«Мы павінны шукаць шляхі вызвалення нашых калег». На Канферэнцыі АБСЕ абмеркавалі пераслед праваабаронцаў у Беларусі

09 October 2023, 10:00 AM
«Мы павінны шукаць шляхі вызвалення нашых калег». На Канферэнцыі АБСЕ абмеркавалі пераслед праваабаронцаў у Беларусі

У Варшаве з 2 па 13 кастрычніка праходзіць штогадовая Канферэнцыя АБСЕ па чалавечым вымярэнні — найбуйнейшая у Еўропе канферэнцыя па правах чалавека і дэмакратыі, піша "Вясна".

6 кастрычніка адбыўся сайд-івэнт на тэму "Пераслед праваабаронцаў у Беларусі як міжнароднае злачынства". На мерапрыемстве прадстаўнікі беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый абмеркавалі агульную сітуацыю з пераследам калег і каляжанак у Белаусі, найбольш выкарыстоўваемыя інструменты нападу на праваабарончыя арганізацыі і выказалі канкрэтныя рэкамендацыі дзеючай уладзе Беларусі, ААН і ўрадам замежных дзяржаў.

conferense_obce.jpgНа канферэнцыі АБСЕ 6 кастрычніка 2023 года

У сайд-івэнце прыняў удзел вясновец Павел Сапелка, праваабаронца Human Constanta Эніра Браніцкая, прадстаўніца Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў Марыя Шчышчанкова, праваабаронца Human Rights Watch Таццяна Локшына, Аляксандра Лейбова з Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH), а таксама прадстаўніца Абсерваторыі па абароне правоў праваабаронцаў.

Як мінімум 93 праваабаронцы зняволеныя па сфабрыкаваных абвінавачваннях

Пасля масавых пратэстаў пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года праваабаронцы былі адным з галоўных аб'ектаў палітычнага пераследу ў Беларусі. Рэпрэсіі беспрэцэдэнтнага маштабу зрабілі немагчымым праваабарончую дзейнасць актывістаў без рызыкі для сваёй годнасці, свабоды і нават жыцця. Беларускія ўлады выкарыстоўваюць шырокі спектр інструментаў і палітык для пераследу праваабаронцаў, пачынаючы ад змяненняў у заканадаўстве і выкарыстання абвінавачванняў у антыэкстрэмісцкім руху, фізічных нападаў, допытаў і пагроз членам сем'яў, да закрыцця арганізацый і працяглых турэмных тэрмінаў у якасці адплаты за праваабарончая дзейнасць. У выніку такой палітыкі ў Беларусі былі зачынены ўсе праваабарончыя арганізацыі, незалежныя СМІ і прафсаюзы, а іх сябры прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Па стане на 1 жніўня 2023 года як мінімум 93 праваабаронцы, у тым ліку члены і супрацоўнікі праваабарончых арганізацый, прафсаюзныя дзеячы, юрысты і журналісты, былі зняволеныя па сфабрыкаваных абвінавачваннях. Многія беларускія праваабаронцы і цэлыя праваабарончыя арганізацыі былі вымушаныя з'ехаць у эміграцыю. Зняволенне і прымусовае выгнанне праваабаронцаў перашкаджаюць дакументаваць парушэнні правоў чалавека, учыненыя ў Беларусі, і пазбаўляюць ахвяр і ўразлівыя групы гэтак неабходнай дапамогі і сродкаў прававой абароны. Гэтая палітыка масавых рэпрэсій, якая не спыняецца з пачатку крызісу ў 2020 годзе, роўная міжнароднаму злачынству пераследу.

"Мы спадзяемся на палітычную падтрымку дэмакратычных дзяржаў і міжнародных арганізацый" 

ПраваабаронцаПраваабаронца "Вясны" Павал Сапелка на Канферэнцыі АБСЕ

Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка падчас мерапрыемства звярнуў увагу на паслядоўны і масавы пераслед праваабаронцаў у Беларусі:

"Улады Беларусі максімальна скарацілі магчымасці праваабарончых арганізацый, адным з інструментаў доўгі час было максімальна рэпрэсіўнае заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць грамадскіх аб'яднаннях, ахвярай якога стаў старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі ў 2011 годзе. Тады ён быў упершыню арыштаваны па крымінальнай справе і асуджаны. Пасля падзей 2020 года, калі адбыліся выбары прэзідэнта пачаліся прамыя рэпрэсіі ў дачыненні да ўсіх без выключэння праваабарончых арганізацый. Цяпер у Беларусі не засталося ніводнай зарэгістраванай праваабарончай арганізацыі, а дзейнасць незарэгістраваных арганізацый ізноў крыміналізаваная. Дзве вядомыя праваабарончыя арганізацыі "БАЖ" і "Вясна" абвешчаныя "экстрэмісцкімі фармаваннямі". Таксама пад адвольны крымінальны пераслед патрапілі самі праваабаронцы.

Мы з болем чулі пра Насту Лойку, нашу арганізацыю, "Вясна" перажыла асуджэнне да пазбаўлення волі пецярых сябраў і двух валанцёраў, а таксама ператрусы, арышты і затрыманні ў дзясяткаў сябраў і валанцёраў арганізацыі. На гэты раз улады не хавалі, што пераследуюць нашу арганізацыю па палітычных матывах. Беларускі дыктатар асабіста даў старт кампаніі знішчэння арганізацый грамадзянскай супольнасці.

Нашыя калегі Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч больш за два гады, а валанцёры Марыя Рабкова і Андрэй Чапюк – больш за тры гады– пазбаўленыя волі і знаходзяцца ў калоніях. Яшчэ больш трагічная сітуацыя з Алесем Бяляцкім: лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру асуджаны да пазбаўлення волі і працягвае знаходзіцца ў калоніі сярод злачынцаў-рэцыдывістаў. Поўнасцю адбыў прызначаны тэрмін пазбаўлення волі Леанід Судаленка".

Акрамя гэтага, праваабаронца ўзгадаў разгромленыя незалежныя прафсаюзы і пераслед іх лідараў, якія былі асуджаныя да вялікіх тэрмінаў зняволення. Гэта палітзняволеныя прадстаўнікі Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, Сяргей Антусевіч, Ірына Бут-Гусаім, якіх абвінавацілі ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), а Ярашука таксама ў закліках да мер абмежавальнага характару, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 КК). Лідараў прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча і Васіля Бераснева, якіхасудзілі да 9 гадоў калоніі, а Вячаславу Арэшку  да 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Усіх абвінавацілі ў закліках да мер абмежавальнага характару, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 КК), распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт 130 КК), стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзеле ў ім (ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК).

"У сітуацыі, калі мы не можам абапірацца на адкрытую падтрымку беларускага народа, якога прымушаюць маўчаць сілай і пад пагрозамі жорсткіх рэпрэсій, мы спадзяемся на палітычную падтрымку дэмакратычных дзяржаў і міжнародных арганізацый, а таксама на салідарнасць нашых калегаў з нацыянальных і міжнародных праваабарончых арганізацый. Сярод паўтары тысячы палітвязняў у Беларусі працягваюць заставацца нашыя калегі, мы павінны шукаць шляхі іх вызвалення", — рэзюмаваў Павел Сапелка.

Пераслед накіраваны на тое, каб стрымаць любую праваабарончую актыўнасць у краіне

Праваабаронцы — гэта сацыяльная група, якая наўмысна пераследуецца беларускім рэжымам, паколькі ўспрымаецца як група дысідэнтаў, якія ўяўляюць пагрозу рэжыму. Пераслед таксама накіраваны на тое, каб пакараць праваабаронцаў за іх дзейнасць і стрымаць любую далейшую праваабарончую актыўнасць у краіне, тым самым падрываючы кожны аспект права на абарону правоў чалавека ў Беларусі, прыйшлі да высновы калегі з Абсерваторыі па абароне правоў праваабаронцаў. З улікам высноў яны даюць рэкамендацыі дзеючай уладзе Беларусі, ААН і рэгіянальным праваабарончым механізмам, урадам замежных дзяржаваў.

Калегі з Абсерваторыі па абароне правоў праваабаронцаў чарговы раз заклікалі ўрад Беларусі неадкладна і безумоўна вызваліць усіх затрыманых праваабаронцаў, гарантаваць фізічную недатыкальнасць і псіхалагічны дабрабыт усіх праваабаронцаў у Беларусі, пакласці канец усім актам пераследу ўсіх праваабаронцаў і праваабарончых арганізацый у Беларусі, і забяспечыць пры любых абставінах магчымасць ім ажыццяўляць сваю законную дзейнасць без якіх-небудзь перашкод або страху перад рэпрэсіямі, а таксама шэраг іншых рэкамендацый.

ААН і рэгіянальных праваабарончых механізмаў Абсерваторыя па абароне правоў праваабаронцаў папрасіла, у тым ліку заклікаць беларускія ўлады пакласці канец усім парушэнням правоў чалавека і ўсім формам пераследу, запалохвання і нападаў на праваабаронцаў, працягваць прымаць даступныя меры, каб заклікаць беларускія ўлады выконваць свае абавязацельствы перад праваабаронцамі, у тым ліку шляхам дакументавання, паведамлення і асуджэння парушэнняў, накіравання запытаў на наведванне праваабаронцаў, якія знаходзяцца пад вартай, і рэгулярнага апытання ўладаў аб стане здароўя і ўмовах утрымання праваабаронцаў, а таксама патрабаваць вызвалення затрыманых праваабаронцаў і забеспячэння прававой ацэнкі асобных выпадкаў і сітуацыі ў цэлым.

Урадам замежных дзяржаў — працягваць прымаць меры, каб заклікаць беларускія ўлады выконваць свае абавязацельствы перад праваабаронцамі, а таксама працягваць аказваць фінансавую і матэрыяльную падтрымку беларускім арганізацыям грамадзянскай супольнасці і праваабаронцам, у тым ліку тым, хто знаходзіцца ў выгнанні.


Канферэнцыю па чалавечым вымярэнні штогод арганізуе Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ). Яна праводзіцца ўжо ў 27-ты раз.

Арыгінал публікацыі на сайце "Вясны"

See more news

Новы спецыяльны дакладчык ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс
16 October 2024, 12:41 PM
Новы спецыяльны дакладчык ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс
11 кастрычніка ў Жэневе на пасяджэнні 57-й сесіі Рады ААН па правах чалавека на пасаду спецдакладчыка па Беларусі быў прызначаны Нільс Муйжніекс, эксперт у абароне правоў чалавека з 25-гадовым досведам.
«Я займалася Беларуссю амаль кругласуткава»
28 September 2024, 9:51 AM
«Я займалася Беларуссю амаль кругласуткава»
Падкаст «Вясна прыйдзе» пагаварыў з Анаіс пра яе шлях да Беларусі, пра яе прызначэнне, як гэта ўспрынялі беларускія праваабаронцы, як зарабляла на жыццё (бо быць Спецдакладчыкам — гэта валанцёрская праца).
«Задушэнне іншадумства». Незалежныя эксперты па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выступілі ў ААН
24 September 2024, 3:30 PM
«Задушэнне іншадумства». Незалежныя эксперты па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выступілі ў ААН
«Вясна» расказвае, што казалі незалежныя эксперты, дэлегацыя Беларусі, праваабаронцы, і каго ў выніку падтрымалі розныя дзяржавы.
Пашпарты, бежанцы, прымусовае лячэнне... Як беларускія ўлады справаздачыліся ў Камітэце па правах людзей з інваліднасцю
19 September 2024, 4:40 PM
Пашпарты, бежанцы, прымусовае лячэнне... Як беларускія ўлады справаздачыліся ў Камітэце па правах людзей з інваліднасцю
"Вясна" паглядзела шасцігадзіннае пасяджэнне Камітэта правоў людзей з інваліднасцю і распавядае пра самыя асноўныя пытанні, якія Камітэт задаў беларускім уладам.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці