Патрабуем скасаваць прысуд Леаніда Судаленкі, спыніць дзяржаўнае самавольства і пераслед праваабаронцаў

25 June 2024, 11:47 AM
Патрабуем скасаваць прысуд Леаніда Судаленкі, спыніць дзяржаўнае самавольства і пераслед праваабаронцаў

Заява Праваабарончага цэнтра "Вясна"

20 чэрвеня 2024 г.

17 чэрвеня 2024 года судом Гомельскай вобласці вынесены завочны прысуд у дачыненні да праваабаронцы “Вясны”, былога палітвязня Леаніда Судаленкі. Па частках 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса па абвінавачанні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, у тым ліку паўторна, праваабаронцу прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў ва ўмовах строгага рэжыму і штрафу памерам у 26 000 беларускіх рублёў (каля 7 700 еўра). У сувязі з гэтым мы, сябры ПЦ “Вясна”, заяўляем наступнае:

Леанід Судаленка – лаўрэат прэстыжных міжнародных прэмій, якімі адзначаны яго праваабарончая дзейнасць: прэмія Французскай Рэспублікі за ўнёсак у абарону правоў чалавека “Свабода-Роўнасць-Братэрства”, прэмія Homo homini за 2020 год, якая прысуджаецца чэшскай НДА Človek v tísni, "За абарону правоў чалавека-2021" Рады адвакатаў і юрыдычных супольнасцяў Еўропы (CCBE). Дзейнасць Леаніда Судаленкі, у тым ліку выступленні ў абарону правоў і свабод на публічных пляцоўках і ў беларускіх незалежных медыя, адвольна прызнаных уладамі Беларусі экстрэмісцкімі фарміраваннямі, з'яўляецца цалкам легальнай. Яна павінна заахвочвацца і абараняцца як усялякая легітымная дзейнасць па абароне і прасоўванні правоў чалавека.

Як і раней, мы звязваем гэтыя крокі з публічным асуджэннем Леанідам Судаленкам рэпрэсіўнай палітыкі беларускіх уладаў у дачыненні да палітычных апанентаў і іншадумцаў, выступамі ў падтрымку палітвязняў, жорсткай крытыкай парушэнняў прынцыпу вяршэнства права.

Таксама мы з абурэннем адзначаем, што адвольны завочны пераслед за правамерную дзейнасць у абарону правоў чалавека становіцца сістэмай: распачатая спецыяльная вытворчасць у дачыненні да Алены Маслюковай, Ігара Казмерчака, іншых праваабаронцаў.

Заганнасць такой практыкі пагаршаецца поўным адмаўленнем уладамі Беларусі працэсуальных гарантый і асноўных прынцыпаў справядлівага правасуддзя пры ажыццяўленні пераследу ў парадку спецыяльнай вытворчасці. Гэта надае асуджэнню рысы расправы, якая здзяйсняецца ад імя дзяржавы.

У адпаведнасці з артыкулам 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны мае права пры разглядзе любога крымінальнага абвінавачання, якое прад'яўляецца яму, на справядлівы і публічны разгляд справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом, створаным на падставе закона. Кожны мае права пры разглядзе любога прад'яўленага яму крымінальнага абвінавачання на мінімальныя пералічаныя ў артыкуле гарантыі, у тым ліку быць у тэрміновым парадку і падрабязна апавешчаным аб характары і падставе прад'яўленага яму крымінальнага абвінавачання; мець магчымасці для падрыхтоўкі сваёй абароны, мець выбранага ім самім, або прызначанага яму абаронцы, мець зносіны з выбраным ім самім абаронцам; кожны, хто асуджаны за якое-небудзь злачынства, мае права на тое, каб яго асуджэнне і прысуд былі перагледжаны вышэйстаячай судовай інстанцыяй.

У парушэнне гэтых гарантый у заканадаўстве Рэспублікі Беларусь адсутнічаюць эфектыўныя спосабы рэалізацыі правоў пры спецыяльнай вытворчасці. У прыватнасці, да гэтага часу ў абвінавачаных няма дакладных звестак аб змесце прад'яўленых абвінавачанняў, фармальна прызначаныя органамі следства абаронцы ім невядомыя або адмаўляюцца кантактаваць для  кансультацый і абмеркавання прававой пазіцыі. Абвінавачаныя пасля абвяшчэння прысуду не маюць працэсуальнай магчымасці атрымаць прысуд і азнаёміцца ​​з пратаколам судовага паседжання. Гэта перашкаджае складанню і падачы абгрунтаванай скаргі аб пераглядзе прысуду.

Апроч іншага, такая ганебная практыка залучае ў самавольства, якое здзяйсняецца дзяржавай і яе інстытутамі, беларускіх адвакатаў, якія пад пагрозай адвольнага адхілення ад прафесіі, крымінальнага пераследу за разгалошванне дадзеных папярэдняга расследавання становяцца фактычна саўдзельнікамі беззаконня.

Мы нагадваем аб непазбежнасці адказнасці вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасці, якія здзяйсняюцца ў Беларусі супраць мірнага насельніцтва, у тым ліку наўмыснага і сур'ёзнага пазбаўлення асноўных правоў насуперак міжнароднаму праву па прыкмеце прыналежнасці да той ці іншай групы ці супольнасці – злачынствы супраць чалавечнасці ў форме пераследу разам з іншымі спадарожнымі дзеяннямі, як гэта ўстаноўлена ў дакладзе Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека "Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх".

Мы патрабуем:

  •  адмяніць прысуд і спыніць крымінальны пераслед праваабаронцы Леаніда Судаленкі;

  •  спыніць крымінальны пераслед праваабаронцаў за рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў і дзейнасць у абарону правоў і свабод;

  •  прывесці антыэкстрэмісцкае і крымінальна-працэсуальнае заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі ў галіне правоў чалавека.

See more news

«Пакуль не перастануць саджаць за праваабарончую дзейнасць». Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі-2024
02 August 2024, 9:27 AM
«Пакуль не перастануць саджаць за праваабарончую дзейнасць». Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі-2024
Чацвёртага жніўня адзначаецца Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. У гэты дзень у 2011 годзе быў першы раз арыштаваны Алесь Бяляцкі.
Праваабаронца Анара Мамедлі пакінулі пад вартай, а Алега Арлова этапавалі ў Сызрань: дайджэст міжнародных навінаў
27 May 2024, 11:58 AM
Праваабаронца Анара Мамедлі пакінулі пад вартай, а Алега Арлова этапавалі ў Сызрань: дайджэст міжнародных навінаў
"Вясна" падрыхтавала чарговы дайджэст аб пераследзе праваабаронцаў на постсавецкай прасторы і набольш значных парушэннях правоў чалавека.
Эксперты ААН выступілі з заявай наконт палітзняволеных вясноўцаў
21 March 2024, 9:58 AM
Эксперты ААН выступілі з заявай наконт палітзняволеных вясноўцаў
Спецыяльныя дакладчыкі ААН выступілі з заявай з нагоды незаконных і несправядлівых прысудаў праваабаронцам "Вясны" Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу і Уладзіміру Лабковічу.
Human Constanta: восемь правозащитниц, которые каждый день защищают и отстаивают права человека
08 March 2024, 9:26 AM
Human Constanta: восемь правозащитниц, которые каждый день защищают и отстаивают права человека
8 марта в Международный день прав женщин мы хотим рассказать о восьми правозащитницах, которые защищают и отстаивают права человека в Беларуси, Армении, России, Грузии и Украине.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці