Праваабаронца «Вясны» на канферэнцыі АБСЕ заклікаў падтрымліваць грамадзянскую супольнасць Беларусі ў выгнанні

15 December 2023, 3:34 PM
Праваабаронца «Вясны» на канферэнцыі АБСЕ заклікаў падтрымліваць грамадзянскую супольнасць Беларусі ў выгнанні

29 лістапада ў Скоп'е (Паўночная Македонія) напярэдадні штогадовага пасяджэння Міністэрскай рады АБСЕ адбылася Паралельная канферэнцыя грамадзянскай супольнасці АБСЕ. Сустрэча няўрадавых арганізацый і актывістаў адбылася на фоне самага сур'ёзнага крызісу бяспекі за апошнія дзесяцігоддзі і была прысвечана абмеркаванню надзённых праблем, з якімі АБСЕ, яе дзяржавы-ўдзельніцы і грамадзянская супольнасць сёння сутыкаюцца, і магчымых рашэнняў для пераадолення крызісу. Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі прадставілі свае рэкамендацыі кіраўніцтву АБСЕ і ўдзельнікам пасяджэння міністэрскага савета.

Падчас канферэнцыі пра дзейнасць і выклікі грамадзянскай супольнасць Беларусі ў выгнанні распавёў праваабаронца "Вясны" Канстанцін Старадубец. 

Паралельная канферэнцыя грамадзянскай супольнасці АБСЕ-2023. Фота: civicsolidarity.orgПаралельная канферэнцыя грамадзянскай супольнасці АБСЕ-2023. Фота: civicsolidarity.org

Што адбывалася на канферэнцыі?

Паралельная канферэнцыя ў Скоп'і стала пляцоўкай, дзе шматлікія грамадзянскія актывісты і эксперты змаглі весці дыялог з дыпламатамі з многіх краін, якія ўдзельнічалі ў якасці назіральнікаў, і прадстаўнікамі органаў АБСЕ па ключавых пытаннях, якія ахопліваюць усе вымярэнні АБСЕ – ваенна-палітычнае, эканамічнае і экалагічнае і чалавечае. Трэцяе, чалавечае вымярэнне АБСЕ ахоплівае правы чалавека, вяршэнства права і дэмакратыю – традыцыйна важныя для грамадзянскай супольнасці сферы дзейнасці.

Асаблівую ўвагу ўдзельнікі канферэнцыі надалі наступствам агрэсіі Расіі пры саўдзеле беларускага рэжыму Лукашэнкі супраць Украіны і неабходнасці ўзмацнення міжнароднай падтрымкі Украіны, важнасці актывізацыі намаганняў па расследаванні і пакаранні міжнародных злачынстваў, уключаючы злачынства агрэсіі, ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці ва Украіне, а таксама злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя ў Беларусі. Многія ўдзельнікі казалі пра важнасць актыўнага рэагавання АБСЕ на ўзмацненне рэпрэсій у дачыненні да няўрадавых арганізацый і грамадзянскіх актывістаў у многіх краінах і неабходнасці больш актыўнага выкарыстання патэнцыялу грамадзянскай супольнасці ў працы АБСЕ. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці адзначалі, што колькасць канфліктаў з ужываннем гвалту ў рэгіёне АБСЕ пастаянна расце, і дзяржавы ўсё часцей звяртаюцца да выкарыстання сілы ў ходзе канфліктаў як з іншымі дзяржавамі, так і са сваімі грамадзянамі, замест таго, каб выкарыстоўваць прэвентыўныя, пасрэдніцкія і міратворчыя інструменты АБСЕ і адначасова парушаючы свае абавязацельствы ў рамках АБСЕ.

Удзельнікі канферэнцыі з трывогай адзначалі, што ў крызісны момант гісторыі, калі АБСЕ патрэбна больш, чым калі-небудзь, яе дзейнасць паралізаваная дзвюма дзяржавамі, Расіяй і Беларуссю, якія не толькі груба парушаюць усе Хельсінкскія прынцыпы, але і сістэматычна злоўжываюць правілам кансенсусу, блакуючы прыняцце рашэнняў у рамках АБСЕ, уключаючы выбар краіны-старшыні, прызначэнне кіраўнікоў інстытутаў АБСЕ, правядзенне мерапрыемстваў, зацвярджэнне бюджэту, накіраванне місій і г. д. У выніку астатнія 55 дзяржаў-удзельніц апынуліся закладнікамі гэтай сітуацыі, а АБСЕ апынулася фактычна няздольная рэалізаваць сваю місію па забеспячэнні бяспекі на аснове супрацоўніцтва дзяржаў і адказаць на самыя вострыя выклікі, якія стаяць сёння перад міжнароднай супольнасцю. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці заклікалі знайсці творчыя падыходы для пераадолення паралічу арганізацыі і як мага хутчэй пачаць актыўны працэс падрыхтоўкі прапаноў па рэфармаванні АБСЕ. Гэта неабходна для таго, каб да 50-годдзя прыняцця заключнага Хельсінкскага Акта ў 2025 годзе быў бы гатовы пакет прапаноў, які можна было б узгадніць і зацвердзіць на сустрэчы міністэрскага савета ў Фінляндыі.

Напрыканцы канферэнцыі ўдзельнікі і ўдзельніцы прадставілі выніковы дакумент мерапрыемства – Скоп'еўскую дэкларацыю, адрасаваную кіраўніцтву АБСЕ.

Азнаёміцца з поўным тэкстам дакумента можна тут.

Што казаў беларускі праваабаронца на канферэнцыі?

ПраваабаронцаПраваабаронца "Вясны" Канстанцін Старадубец. Фота: spring96.org

Праваабаронца "Вясны" Канстанцін Старадубец распавёў падчас канферэнцыі пра выклікі, з якімі сёння сутыкнулася грамадзянская супольнасць Беларусі, і як яна цяпер дзейнічае ў выгнанні:

"Грамадзянская супольнасць Беларусі зазнала наймагутнейшы ўдар. Больш за 1400 арганізацый ліквідаваныя, сотні актывістаў вымушаныя працягваць працу ў эміграцыі. У краіне адсутнічае прававая прастора для эфектыўнай працы грамадзянскай супольнасці, што з'яўляецца вынікам бесперапынных рэпрэсій і ўсё больш рэпрэсіўнага заканадаўства. Актывісты і ініцыятывы сышлі ў падполле, сутыкнуўшыся з велізарнымі рызыкамі.

Нягледзячы на беспрэцэдэнтныя выклікі, звязаныя з пераследам і працай у выгнанні, "у цэлым арганізацыі грамадзянскай супольнасці дэманструюць высокі ўзровень устойлівасці дзякуючы абмену досведам і выкарыстанню найлепшых практык (напрыклад, выкарыстанню псіхалагічных інструментаў на сістэмным узроўні для барацьбы са стрэсам і выгараннем), а таксама захаванню і развіццю існуючых сетак і з'яўленню новых кааліцый".

Канстанцін зазначыў, што ўстойлівасць беларускай грамадзянскай супольнасці ў выгнанні шмат у чым абавязана падтрымцы, якую яна атрымлівае ад мясцовых партнёраў, урадаў краінаў з рэгіёна АБСЕ, а таксама рэгіянальных і міжнародных арганізацый.

"Вельмі важна захаваць і пашырыць гэтую падтрымку, арыентуючыся на падыход, заснаваны на патрэбах, гэта значыць прадастаўленне арганізацыям грамадзянскай супольнасці тых відаў дапамогі, якія найбольш адпавядаюць іх мэтам у працы з ахвярамі рэпрэсій у Беларусі, якія працягваюцца вось ужо трэці год запар"

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

See more news

Збор інфармацыі: справаздача Радзе па правах чалавека за 2025 год Спецыяльнага дакладчыка аб стане правоў чалавека ў Беларусі
21 January 2025, 10:54 AM
Збор інфармацыі: справаздача Радзе па правах чалавека за 2025 год Спецыяльнага дакладчыка аб стане правоў чалавека ў Беларусі
Мэта: Падрыхтоўка матэрыялаў для даклада аб стане правоў чалавека ў Беларусі, які будзе прэзентаваны Спецыяльным дакладчыкам на 59-й сесіі Рады па правах чалавека (чэрвень 2025 года).
Press Conference of the UN Special Rapporteur: Discussing the Situation Ahead of Elections
16 January 2025, 6:50 PM
Press Conference of the UN Special Rapporteur: Discussing the Situation Ahead of Elections
The press conference is held on the initiative of Belarusian human rights defender Leanid Sudalenka with the support of the Belarusian Human Rights House and the Belarusian Association of Journalists.
Новы спецыяльны дакладчык ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс
16 October 2024, 12:41 PM
Новы спецыяльны дакладчык ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс
11 кастрычніка ў Жэневе на пасяджэнні 57-й сесіі Рады ААН па правах чалавека на пасаду спецдакладчыка па Беларусі быў прызначаны Нільс Муйжніекс, эксперт у абароне правоў чалавека з 25-гадовым досведам.
«Я займалася Беларуссю амаль кругласуткава»
28 September 2024, 9:51 AM
«Я займалася Беларуссю амаль кругласуткава»
Падкаст «Вясна прыйдзе» пагаварыў з Анаіс пра яе шлях да Беларусі, пра яе прызначэнне, як гэта ўспрынялі беларускія праваабаронцы, як зарабляла на жыццё (бо быць Спецдакладчыкам — гэта валанцёрская праца).

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці