Заява праваабарончай супольнасьці Беларусі з нагоды сьмерці ў зьняволеньні мастака Алеся Пушкіна

13 July 2023, 8:28 AM
Заява праваабарончай супольнасьці Беларусі з нагоды сьмерці ў зьняволеньні мастака Алеся Пушкіна

11 чэрвеня 2023 года стала вядома, што палітзьняволены беларускі мастак Алесь Пушкін памёр у рэанімацыі шпіталя. Паведамляецца, што ў выніку няўчаснага наданьня мэдычнай дапамогі ў яго разьвіўся пэрытаніт, быў сэптычны стан і паліворганная недастатковасьць.

Алесь Пушкін быў асуджаны паводле артыкула 370 Крымінальнага кодэксу (глумленьне з дзяржаўных сымбаляў) і артыкула 130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне варожасці або разладу) і атрымаў вырак – 5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах строгага рэжыму. У жніўні 2022 года адміністрацыя папраўчай установы зьмясьціла палітзьняволенага мастака на 5 месяцаў у памяшканьне камэрнага тыпу. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, судзьдзя Івацэвіцкага раёну Аляксандр Кірыловіч 11 лістапада 2022 года пастанавіў перавесьці Алеся Пушкіна на 1,5 года турэмнага рэжыму. Неўзабаве палітвязьня этапавалі ў турму № 1 у Горадні.

Падставай для крымінальнай справы, у прыватнасьці, сталі мастацкія працы, разьмешчаныя на выставе, што праходзіла 19 сакавіка 2021 года ў незалежнай культурніцкай прасторы «Цэнтар гарадзкога жыцьця». У партрэтах антысавецкіх партызанаў пракуратура пабачыла «рэабілітацыю нацызму».

Алесь Пушкін – вядомы беларускі мастак, ляўрэат прэміі імя Францішка Аляхновіча 2019 году за «Турэмны альбом». Ён больш чым 30 гадоў выступаў за абарону беларускай мовы і зьдзяйсьняў акцыі за свабоду выказваньня ў Беларусі. 

Алесь Пушкін ня раз трапляў пад адміністрацыйны арышт за мастацкія акцыі, некалькі разоў падчас затрыманьня яго зьбівалі супрацоўнікі міліцыі.

Упершыню Алеся Пушкіна затрымалі ў 1988 годзе за ўдзел у мітынгу на Дзяды. З таго часу мастак ня раз затрымліваўся за свае акцыі і пэрформансы, у тым ліку за пэрформанс у падтрымку беларускай мовы.

25 сакавіка 1989 года Алесь Пушкін зладзіў першы пэрформанс у абарону беларускай мовы разам зь іншымі студэнтамі Тэатральна-мастацкага інстытута. Тады яго асудзілі на 2 гады зьняволеньня ўмоўна.

У 1999 годзе Алесь Пушкін быў асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна за акцыю-пэрформанс «Падзяка прэзідэнту». 21 ліпеня 1999 года, калі скончыўся тэрмін прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, мастак прыкаціў да будынка прэзідэнцкай рэзідэнцыі тачку гною, пафарбаваную ў чырвоны колер, у якой ляжалі беларускія рублі, партрэт Лукашэнкі, кайданкі і варыянт Канстытуцыі з папраўкамі 1996 года.

10 сьнежня 2000 года на Міжнародны дзень правоў чалавека Алесь Пушкін разам з праваабарончым цэнтрам «Вясна» зладзіў выставу непадцэнзурнага мастацтва «Не дазволена цэнзурай».

У 2012 годзе падчас 10-суткавага арышту ў Смаргоні Алесь Пушкін стварыў шэраг малюнкаў «Мастак у кратах».

На цяперашні момант не вядомая афіцыйная прычына сьмерці і іншыя акалічнасьці гэтай трагедыі. Але папярэдняя інфармацыя сьведчыць, што сьмерць Алеся Пушкіна магла быць выклікана няўчасным наданьнем належнай мэдычнай дапамогі.

У сувязі з чарговай сьмерцю палітычнага зьняволенага ў Беларусі мы заяўляем наступнае.

Пазбаўленьне волі як пакараньне за законнае ажыцьцяўленьне правоў, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, разам з правам на свабоду думак і іх свабоднае выказваньне (артыкул 19) зьяўляецца неправамерным.

Артыкулам 6 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах замацавана, што права на жыцьцё зьяўляецца неадымным правам кожнага чалавека. У сваёй Заўвазе агульнага парадку № 36 (артыкул 6: права на жыццё) Камітэт па правах чалавека адзначыў, што права на жыцбцё мае вырашальнае значэнбне як для асобаў, так і для грамадзтва агулам. Яно само па сабе ёсьць найкаштоўным правам, уласьцівым кожнай асобе, а таксама ўяўляе сабой адно з асноўных правоў, эфектыўная абарона якога ёсьць неабходнай умовай для ажыцьцяўленьня ўсіх іншых правоў чалавека і склад якога можа напаўняцца з дапамогай іншых правоў чалавека. Камітэт таксама зазначыў, што права на жыцьцё – гэта права, якое не падлягае вузкаму тлумачэньню. Размова ідзе пра права фізічных асобаў не зазнаваць дзеяньні ці бязьдзейнасьць, якія маюць мэтай або меркавана могуць выклікаць ненатуральную ці заўчасную сьмерць асобы, а таксама пра права на належнае жыцьцё. Артыкул 6 Пакта гарантуе гэтае права ўсім людзям без выключэньня, у тым ліку асобам, якія падазраюцца або асуджаныя ў сувязі з нават найцяжэйшымі злачынствамі.

Мы адзначаем, што гэта ўжо ня першы выпадак сьмерці ў месцах пазбаўленьня волі. Кожны дзень тысячы зьняволеных у турмах Беларусі пакутуюць ад неналежных умоваў утрымання, у тым ліку ад парушэньня канстытуцыйнага права на ахову здароўя. Больш за тое, у месцах пазбаўлення волі праз неаказанне належнай медыцынскай дапамогі штогод паміраюць вязьні. Праваабаронцы рэгулярна паведамляюць пра адсутнасьць належнага мэдычнага агляду, кваліфікаванага мэдычнага пэрсаналу і пра ненаданьне мэдычнай дапамогі. Утрыманьне некаторых палітвязьняў ва ўмовах incommunicado (бяз сувязі са сваякамі і адвакатамі) ставіць пад сумнеў добры стан іх здароўя і ёсьць недапушчальнай практыкай, што парушае правы чалавека.

Важна падкрэсьліць, што адбыцьцё пакараньня ва ўмовах ізаляцыі не павінна пазбаўляць зьняволеных доступу да спэцыялізаванай высокатэхналягічнай мэдычнай дапамогі. Апроч гэтага, мы адзначаем наяўнасьць паведамленьняў пра ўвядзеньне ўказаньнем Дэпартамента выкананьня пакараньняў ад 29 красавіка 2023 года абмежаваньня (а фактычна забароны) на перадачу мэдычных прэпаратаў асобам, зьмешчаным пад варту, за выключэньнем вітамінаў і інсулінаў замежнай вытворчасьці.

У сувязі з гэтым нагадваем, што, як гэта пазначана Камітэтам па правах чалавека ў Заўвазе № 36, дзяржавы-ўдзельніцы нясуць падвышанае абавязацельства клапаціцца пра прыняцьце любых неабходных мераў для аховы жыцьця асобаў, пазбаўленых волі дзяржавай, паколькі, арыштоўваючы асобаў, затрымліваючы, зьнявольваючы або іншым чынам пазбаўляючы іх волі, дзяржавы-ўдзельніцы бяруць на сябе адказнасьць за клопат пра іх жыццё і фізычную недатыкальнасьць, пры гэтым дзеля зьмяншэньня такой адказнасці яны ня могуць спасылацца на адсутнасьць фінансавых сродкаў або на іншыя матэрыяльна-тэхнічныя праблемы.

Мы канстатуем, што Рэспубліка Беларусь не выконвае сваіх абавязкаў, каб права на жыцьцё ў належнай ступені абаранялася законам і забясьпечвалася на практыцы, што прыводзіць да такіх трагедыяў.

Частка беларускіх зьняволеных, у тым ліку палітычных зьняволеных, праз пахілы век і захворваньні больш уразьлівая. У беларускіх турмах знаходзіцца вялікая колькасьць людзей з уразьлівых сацыяльных групаў, для іх зьняволеньне ёсьць яшчэ большым выпрабаваньнем, чым для іншых. Станам на канец 2022 года сярод палітвязьняў было ня менш за 25 пэнсіянэраў, а таксама ня менш за 74 асобы з інваліднасьцю і цяжкімі захворваньнямі. Самую сталую з палітвязьняў – 75-гадовую Наталлю Таран – асудзілі на 3,5 года калоніі. Яна дагэтуль ня выйшла на волю.

Мы таксама хочам падкрэсьліць, што неаказаньне мэдычнай дапамогі выкарыстоўваецца ўладамі як форма ціску на палітычных вязьняў, што ёсьць недапушчальным і можа разглядацца як катаваньне або іншыя віды жорсткага, бесчалавечнага або зьняважлівага для годнасьці абыходжаньня і пакараньня.

На падставе выказанага, яшчэ раз падкрэсьліваючы важнасьць забесьпячэньня права чалавека на жыцьцё і здароўе, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасьці, заклікаем Гэнэральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь і Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь пачаць крымінальную справу на падставе факта сьмерці Алеся Пушкіна, правесьці аб’ектыўнае і ўсебаковае рассьледаваньне для вызначэньня прычын гэтай трагедыі і праінфармаваць грамадзкасць пра яго вынікі.

Мы таксама патрабуем правесьці праверку з нагоды іншых выпадкаў парушэньня ўмоваў утрыманьня і права на ахову здароўя ў месцах пазбаўленьня волі, у тым ліку праверыць наяўнасьць кваліфікаванага мэдыцынскага пэрсаналу і адпаведнага абсталяваньня.

Мы таксама патрабуем ад супрацоўнікаў пэнітэнцыярных установаў, іншых дзяржаўных установаў, якія ажыцьцяўляюць вымушаную ізаляцыю (ІЧУ, ЦІП, СІЗА і інш.), і ад іх кіраўніцтва выкананьня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і яе міжнародных абавязацельстваў у забесьпячэньні аховы жыцьця і здароўя асобаў, якія пазбаўлены волі і знаходзяцца ў ізаляцыі.

Названыя патрабаваньні не скасоўваюць заявы беларускай праваабарончай супольнасці аб недапушчальнасьці перасьледу грамадзянаў за ажыцьцяўленьне сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў, неадкладнага вызваленьня і перагляду крымінальных справаў усіх палітзьняволеных у Беларусі.

Беларуская праваабарончая супольнасьць выказвае спачуваньні сям’і, сябрам і беларускай творчай супольнасьці ў сувязі са сьмерцю Алеся Пушкіна.

Беларускі ПЭН

Беларускі Хельсінкскі Камітэт

Lawtrend

Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава

Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Прававая ініцыятыва

Human Constanta

Публічная ўстанова «Лекары за праўду і справядлівасць» 

Фонд медычнай салідарнасці Беларусі

Супольнасць медыкаў «Белыя халаты»

See more news

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі з нагоды смерці палітвязня Ігара Ледніка
23 February 2024, 1:20 PM
Заява праваабарончай супольнасці Беларусі з нагоды смерці палітвязня Ігара Ледніка
Права на жыццё ў належнай ступені не ахоўваецца законам і не забяспечваецца на практыцы, што рэгулярна прыводзіць да трагедый.
Заява аб прызнанні шасці чалавек палітычнымі зняволенымі (Ульяна Яковіч і іншыя)
23 February 2024, 1:18 PM
Заява аб прызнанні шасці чалавек палітычнымі зняволенымі (Ульяна Яковіч і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць Ульяну Яковіч, Аксану Ючкавіч, Дзмітрыя Халяўкіна, Сяргея Кульшу, Аляксандра Ільіна, Арцёма Закржэўскага і спыніць іх крымінальны пераслед.
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Ірына Такарчук і іншыя)
23 February 2024, 1:13 PM
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Ірына Такарчук і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Дзіяну Стульбу, Аляксандра Вароніна, Ірыну Такарчук, Наталлю Ладуцьку, Яўгенія Глушкова, Таццяну Сцепу, Аляксея Швяцова.
Заява праваабаронцаў аб прызнанні 12 чалавек палітычнымі зняволенымі (Артур Голубеў і іншыя)
06 February 2024, 6:57 PM
Заява праваабаронцаў аб прызнанні 12 чалавек палітычнымі зняволенымі (Артур Голубеў і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Артура Голубева, Арцёма Антонава, Алега Зыкуна, Максіма Каранькова, Андрэя Ломшу, Вячаслава Панасюка, Аляксандра Скварцова, Міхаіла Чумакова, Руслан Шукалу, Філіпа Залескага, Вераніку Казак, Генадзя Жукеля і спыніцьіх крымінальны пераслед.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці