Названыя лаўрэаты Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2022 год

13 January 2023, 11:49 AM
Названыя лаўрэаты Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2022 год

На ўрачыстай цырымоніі ў Беларускім доме правоў чалавека імя Барыса Звоскава ў Вільні 11 студзеня абвясцілі лаўрэатаў Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2022 год. Імі сталі праваабаронца Наста Лойка, журналістка Аксана Колб і Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў. Не ўсе лаўрэаты і намінанты змаглі там прысутнічаць праз зняволенне ці вымушаную эміграцыю. “Вясна” распавядае, як праходзіла цырымонія.


Штогод прэмія ўручаецца 10 снежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека. Але сёлета – выключэнне, каментуе прадстаўніца Беларускага дома правоў чалавека Яўгенія Парашчанка:

"У звязку з тым, што Алесь Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію міру і шмат хто з праваабаронцаў паехалі на яе ўручэнне 10 снежня ў Осла, і мы ўсе сачылі анлайн за гэтай цырымоніяй — таму, каб не адцягваць увагу, было вырашана зладзіць уручэнне Прэміі пазней. Аднак мы перанеслі яе ў другі раз — нажаль, ужо ў звязку з трагічнымі падзеямі: з заўчаснай смерцю нашага калегі Алега Гулака… Але я ўпэўнена, што мы працягнем гэтую традыцыю, і наступную Прэмію ўручым 10 снежня".

“Праваабаронца года-2022” — палітзняволеная Наста Лойка

У Прэміі — тры намінацыі, і шорт-ліст кожнай з іх трапляе па тры намінанты. Сёлета, у намінацыю “Праваабаронца года-2022” увайшлі праваабаронцы: Павел Левінаў, які падаў 161 індывідуальны зварот у КПЧ ААН, а таксама палітзняволены “вясновец” Уладзімір Лабковіч і палітзняволеная праваабаронца Наста Лойка. Яна і стала пераможцай.

Лаўрэата ў намінацыі "Праваабаронца года-2022" абвесціла прадстаўніца "Валанцёрскай службы Вясны" Любоў Ланіна. Паводле традыцыі, гэта робіць пераможца ў адпаведнай намінацыі папярэдняга года. Але каардынатарка "Валанцёрскай службы Вясны" Марфа Рабкова, якая стала праваабаронцай года-2021, дагэтуль застаецца за кратамі. Як і Наста Лойка. Таму ўрачысты дыплом за Насту атрымала яе сяброўка Ксенія Малюкова.

"Вельмі сумна і балюча атрымліваць такія прэміі за людзей, якія самі не могуць прысутнічаць, бо сядзяць у СІЗА. І я выказваю вялікую падзяку за ацэнку і прызнанне шматгадовай працы Насты па абароне і прасоўванні правоў чалавека. І я думаю, што сама Наста на цырымоніі сказала б у тым ліку, што для яе гэтая прэмія —  гэта і прызнанне ўсіх жанчын-праваабаронцаў і іх вялізнага ўнёску ў агульную справу", — адзначыла Ксенія.

premija-2022.jpgЯўгенія Парашчанка, Любоў Ланіна і Ксенія Малюкова

"Журналіст/ка года-2022" — Аксана Колб

Лаўрэата намінацыі "Журналіст/ка года-2022" павінен быў па традыцыі прадстаўляць Дзяніс Івашын як пераможца мінулага году. Але Івашын — таксама палітзняволены, асуджаны да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таму лаўрэата агучыў старшыня “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Андрэй Бастунец:

"Нажаль традыцыя атрымліваецца сумная, — адзначыў Андрэй Бастунец і падкрэсліў: Усе намінанты ў гэтым годзе вельмі годныя. І хацелася б, каб і сёлетнія, і мінулагоднія лаўрэаты як мага хутчэй апынуліся на волі".

Сярод намінантаў былі палітзняволеная галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава, а таксама  фатограф і стваральнік праекта “Плошча пераменаў” Яўген Атцецкі. А журналісткай года-2022 стала рэдактарка “Новага часу” Аксана Колб  былая палітзняволеная, якая змагла пакінуць Беларусь.

Аксана Колб не змагла прысутнічаць на цырымоніі, таму яе словы перадала Вольга Гарбунова:

"Гэта вялікі гонар атрымаць такую ўзнагароду, ды яшчэ ў такія часы. Безумоўна, гэта не мая ўзнагарода, а ўсёй каманды “Новага часу”, у тым ліку тых, хто зараз за кратамі — Дзяніса Івашына і Мікалая Дзядка. Гэта ўзнагарода і для іншых калег, што сёння за кратамі, і тых, хто быў вымушаны з’ехаць з радзімы, і асабліва тых, хто дасюль працуе ў Беларусі.

Свабода слова — гэта базавае права, такое ж, як і права на жыццё. Бо без свабоды слова кожны бздураваты дыктатар паверыць, што мае права на жыцці людзей. Без свабоды слова чалавек не можа адчуваць сябе вольным, і менавіта таму ў нашай краіне журналістаў спрабуюць прымусіць замаўчаць. Але свабоду слова немагчыма закратаваць і забіць".

premija-2022_harbunova.jpgВольга Гарбунова трымае дыплом Лаўрэата прэміі Аксаны Колб

Сама Вольга Гарбунова таксама з’яўляецца былой палітзняволенай. У СІЗА-1 яна знаходзілася з Аксанай Колб прыкладна ў адзін час:

"Мы былі ў розных камерах, але жаночы “прадол” не такі вялікі — і заўсёды гуляюць навіны адзін пра аднаго. Мы бачыліся з Аксанай пасля СІЗА і шмат размаўлялі пра тое, як там было. Мы былі ўпэўнены, што ніколі не пакінем Беларусь. Але час ішоў і абставіны змяніліся", — распавяла “Вясне” Вольга Гарбунова.

"Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года-2022"  Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі

За перамогу ў гэтай намінацыі змагаліся Майстэрня паштовак салідарнасці, Беларускі фонд медыцынскай салідарнасці і Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі. Апошні і перамог, а прадставіла яго праваабаронца Вікторыя Фёдарава.

premija-2022_fedarava.jpgВікторыя Фёдарава

"На жаль, я адзіны публічны чалавек у камітэце, і мае калегі не могуць падзяліць гэты ўрачысты момант. Я хачу іх падзякаваць за працу, — адзначыла Вікторыя Фёдарава падчас свайго выступу.  Калі камітэт ствараўся ў 2020-м годзе, ніхто не мог уявіць, што мы будзем працаваць і ў 2023 годзе, і не толькі, як і тады, але яшчэ і больш. Таму што на жаль колькасць катаванняў не змяншаецца ў краіне. Так, мы зараз працуем у выгнанні.

Я спадзяюся, што гэтая прэмія ў тым ліку дазволіць прыцягнуць увагу да праблемы катаванняў у Беларусі. А для тых пацярпелых, хто застаўся сам-насам са сваёй праблемай, гэта дасць магчымасць даведацца, што яны не адны. Што мы працуем над тым, каб у канчатковым выніку ўсё вінаватыя панеслі адказнасць".

Цяперашняя прэмія стала ўжо чатырнаццатай па ліку. У 2008-м годзе яе заснаваў "Праваабарончы альянс", з 2011 года прэмія прадстаўляе інтарэсы і меркаванне ўсёй беларускай праваабарончай супольнасці.

Арыгінальны артыкул на сайце "Вясны"

See more news

Стартавала Прэмія беларускай праваабарончай супольнасці за 2024 год
25 October 2024, 12:46 PM
Стартавала Прэмія беларускай праваабарончай супольнасці за 2024 год
Гэта ўжо 16-ты год існаваньня Прэміі, заснаванай у 2008 годзе.
Пятнаццатая Прэмія праваабарончай супольнасці: трэці год не ў Беларусі, частка пераможцаў – у кратах
13 December 2023, 9:23 AM
Пятнаццатая Прэмія праваабарончай супольнасці: трэці год не ў Беларусі, частка пераможцаў – у кратах
У Вільні ў Міжнародны дзень правоў чалавека 10 снежня былі названыя пераможцы Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2023 год. Прэмія, заснаваная 15 год таму, трэці год запар уручаецца не ў Беларусі, а частка яе намінантаў — у кратах за сваю праваабарончую і грамадскую дзейнасць.
"У праваабарончым асяроддзі маюць панаваць альтруізм і памкненне дапамагаць адно адному - а не канкурэнцыя і змаганне міжсобку"
10 December 2023, 10:36 AM
"У праваабарончым асяроддзі маюць панаваць альтруізм і памкненне дапамагаць адно адному - а не канкурэнцыя і змаганне міжсобку"
Аргкамітэт Прэміі беларускай праваабарончай супольнасці выступіў са зваротам і апублікаваў лонг-ліст намінантаў Прэміі.
Названыя фіналісты Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2023 год
30 November 2023, 12:02 PM
Названыя фіналісты Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2023 год
Аргкамітэт Прэміі праваабарончай супольнасці за абарону і прасоўванне правоў чалавека ў 2023 годзе апублікаваў спіс намінантаў, якія ўвайшлі ў шорт-ліст.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці