Праваабаронца «Вясны»: «Калі пра сітуацыю ў Беларусі не будуць ведаць звонку, гэта яшчэ больш раскруціць спіраль рэпрэсіяў»

07 August 2023, 8:38 AM
Праваабаронца «Вясны»: «Калі пра сітуацыю ў Беларусі не будуць ведаць звонку, гэта яшчэ больш раскруціць спіраль рэпрэсіяў»

Напрыканцы ліпеня дэлегацыя прадстаўнікоў лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру 2022 года з Украіны, Беларусі і Расіі з адвакацыйным візітам наведала ЗША, піша "Вясна".

Гэта быў першы іх сумесны візіт у ЗША. Падчас яго Аляксандра Матвійчук з "Цэнтра грамадзянскіх свабод" Украіны, Аляксандр Чаркасаў з расійскага праваабарончага цэнтра "Мемарыял" і Канстанцін Старадубец з Праваабарончага цэнтра "Вясна", які прадстаўляў палітзняволенага лаўрэата і старшыню арганізацыі Алеся Бяляцкага, сустрэліся з прадстаўнікамі Дзяржаўнага дэпартамента, камісіі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Камітэта па міжнародных адносінах ЗША і Белага дома, а таксама з рознымі экспертамі ў галіне права і ўплывовых аналітычных цэнтраў. Канстанцін падзяліўся з намі ўражаннямі і вынікамі візіту, а таксама распавёў пра важнасць адвакацыі беларускага пытання на міжнародным узроўні.

ПраваабаронцаПраваабаронца "Вясны" Канстанцін Старадубец. Фота: spring96.org

"Максімальны распаўсюд інфармацыі пра Алеся Бяляцкага з'яўляецца важным складнікам для таго, каб мы яго пабачылі на волі, як мага хутчэй"

Як распавядае праваабаронца "Вясны" Канстанцін Старадубец, галоўнай тэмай візіта дэлегацыі ў ЗША з’яўлялася дапамога Украіне, паколькі кантэкст вайны ў нашым рэгіёне цяпер з'яўляецца дамінуючым.

"Мы лічым, што перамога Украіны ў вайне з Расіяй з'яўляецца вырашальнай у палітычнай сітуацыі і сітуацыі з правамі чалавека ў суседніх краінах — Беларусі і Расіі. Але паколькі адзін з лаўрэатаў — старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі, то, безумоўна, частка сустрэч і размоваў была прысвечаная палітзняволенаму праваабаронцу: сітуацыі з яго здароўем, умовамі ўтрымання і сувязі з ім.

Акрамя падтрымкі асноўнага мэсэджа пра тое, што ад хуткай перамогі Украіны залежыць вырашэнне крытычнай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і Расіі, маёй задачай было данесці інфармацыю пра жахлівы стан з беларускімі палітзняволенымі і, у прыватнасці, пра Алеся Бяляцкага. І я быў вельмі ўсцешаны бачыць на ўсіх сустрэчах шчырую зацікаўленасць у тым, што адбываецца з Алесем і ягоным станам. Гэта паказвае, што інтарэс да сітуацыі з Бяляцкім у ЗША і ва ўсім свеце высокі. Я спрабаваў пераканаць прадстаўнікоў улады ЗША ў тым, што максімальны распаўсюд інфармацыі пра Алеся Бяляцкага з'яўляецца важнай перадумовай таго, каб мы яго пабачылі на волі, як мага хутчэй".

Сярод іншага, візіт меў на мэце падкрэсліць сталае супрацоўніцтва паміж праваабаронцамі з трох краінаў.

"Нашыя суразмоўцы цікавіліся рэакцыямі на тое, што прэмія была прысуджана праваабарончым арганізацыям і праваабаронцу Алесю Бяляцкаму з краін, дзве з якіх з'яўляюцца агрэсарамі ў вайне з трэцяй. Безумоўна, тут ёсць шмат пытанняў". 

"Вельмі важнае пытанне прыцягнення да адказнасці за злачынствы, здзейсненыя Расіяй і яе суагрэсарам у вайне"

Прадстаўнікі дэлегацыі сустрэліся з шэрагам прадстаўнікоў амерыканскага ўрада, праваабарончых арганізацый і экспертаў, а таксама ўкраінскай дыяспарай.

"Але, на маю думку, і па меркаванні маіх калегаў з Украіны і Расіі, самымі важнымі сустрэчамі былі сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады ЗША: Белага Дома, Дзярждэпартамента, Кангрэса. Акрамя таго, былі сустрэчы з экспертамі па міжнародным крымінальным праве, паколькі для праваабаронцаў нашага рэгіёна вельмі важнае пытанне прыцягнення да адказнасці за злачынствы, здзейсненыя Расіяй і яе суагрэсарам у вайне — рэжымам Лукашэнкі. Гэтым экспертам мы задавалі пытанні пра тое, як можна хутчэй і найбольш эфектыўна прыцягнуць да адказнасці вінаватых у гэтых жахлівых злачынствах. Таксама былі сустрэчы з прадстаўнікамі сусветнавядомых праваабарончых арганізацый, якія з'яўляюцца нашымі партнёрамі, — Freedom House, Фонд NED, Фондам Карнэгі за міжнародны мір і іншымі". 

Паглядзець публічнае мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру 2022 года ў Carnegie Endowment можна тут (на ангельскай мове):

"А з прыемнага эмацыйнага водгуку — мне вельмі спадабалася рэакцыя прадстаўнікоў украінскай дыяспары ў ЗША. Яна там вельмі моцная. У нас была асобная сустрэча з імі, дзе я пачуў шмат цёплых словаў у адрас беларусаў, якія не толькі напрамую змагаюцца за свабоду Украіны ў шэрагах ЗСУ, але і тых, хто падтрымлівае ўкраінскі супраціў іншымі спосабамі: дзеяннем, словам, салідарнасцю. Было падкрэслена, што большасць беларусаў супраць вайны і ўдзелу ў ёй Беларусі, таму яны з'яўляюцца сапраўднымі сябрамі ўкраінскага народу". 

"Інфармацыйна-палітычны ціск звонку мусіць падтрымлівацца на высокім узроўні, каб рэжым адчуваў, што за ім сочаць" 

Канстанцін дзеліцца, што ёсць пэўныя цяжкасці ў данясенні інфармацыі пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі на фоне вайны ва Украіне, але гэта важна рабіць:

"Распавядаць пра Беларусь у гэтым кантэксце не так цяжка, як прадстаўнікам праваабарончай арганізацыі з Расіі — краіны, якая з'яўляецца асноўным агрэсарам. Але тым не менш, ёсць пэўныя цяжкасці і праз тое, што кантэкст вайны ва Украіне, агрэсіі расійскіх войскаў да ўкраінскага народу настолькі дамінуючы, што абсалютна натуральным падаецца, што Беларусь займае не самае першае месца на парадку дня ў замежных краінах. Але, як я казаў, зацікаўленасць у прадстаўнікоў урада ЗША вельмі высокая — усе ведаюць пра Алеся Бяляцкага. Яны задаюць пытанне, што яны могуць зрабіць, каб вызваліць Алеся як мага хутчэй. І паколькі ў нас няма, на жаль, прамых сродкаў уздзеяння на беларускі рэжым, менавіта таму такі мэсэдж пра залежнасць сітуацыі ў Беларусі ад сітуацыі ва Украіне з'яўляецца лагічным.

Ёсць такі выраз: "Катаванні любяць цішыню". Калі пра сітуацыю ў Беларусі не будуць ведаць звонку, то гэта яшчэ больш раскруціць спіраль безадказнасці і рэпрэсій. Мы бачылі на прыкладзе ранейшых паводзінаў беларускага рэжыму, яны толькі кажуць, што яны абыякавыя да рэакцый свету, але насамрэч Лукашэнка і яго памагатыя вельмі хочуць быць ці выглядаць цывілізаванымі. Мы таксама бачылі, што мінулыя крызісы з правамі чалавека ў Беларусі вырашаліся праз ціск звонку — палітычны і эканамічны. Таму, негледзячы на тое, што прамых кантактаў з рэжымам амаль няма ў ніводнай цывілізаванай краіны, і няма прамых рычагоў уздзеяння, інфармацыйна-палітычны ціск звонку мусіць падтрымлівацца на высокім узроўні, каб рэжым адчуваў, што за ім сочаць і ведаюць пра ўсе яго парушэнні і злачынствы. І гэта будзе з'яўляцца моцным фактарам у развязванні сітуацыі ў Беларусі. Як гэта будзе выглядаць — мы яшчэ не ведаем. Калі гэта будзе так, як гэта было раней, то ў такім выпадку рэжым Лукашэнкі зацікаўлены, каб яго закладнікі былі здаровыя і жывыя. А калі сітуацыя ў Беларусі будзе вырашана нейкім іншым спосабам, то ўсё роўна рэжыму Лукашэнкі выгадна не абвастраць сітуацыю да нейкага экстрэмальнага стану. 

ПраваабаронцаПраваабаронца "Вясны" Канстанцін Старадубец. Фота: spring96.org

Яшчэ я заўважыў і чуў ад іншых людзей, якія размаўляюць з прадстаўнікамі ўладаў іншых краін і замежных медыя, што ў іх ёсць неразуменне сапраўднай сітуацыі. Існуюць нейкія міфы, што значыць сядзець у турме ў Беларусі, ці што значыць затрыманне. Для іх турма — гэта месца, у якім чалавек проста пазбаўлены волі. Яны не разумеюць, што гэта адмыслова пабудаваная сістэма па знішчэнні і прыніжэнні чалавека маральна і фізічна. Гэта сістэмная і масавая з'ява. Я спрабую гэта падкрэсліць і данесці ў дэталях, у якіх умовах утрымліваюцца вязні, арыштаваныя па адміністрацыйных і крымінальных справах. Таксама ў замежнікаў ёсць неразуменне пра маштаб гвалту, бо незаўсёды мы гатовыя прызнаць нейкія дзеянні катаваннямі, але масавае ўжыванне гвалту і фізічнай сілы з'яўляецца абсалютна непрымальным і ненармальным у цывілізаваным свеце. Вельмі важна стала распавядаць пра гэта. 

На сустрэчах прадстаўнік "Мемарыялу" Аляксандр Чаркасаў у сваіх выступах часта параноўваў стан з правамі чалавека сёння ў Расіі з рэпрэсіямі ў брэжнеўска-андропаўскую эпоху, толькі казаў, што ўзровень рэпрэсій у лічбавым вымярэнні ў дзесяць разоў большы. І тут мне падаецца, што сітуацыю ў Беларусі можна параўнаць са сталінскай эпохай — па ўзроўню страху і тэрору ў грамадстве. Безумоўна, у нас не растрэльваюць масава і патаемна, тым не менш, можна зрабіць выснову, што сітуацыя ў Беларусі з правамі чалавека значна горшая за сітуацыю ў Расіі". 

"Паколькі ядзерная зброя  глабальная рызыка, довад быў пачуты і прыняты" 

ПраваабаронцаПраваабаронца "Вясны" Канстанцін Старадубец. Фота: spring96.org

Праваабаронца адзначае, што вынікі сустрэч падводзіць яшчэ рана, але ўпэўнены, што яны будуць:

"Па-першае, сітуацыя ва Украіне, як у Расіі і Беларусі вельмі складаная, і не можа вырашыцца за дзень ці тыдзень. Па-другое, амерыканская бюракратычная машына надзвычай складаная і павольная. Яны гэта прызнаюць, але, галоўнае, што нас пачулі, а мы ўбачылі, што ўсе прадстаўнікі розных галінаў улады ЗША разумеюць важнасць хуткай перамогі Украіны ў вайне для вырашэння сітуацыі ў рэгіёне. Таксама яны пачулі і зразумелі, наколькі небяспечная сітуацыя з эскалацыяй гэтага канфлікту, а менавіта прыбыццё наёмнікаў ПВК "Вагнэр" у Беларусь і размяшчэнне ядзернай зброі. Мы спрабавалі пераканаць прадстаўнікоў урада ЗША ў тым, што гэта з'яўляецца пагрозай не толькі для беларускага народу, але і для рэгіяльнай і глабальнай бяспекі. Гэты довад з'яўляецца пераканаўчым і вельмі моцным для ЗША. Можа здавацца, што наша сітуацыя ў рэгіёне іх не датычыцца, але насамрэч, паколькі ядзерная зброя — глабальная рызыка, гэты довад быў пачуты і прыняты".

Візіт асвятлялі некалькі буйных нацыянальных медыя ЗША, у тым ліку The Washington Post і часопіс Time.

Арыгінальны артыкул на сайце "Вясны"

See more news

Новы спецыяльны дакладчык ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс
16 October 2024, 12:41 PM
Новы спецыяльны дакладчык ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс
11 кастрычніка ў Жэневе на пасяджэнні 57-й сесіі Рады ААН па правах чалавека на пасаду спецдакладчыка па Беларусі быў прызначаны Нільс Муйжніекс, эксперт у абароне правоў чалавека з 25-гадовым досведам.
«Я займалася Беларуссю амаль кругласуткава»
28 September 2024, 9:51 AM
«Я займалася Беларуссю амаль кругласуткава»
Падкаст «Вясна прыйдзе» пагаварыў з Анаіс пра яе шлях да Беларусі, пра яе прызначэнне, як гэта ўспрынялі беларускія праваабаронцы, як зарабляла на жыццё (бо быць Спецдакладчыкам — гэта валанцёрская праца).
«Задушэнне іншадумства». Незалежныя эксперты па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выступілі ў ААН
24 September 2024, 3:30 PM
«Задушэнне іншадумства». Незалежныя эксперты па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выступілі ў ААН
«Вясна» расказвае, што казалі незалежныя эксперты, дэлегацыя Беларусі, праваабаронцы, і каго ў выніку падтрымалі розныя дзяржавы.
Пашпарты, бежанцы, прымусовае лячэнне... Як беларускія ўлады справаздачыліся ў Камітэце па правах людзей з інваліднасцю
19 September 2024, 4:40 PM
Пашпарты, бежанцы, прымусовае лячэнне... Як беларускія ўлады справаздачыліся ў Камітэце па правах людзей з інваліднасцю
"Вясна" паглядзела шасцігадзіннае пасяджэнне Камітэта правоў людзей з інваліднасцю і распавядае пра самыя асноўныя пытанні, якія Камітэт задаў беларускім уладам.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці