфікацыю). Праваабарончы цэнтр «Вясна» зазначае, што, за рэдкім выключэннем, 25 сакавіка заўсёды быў днём затрыманняў, арыштаў, брутальных разгонаў мірных грамадзян.

У выніку няспынных рэпрэсій, якія працягваюцца з 2020 года, адкрытае святкаванне Дня Волі ў Беларусі немагчымае. Разам з тым Дзень Волі мае даўнюю традыцыю святкавання ў беларускай дыяспары, значную частку якой сёння складаюць людзі, якім давялося выехаць з Беларусі ў выніку рэпрэсій пасля 2020 года. Гэты дзень ушаноўвае беларускую незалежнасць, дзяржаўнасць, а таксама беларускую мову, гісторыю, нацыянальныя сімвалы (герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг), з’яўляецца сімвалічным святам яднання для беларусаў, якія прагнуць для сваёй краіны свабоднай і дэмакратычнай дзяржавы. Традыцыйны складнік святкавання — выступы беларускіх творцаў: літаратараў, музыкаў, артыстаў, мастакоў і г. д. У сённяшняй сітуацыі рэпрэсій супраць беларускай культуры ў Беларусі і палітыкі русіфікацыі Дзень Волі робіцца яшчэ і святам адстойвання беларусамі сваёй культурнай і нацыянальнай ідэнтычнасці.

Імпрэзы з нагоды Дня Волі ў 2024 годзе прайшлі за межамі Беларусі. Пры гэтым арганізатары намагаліся забяспечыць інтэрнэт-трансляцыі, каб у святкаванні маглі сімвалічна паўдзельнічаць і людзі, якія засталіся ў Беларусі. Незалежныя СМІ шырока асвятлялі святкаванні.

У траўні 2024 года стала вядома пра крымінальную справу супраць удзельнікаў святкавання Дня Волі, якое адбывалася ў гарадах і краінах, дзе ёсць актыўная беларуская дыяспара, і праходзіла ў адпаведнасці з заканадаўствам гэтых краін. 16 траўня 2024 года Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь заявіў, што дадаў 104 прозвішчы ў спіс падазраваных паводле справы «беларусаў замежжа». Вядома, што крымінальная справа распачата паводле артыкулаў 361-1 і 369-1 Крымінальнага кодэкса («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім» і «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»). Следчы камітэт Беларусі сцвярджае, што ў рамках расследавання ўжо атрымана інфармацыя пра наяўныя на тэрыторыі Беларусі аб’екты нерухомасці і іншую маёмасць падазраваных. Цяпер праводзяцца следчыя дзеянні: праверкі, ператрусы, арышт маёмасці і «іншыя працэсуальныя меры». Праваабарончай супольнасці вядомыя канкрэтныя выпадкі палітычна матываванага пераследу актораў, музыкаў, гісторыкаў, літаратараў, а таксама іншых удзельнікаў святкавання Дня Волі. Беларускі ПЭН працягвае фіксаваць публічныя і непублічныя паведамленні на гэты конт.

Мы падкрэсліваем, што свабода слова і думкі — базавыя правы чалавека, зафіксаваныя ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ААН (арт. 19), а таксама ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах (арт. 19). Рэспубліка Беларусь абавязалася выконваць гэтыя міжнародныя дамовы, гарантуючы сваім грамадзянам права на свабоду выказвання думкі і мірных сходаў.

Права на мірныя сходы замацавана Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (арт. 21). Усеагульная дэкларацыі правоў чалавека (арт. 20) таксама дэкларуе права на свабоду мірных сходаў і асацыяцый.

Немагчымасць і забарона ўдзелу ў святкаванні Дня Волі і пераслед за гэта, асабліва з увагі на культурна-асветны характар свята, з’яўляюцца парушэннем культурных правоў. Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (арт. 15) прызнае права на ўдзел у культурным жыцці (непасрэдна ўдзел у культурным жыцці, доступ да культурнага жыцця, магчымасць рабіць унёсак у культурнае жыццё).

Права кожнага чалавека на ўдзел у культурным жыцці, як і іншыя правы, замацаваныя ў пазначаных міжнародных актах, накладаюць на Беларусь, як дзяржаву-ўдзельніцу, абавязацельствы:

  • паважаць: дзяржава не можа ўмешвацца (проста або ўскосна) у рэалізацыю чалавекам права на ўдзел у культурным жыцці. Гэта значыць, дзяржаўныя органы не могуць ажыццяўляць дзеянні, якія парушаюць культурныя правы;

  • абараняць: дзяржава мусіць рабіць усё магчымае для прадухілення ўмяшання трэціх асоб (фізічных і юрыдычных) у рэалізацыю чалавекам права на ўдзел у культурным жыцці;

  • ажыццяўляць: дзяржава мусіць прымаць усе неабходныя меры на ўзроўні палітыкі, каб забяспечыць найбольш поўную рэалізацыю культурных правоў.

Пераслед за мірныя сходы і выказванне сваіх перакананняў, за падтрымку беларускіх культурных традыцый, гісторыі і мовы з’яўляцца грубым парушэннем гэтых правоў.

Мы лічым, што арышты маёмасці з намерам далейшага яе адабрання дзяржавай, дэклараваным у публічнай прасторы, з’яўляюцца адвольнымі дзеяннямі і парушаюць нормы як міжнароднага (у тым ліку арт. 17 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека), так і нацыянальнага права (у тым ліку арт. 2 Грамадзянскага кодэкса). Паводле гэтых артыкулаў, ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены сваёй маёмасці. Беларускі ПЭН лічыць, што адсутнічаюць фактычныя падставы для арышту маёмасці, дзеянні ўладаў Беларусі з’яўляюцца неабгрунтаванымі, незаконнымі і супярэчаць міжнародным абавязацельствам Рэспублікі Беларусь.

Беларускі ПЭН:

  • асуджае парушэнні гэтых фундаментальных правоў;

  • патрабуе спыніць пераслед удзельнікаў святкавання Дня Волі;

  • заклікае міжнародную супольнасць звярнуць увагу на сітуацыю ў Беларусі.

Каб патрымаць заяву, калі ласка, запоўніце кароткую форму.

See more news

Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні 17 палітычных зняволеных (Дар'я Заяц і іншыя)
09 July 2024, 7:40 AM
Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні 17 палітычных зняволеных (Дар'я Заяц і іншыя)
Патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Дзмітрыя Пузікава, Дзяніса Семяніхіна, Дар’ю Заяц, Валерыю Драгун, Алену Карпенку, Андрэя Каралёва, Антона Пугача, Алену Дуброўскую, Івана Дзярновіча, Аляксандра Захарчыка, Юрыя Юрчука, Таццяну Макееву, Руслана Зголіча, Дзмітрыя Сіўко, Аляксандра Цюпу, Івана Мікшу, Аляксандра Сырыцу і спыніць крымінальны пераслед.
Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі (Ірына Клязовіч і іншыя)
09 July 2024, 7:29 AM
Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі (Ірына Клязовіч і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Ірына Клязовіч, Марыну Гацуру, Віктара Нікіфарава, Надзею Лескавец, Ірыну Погодаеву, Глеба Дудко, Жанну Дашкевіч, Іллю Гумбара.
Заява аб прызнанні Анджэя Юхневіча палітычным зняволеным
25 June 2024, 12:27 PM
Заява аб прызнанні Анджэя Юхневіча палітычным зняволеным
Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, выказваем свой пратэст з нагоды палітычнага пераследу і арышту Анджэя Юхневіча.
Патрабуем рэабілітацыі 22 былых палітычных зняволеных (Наталля Кукішава і іншыя)
25 June 2024, 12:21 PM
Патрабуем рэабілітацыі 22 былых палітычных зняволеных (Наталля Кукішава і іншыя)
У дачыненні да пералічаных былых палітвязняў мы патрабуем перагляду іх крымінальных спраў з мэтай адмены вынесеных прысудаў, іх поўнай рэабілітацыі з кампенсацыяй.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці