«Без канкрэтных доказаў мы можам застацца непачутымі». Што важна ведаць пра незалежнае назіранне за выбарамі*

15 December 2023, 4:39 PM
«Без канкрэтных доказаў мы можам застацца непачутымі». Што важна ведаць пра незалежнае назіранне за выбарамі*

Першыя выбары* пасля крызісу 2020 года прызначаны на 25 лютага 2024 года – будзе адзіны дзень галасавання: выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы ў Беларусі. Гэтая выбарчая кампанія ўжо пачалася з масавай хвалі ператрусаў па "справе выбараў у Каардынацыйную Раду". За любую актыўную грамадскую актыўнасць у Беларусі можна папасці пад пераслед. Пад такой рызыкай знаходзяцца і патэнцыйныя незалежныя назіральнікі_цы, якія хацелі бы скарыстацца сваім правам грамадскага кантролю.

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" распавядае ўсё, што трэба ведаць пра незалежнае назіранне, а юрыстка Святлана Галаўнёва і іншыя эксперты кампаніі тлумачаць яго важнасць і ацэньваюць рызыкі такой дзейнасці сёння ў Беларусі.

naziralniki_21.jpgІлюстрацыйнае фота

Што такое назіранне за выбарамі?

Назіранне за выбарамі — гэта дзейнасць па адсочванню і ацэнцы таго, як арганізуюцца і праводзяцца выбары, уключаючы непасрэдны агляд дзейнасці выбарчых участкаў. Гэта магчымасць адсачыць як ладзяцца гэтыя выбары ад пачатку да канца. Назіральнікі дапамагаюць сабраць доказы парушэння ці фальсіфікацый выбарчых працэсаў. 

Выбары з'яўляюцца найважнейшым элементам дэмакратыі, але ў той жа час выбарчыя правы і свабоды з'яўляюцца аднымі з найбольш уразлівых, таму грамадскі кантроль адыгрывае ключавую ролю ў правядзенні свабодных дэмакратычных выбараў.

Часам назіранню за выбарамі аўтаматычна прыпісваееца рыса непрадузятасці (менавіта так адкажа ChatGPT, напрыклад), але насамрэч назіранне за выбарамі можа быць вельмі розным. Актыўнымі актарамі назірання за выбарамі часта становяцца палітычныя партыі, якія ўдзельнічаюць у электаральнай гонцы, і ў такім выпадку непрадузятасць можа быць пад пытаннем. Гэта не з'яўляецца нейкай негатыўнай характарыстыкай партыйных назіральнікаў, проста мэты партыйнага назірання могуць адрознівацца ад мэт незалежных назіральнікаў. 

Непрадузятасць, разам з незалежнасцю, транспарэнтнасцю і адпавяданне назіральнікаў пэўным стандартам – гэта асноўныя прынцыпы незалежных назіральнікаў. Да іх звычайна адносяць міжнародныя місіі ад АБСЕ і ААН. Але незалежнымі могуць быць і мясцовыя назіральнікі, калі яны адпавядаюць тым жа стандартам.

Чаму важна незалежнае назіранне?

Праваабаронца Павел Сапелка адзначае, што назіранне, як незалежнае нацыянальнае, так і міжнароднае, заўсёды было адной з гарантый правядзення свабодных выбараў:

"Калі незалежнае назіранне выганяецца з выбарчага працэсу, давер да выбараў і іх вынікаў імкліва падае. Гэты давер не атрымаецца аднавіць за кошт пазіцый "сяброў" па клубе аўтарытарных і таталітарных рэжымаў, і нават за кошт аднадумцаў рэжыму – палітыкаў-адзіночак з неадназначнай рэпутацыяй з дэмакратычных суб'ектаў. З іншага боку, назіранне, асабліва з боку аўтарытэтных міжнародных суб'ектаў, якім па праве з'яўляецца, напрыклад БДІПЧ АБСЕ, заклікана паляпшаць выбарчыя працэсы. А гэта зусім не цікава рэжыму, які трымаецца ва ўладзе менавіта дзякуючы фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Такім чынам, выбарчая сістэма як інстытут будзе дэградаваць".

Чым рэгламентуюцца правы назіральнікаў?

Рэгуляванне правоў і ўмоваў назірання за выбарамі здзяйсняецца заканадаўствам кожнай канкрэтнай краіны. Але агульная рамка задаецца канешне на міжнародным узроўні. Існуюць агульнапрынятыя стандарты і прынцыпы, якія часта ўлічваюцца пры рэгуляванні правоў назіральнікаў за выбарамі ў розных краінах. Асноўныя стандарты задае арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), якая назапашвае лепшыя практыкі і выпрацоўвае як гайды для арганізатараў назірання, так і рэкамендацыі для арганізатараў выбараў.

У АБСЕ за шмат гадоў працы і назірання за выбарамі па ўсім свеце выпрацаваны сістэмны падыход бачання таго, па якіх стандартах павінны праходзіць свабодныя і сумленныя выбары. Ёсць канкрэтныя рэкамендацыі, як такіх вынікаў дасягнуць у канкрэтнай краіне і што можна палепшыць. 

Міжнароднае назіранне АБСЕ задае планку для ўсіх, хто хоча самастойна арганізаыаць незалежнае назіранне за выбарамі. Для назіральнікаў АБСЕ ёсць дэталёва распрацаваныя метадалогіі і гайды. І, напрыклад, кампанія беларускіх праваабаронцаў "Праваабаронцы за свабодныя выбары", куды ўваходзяць эксперты "Вясны" і Беларускага Хельсінкага камітэту, заўсёды выпрацоўвалі працу сваіх назіральнікаў і аналітыкаў на аснове таго, як назіранне арганізавана ў АБСЕ. 

Якімі заканадаўчымі актамі рэгулюецца дзейнасць назіральнікаў?

Асноўныя нарматыўныя акты, якія будуць рэгуляваць дзейнасць назіральнікаў падчас выбараў*-2024 – гэта Выбарчы кодэкс у новай рэдакцыі ад 2023 года і зацверджанае Цэнтральнай выбарчай камісіяй “Палажэнне аб парадку накіравання і дзейнасці назіральнікаў пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў у адзіны дзень галасавання 25 лютага 2024 года”.

Дарэчы, Выбарчы кодэкс цяпер афіцыйна перакладзены на беларускую мову. Яго пераклад адобраны 24 ліпеня 2023 года экспертным саветам па пытаннях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову.

Што змянілася ў дзейнасці назіральнікаў за апошні час?

Цяпер права быць нацыянальным назіральнікам у Беларусі маюць толькі асобы, што валодаюць выбарчым правам.

"У любым выпадку, існае рэгуляванне доступу назіральнікаў да электаральных мерапрыемстваў і працэдур з'яўляецца недастатковым для забеспячэння празрыстасці і галоснасці выбараў",  адзначылі ў першай справаздачы аналітыкі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары".

Старшыня ЦВК Ігар Карпенка перад першым пасяджэннем Цэнтральнай выбарчай камісіі паведаміў, што зменены тэрміны акрэдытацыі нацыянальных назіральнікаў на выбарах:

"Сёння, калі ты мае намер удзельнічаць у назіранні за выбарамі ў той ці іншай камісіі, ты павінен працэс акрэдытацыі прайсці да пачатку датэрміновага галасавання. Гэта значыць з улікам таго, што датэрміновае галасаванне ў нас пачынаецца ў аўторак, 20 лютага 2024 года, то панядзелак, 19 лютага, — апошні дзень рэгістрацыі нацыянальных назіральнікаў для назірання ў той ці іншай камісіі".

Больш падрабязны агляд зменаў у заканадаўстве і грамадска-палітычнай сітцуацыі чытайце ў першай справаздачы кампаніі:

vybary_25_2024.jpg

Сітуацыя напярэдадні выбараў*2024. Першая справаздача кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Экспертная місія па маніторынгу выбараў*2024 ажыццяўляецца Беларускім Хельсінкскім Камітэтам і Праваабарончым цэнтрам "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары".

Як стаць назіральнікам_цай? 

Права ажыццяўляць назіранне за выбарчымі працэсамі ўстанаўліваецца артыкулам 13 Выбарчага кодэкса. Згодна з ім, назіраць за выбарамі, акрамя замежных (міжнародных) назіральнікаў, могуць таксама прадстаўнікі_цы палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, Назіраць за выбарамі маюць права таксама дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і мясцовых Саветаў дэпутатаў, сябры Савета Рэспублікі.

Падрабязна працэдура накіравання нацыянальных назіральнікаў апісана ў “Палажэнні аб парадку накіравання і дзейнасці назіральнікаў пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў у адзіны дзень галасавання 25 лютага 2024 года”.

Назіральнікам у Беларусі можна стаць грамадзянін_ка Рэспублікі Беларусь ад 18 гадоў.

Каб стаць нацыянальным назіральнікам неабходна не пазней за дзень, які папярэднічае дню пачатку датэрміновага галасавання аккрэдытавацца ў адпаведнай выбарчай камісіі, дзе плануецца ажыццяўленне назірання. 

“Гэта новае правіла, якое, напэўна, будзе спрыяць таму, каб улады маглі пазбавіцца ад непажаданых назіральнікаў задоўга да дня галасавання   знайсці фармальную падставу ці стварыць яе, каб пазбавіць назіральніка акрэдытацыі ці наўпрост адвольна рэпрэсаваць, напрыклад, у адміністрацыйным парадку”,  адзначае Павел Сапелка.

Для гэтага неабходна прад'явіць накіраванне на назіранне і пашпарт ці ідэнтыфікацыйную карту. Гэтае накіраванне можна атрымаць ад  партыі ці грамадскага аб’яднання, ад працоўнага калектыву і ад групы грамадзян. 

Калі назіральнік накіроўваецца ад партыі ці грамадскага аб’яднання, то накіраванне на назіранне павінна быць афромлена пратаколам пэўнай партыі, арганізацыі ці іх структурнай адзінкі. Копія пратакола ці выпіска з яго павінна быць накіравана ў выбарчую камісію. 

Пры гэтым, як адзначаюць эксперты кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", у сувязі з "зачысткай" грамадскага сектару ў Беларусі скарачаецца колькасць грамадскіх аб'яднанняў, прадстаўнікі якіх могуць быць назіральнікамі.

Калі назіральнік вылучаецца ад працоўнага калектыву, то накіраванне на назіранне афармяецца пратаколам рашэння схода (канферэнцыі) працоўнага калектыву арганізацыі альбо падраздзялення арганізацыі. Калі асобныя падраздзяленні арганізацыі накіроўваюць сваіх назіральнікаў, то назіральнікі агулам ад арганізацыі не накіроўваюцца.

Каб пайсці назіраць наўпрост ад групы грамадзян, то гэта мусіць быць аформлена калектыўнай заявай. Яе павінны падпісаць не менш за 10 чалавек, якія пражываюць на тэрыторыі вобласці, раёна, горада, раёна ў горадзе, пасёлка, сельсавета, выбарчай акругі, участка для галасавання.

Тэрмін паўнамоцтваў назіральніка пачынаецца са дня яго акрэдытацыі і заканчваецца ў дзень устанаўлення адпаведнай камісіяй вынікаў падліку галасоў, вынікаў або вынікаў выбараў, рэферэндуму, адклікання дэпутата.

Ці ёсць сэнс для грамадства ў назіральніках ад праўладных партый і грамадскіх аб'яднанняў? 

На выбарчых кампаніях у Беларусі звычайна на ўчасткі актыўна выстаўляюцца назіральнікі ад прадзяржаўных палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў і працоўных калектываў. Як адзначае юрыстка Святлана Галаўнёва, прысутнасць розных назіральнікаў на выбарах забяспечвае прадстаўленне розных пунктаў гледжання, аднак важна адрозніваць такое назіранне ад незалежнага.

"Незалежныя назіральнікі, якія не звязаныя з якой-небудзь канкрэтнай палітычнай групай ці цікавасцю, могуць быць больш аб'ектыўнымі і нейтральнымі ў сваіх ацэнках. Яны часта даюць дадатковы ўзровень даверу грамадству ў дачыненні да сумленнасці выбараў, паколькі іх цікавасць — гэта забеспячэнне законнасці і празрыстасці працэсу, а не абарона пэўных палітычных інтарэсаў",  кажа юрыстка.

З'ява праўладных назіральнікаў ад псеўдаграмадскіх аб’яднанняў, як БРСМ ці "Белая Русь", характэрна для недэмакратычных рэжымаў, якія спрабуюць стварыць бачнасць дэмакратычнасці і легітымнасці таго, што адбываецца падчас выбарчай кампаніі. Варта адзначыць, што аніводнага разу гэтыя псеўданазіральнікі не выдавалі справаздач паводле свайго "назірання". Але яны былі адзначаны ў правакацыях у адносінах да незалежных назіральнікаў і назіральнікаў ад апазіцыйных суб'ектаў: даносілі ці паклёпнічалі на іх з мэтай выдалення з участку.

"Гэта можа рабіцца для паляпшэння свайго іміджу ў міжнародных адносінах і перакананні грамадскасці ў тым, што працэсы выбараў праходзяць з захаваннем дэмакратычных стандартаў. Акрамя таго, задачай такіх назіральнікаў можа быць стварэнне ілюзіі таго, што падчас выбарчай кампаніі былі дадзены ўсе магчымасці для ўдзелу розных груп у палітычным жыцці", — тлумачыць Святлана.

Якія правы маюць назіральнікі і што ім забаронена?

Артыкул 13 Выбарчага кодэкса мае вычарпальны спіс правоў і забаронаў для назіральнікаў. Але праваабаронцы звяртаюць увагу, што гэта не зусім слушны падыход, бо вычарпальным павінны быць юрыдычна і на практыцы толькі спіс забаронаў.

“Калі спіс правоў пачынаюць лічыць вычарпальным — гэта вельмі кепска, таму што губляюцца некаторыя функцыі назіральнікаў, кшталту прысутнасці пры праверцы подпісаў за вылучэнне кандыдата. Пры гэтым камісіі з адсутнасці прапісанага права робяць забарону: напрыклад, на фатаграфаванне на ўчастках”, — адзначае Павел Сапелка.

Так, згодна арт. 13 Выбарчага кодэкса, назіральнік мае права, напрыклад, прысутнічаць на пасяджэннях адпаведных камісій; прысутнічаць пры пламбаванні або апячатванні скрынак для галасавання; знаходзіцца ў дзень галасавання ў памяшканні для галасавання з моманту пламбавання або апячатвання скрынак для галасавання да заканчэння падвядзення рэзультатаў галасавання; прысутнічаць пры датэрміновым галасаванні, галасаванні па месцы знаходжання грамадзян, правядзенні паўторнага падліку галасоў грамадзян; назіраць за выдачай бюлетэняў, ходам галасавання, выкананнем устаноўленага гэтым Кодэксам парадку галасавання; звяртацца з прапановамі і заўвагамі па пытаннях арганізацыі галасавання да старшыні ўчастковай камісіі або яго намесніка; атрымліваць інфармацыю аб рэзультатах падліку галасоў і складанні пратаколаў адпаведных камісій аб рэзультатах выбараў, рэферэндуму, галасавання аб адкліканні дэпутата; знаёміцца з пратаколамі ўчастковых камісій аб рэзультатах галасавання і пратаколамі адпаведных камісій аб рэзультатах выбараў, рэферэндуму, галасавання аб адкліканні дэпутата, падпісанымі і накіраванымі ў вышэйстаячую камісію ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам; зрабіць копію пратакола ўчастковай камісіі аб рэзультатах галасавання сваімі сіламі і сродкамі; накіроўваць звароты ў адпаведную або вышэйстаячую камісію ці пракурору аб ліквідацыі парушэння гэтага Кодэкса і іншых актаў заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, адкліканні дэпутата не пазней чым на трэці дзень пасля выбараў, рэферэндуму, галасавання аб адкліканні дэпутата.

Пры гэтым, назіральніку забаронена займацца агітацыяй у любой яе форме; аказваць кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты якую-небудзь інфармацыйную, метадычную, фінансавую або іншую дапамогу; ствараць перашкоды ў правядзенні галасавання; прадпрымаць дзеянні, якія парушаюць тайну галасавання; весці апытанні грамадзян, якія прыбылі для галасавання і прагаласавалі; запаўняць за грамадзяніна па яго просьбе бюлетэнь; ствараць перашкоды для нармальнай работы камісій і правядзення галасавання; знаходзіцца каля сталоў выдачы бюлетэняў, каля кабін і скрынак для галасавання; умешвацца ў работу камісій. 

У Выбарчым кодэксе адзначаецца, што камісія, пры якой акрэдытаваны назіральнік, мае права пазбавіць яго акрэдытацыі ў выпадку парушэння ім заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, адкліканні дэпутата.

Ці будуць назіральнікі ад кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", як на папярэдніх выбарчых кампаніях?

Не. Кампанія вырашыла адмовіцца ад назіральнікаў з прычын бяспекі. На гэтай электаральнай кампаніі будзе дзейнічаць экспертная місія.

vybary0291-res_2.jpg

"У нас будзе экспертная місія". Праваабаронцы растлумачылі, як будуць ладзіць кампанію па маніторынгу выбараў*

Прадстаўнікі і прадстаўніцы кампаніі і яе эксперт Павел Сапелка адказалі на шэраг актуальных пытанняў, сярод якіх: ці не будзе кампанія сваёй дзейнасцю легітымізаваць выбары*, чаму маніторынг за электаральнай кампаніяй-2024 важны для беларускага грамадства, у якіх формах будзе ладзіцца маніторынгавая кампанія і якія выклікі стаяць перад праваабаронцамі.

У "Вясны" і БХК ёсць вялікі вопыт назірання за выбарамі ў Беларусі, з 2008 года мы ажыццяўляем назіранне ў межах сумеснай кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. За гэты час мы сфармаваліся як прафесійная каманда, якая можа адаптавацца пад любыя ўмовы. Напрыклад, цяпер мы не можам і не будзем выстаўляць сетку назіральнікаў. Па-першае, улады ліквідавалі Беларускі Хельсінкскі Камітэт, які заўсёды накіроўваў назіральнікаў у выбарчыя камісіі і на ўчасткі для галасавання. Зараз такой магчымасці не будзе. Па-другое, і гэта галоўнае, мы лічым, што ў дадзеных умовах ёсць вялікая рызыка для назіральнікаў сутыкнуцца з рэпрэсіямі за ўдзел у назіранні, таму мы не будзем падчас гэтай электаральнай кампаніяй карыстацца дапамогай назіральнікаў. Зараз у нас будзе экспертная місія, якая будзе збіраць і аналізаваць інфармацыю аб выбарчай кампаніі, у тым ліку праз публічную ананімную форму для паведамленняў аб парушэннях выбарчых правоў. Мы рыхтуем адпаведную інструкцыю для актыўных выбаршчыкаў, як бяспечна дасылаць інфармацыю кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары",  растлумачылі сваё рашэнне прадстаўнікі і прадстаўніцы кампаніі.

А ці будуць на гэтых выбарах* міжнародныя назіральнікі?

Так, але паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі гэта будуць толькі прадстаўнікі цэнтральных выбарчых камісій краін СНД і Сусветнай асацыяцыі выбарчых органаў, штаб-кватэра якой знаходзіцца ў Паўднёвай Карэі. Звычайна за беларускімі выбарамі таксама назіраюць місія Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), якія па выніку прызнаюць іх легітымнымі і адпаведнымі дэмакратычным стандартам.

Але такія назіральніцкія місіі нельга назваць незалежнымі ці аб’ектыўнымі. Як адзначае юрыстка Святлана Галаўнёва, у недэмакратычных уладаў часта ёсць спакуса арганізаваць квазінезалежнае назіранне, каб мець у распараджэнні выгадную ацэнку выбараў. Таксама гэта спосаб прадставіць альтэрнатыўныя вынікі назірання, якія падмацоўваюць пазіцыі дзейных уладаў.

Таксама Карпенка ў эфіры АНТ распавёў, што назіральнікаў ад АБСЕ ў Беларусь не паклічуць.

Ці бяспечна сёння ў Беларусі назіраць за выбарамі*? 

На сённяшні дзень ёсць вялікая рызыка таго, што спробы грамадскай супольнасці накіраваць назіральнікаў на будучыя выбары* пацягне за сабой пераслед гэтых назіральнікаў, як за сам факт спробы назірання, так і за патэнцыйныя сувязі з арганізацыямі грамадскай супольнасці, якія ўлады прызналі "экстрэмісцкімі фармаваннямі", кажа юрыстка.

Пры гэтым, як адзначае юрыстка, дзейнасць незалежных назіральнікаў не з’яўляецца незаконнай. Наадварот, у артыкуле 13 Выбарчага кодэкса пра назіранне гаворыцца ў кантэксце забеспячэння адкрытых і галосных выбараў. 

"Абавязак дзяржавы не перашкоджваць і забеспечваць ўмовы для незалежнага назірання можна разглядаць як складнік права кожнага грамадзяніна прымаць удзел у вядзенні дзяржаўных спраў, галасаваць і быць абраным, дапускацца да дзяржаўнай службы, гарантаванага артыкулам 25 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах", — кажа Святлана Галаўнёва.

Але, як звяртаюць увагу прадстаўнікі і прадстаўніцы кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", незалежнае назіранне ў створаных уладамі ўмовамі ў Беларусі амаль немагчыма:

"Пасля зачысткі арганізацый грамадзянскай супольнасці па сутнасці няма суб’ектаў, якія бы маглі накіроўваць назіральнікаў у выбарчыя камісіі і на ўчасткі для галасавання. Узгаданыя рэпрэсіі стварылі атмасферу страху, якая будзе з’яўляцца стрымліваючым фактарам для ўдзелу ў выбарчай кампаніі актыўных грамадзян, як у якасці назіральнікаў, так і вылучэнцаў у дэпутаты. Ліквідацыя апазіцыйных  палітычных партый зробіць і без таго недэмакратычны характар працы выбарчых камісій, якія мы фіксавалі падчас мінулых маніторынгаў, увогуле закрытым. Грамадскасць не будзе ведаць, што там адбываецца. Раней, нагадаем, праца камісій была збольшага пад надглядам незалежных назіральнікаў, а таксама прадстаўнікоў апазіцыйных партый, якія былі прадстаўленыя ў камісіях, хоць мізернай колькасцю".

Праваабаронца Павел Сапелка таксама адзначае, што ў сённяшніх умовах хутчэй за ўсё ў адносінах незалежных назіральнікаў будуць ужытыя рэпрэсіі:

"Па вопыце папярэдніх кампаній можна меркаваць, што тых, хто ўсё ж вырашыцца стаць незалежным назіральнікам, наўпрост не пусцяць у камісіі. У задачу кампаніі будзе ўваходзіць фіксацыя гэтых фактаў і ацэнка працэсаў стварэння выбарчых камісій, вылучэння і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, магчымасцяў для агітацыі, волевыяўлення на датэрміновым галасаванні і ў адзіны дзень галасавання. Мы не можам сваім маўчаннем дазволіць уладам крывадушна заяўляць аб захаванні выбарчых правоў беларусаў, а псеўданазіральнікам з розных праўладных структур і краін, лаяльных да беларускай дыктатуры, ствараць бачнасць грамадзянскага кантролю. Гэта наш маральны абавязак – перад нашымі калегамі, якіх улады трымаюць у калоніях, перад тымі беларусамі, якія ў 2020 годзе выходзілі да выбарчых участкаў і на вуліцы ў абарону права на выбар. Гэта будзе ясным сігналам для рэжыму, што грамадзянскую супольнасць немагчыма знішчыць. Пакуль ёсць незалежныя ідэі і іх носьбіты, мы будзем пашыраць свае шэрагі і нарошчваць магчымасці".

vybory_belarus_2024.jpg

"Задушанае інфармацыйнае асяроддзе і татальны кантроль над грамадствам". Гаворым з праваабаронцам аб праблемах і рэаліях выбараў*

Пытанні, звязаныя з праблемамі і рэаліямі беларускіх выбараў*, мы абмеркавалі з экспертам кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Паўлам Сапелкам.

Якія наступствы можа мець электаральная кампаніяй без міжнароднага назірання назірання? 

"Міжнароднае незалежнае назіранне забяспечвае ўвагу міжнароднай супольнасці да таго, як праходзяць выбары. Без вонкавага назірання і ціску з боку аўтарытарны рэжым можа адчуваць сябе больш свабодным у парушэнні прынцыпаў дэмакратыі і правоў чалавека.

Цяпер, калі няма магчымасці ажыццяўляць назіранне ні грамадскай супольнасьці, ні міжнародным незалежным назіральнікам, будзе нашмат складаней сабраць доказы таго, што выбары* не прайшлі свабодна і сумленна. Хаця падаецца, што агульны аўтарытарны фон усім зразумелы, і нічога свабоднага і сумленнага ад дзеянняў беларускіх улад не варта чакаць, усё ж такі без канкрэтных доказаў на міжнародным узроўні мы можам застацца непачутымі", — тлумачыць важнасць незалежнага назірання юрыстка Святлана Галаўнёва.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Арыгінальны артыкул на сайце "Вясны"

See more news

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 October 2024, 9:07 AM
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 September 2024, 3:12 PM
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 September 2024, 2:59 PM
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 September 2024, 2:30 PM
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці