Намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў: «Рэдакцыі мусяць дбаць пра бяспеку сваёй аўдыторыі»

25 September 2023, 10:25 AM
Намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў: «Рэдакцыі мусяць дбаць пра бяспеку сваёй аўдыторыі»

 Крыніца: Media IQ: Лёся Сіваграк

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыст Алег Агееў нагадвае ў інтэрв’ю Media IQ, як жыхарам Беларусі захоўваць бяспеку, чытаючы матэрыялы, прызнаныя экстрымісцкімі, і як у гэтым могуць дапамагчы СМІ.

Алег Агееў Фота: БАЖ

«Беларускі прававы дэфолт і палягае ў адсутнасці органа, які б абараніў правы людзей»

– Артыкул 19.11 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях прадугледжвае адказнасць за распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць. Як адрозніць захоўванне і захоўванне з мэтай распаўсюду, напрыклад, кнігі Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы», прызнанай экстрэмісцкай? 

– Няма прававых дакументаў, якія рэгулююць  розніцу паміж захоўваннем экстрэмісцкіх матэрыялаў і захоўваннем з мэтай распаўсюду. Калі міліцыя падчас вобшука  знаходзіць экстрэмісцкія матэрыялы, то складае пратакол пра захоўванне з мэтай распаўсюду. Суд гэта ніяк не абгрунтоўвае, дае 15 содняў па артыкуле. Праблема не ў тым, што няма закона, а ў тым, што няма органа, у які можна паскардзіцца. Беларускі прававы дэфолт і палягае ў адсутнасці органа, які б абараніў правы людзей. Ні суды, ні міліцыя, ні пракуртура не бароняць правы грамадзянаў, а з’яўляюцца ланцугом адной карнай сістэмы.

Працэдура ўключэння ў спіс экстрэмісткіх матэрыялаў апошнім часам адбываецца так: спачатку міліцыя прыходзіць да чалавека, якога трэба пасадзіць, знаходзіць ў яго нешта, што не падабаецца, потым прызначаецца ўмоўная  экспертыза, камісія па ўнясенню ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў знаходзіць экстрэмізм, суд пацвярджае і ўносіць у спіс,  потым чалавека прыцягваюць да адказнасці.

У выпадку з онлайн-СМІ ці тэлеграм-каналамі прызнаюць матэрыялы, распаўсюджаныя праз пэўную онлайн-крыніцу. То бок у медыя знаходзяць 2-3 публікацыі, накіроўваюць у камісію, якая прызнае наяўнасць у гэтых матэрыялаў экстрэмізма, суд прызнае ўвесь канал экстрэмісцкім.

– Ці можна перасылаць поштай кнігу Бахарэвіча «Сабакі Эўропы»?

– Перасылка поштай будзе прызнана распаўсюдам, калі кнігу перахопяць. Але ж пошта ўнутры краіны не ўскрывае пасылкі згодна з таямніцай  поштовай  сувязі. Калі пра гэта стане вядома міліцыі, распаўсюдам будзе лічыцца даць пачытаць кнігу сябру, перавозіць  па Беларусі і за мяжу ў асабістых рэчах, чытаць такую кнігу ў грамадскіх месцах, любая іншая форма дэманстравання.

– Калі ў мяне знойдуць кнігу, якую я ўзяла ў бібліятэцы яшчэ да таго, як твор быў прызнаны экстрэмісцкім, ці прыцягнуць да адказнасці?

– Мэта палітычнага пераследу – любымі сродкамі прыцягнуць да адказнасці людзей, якія захоўваюць матэрыялы, неўпадабаныя дзяржаўнымі ўстановамі. У ГУБАЗіКу ўжо адкрыта заявілі, што «Фармальна адказнасць прадугледжаная толькі за распаўсюд, гэта значыць перасылку матэрыялаў іншым асобам. Але мы цудоўна разумеем, што калі чалавек такім цікавіцца, значыць, у яго знойдуцца і іншыя парушэнні. Фармальная адсутнасць складу – гэта не нагода ігнараваць парушальніка». Гэтая заява – яскравае сведчанне прававога дэфолту ў Беларусі, які маніторынгі «Вясна», БАЖ і іншыя арганізацыі даказваюць лічбамі.

– Суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі прадмову Язэпа Янушкевіча да збору твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і некалькі твораў з гэтага зборніка – «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда». Як цяпер захоўваць кнігу, асобныя творы з якой прызнаныя экстрэмісцкімі? 

– Звычайна прызнавалі кнігі цалкам, як Някляева, Геніюш, Арсеньеву з серыі «Беларускі кнігазбор». У выпадку з Дунінам-Марцінкевічам – незразумела. У спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў кніга апісаная разам з ISBN, як і ў выпадку астатніх кніг. Калі знойдуць гэты том, прыцягнуць да адказнасці ці не? Я перастаў разумець логіку, хутчэй за ўсё на практыцы экстрэмісцкай будзе прызнавацца  кніга цалкам.  Нізкая прававая абгрунтаванасць дзеянняў улады не дазваляе зрабіць прававы аналіз,  прадугледзець рызыкі і наступствы. Каб разлічваць рызыку, трэба сыходзіць з найбольш цяжкага сцэнарыя,  ён найбольш верагодны.

«У міліцыянта свой план, яму ўсё роўна, што і дзе сказаў ідэолаг»

– У артыкуле 19.11 прадугледжаны розныя памеры штрафа за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў для ІП, юрыдычных і фізічных  асобаў.  Умоўна, калі я маю ІП і на мяне склалі пратакол за распаўсюд эстрэмісцкіх матэрыялаў, мяне прыцягнуць да адказнасці  ў якасці ІП ці фізічнай асобы? 

– Юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў прыцягваюць да адказнасці, калі яны прадаюць, распаўсюджваюць экстрэмісцкія матэрыялы, умоўна, кнігі, ад імя юрыдычнай  асобы ці індывідуальнага прадпрымальніка ці перавозяць іх з накладнымі. Але ж зараз так ніхто не робіць.  То бок толькі ў тым выпадку, калі распаўсюд – частка прафесійнай дзейнасці, да адказнасці прыцягваюць ІП ці юрасобу. СМІ менавіта як юрыдычную асобу – рэдка прыцягваюць. Нават калі матэрыялы пэўнага медыя прызналі экстрэмісцкімі, то прыцягваюць да адказнасці журналістаў за распаўсюд.

– У матэрыялах для інфармацыйна-прапагандысцкіх груп за чэрвень 2023 года чытаем: «Следует отметить, что гражданам, которые из банального интереса или любопытства читают запрещённые каналы, признанные экстремистскими материалами, уголовная либо административная ответственность не грозит». 

– Яны хлусяць: пагражае. Тое, што піша ідэолаг, і тое, што ў пратаколе піша міліцыянт, а потом капіруе суд, не перасякаецца. Ідэолагі, прапагандысты прыдумляюць сваё, а суды – сваё, яны ніякім агульным цэнтрам не кіруюццца. У міліцыянта свой план, яму ўсё роўна, што і дзе сказаў ідэолаг.

Палітычна матываваны пераслед кіруецца наступнымі устаноўкамі: ёсць чалавек, якога трэба пасадзіць, значыць, трэба прыдумаць, за што яго пасадзіць. Лайк пад экстрэмісцкім матэрыялам, захаванне  ў абраным у браўзеры, захаванне на кампутары  лічыцца захоўваннем з мэтай распаўсюду. Апошні раз журналіста прыцягнулі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў з выдаленай асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы. 3 гады таму ён выдаліў старонку, на якую перапосціў свой фотаздымак у цішотцы з пагоняй, зроблены ў 2014 годзе недзяржаўным СМІ.  У акаўнце любога беларуса, які карыстаўся інтэрнэтам, можна знайсці сляды экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Асобна я б хацеў нагадаць пра этычную адказнасць медыя, якія ўнесены ў спіс экстрэмісцкіх фарміраванняў і экстрэмісцкіх матэрыялаў, перад чытачамі. Мне падаецца, рэдакцыі павінны клапаціцца пра бяспеку сваёй аўдыторыі і папярэджваць, каб людзі ў Беларусі не захоўвалі матэрыялы, не лайкалі, не рабілі перапосты, не дзяліліся з сябрамі, на данацілі. Мне бачыцца, што гэта мусіць быць зразумела чалавеку, які першы раз чытае выпадковы матэрыял і нічога не ведае пра СМІ. Шэраг медыя гэта робіць, але ж не ўсе.

Публікуецца паводле сайту БАЖ

See more news

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 October 2024, 9:07 AM
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 September 2024, 3:12 PM
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 September 2024, 2:59 PM
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 September 2024, 2:30 PM
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці