На фоне затрыманняў адвакатаў у Беларусі на Канферэнцыі АБСЕ абмеркавалі крызіс у беларускай адвакатуры

04 October 2022, 10:26 AM
На фоне затрыманняў адвакатаў у Беларусі на Канферэнцыі АБСЕ абмеркавалі крызіс у беларускай адвакатуры

На дзесяцідзённай Канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні ў Варшаве абмеркавалі крызіс у беларускай адвакатуры, піша "Вясна".

На сайд-івенце "Беларусь: без права на абарону" выступілі, у тым ліку, былы адвакат Міхаіл Баднарчук, экспертка Хельсінскага фонду па правах чалавека ў Варшаве Вольга Саламатава, Спецыяльная дакладчыца па пытанні аб палажэнні ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн.

"Прыкметаў таго, што сітуацыя будзе мяняцца ў лепшы бок, не назіраецца"

Міхаіл БандарчукМіхаіл Баднарчук

Міхаіл Баднарчук, былы адвакат і абаронца аднаго з "дыджэяў пераменаў" Уладзіслава Сакалоўскага, а таксама журналісткі Кацярыны Барысевіч, які быў вымушаны пакінуць краіну, распавёў пра рэпрэсіі і механізмы ціску ў беларускай адвакатуры. Згодна з ягонымі словамі, прынамсі 67 адвакатаў былі пазбаўлены ліцэнзій і каля 250 адвакатаў самі прынялі рашэнне сысці з авдакатуры пасля падзеяў 2020 года.

"У гэты час у Беларусі фактычна адбываецца трансфармацыя з аўтарытарнага рэжыму ў таталітарны, і гэта вельмі моцна накладае адбітак на ўсе бакі жыцця грамадства.

Нягледзячы на тое, што актыўная фаза пратэстаў у Беларусі скончылася, рэпрэсіі працягваюцца і толькі ўзмацняюцца. Пачасціліся выпадкі прыцягнення адвакатаў да адказнасці і завядзення крымінальных спраў супраць іх. Калі раней можна было казаць, што справа супраць Максіма Знака з'яўляецца выключным выпадкам, то цяпер сямёра адвакатаў з'яўляюцца фігурантамі крымінальных спраў.

Таксама хачу адзначыць, што сама сістэма органаў адвакацкага самакіравання фактычна з'яўляецца часткай карнага механізму. На сённяшні дзень увесь час патрабуецца пацверджанне сваёй лаяльнасці дзейснаму рэжыму: падпісанне розных лістоў, удзел у прапагандысцкіх мерапрыемствах, узгадненне адказаў на пытанні журналістам.

Карціна складаецца вельмі сумная і прыкметаў таго, што сітуацыя будзе мяняцца ў лепшы бок, не назіраецца".

"Трэба думаць, як ствараць у Беларусі новы інстытут адвакатуры, таму што рэфармаваць ужо будзе няма чаго"

Вольга Саламатава, Хельсінкскі Фонд па правах чалавека (Варшава)Вольга Саламатава, Хельсінкскі Фонд па правах чалавека (Варшава)

Экспертка Хельсінскага фонду па правах чалавека ў Варшаве Вольга Саламатава адзначыла важнасць тэмы крызісу ў адвакатуры Беларусі на Канферэнцыі АБСЕ:

"Мы кажам пра адвакатаў, таму што гэта адны з адзіных, хто ў Беларусі мае доступ да затрыманых і асуджаных — цалкам ізаляваных людзей часта толькі за свае погляды ці пазіцыю. І трэба канстатаваць факт, што адвакатура на цяперашні момант разбурана. Трэба фіксаваць гэта і думаць, як ствараць у Беларусі новы інстытут адвакатуры, таму што рэфармаваць ужо ў гэтым сэнсе будзе няма чаго. Адвакатура зрабілася рэпрэсіўным інстытутам і выконвае волю дзяржавы. Беларусы засталіся без прававой падтрымкі, у той час як і права само таксама не працуе. Але і самі адвакаты сталі ахвярамі парушэння правоў чалавека. І пра гэту групу трэба гучна казаць цяпер.

Беларусь цяпер знаходзіцца ў стане падтрымкі агрэсіі. Гэта значыць, што на тэрыторыі Беларусі ніводзін чалавек не знаходзіцца ў бяспецы. І хутка мы можам прыйсці да сітуацыі, што затрыманаму чалавеку ніхто не зможа дапамагчы, з ім проста няма каму будзе фізічна сустрэцца і падтрымаць яго".

"Шмат хто лічыў, што сітуацыя не можа стаць горшай, але яна працягвае пагаршацца"

Анаіс Марэн падчас выступу на 50-й сесіі Савета па правах чалавека

Спецыяльная дакладчыца па пытанні аб палажэнні ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн закранула не толькі тэму рэпрэсій супраць адвакатаў, але і наогул праблемы ў адпраўленні беларускага правасуддзя, а таксама ўзгадала палітзняволенага праваабаронцу "Вясны" Леаніда Судаленку:

"У той час як увага сусветнай грамадскасці ўвесь час пераключаецца з адной складанай сітуацыі на іншую, уключаючы вайну ва Украіне, сур'ёзнае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выклікае не меншую заклапочанасць. Ужо некалькі дзесяцігоддзяў з моманту здабыцця Беларуссю незалежнасці вяршэнства закона і падсправаздачнасць, а дакладней іх адсутнасць, выклікаюць сур'ёзную заклапочанасць. Калі выбухнуў крызіс 2020 года, жорсткасць парушэнняў правоў чалавека, здзейсненых беларускімі ўладамі, шакавала міжнародную супольнасць. Шмат хто лічыў, што сітуацыя ўжо не можа стаць горшай. На жаль, яна працягвае пагаршацца. У тым годзе мой тэматычны даклад Генеральнай Асамблеі ААН быў прысвечаны адпраўленню правасуддзя. У ім падкрэсліваліся недахопы і тая акалічнасць, што правасуддзе выкарыстоўваецца дзеля пераследу, запалохвання і пакарання прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, а таксама актывістаў грамадзянскай супольнасці і незалежных журналістаў, якія асвятлялі падзеі, што адбываліся ў Беларусі. Ацэнкі паказалі, што заканадаўства і істытуцыянальная структура не спрыяюць выкананню вяршэнства права. На практыцы кантроль, які ажыццяўляецца выканаўчай уладай над пракурорамі і адвакатамі, ставіць пад пагрозу незалежнасць і бесстароннасць прафесійных юрыстаў, тым самым падрываючы правы беларусаў на справядлівы судовы разгляд. Прэзумпцыя невінаватасці ў краіне ўвесь час парушаецца. У сваіх рэгулярных дакладах Савету па правах чалавека і Генеральнай Асамблеі ААН я адзначала шэраг сур'ёзных абмежаванняў, злучаных з адпраўленнем правасуддзя ў Беларусі, і асабліва тых, што датычаць адвакатаў. Дазвольце мне нагадаць вам пра шэраг істытуцыянальных асаблівасцяў і практык, што супярэчаць прынцыпам 14 і 20 Асноўных прынцыпаў ААН, якія тычацца ролі юрыстаў і якія таксама абмяжоўваюць права на свабоды, гарантаваныя Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаваным Беларуссю.

"Беларуская дзяржава нападае на адвакатаў, каб здушыць іншадумства"

Што да правоў на справядлівы судовы разгляд і прэзумпцыю невінаватасці, шматлікія паведамленні сведчаць пра грубыя замахі на правы ахвяраў шляхам перакладання цяжару даказвання з абвінавачвання на абарону. Пацярпелыя паведамляюць, што супрацоўнікі органаў дзяржаўнай бяспекі ці міліцыі ў цывільным часта ўдзельнічаюць у якасці сведак у судзе, даючы лжывыя сведчанні супраць абвінавачаных. Паведамленні пра такія грубыя парушэнні правоў на справядлівы судовы разгляд множыліся на працягу апошняга года. Аднак іх цяжка праверыць з-за наяўнай практыкі правядзення судовых працэсаў і вынясення прысудаў за зачыненымі дзвярыма. У адсутнасць нацыянальных інстытутаў па правах чалавека, стварэнне якіх ужо доўгі час уваходзіць у мандат некалькіх механізмаў ААН, уключаючы не толькі спецыяльныя працэдуры, але і Універсальны перыядычны агляд. Адсутнасць незалежнасці судовай сістэмы азначае, што беларусам няма да каго звярнуцца, калі парушаюцца іх правы чалавека. Я таксама занепакоеная тым, што з 2020 года судовая сістэма атрымала шырокія паўнамоцтвы па абмежаванні грамадзянскіх і палітычных правоў, у прыватнасці, права на свабоду меркаванняў і іх выказвання, свабоду асацыяцыі і мірных сходаў. Гэтая сістэмная праблема існуе ў Беларусі ўжо больш за дваццаць гадоў. Але яна яшчэ больш абвастрылася ў апошнія два гады ў сувязі з выкарыстаннем судовай сістэмы дзеля пераследу і пакарання палітычнай апазіцыі, мірных дэманстрантаў, праваабаронцаў, журналістаў, блогераў і актывістаў грамадзянскай супольнасці за спробы рэфармавання сістэмы, што павінна разглядацца як каштоўная роля ў грамадстве, і за адстойванне міжнародных нормаў у галіне правоў чалавека як асновы дзяржаўнага кіравання, заснаванага на згодзе народа, выяўленай праз свабодныя і справядлівыя выбары. У Беларусі ліцэнзаванне і дзейнасць адвакатаў жорстка кантралюецца выканаўчай уладай, пра што згадалі мае калегі па панэлі. Напрыклад, адвакаты рызыкуюць у кожны момант пазбавіцца ліцэнзіі ў выніку працэсу, які кваліфікацыйная камісія, што не з'яўляецца незалежным органам і ў складзе якой адвакаты складаюць меншасць, можа запусціць паводле свайго меркавання. Пагроза пазбаўлення ліцэнзіі выкарыстоўваецца дзеля адвольнага ціску на адвакатаў, якія ўспрымаюцца як крытыкі ўрада, ці з-за прафесійнага статусу кліентаў, якіх яны абараняюць. Вышэйзгаданая агульная інстытуцыянальная і прававая сістэма значна абмяжоўвае незалежнасць адвакатаў. Яе ж планамерна падрываюць дзяржаўныя органы, у прыватнасці Міністэрства юстыцыі.

Складаецца ўражанне, што беларуская дзяржава нападае на адвакатаў, каб здушыць іншадумства і закрыць доступ да правасуддзя для тых, хто выказвае нязгоду ці крытыку. Асабліва трывожнай, з майго пункта гледжання, з'яўляецца сітуацыя з адвакатамі, якія абараняюць праваабаронцаў. Адной з такіх гучных спраў з'яўляецца пазбаўленне ліцэнзіі Людмілы Казак, якая была вымушаная пакінуць краіну летась пад пагрозай крымінальнага пераследу. Сярод іншых адхіленых адвакатаў — Яўген Пыльчанка і Наталля Мацкевіч, якія абаранялі апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыку. Іх адхіленне яшчэ раз ілюструе выбарчае выкарыстанне законаў і працэдур дзеля таго, каб прымусіць замоўкнуць, запалохаць ці вымусіць з'ехаць з краіны адвакатаў, якія працуюць над палітычна адчувальнымі справамі. Гэта непазбежна прыводзіць да сітуацыі, калі адвакаты займаюцца самацэнзурай, асцерагаючыся, што ў іх адклічуць ліцэнзію, бо адсутнічаюць эфектыўныя механізмы, з дапамогай якіх яны маглі б абскардзіць адкліканне ліцэнзіі. Больш за тое, самі адвакаты рэгулярна зазнаюць арышты, адвольныя затрыманні і крымінальны пераслед, пра што нагадалі мае калегі. Я маю на ўвазе, вядома, Максіма Знака, а таксама Леаніда Судаленку, вядомага праваабаронцу і юрыста, які адбывае два з паловай гады зняволення паводле абвінавачвання ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і фінансаванні гэтых дзеянняў. Судаленка стаў аб'ектам пераследу за тое, што збіраў сродкі для аплаты штрафаў і судовых выдаткаў мірных дэманстрантаў. Усё часцей гэты від салідарнага краўдфандынгу крымінальна пераследуецца як фінансаванне экстрэмізму, асабліва пасля таго як у розныя законы былі ўнесены папраўкі, якія прадугледжваюць больш працяглыя тэрміны турэмнага зняволення для ўсіх, хто падтрымлівае іншадумцаў.

"Нягледзячы на шырокую міжнародную агалоску, урад працягвае рэпрэсіі супраць адвакатаў"

Нарэшце, хочацца падкрэсліць, што падобныя напады на грамадзян і спецыялістаў, якія зрабіліся аб'ектам нападаў, вымусілі шматлікіх адвакатаў пакінуць краіну, у той час як тыя, хто застаецца на волі, абмежаваны жорсткімі рамкамі. Нагадаю, што мой апошні даклад Генеральнай Асамблеі, які я прадстаўлю 26 кастрычніка, прысвечаны палітыцы і практыцы, якая вымушае беларусаў уцякаць з краіны і не дазваляе ім вярнуцца. Што яшчэ я магу рабіць, акрамя прадстаўлення дакладаў? А гэта тое, што Савет па правах чалавека ААН даручыў мне рабіць. Мы накіроўвалі мноства паведамленняў і лістоў з прэтэнзіямі ўраду, але, на жаль, ён працягвае сваю палітыку непрызнання мандата і незалучанасці, а апошнім часам нават не з'яўляецца на абмеркаванні ў міжнародныя інстытуцыі правоў чалавека. Я таксама хачу нагадаць пра тое, што дэградацыя сістэмы правасуддзя прывяла да беспакаранасці і адсутнасці адказнасці за самыя сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека, такія як права не зазнаваць катаванні, адвольнае пазбаўленне жыцця ці гвалтоўныя знікненні. І ў дачыненні да гэтага мая праца дапаўняе праверку УВКПЧ па Беларусі, якая была заснавана Саветам па правах чалавека ў 2021 годзе і заклікала Вярхоўнага камісара па правах чалавека правесці праверку ўсіх парушэнняў правоў чалавека, здзейсненых пасля выбараў, і, па магчымасці, вызначыць вінаватых. Нягледзячы на шырокую міжнародную агалоску, урад працягвае палітыку сістэматычных і планамерных рэпрэсій супраць адвакатаў, хоць адвакаты павінны выконваць жыццёва важную ролю ў адпраўленні правасуддзя і нават у падтрыманні вяршэнства закона. Вельмі важна захаваць іх магчымасць ажыццяўляць сваю дзейнасць без умяшання дзяржавы".

Арыгінальны артыкул на сайце "Вясны"

See more news

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 October 2024, 9:07 AM
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага». Агляд БХК
30 September 2024, 2:08 PM
«Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага». Агляд БХК
Эксперты БХК апублікавалі новы агляд трэндаў дзяржаўнай палітыкі.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 September 2024, 3:12 PM
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 September 2024, 2:59 PM
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці